РУС БЕЛ ENG 中文

Рэкамендацыі, напаміны, відэападказкі. Як блог «Школьны компас» дапамагае Вікторыі Скальскай наладжваць сувязі з сем’ямі

12.11.2026

 

Першакласнікі Вікторыі Скальскай з гімназіі Смаргоні перасталі пытацца, колькі засталося ўрокаў і які будзе наступным. На класнай дошцы замацаваны рад каляровых алоўкаў з надпісамі “Чытанне”, “Пісьмо”, “Матэматыка” і г.д. Заканчваецца чарговы ўрок — і адпаведны аловак пераварочваецца белым бокам да класа, знікаючы з раскладу.

Наглядная падказка прыжылася амаль адразу. У класе 28 дзяцей, і настаўніцы больш не трэба адказваць на адно і тое ж пытанне шмат разоў запар. Такі “прадметны аловак” дапамагае першакласніку адчуваць сябе больш упэўнена, бо школьны дзень становіцца для яго прадказальным і зразумелым.

У гэтым навучальным годзе ў Вікторыі Мікалаеўны восьмы набор першакласнікаў. Павернутая набок васьмёрка нагадвае знак бясконцасці.

— Можа, гэта сімвалічна. Пажывём — пабачым, — усміхаецца педагог і дадае, што кожны новы клас для яе — чысты ліст і гатовага сцэнарыя на ўсе выпадкі жыцця тут не бывае.

Арганізоўваць дзяцей Вікторыя Скальская любіла з маленства. Успамінае, як у двары збіраліся хлопчыкі і дзяўчынкі з усёй вуліцы, яна была старэйшай за астатніх і ахвотна брала на сябе ролю лідара. Калі надышоў час вызначацца з прафесіяй, рашэнне было відавочным — педагогіка. А паколькі выпускніцы смаргонскай сярэдняй школы № 2 падабаліся адразу ўсе дысцыпліны, яна спынілася на настаўніцкім “усё ўключана” — пачатковай школе.

Пасля заканчэння БДПУ імя Максіма Танка свой прафесійны шлях пачынала ў Залескай школе:

— З цеплынёй успамінаю 12 гадоў работы ў тым калектыве і свайго першага настаўніка ў прафесіі — Таццяну Юльянаўну Грышкевіч. Яна не проста дапамагала парадамі, але і выказала мне, маладому спецыялісту, вялізны давер: прывяла ў мой клас сваю дачку-першакласніцу.

З гімназіяй Смаргоні яе звязвае ўжо 15 гадоў работы, і ўвесь гэты час настаўніца знаходзіцца ў пошуку свежых ідэй.

— Зацікавіць дзяцей можна, толькі калі ты сам захоплены сваёй справай, — сцвярджае яна.

У кожны клас стараюся прыўнесці нешта новае: элементы гульні, нестандартныя метады і прыёмы. Калі цікава мне — будзе цікава і дзецям.

Настаўніца ўпэўнена, што адна з галоўных задач школы — зрабіць так, каб нават самаму трывожнаму дзіцяці было спакойна ў сваім класе. Вікторыя Мікалаеўна імкнецца як мага часцей падбадзёрваць маленькіх чамучак. І нават заўвагу яна ўмее зра­біць без папроку, а праз пахвалу іншага.

— “Сафія сядзіць добра, як акуратна складзены ручкі! Ой, і Марк сеў прыгожа. А Юра як выпрастаў спінку!” — так пачынаец­ца мой урок, — расказвае суразмоўніца. — Той, хто яшчэ круціцца, чуе не вокрык, а арыенцір — і таксама падцягваецца, хоча, каб яго заўважылі. Праўда, дзеля гэтага даводзіцца называць усе 28 імён па некалькі разоў за ўрок. Пад вечар голас часам садзіцца, але інакш першакласнік не зразумее, як трэба сябе паводзіць.

