РУС БЕЛ ENG 中文

Па лясах і ўзгорках 40 кіламетраў — лёгка! Начальнік упраўлення адукацыі з Мастоў — пра цікавае захапленне

12.11.2026

 

Сорак кіламетраў па лясах і ўзгорках з наборам вышыні ў 600 метраў — такую дыстанцыю на аматарскіх веламарафонах пераадольвае начальнік упраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама Кацярына Рэкуць. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Добрая звычка

У рабочым кабінеце Кацярына Юр’еўна рэдка гаворыць пра сваё захапленне — калі калегі спытаюць, ахвотна падзеліцца ўражаннямі, але сама размову пра веласпаборніцтвы не пачне. Зрэшты, пра спартыўны бок яе жыцця ў раёне ведаюць многія — дзякуючы сацсеткам, дзе яна дзеліцца ўражаннямі ад аматарскіх стартаў.

А пачалося ўсё 5 гадоў назад з простай штодзённай звычкі. У той час Кацярына Юр’еўна ўзначальвала эколага-біялагічны цэнтр і з вясны да восені часта дабіралася туды на веласіпедзе: 6 кіламетраў у адзін бок і столькі ж назад. Спачатку ўспрымала гэтыя паездкі толькі як спосаб падтрымліваць сябе ў форме, а з часам захацела праяз­джаць больш. Атрымліваецца, менавіта дарога на работу прывяла яе да аматарскіх спаборніц­тваў.

— Гэта сапраўды так, але тут ёсць адно ўдакладненне, — усміхаецца Кацярына Юр’еўна. — Муж Аляксей крыху раней за мяне сур’ёзна захапіўся велапаездкамі. Ён першым зарэгістраваўся на аматарскія спаборніцтвы, а я паехала за кампанію — падтрымаць. Убачыла сотні апантаных людзей, у тым ліку ўдзельніц паважнага ўзросту з палаючымі вачыма… І падумала: “А чаму б не паспрабаваць і мне?”

Па лясах і ўзгорках

На першым жа старце прыйшла дванаццатай з дваццаці ўдзельніц сваёй узроставай катэгорыі, пасля ўвайшла ў дзясятку. Дарэчы, муж Аляксей ужо паднімаецца на п’едэстал у тройцы прызёраў і для жонкі выступае ў якасці трэнера і галоўнага штурмана. Ён заўсёды падкажа, як зрабіць паездкі камфортнымі і эфектыўнымі, складзе кампанію ў штодзённых (!) трэніроўках. Менавіта ад яго Кацярына Юр’еўна даведалася, што такое велакамп’ютар, як ім карыстацца і не толькі.

— Цяпер сярод абутку ў маёй шафе самыя папулярныя — велатуфлі. Прышпільваеш іх да кантактных педалей і нібыта становішся з веласіпедам адным цэлым, — дзеліцца Кацярына Рэкуць. — Займаюся без фанатызму, не дзеля медалёў. Мне цікава праверыць сябе: ці змагу праехаць выбраную дыстанцыю? Зразумела, дзякуючы захапленню стала лепш сябе адчуваць. Змянілася і знешне: калі параўноўваю фотаздымкі пяцігадовай даўніны з цяперашнімі, бачу розніцу.

Зімой і ў неспрыяльнае надвор’е падтрымліваць форму ёй дапамагае хатні велатрэнажор. Але як толькі цяплее, Кацярына Юр’еўна з мужам кожны вечар пасля работы выязджаюць на веласіпедах. За 2 гадзіны звычайна пераадольваюць каля 30 кіламетраў, у выхадныя — больш. Трэкі загадзя намячаюць па карце і будуюць маршрут так, каб адпачыць ад штодзённай мітусні не толькі ў руху, але і любуючыся прыродай. Часцей за ўсё накіроўваюцца ў бок Зарудаўя, дзе маляўнічыя лясы і ўзгорыстая мясцовасць, або Міхайлаўкі.

Доўгімі летнімі вечарамі, калі і ў 22 гадзіны яшчэ светла, дарога дорыць жывыя карцінкі: то казуля выйдзе да краю лесу, то мільгане хвост лісы, то раптам адкрыецца сіняе ад васількоў ці белае ад рамонкаў поле.

— У вёсцы Старына люблю затры­маць увагу на незвычайным доме з лазы і гліны. І нават адзін і той жа маршрут з розніцай у некалькі тыдняў выглядае як новы: вось сланечнікі толькі прабіліся з зямлі, вось — выцягнуліся, зацвілі золатам, адшумелі… Галерэя ў маім тэлефоне пастаянна папаўняецца новымі фотаздымкамі, — гаворыць Кацярына Юр’еўна.

У такія хвіліны ў ёй нязменна прачынаецца біёлаг. Выпускніца факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы падчас першых велапрагулак раз-пораз запавольвала тэмп або ўвогуле ішла пешшу, каб сфатаграфа­ваць і вызначыць цікавыя расліны. Пад Міхайлаўкай, напрыклад, знайшла цэлыя россыпы першацветаў, у тым ліку чырванакніжных, сярод якіх — лясная ветраніца, высакародная пячоначніца, рэдкая сон-трава, якую многія бачылі хіба што на старонках пад­ручніка.

