Мінадукацыі: правядзенне зімовых канікул грунтуецца на стварэнні максімальна бяспечнага асяроддзя для навучэнцаў
27.12.2023Аб арганізацыі выхаваўчай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў перыяд зімовых канікул, якія праходзяць з 24 снежня па 7 студзеня, расказала кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Асмалоўская.
Паводле яе слоў, неабходна належную ўвагу ўдзяліць ідэалагічнаму, грамадзянскаму, патрыятычнаму і ваенна-патрыятычнаму, духоўна-маральнаму выхаванню, фарміраванню здаровага ладу жыцця і прафілактыцы шкодных залежнасцей, узаемадзеянню з сям’ёй. Трэба няўхільна выконваць пастанову Мінадукацыі ад 3 жніўня 2022 г. № 227 «Аб зацвярджэнні правіл бяспекі, правіл расследавання і ўліку няшчасных выпадкаў, якія адбыліся з навучэнцамі». Правядзенне розных мерапрыемстваў на зімовых канікулах павінна грунтавацца на стварэнні максімальна бяспечнага асяроддзя для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, адзначыла Т. Асмалоўская. Педагагічныя работнікі павінны нагадаць вучням правілы бяспечных паводзін на аўтамабільных дарогах, пешаходных пераходах; правілы пераходу чыгуначных пуцей, пра недапушчальнасць знаходжання на рэчках і вадаёмах; нормы пажарнай бяспекі, паводзін у грамадскіх месцах, а таксама акцэнтаваць увагу на выкарыстанні святлоадбівальных элементаў.
Канікулы з’яўляюцца часам карыснай забаўляльнай дзейнасці, аднаўлення і назапашвання сіл, фактарам сацыялізацыі і творчага развіцця. Пры планаванні выхаваўчай работы ўлічваюцца пажаданні навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў. Выбар любой творчай дзейнасці павінен быць заснаваны на добраахвотнасці, зацікаўленасці і псіхалагічным камфорце. У перыяд зімовага адпачынку праводзяцца фізкультурна-аздараўленчыя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы, экскурсіі па музейных экспазіцыях, прысвечаных генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Распрацаваны віртуальныя маршруты і карты-схемы памятных мясцін ваеннай гісторыі.
Падчас мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай накіраванасці вядзецца прафарыентацыйная работа з вучнямі для іх свядомага выбару прафесіі ў ваенных установах адукацыі.
Як адзначыла Т. Асмалоўская, канікулярны перыяд патрабуе ад педагагічных работнікаў асаблівага кантролю ў адносінах да дзяцей сацыяльна неабароненых катэгорый. Класным кіраўнікам сумесна з сацыяльным педагогам і педагогам-псіхолагам неабходна ўдзяліць увагу арганізацыі вольнага часу такіх навучэнцаў. Эфектыўнымі формамі і метадамі работы па прафілактыцы проціпраўных паводзін непаўналетніх з’яўляюцца індывідуальнае і групавое кансультаванне, правядзенне дыспутаў, рашэнне праблемных задач і сітуацый духоўна-маральнага і прававога зместу, сустрэчы з цікавымі людзьмі і інш.
У мэтах забеспячэння бесперапыннасці выхаваўчага працэсу, задавальнення патрэб дзяцей у розных відах адпачынку і аздараўлення на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, спецыялізаваных навучальна-спартыўных устаноў арганізуюцца аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем. У перыяд зімовага адпачынку плануецца забяспечыць аздараўленнем больш за 66 тыс. дзяцей. Дзённыя лагеры пры школах будуць функцыянаваць не менш як шэсць дзён, а з кругласутачным знаходжаннем — не менш як дзевяць. Педагагічным работнікам неабходна стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для аздараўлення, адпачынку, рацыянальнага выкарыстання канікулярнага часу, звярнуць увагу на выкананне ўсіх неабходных мер па прафілактыцы вірусных захворванняў.
Таксама рэкамендуецца выкарыстоўваць патэнцыял грамадскіх аб’яднанняў, сацыякультурных устаноў. Установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі не толькі забяспечваюць занятасць у аб’яднаннях па інтарэсах, але і з’яўляюцца актыўнай пляцоўкай грамадзянскага і патрыятычнага выхавання вучняў па рэалізацыі сацыяльна значных акцый, творчых праектаў і інш.
У дні зімовых канікул ва ўстановах дадатковай адукацыі навучэнцаў знаёмяць з гісторыяй роднага краю, са знакамітымі землякамі і ганаровымі асобамі. Актыўна задзейнічаны Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, дзе праводзяцца выставы і конкурсы. Школьнікаў запрашаюць паглядзець свае экспазіцыі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны мастацкі музей, Нацыянальны гістарычны музей і інш. Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк прапануе наведаць інтэрактыўную асветніцкую студыю «Экатэхнум», музей гісторыі прафесійнай адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Источник: https://nastgaz.by