Навучэнка сярэдняй школы №1 горада Ліды стала пераможніцай рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года-2020»
04.12.2020
«Чалавек патрэбен чалавеку». Так лічыць пераможніца рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года-2020”, навучэнка сярэдняй школы №1 горада Ліды Ганна Каламыцкая.
Моладзевы праект праходзіў з 1 кастрычніка па 20 лістапада ў тры этапы: раённы, абласны і рэспубліканскі. У фінале прынялі ўдзел 88 індывідуальных і калектыўных работ. Лідчанка стала лепшай у намінацыі “Асабісты ўклад”.
– Нягледзячы на перамогу, я лічу, што лепшым стаў не адзін чалавек, а цалкам уся наша каманда аднадумцаў, – расказвае карэспандэнту “Лідскай газеты” дзяўчына. – Гэта ўсе дабравольцы атраду “Міласэрнасць”, а таксама нашыя настаўнікі: першы сакратар пярвічнай арганізацыі школы Наталля Ёрш, мой класны кіраўнік Святлана Кулевіч, якія нас натхняюць на добрыя ўчынкі, расказваюць, як павінен сябе паводзіць валанцёр.
Актыўнасць і жыццёвая пазіцыя Ганны Каламыцкай дазволілі ёй атрымаць абсалютную перамогу ў конкурсе. Гераіня артыкула ўпэўнена: валанцёр – прыклад маральнасці і бескарыслівасці. Гэта чалавек, які ўмее эфектыўна супрацоўнічаць з іншымі і працаваць у камандзе. Вынікам такой сумеснай працы сталі праекты «Дабро пачынаецца з цябе» і «Жыві ярка – рабі дабро», якія прысвечаны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, былым вязням канцлагераў, жыхарам блакаднага Ленінграда, а таксама дзецям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. У рамках кожнага з іх праводзяцца сумесныя святы, акцыі, гасцёўні.
Са слоў Ганны, з таго моманту, як яна стала валанцёрам, прайшло больш года. І гэта нагода азірнуцца назад, успомніць самыя яркія этапы ў марафоне добрых спраў.
– За гэты перыяд праведзена шмат мерапрыемстваў, у якіх пашчасціла ўдзельнічаць. Усе яны ўяўляюцца мне вельмі важнымі. Але адно ўсё ж такі вылучаю асабліва. Гэта нашыя сустрэчы з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі, накіраваныя на рэальнае ўключэнне кожнага з іх у актыўнае грамадскае жыццё. Я лічу, што чалавек патрэбен чалавеку. Такія сустрэчы даюць хлопчыкам і дзяўчынкам адчуванне патрэбнасці і пазбаўляюць ад пачуцця ізаляванасці ад аднагодкаў, – гаворыць школьніца.
Вопыт ініцыятывы актыўна тыражуецца сярод аднакласнікаў Ганны Каламыцкай, іншых навучэнцаў установы адукацыі, каб як мага больш людзей станавілася на шлях дабра. А дабро трэба рабіць тут і цяпер.
– Мне проста падабаецца не сядзець на месцы, а быць захопленай якой-небудзь цікавай справай, – напрыканцы размовы сказала дзяўчына. – Тым больш што пасля заняткаў у маім распараджэнні застаецца шмат вольнага часу. Кожны дзень яго можна рабіць асэнсаваным і карысным. Заўсёды прыемна, калі ў адказ на свой добры ўчынак ты чуеш шчыры дзякуй.
Лідская газета