Дарэчы, цікавасць да раслін заўсёды зай­мала важнае месца і ў рабоце Кацярыны Рэкуць. Пачынала яна настаўніцай біялогіі ў адной са школ Зэльвенскага раёна, дзе, акрамя іншага, захоплена займалася азеляненнем прышкольнага ўчастка.

— Як толькі вырасла са статусу маладога спецыяліста, атрымала прапанову ўзначаліць эколага-біялагічны цэнтр на роднай Мастоўшчыне. Аднаўляць яго трэба было практычна з нуля: паўгектара зямлі, усяго тры педагогі ў штаце і сотні дзяцей, якіх неабходна захапіць жывой справай, — прыгадвае суразмоўніца.

З гэтай задачай з зорачкай яна справілася на выдатна і задоўга да моманту прызначэння на пасаду начальніка ўпраўлення адукацыі паспела выбудаваць цеснае ўзаемадзеянне практычна з усімі школамі райцэнтра. Па яе аўтарскіх праектах сёння доб­раўпарадкавана тэрыторыя многіх устаноў адукацыі.

— Мне здаецца, шматгадовы вопыт назірання за тым, як мяняецца вынік тваёй працы — я маю на ўвазе ўвасаб­ленне ў рэальнасць праектаў па добраўпарадкаванні, — сфарміраваў ува мне якасці, якія вельмі патрэбны кіраўніку. Гэта, напрыклад, уменне запасціся цярпеннем, не патрабаваць імгненнай аддачы і разуменне: каб нешта сапраўды прыжылося і пайшло ў рост — ці то рэдкі куст, ці то малады спецыяліст або цэлы калектыў — патрэбны правільная глеба, беражлівы догляд і час, — разважае Кацярына Юр’еўна.

Кожны дзень яна вырашае дзясяткі тэрміновых пытанняў, выбудоўвае ўзаемадзеянне з калектывамі ўстаноў і разбівае аб’ёмныя задачы на пасільныя падзадачы для выканання. А ўвечары пераключае дынаміку прыняцця рашэнняў на дынаміку руху.

— Удзел у аматарскіх веласпаборніц­твах — гэта час, калі ўсе мае думкі нале­жаць толькі дыстанцыі і атмасферы старту. Такія гонкі прыносяць радасць і сапраўдны адпачынак, нягледзячы на фізічную актыў­насць. А яшчэ яны даюць магчымасць пазнаё­міцца з цікавымі, захопленымі людзьмі. Рэгулярныя трэніроўкі дапамагаюць мне не лічыць метры да фінішу праз сілу, а ехаць у сваё задавальненне і адкрываць для сябе краіну з нечаканага боку, — дзеліцца Кацярына Юр’еўна.

За плячамі Кацярыны Рэкуць нямала запамінальных трас: гро­дзенская “Зарыца”, дзе 40 кіламетраў яна пераадолела за 2 гадзіны, атмасферны веламарафон “Суседзі” на Аўгу­стоўскім канале, які сабраў каля 1700 аматараў веласпорту, “Соль Палесся” каля салігорскіх тэрыконаў, крутыя ўздымы ў вёсцы Якуты непадалёк ад найвышэйшай кропкі Беларусі.

Прыклад кіраўніка

Такая змена рытму, пераканана Кацярына Рэкуць, патрэбна не толькі ёй самой, але і тым, з кім яна ідзе поруч: у сістэме адукацыі Мастоўшчыны сёння працуюць амаль 700 педагогаў.

— Звычка падчас вечаровага маршруту скідваць назапашаную за дзень стому дазваляе раніцай прыходзіць на работу са свежай галавой. Кіраўнік заўсёды навідавоку і задае тон у калектыве: людзі цэняць яго стрыманасць, узважанасць рашэнняў і спакойную ўпэўненасць, — пераканана яна. — У рабоце прытрымліваюся простага правіла: ставіцца да чалавека так, як я хацела б, каб ставіліся да мяне, — уважліва і справядліва. Безумоўна, кіраванне немагчыма без прынцыповасці і гатоўнасці адказваць за вынік. А калі даво­дзіцца прымаць сур’ёзныя рашэнні, размова павінна быць карэктнай і прадметнай, каб калега дакладна разумеў сутнасць патрабаванняў, без крыўд і недамоўленасці.

Такі падыход аб’ядноўвае людзей і дае адчувальны вынік. Нагод для гордасці ў сістэме адукацыі Мастоўшчыны нямала. Трымаюць марку і школы, і ўстановы дадатковай адукацыі: нядаўна выхаванец філіяла раённага цэнтра творчасці вызначыўся на рэспубліканскім узроўні, а педагог па класе гітары Ларыса Лісай увайшла ў тройку лідараў на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Педагог года ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.

І ўсё ж атмасферу ў раённай педагагічнай камандзе найлепш раскрывае адна дэталь. Калі ўзнікае складаная і тэрміновая задача, Кацярына Юр’еўна тэлефануе аднаму з дырэктараў школ і звычайна чуе ў адказ фразу, даражэйшую за любыя справаздачы: “Не падвядзём”.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: