РУС БЕЛ ENG 中文

100 радкоў пра калегу. Маладосць, энтузіязм і талент — складнікі поспеху Ксеніі Данько

31.10.2025

 

“Любіць дзяцей і выконваць сваю работу лепш, чым учора” — такі дэвіз Ксеніі Данько, выхавальніцы дзіцячага сада аграгарадка Пагранічны Бераставіцкага раёна.

Ксенія Русланаўна ў 2024 годзе атрымала дыплом з адзнакай Гуманітарнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Але на гэтым не спынілася. На сённяшні дзень малады педагог з’яўляецца студэнткай 1 курса Купалаўскага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”.

На пытанне, чаму выбрала прафесію выхавальніка, Ксенія Данько адказвае, што вельмі любіць працаваць з маленькімі дзецьмі, ёй цікава выву­чаць дзіцячую псіхалогію, дашкольную педагогіку, знаёміцца з рознымі методыкамі работы. Ужо ў час вучобы падабалася самой распрацоўваць дыдак­тычныя гульні, канспекты заняткаў.

І гэта сапраўды так. З першых дзён работы стала відавочнай любоў маладога педагога да малых дзетак, яе зацікаўле­насць зрабіць кожнае імгненне іх знаходжання ў дзіцячым садзе займальным і пазнавальным.

Ва ўстанове адукацыі за маладым спе­цыялістам замацоўваецца куратар. Усе маладыя педагогі ў першыя гады работы спасцігаюць асновы прафесійнага майстэрства ў школе маладога спецыяліста “Шлях да поспеху”. Ксенія Русланаўна актыўна асвойвае практычныя навыкі дашкольнай педагогікі пад кіраўніцтвам вопытных калег, напрацоўвае навыкі ўзаемадзеяння з дзецьмі і іх бацькамі. На яе занятках праяўляецца вялікі педагагічны і творчы патэнцыял. Малады педагог умее не толькі чуць рэкамендацыі старэйшых калег, але і перадае свае веды іншым — асабліва гэта тычыцца камп’ютарных тэхналогій.

У Ксеніі Данько ўжо ёсць свая вялікая метадычная скарбонка планаў-канспектаў да заняткаў у розных групах. Яна прымае актыўны ўдзел у метадычных мера­прыемствах, розных аб’яднаннях, конкурсах, дапамагае праводзіць святы, праяўляе ініцыятыву і творчасць. З задавальненнем выконвае ролі казачных герояў. Кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Танцавальнае канфеці” — бацькі нават просяць, каб іх дзяцей залічылі ў гэты гурток і на новы навучальны год.

Дзякуючы мэтанакіраванасці і дыплому з адзнакай, усяго праз паўгода малады спецыяліст атрымала другую кваліфікацыйную катэгорыю. У сваёй анкеце малады спецыяліст адзначыла, што ні на хвіліну не па­шкадавала аб выбары прафесіі. А калі так — несумненна будзе і вынік!

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: