РУС БЕЛ ENG 中文

Плённае супрацоўніцтва на ўзроўні «школа — універсітэт» у Воранаўскім раёне штогод пашыраецца

27.09.2023

Школьнікі Воранаўскага раёна ствараюць сюжэты для медыястудыі, публікуюць вершы ў кнігах, а матывуе іх на поспех вядомы ў краіне акадэмік… Усё гэта стала магчыма дзякуючы плённаму супрацоўніцтву сістэмы адукацыі рэгіёна з універсітэтамі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Прэмія акадэміка

Сяброўства на ўзроўні “школа — універсітэт” у Воранаўскім раёне Гродзеншчыны доўжыцца ўжо шмат гадоў. Яшчэ ў 2012 го­дзе раённым аддзелам адукацыі быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным універсітэтам. У той час яго ўзначальваў выпускнік Воранаўскай сярэдняй школы Сяргей Уладзіміравіч Абламейка.

— За гады супрацоўніцтва набылі цікавы вопыт рэалізацыі эксперыментальных і інавацыйных праектаў пры тэхнічнай падтрымцы БДУ. Дзякуючы ўніверсітэту, Воранаўская сярэдняя школа атрымала першы мабільны камп’ютарны клас (21 ноўтбук) і інтэрактыўную дошку. У нас праходзілі раённыя навукова-практычныя канферэнцыі з удзелам выкладчыкаў універсітэта, а ў 2017 годзе адкрыўся клас Канфуцыя. У гэты спіс трэба дабавіць экскурсіі на факультэты ўніверсітэта і ў Ліцэй БДУ, урокі са знакамітай асобай, “ШАГ”. І нават гэта далёка не поўны пералік сумесных мерапрыемстваў з прафесарска-выкладчыцкім складам БДУ, — гаво­рыць начальнік аддзела адукацыі Воранаўскага райвыканкама Валянціна Люленка.

Новыя магчымасці

Менавіта ў супрацоўніцтве з навучальнымі ўстановамі ў раёне бачаць адзін з найважнейшых напрамкаў павышэння якасці адукацыі. Прычым межы такога супрацоўніцтва ўвесь час пашыраюцца.

— У мінулым годзе дагавор аб супрацоўніцтве быў падпісаны паміж ГрДУ імя Янкі Купалы і Воранаўскім райвыканкамам. Сфера адукацыі стала адным з найважнейшых вектараў яго рэалізацыі, — працягвае Валянціна Люленка. — Так, новыя магчымасці атрымала работа з адоранымі навучэнцамі. Гэта правядзенне выкладчыкамі ўніверсітэта семінараў, вэбінараў, кансультацый для педагогаў раёна па падрыхтоўцы да прадметных алімпіяд, да навучання ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, да конкурсу работ даследчага характару.

Вынікі такой работы высока ацэнены на ўзроўні як вобласці, так і рэспублікі. Толькі навучанне ў тэхнапарку прайшлі 22 вучні школ Воранаўскага раёна, прычым пяцёра з іх двойчы па розных напрамках. Пераможца шматпрофільнай універсітэцкай алімпіяды Дар’я Янкелайць сёлета стала першакурсніцай філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы па-за конкурсам.

— Упершыню старшакласнікі раёна прынялі ўдзел у XVIII Міжнароднай навуковай канферэнцыі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў на эканамічным факультэце рэгіянальнай установы вышэйшай адукацыі. А ў Радунскай сярэдняй школе ў верасні 2022 года пры падтрымцы кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы і раённага выканаўчага камітэта быў адкрыты медыяцэнтр “Тэтрыс”, — дадала Валянціна Люленка.

Кожны тыдзень на анлайн-занятках юнага журналіста вучні асвойваюць курс “Асновы медыяжурналістыкі”. І вынікі не прымушаюць сябе чакаць. У мінулым навучальным годзе школьнікі-медыйшчыкі прынялі ўдзел ва ўніверсітэцкай алімпія­дзе “Медыя і Я”. Да таго ж сумесна з выдавецтвам раённай газеты і кафедрай журналістыкі ўніверсітэта яны рэалізуюць праект “За кадрам”. Ён расказвае пра маладых спецыялістаў, для якіх Воранаўскі край стаў месцам пачатку працоўнага шляху. Медыяпрадукты размешчаны на ўніверсітэцкай інтэрнэт-пляцоўцы “МедыяДОМ”.

Цікава, што на дасягнутых выніках сяброўства ў фармаце “школа — універсітэт” у раёне спыняць не збіраюцца. Пры падтрымцы кафедры журналістыкі тут плануюць арганізаваць профільны атрад “Медыя IQ” на базе раённага дзіцячага аздараўленчага лагера, а таксама навучанне самых актыўных школьнікаў ва ўніверсітэцкай акадэміі блогера.

Пашыраючы межы супрацоўніцтва

Шмат гадоў на Воранаўшчыне плённа супрацоўнічаюць і з кафедрай беларускай філалогіі рэгіянальнага ўніверсітэта. Дзякуючы сумесным праектам былі выпушчаны тры зборнікі серыі “Мая Воранаўшчына”. Найперш гэта зборнік вершаў педагогаў і выкладчыкаў раёна “Воранаўшчына лірычная”. У другую кнігу “Воранаўшчына празаічная” ўвайшлі творы навучэнскай мола­дзі і педагогаў раёна. А кніга “Воранаўшчына ў легендах і паданнях” аб’яднала ў сабе матэрыялы, сабраныя навучэнцамі і студэнтамі падчас фальклорных экспедыцый.

— Не толькі Купалаўскі ўніверсітэт стаў нашым партнёрам у справе павышэння ­якасці адукацыі. З Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам таксама заключаны дагавор аб супрацоўніцтве. Маштабная прафарыентацыйная акцыя ўніверсітэта ва ўстановах адукацыі раёна ўмацавала цікавасць да гэтай УВА. Упэўнена, што ў гэтым навучальным годзе сумесную работу па павышэнні якасці ведаў і матывацыі будучых абітурыентаў мы выведзем на новы ўзровень, — дадала Валянціна Люленка.

Пашыраючы межы супрацоўніцтва, упэўнена наладжваюць дзелавыя адносіны ў Воранаўскім раёне і з установамі адукацыі Расіі. У жніўні мінулага года было падпісана пагадненне і арганізавана актыўнае супрацоўніцтва з Маскоўскім педагагічным дзяржаўным універсітэтам у напрамку развіцця STEAM-адукацыі. У раёне вядзецца работа і па абмене вопытам з установамі адукацыі Несцераўскай муніцыпальнай акругі Калінінградскай вобласці. Акрамя таго, метадычнымі напрацоўкамі ўстановы Воранаўшчыны абменьваюцца з Інстытутам павышэння кваліфікацыі і прафесійнай перападрыхтоўкі работнікаў адукацыі Тульскай вобласці.

Источник: https://nastgaz.by