Прывучаць малых да самастойнасці дапамагаюць педагагічныя хітрасці і надзейныя памочнікі:

— На перапынках да нас часам завітваюць важатыя — мае выпускнікі-пяцікласнікі. Яны дапамагаюць малодшым зашпіліць форму пасля фізкультуры, знайсці падстаўку для кніг, навесці парадак у партфелі… Па нашай дамоўленасці старэйшыя вучні крыху спазняюцца. А першаклашкі ў гэты час спяшаюцца ўправіцца самі: “Пяцікласнікі прыйдуць, а мы паспелі пераапрануцца — вось яны здзівяцца!” Гэты метад выдатна працуе, і дзеці прыву­чаюцца да самастойнасці.

На занятках Вікторыі Мікалаеўны заўсёды знаходзіцца месца казцы. Напрыклад, калі на ўроках малявання дзеці просяць нас­таўніцу дапамагчы, яна з сур’ёзным выглядам гаворыць, што зача­раваная: возьме ў рукі пэндзаль і абавязкова пасадзіць кляксу альбо выйдзе за контур. Каб чары зніклі, ёй 4 гады нельга нікому дапамагаць. Малыя са спачуваннем ківаюць і тут жа бяруцца за справу самі.

А ў шуфлядзе настаўніцкага стала жыве дракончык Цімоша — ён прачынаецца падчас факультатыву “Роднае слова”.

Калі першакласнікі ўжо стаміліся і хочуць дадому, з’яўляецца Цімоша, які таксама прыйшоў вывучаць беларускую мову. Ён прагульваецца па партах, садзіцца дзецям на плячо, а на астатніх занятках моцна спіць.

Нядзіўна, што школьнікі спяшаюцца на гэты факультатыў: толькі там можна сустрэць незвычайнага вучня.

У класе Вікторыі Мікалаеўны ёсць цікавая традыцыя святкавання дзён нараджэння. У 1 класе гэта агульная песня “Каравай” і ў падарунак — аднолькавыя размалёўкі ад бацькоўскага камітэта. У 2-м — асабістыя кароны-накідкі на стул, пашытыя рукамі мамы-майстрыхі. У 3-м — вялікі плакат фармату А3 “З днём нараджэння!” і сэрцайкі з каляровай паперы: кожны піша на іх пажаданні (з вялікай літары, без памылак і з кропкай у канцы) і прыклейвае на агульны ліст. А ў 4 класе вучні віншуюць імянінніка вусна, называючы яго найлепшыя якасці.

Зрэшты, адных свят мала, каб згуртаваць клас. Быць камандай вучні Вікторыі Мікалаеўны вучацца штодня. Спачатку яны асвойваюць работу ў пары: павярнуцца да суседа, перадаць сшытак, выканаць заданне разам. Пазней на ўроках малявання настаўніца ла­дзіць творчы “канвеер”: адно дзіця выразае дом, другое — акно, трэцяе — дрэва. У кожнага — свая аперацыя, а вынік залежыць ад усіх.

— Уменне быць адзіным калектывам фарміруецца і тады, калі нехта з вучняў дасягае поспеху, — пераканана настаўніца. — Я імкнуся, каб клас умеў радавацца высокай адзнацы сябра гэтак жа шчыра, як уласнаму выніку. Дарэчы, на ўроках літаратурнага чытання размовам пра сяброўства, сумленне і адказнасць заўсёды адводзіцца асаблівае месца. У 4 класе абавязкова прапаную вучням для пазакласнага чытання аповесць Антонія Пагарэльскага “Чорная курыца, або Падземныя жыхары”. Разам абмяркоўваем учынак Алёшы, яго здраду і раскаянне. Хтосьці скажа, што твор напісаны яшчэ ў 1829 годзе і сёння ёсць нямала гісторый пра сяброўства, больш блізкіх сучасным дзецям. Але калі ў мінулага выпуску я спытала, ці варта прапаноўваць гэтую аповесць наступнаму класу, то дзеці адказалі аднагалосна: “Так!”

Сёлетні набор паставіў перад Вікторыяй Мікалаеўнай асаблівую педагагічную задачу: аднаму першакласніку спачатку было лягчэй размаўляць з аднагодкамі, чым з дарослымі — на ўроках ён адмоўчваўся. Параіўшыся з мамай хлопчыка і псіхолагам гімназіі, настаўніца выбрала далікатную тактыку. На занятках яна працяг­вала звяртацца да дзіцяці, але нярэдка сама фармулявала адказ з мяккім удакладненнем “Правільна?”, прапаноўвала проста пака­заць літару ці слова. А на перапынках ціха падыходзіла да парты, калі “маўчун” гутарыў з аднакласнікамі, каб ён паступова прывыкаў да яе прысутнасці.

