У краіне такіх толькі два. У гімназіі Астраўца адкрылі атамклас — цэнтр вялікіх магчымасцей для дзяцей
15.10.2025На Гродзеншчыне пашыраецца сетка ўльтрасучасных адукацыйных пляцовак для навучэнцаў. У горадзе атамшчыкаў — Астраўцы — расчыніў свае дзверы другі ў Беларусі атамклас. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
На працягу некалькіх гадоў унікальнай адукацыйнай пляцоўкай з ганаровай назвай “Атамклас” магла пахваліцца толькі сярэдняя школа № 3 Астраўца. Але ў межах праекта “Школа Расатама” дзякуючы падтрымцы АТ “Расатам Сэрвіс” і аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама яшчэ адзін цэнтр прыцяжэння і вялікіх магчымасцей для дзяцей пачаў свой летапіс у гімназіі № 1 райцэнтра.
У дзень яго ўрачыстага адкрыцця генеральны дырэктар акцыянернага таварыства “Расатам Сэрвіс” Яўгеній Салькоў падкрэсліў, што рэалізацыя такіх значных праектаў, як “Атамкласы”, — гэта яскравы прыклад эфектыўнага партнёрства, якое адкрывае новыя гарызонты для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў і росту навуковага патэнцыялу моладзі.
— Атамклас — паняцце, якое выходзіць далёка за рамкі звычайнага ўяўлення пра школьны клас. Гэта цэлы комплекс тэматычна аформленых памяшканняў гімназіі, напоўненых багатым зместам і сучасным абсталяваннем. Рабіць заняткі яшчэ цікавейшымі і дынамічнымі нашым педагогам з нядаўняга часу дапамагаюць мабільны камп’ютарны клас з больш чым трыццаццю ноўтбукамі, сучасная інтэрактыўная панэль і спецыяльная інтэрактыўная стойка. Пераважна ў рамках факультатыўных заняткаў вучні ўсіх узростаў змогуць тут пагрузіцца ў дзіўны свет робататэхнікі і не толькі, — адзначыла дырэктар гімназіі № 1 Астраўца Жанна Янцэвіч.
Галоўная мэта праграмы “Атамкласы” — падтрымка і развіццё прыродазнаўчанавуковай і матэматычнай адукацыі ва ўстанове. Дзеля гэтага ствараюцца сучасныя ўмовы, якія дазваляюць рэалізоўваць праграмы паглыбленага вывучэння прадметаў прыродазнаўча-матэматычнага цыкла, падтрымліваць праектную і даследчую дзейнасць навучэнцаў.
Гімназія № 1 Астраўца актыўна і мэтанакіравана рухаецца ў гэтым кірунку не першы год. Арганізаваная тут эфектыўная сістэма метадычнай работы дазваляе паспяхова будаваць узаемадзеянне з адоранымі дзецьмі. Толькі ў мінулым годзе навучэнцы гімназіі заваявалі 6 дыпломаў на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. А каманда вучняў 10—11-х класаў стала лепшай на Гродзеншчыне ў абласным турніры юных фізікаў.
— Новая шматфункцыянальная прастора будзе працаваць не толькі на вучня, але і на педагога, у руках якога зараз яшчэ больш інструментаў і спосабаў зацікавіць дзяцей паглыбленым вывучэннем свайго прадмета. Безумоўна, атамклас стане сапраўдным цэнтрам аб’яднання для вучняў усіх паралелей, але з асаблівым энтузіязмам сюды будуць спяшацца найперш вучні профільных класаў і груп, — дадала Жанна Янцэвіч.
Дарэчы, у гімназіі паспяхова функцыянуе інжынерны профіль, у рамках якога на павышаным узроўні вывучаюцца фізіка і матэматыка. Сёння ў дзвюх групах інжынернай накіраванасці вучацца 25 гімназістаў. Аб выніковасці работы па названым кірунку гавораць лічбы: мінулым летам усе выпускнікі інжынернай групы выбралі для паступлення адпаведныя спецыяльнасці ў вядучых універсітэтах Беларусі — БДУІР і БНТУ.
— У мінулым навучальным годзе сетку профільных класаў у нас дапоўніў медыцынскі з вывучэннем на павышаным узроўні біялогіі і хіміі. У цэлым больш за 70% нашых выпускнікоў з году ў год дэманструюць высокія вынікі на ЦЭ і ЦТ па фізіцы, хіміі, біялогіі. Адкрыццё атамкласа, несумненна, будзе спрыяць працягу гэтай станоўчай дынамікі, — падкрэсліла дырэктар гімназіі.
Каля паўгода спатрэбілася на кардынальнае пераўтварэнне некалькіх вучэбных класаў і школьнай рэкрэацыі пад атамклас. Па апошнім слове тэхнікі абсталяваны кабінеты фізікі і інфарматыкі. З’явілася сучасная тэматычная канферэнц-зала. Стылістычнае афармленне вучэбных кабінетаў і тэматычнай рэкрэацыі ажыццяўлялася з выкарыстаннем інавацыйнай тэхнікі — насценнага прынтара.
— За працэсам нанясення малюнкаў не проста назіралі, а нават здымалі відэа для архіва. Гэтыя сюжэты, акрамя іншага, стануць наглядным матэрыялам для знаёмства навучэнцаў інжынерных класаў з магчымасцямі незвычайнай тэхнікі — вынікам геніяльнай інжынернай думкі. Упэўнена, што менавіта падчас вучобы ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі фарміруецца палітра жыццёвых інтарэсаў дзіцяці. Наша задача сёння — зацікавіць гімназістаў вялікімі і маленькімі адкрыццямі і прадэманстраваць велізарную колькасць траекторый для будучай самарэалізацыі ў прафесіі, — звярнула ўвагу кіраўнік установы адукацыі.
Вучняў нацэльваюць на такія траекторыі, у тым ліку звяртаючыся да адукацыйнага партнёрства. Так, не першы год у рамках падрыхтоўкі будучых інжынераў гімназія паспяхова супрацоўнічае з БНТУ і прадпрыемствам “БелАЭС”.
Атамклас будзе развівацца і далей. Праектам прадугледжана набыццё шэрага сучасных лабараторных комплексаў для вучэбнай, практычнай і праектнай дзейнасці па фізіцы, біялогіі і хіміі.
У дзень адкрыцця другога ў Беларусі атамкласа была ўдзелена ўвага і яго папярэдніку ў сярэдняй школе № 3. Гэтая адукацыйная прастора сёлета адзначае 5 гадоў паспяховай работы і значна абноўлена. Вучні школы з гордасцю прадставілі свае дасягненні, наглядна прадэманстраваўшы, як сучасныя ўмовы навучання спрыяюць глыбокаму пагружэнню ў свет фізікі, робататэхнікі, хіміі і іншых прыродазнаўчанавуковых дысцыплін.
Источник: https://nastgaz.by