— Я старалася не прыспеш­ваць дзіця, але мне было важна не пакідаць яго ў баку ад агульнай размовы. І да канца першай чвэрці з гэтым выклікам мы справіліся агульнымі намаганнямі: нясмелы першакласнік загаварыў на ўроку. Вельмі рада яго вялікаму дасягненню, — з усмешкай дзеліцца педагог.

Такі вынік наўрад ці быў бы магчымы без цеснага кантакту з сям’ёй. Работа з бацькамі — значная частка школьных будняў Вікторыі Скальскай. Яна імкнецца адразу паказаць дарослым, што настаўніку і сям’і важна глядзець у адзін бок. На першых бацькоўскіх сходах педагог звычайна прапануе мамам і татам выразаць сняжынку. Ва ўсіх аднолькавыя ліс­ты паперы і адна інструкцыя, а ўзоры атрымліваюцца рознымі.

— Так бацькам прасцей зразумець, што нават аднолькавай дарогай дзеці ідуць да розных вынікаў, а тое, што лёгка даецца аднаму, можа зусім не атрымлівацца ў другога. Каб дарослыя адчулі, як няпроста бывае першакласніку на старце вучобы, прапаную ім напісаць некалькі літар невядучай рукой. Пасля гэтага мамы і таты без лішніх слоў разуме­юць, чаму пісьмо не даецца дзіцяці без трэніроўкі, — адзначае суразмоўніца.

Для сувязі з сем’ямі Вікторыя Мікалаеўна вядзе адкрыты блог. Цяперашні называецца “Школьны компас”, папярэдні — “Падарожныя нататкі класнай мамы”. Там сабраны рэкамендацыі, напаміны пра заняткі, фотаздымкі школьных падзей і кароткія відэапад­казкі, напрыклад, як навучыць дзіця правільна трымаць ручку:

— Для мяне кожны такі блог служыць яшчэ і асабістым архівам. Адкрываю запісы мінулых выпускаў, каб успомніць, што рабіла з дзецьмі ў верасні ці кастрычніку, якія заданні і прыёмы спрацавалі найлепш. Зазірнуць туды могуць і калегі. Сёлета ўпершыню стала куратарам маладога спецыяліста і адразу парэкамендавала педагогу-пачаткоўцу гэты рэсурс: там можна прасачыць усю работу з класам — ад першых школьных тыдняў да выпускнога.

Імкнучыся паспяваць за трэндамі ў адукацыі, Вікторыя Мікалаеўна гартае і работы класікаў педагогікі. У Макаранкі ёй блізкая ідэя выхавання ў калектыве з яго выразнымі правіламі і традыцыямі, у Сухамлінскага — зварот да казкі і чуласць да дзіцячага сэрца, у Аманашвілі — педагогіка супрацоўніц­тва і ўменне выхоўваць без прымусу праз пахвалу і веру ў дзіця. Але паўтарыць чужы шлях, лічыць яна, немагчыма: можна ўзяць ідэю, а потым прыдумаць штосьці сваё.

— У дзяцінстве я марыла стаць актрысай, і цяпер мая сцэна — каля дошкі. Але вучня не падманеш: здзіўляцца трэба па-сапраўднаму. Я шчыра захапляюся дзіцячымі малюнкамі, песнямі і танцамі. А калі хлопчык, які доўга атрымліваў нізкія адзнакі, раптам зарабіў дзясятку, я не змагла стрымаць слёз радасці… Гэта, дарэчы, рэальны выпадак. Сёння ўладальнік той дзясяткі — упэўнены харашыст, які аднойчы паверыў у сябе і адчуў шчырую падтрымку, — гаворыць Вікторыя Мікалаеўна і падсумоўвае: — Я пакуль не ведаю, якія метады і прыёмы спрацуюць з цяперашнімі першакласнікамі, але пастараюся, каб гэтыя 4 гады сталі для іх светлым і займальным падарожжам.

Менавіта з такога настрою пачынаецца восьмая школьная гіс­торыя Вікторыі Скальскай.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: