Шчымлівыя, кранальныя… Удзельнікі конкурсу «Словы, якія саграваюць сэрцы» адрасавалі лісты пакаленню пераможцаў
04.08.2025Дэпартаментам кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі пры ўдзеле Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праведзены творчы конкурс “Словы, якія саграваюць сэрцы”, прысвечаны 80-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Яго мэта — фарміраванне ў грамадзян патрыятычнай свядомасці, высокіх духоўна-маральных якасцей, паважлівага стаўлення да гістарычнай памяці і абаронцаў краіны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Вынікі конкурсу будуць агучаны ў верасні. Пераможцы, якія атрымаюць дыпломы I, II і III ступеней, уладальнікі прыза сімпатый чытачоў і самыя творчыя аўтары пісьмаў продкам будуць заахвочаны экскурсіяй у Авальную залу Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Генетычны код Перамогі
Тэма вайны закранула сэрцы кожнага нашага суайчынніка. Удзельнікамі конкурсу сталі выхавальнікі дзіцячых садоў, настаўнікі школ, гімназій, навучэнцы рознага ўзросту, выкладчыкі каледжаў, студэнты ўніверсітэтаў і іх педагогі. Пасланні, накіраваныя ў той далёкі час, сталі адзіным хвалюючым пісьмом. Яно было без адраса, але звязвала цэлыя пакаленні. На конкурс былі прадстаўлены творы ў прозе, вершы, прысвечаныя ўдзельнікам баявых дзеянняў, працаўнікам тылу, партызанам, медсёстрам, жыхарам акупіраванай тэрыторыі — усім тым, чыё жыццё было абпалена ваенным ліхалеццем. Шмат паэтычных радкоў прысвечана матулям, якія страцілі сваіх сыноў у час вайны, і тым, хто выратаваў дзяцей ад бамбёжкі. Былі напісаны вершы дзецям, якім прыйшлося расці на зямлі, захопленай ворагам, звароты да салдат, якія затаіліся ў акопах перад нападзеннем на ворага, шмат слоў удзячнасці родным і блізкім…
Многія пасланні аформлены як ваенны трохвугольнік, некаторыя аўтары ўпрыгожылі пісьмы сваімі малюнкамі пра вайну, прыклалі фота родзічаў, якія загінулі, былі таксама відэа- і аўдыяпісьмы.
Кожная конкурсная работа стала сапраўдным творам мастацтва, дзе ажылі яркія вобразы, прасякнутыя чуллівымі пачуццямі.
80 гадоў прайшло з таго страшнага часу. Колькі было напісана кніг, знята фільмаў, колькі праведзена сустрэч з ветэранамі, колькі кветак ускладзена да помнікаў і магіл! Здавалася б, ужо і слоў такіх не знойдзеш, каб сэрца зноў страпянулася ад успамінаў пра вайну. Але ж не, памяць бязмежная, ёй няма канца і краю. І гэта адчуваецца ў лістах, напісаных нашымі дзецьмі і педагогамі. А крыніца памяці — наш генетычны код, код беларускай зямлі, нашых людзей, які перадае з пакалення ў пакаленне нацыянальную годнасць, неўміручую, невычэрпную…
Гартаем старонкі конкурсных работ…
Малітва за дзяцей
Вольга Колас з дзіцячага сада № 35 Мазыра напісала пісьмо маці, якая адправіла трох сваіх сыноў на вайну і ўсіх іх страціла. Але колькі жыла, столькі яна чакала іх дадому…
“Нізкі паклон, дарагая матуля, за тваіх сыноў, за іх непахісную мужнасць і гераізм… “Мае родныя сыночкі” — клікала ты іх штодзень, успамінала з болем і цяплом у сэрцы. Твае вочы напаўняліся слязамі любові і гордасці, святлом мацярынскай душы, поўнай трывог і малітваў за сваіх дзяцей. Нават у страшных баях, у халоднай акопнай цемры сыноў сагравалі ўспаміны пра цябе, маці, пра твае ласкавыя рукі, пяшчотную калыханку, адчувалі твой мацярынскі клопат да самых апошніх іх дзён…” — піша Вольга.
“Что б я сказал той женщине святой, // Что сыновей отправила на страшный бой? // Склонился б низко — слов не подобрать, // К ногам припал бы, и не оторвать, // В ее душе вся Родина в слезах, // И сколько боли вижу я в ее глазах…” — такі верш прысвяціла маці воінаў Наталля Дземідзенка, выхавальніца дзіцячага сада з Рэчыцы.
Дар’я Тоўпік, студэнтка БрДУ імя А.С.Пушкіна, напісала ліст сваёй прабабулі Вользе: “Мая дарагая, ты была працаўніцай тылу ў час вайны, самааддана служыла байцам. Не магу ўявіць, як цяжка табе прыходзілася ў жыцці: працаваць за тых мужчын, якіх тэрмінова забралі на фронт, а яшчэ клапаціцца пра сваю сям’ю, карміць малых дзяцей. Нягледзячы на бясконцую трывогу, ты трымалася з усіх сіл, працавала не складаючы рук, каб забяспечыць салдат цёплым адзеннем. Яны перамаглі дзякуючы і тваёй падтрымцы”. Дар’я адзначыла, што прыклад прабабулі натхняе яе быць мэтанакіраванай, не баяцца цяжкасцей. Міласэрнасць, спачуванне і ўзаемадапамога, якія былі ў характары гераіні пісьма Дар’і, сёння вельмі важныя.
Студэнт Ілья Раманаў з МДУ імя А.А.Куляшова прысвяціў трапяткія словы мінскай падпольшчыцы Марыі Осіпавай: “Пішу вам не чарніламі, а дрыжаннем свайго сэрца, пішу праз тоўшчу часу, скрозь заслону гадоў, пішу, таму што ваша імя — не радок у падручніку, а жывы агонь памяці народа, як той агонь супраціўлення, які вы запалілі ў змроку акупацыі сваім подзвігам. Сёння наш Мінск жыве ў суквецці шчаслівага жыцця, радасных галасоў дзяцей і моладзі. Але калі прыслухацца, то на вуліцы можна пачуць вашы крокі і ўбачыць вашу постаць — ваш подзвіг будзе жыць заўжды”.
Аддам сваю любімую цацку
Васьмігадовы Лёва Гарбацкі з мінскай гімназіі № 13 напісаў пісьмо невядомаму юнаму герою з вёскі Ала, якую спалілі фашысты. Гэты хлопчык застаўся без свайго дома, без родных людзей, без цёплай печы і маміных казак. “Ты перажыў шмат гора, — піша Лёва. — Голад, холад, бамбёжкі, страх і слёзы… Але ты мужна вытрымаў гэта. Калі б у мяне быў чароўны навігатар часу, то перадаў бы табе цёплае адзенне, шакаладку, згушчонку і сваю любімую цацку, каб табе не было так самотна. А яшчэ аддаў бы свой фанарык, каб яго святло разганяла цемру вайны. Але галоўнае, я цябе па-сяброўску абняў бы і сказаў, што ты вельмі мужны і сапраўдны герой. Цяпер Ала — мемарыяльны комплекс, і мае кветкі таксама ёсць там на Алеі Памяці, памяці аб табе”.
Мілена Фандарэнка працуе выхавальніцай у спецыяльным дзіцячым садзе Слоніма. Яна звярнулася ў сваім пісьме да малога дзіцяці, якое загінула разам з іншымі жыхарамі спаленай вёскі: “Кожнае дзіця мае права на жыццё, на сваю будучыню, на смех, на радасць. Але ты не ведала, што такое вайна. А яна ведала пра цябе і прыйшла забіваць. Ты загінула разам са сваім домам, з пахам хлеба, які пякла табе мама. Цябе не стала. Але ж ты жывое ў нас, у памяці нашых продкаў, якія бачылі, як плакала твая вёска. Для нас ты стала сімвалам, святлом, ціхім, як наша дыханне, далікатным, як пялёстак, тым вечным святлом, якое жыве ў кожным з нас. Няхай неба будзе табе домам, а зоркі стануць тваімі цацкамі. Жыві вечна ў нашай памяці…”
Бясстрашны анёл
Дзесяцігадовая Настасся Лапанос з Гродзенскай спецыяльнай школы-інтэрната звярнулася ў сваім пісьме да медыцынскай сястры, 16-гадовай Нюрачкі Кузняцовай. Насця невідушчая, але бачыць сэрцам. Яна адчула непераадольнае жаданне напісаць у тыя далёкія часы гэтай маладой дзяўчыне. Дапамагла ёй у гэтым мама Вольга Ігараўна.
“І зноў выбух… Полымя… Асколкі… І ты зноў бяжыш з усіх ног, падаючы і падымаючыся, кіруешся пачуццём абавязку і любові да людзей і сваёй Радзімы. Ты — бясстрашны анёл з гарачым сэрцам і чуллівай душой, ляціш да раненага байца і на сваіх крылах нясеш яго да святла, да жыцця, да Перамогі”, — піша Насця. Магчыма, гэты вобраз ваенных часоў дапамагае ў жыцці і самой дзяўчынцы.
Марта Шэўчык, студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, знайшла свайго героя вайны ў батанічным садзе, калі ўбачыла там прыгожую кветку. Работніца аранжарэі патлумачыла, што гэта эдэльвейс і што яе тата аддаў сваё жыццё за тое, каб гэтая кветка ўпрыгожвала наша жыццё і каб ваенная аперацыя пад такой назвай правалілася. Марта прысвяціла сваё пасланне гэтаму герою — Фёдару Шашлюкову. “Мы сёння жывём на роднай зямлі, якая залячыла свае раны, але да гэтай пары памятаем сваіх абаронцаў, з пакалення ў пакаленне перадаём памяць пра подзвіг нашых байцоў, і няхай толькі кветкі заўсёды цвітуць у нашым жыцці”, — піша Марта.
Таісія Шпак, педагог з Ляхавіцкага аграрнага каледжа, звярнулася да салдата — вызваліцеля яе роднага горада: “Ты не ведаеш мяне, наш герой. А я жыву дзякуючы табе. Я пішу праз дзесяцігоддзі, праз пакаленні і хачу, каб ты пачуў мяне. Маё сэрца замірае, калі я думаю пра тое, што ты страціў сваё жыццё дзеля майго горада і яго жыхароў. Здзейснены табой подзвіг прынёс нам мір, спакой і шчаслівае жыццё. Я ведаю пра цябе толькі па падручніках, фільмах, успамінах ветэранаў. Але кожнае слова ажыўляе ў памяці старонкі той далёкай вайны, дзе ты для нас заўсёды жывы”.
Медалі як зоркі на небе
Свайму прадзеду Мікалаю Максімавічу напісала Дар’я Пазняк, навучэнка Гродзенскай гарадской гімназіі імя А.І. Дубко. Самае каштоўнае — гэта памяць, якая застыла ў яго ўзнагародах. Калі дзяўчынка бярэ ў рукі яго медалі, то як быццам разглядае зоркі на небе: кожны з іх — гэта гісторыя подзвігу, якая свеціць праз гады і пакаленні. “Дзякуй табе за 9 Мая — дзень, які для нас не проста дата, гэта твой дзень, калі ты збіраеш нас разам, — піша дзяўчына. — У гэты дзень нават паветра становіцца іншым — густым ад памяці, цёплым ад удзячнасці. Мы разглядаем старыя здымкі, слухаем успаміны дарослых і ловім кожнае слова, як быццам спрабуем пачуць твой голас. Ты для нас ажываеш, і калі мы запальваем свечкі, мне здаецца, што ты побач, нябачна стаіш за маім плячом і шэпчаш: “Памятайце!” І мы памятаем і будзем памятаць заўсёды, пакуль жывём. Я веру, што ты на нябёсах, сярод зорак, бачыш, як твае ўнукі і праўнукі працягваюць тваю гісторыю, твае жыццё. І пакуль жывыя мы, будзеш жывым і ты — у нашых сэрцах, у той яблыні, што ты калісьці пасадзіў”.
Хустачка ад маці
Віялета Гантарэнка, студэнтка МДУ імя А.А.Куляшова, напісала пра свайго дзядулю Аляксандра, які працаваў настаўнікам гісторыі. Ён не толькі расказваў пра вайну па падручніку, але і дзяліўся ўласнымі ўспамінамі. Ён сам ствараў гісторыю. “Кожны раз мне хочацца плакаць ад таго, як ты расказваў мне пра свой боль, калі згубіў у адным з баёў хустачку сваёй маці, якую яна дала табе пры развітанні. Ты вельмі перажываў, што хустачкі не стала, бо гэта была адзіная рэч, якая нагадвала пра твой дом, яго цяпло, пра пяшчотныя рукі маці”, — піша
Віялета.
Алеся Шэіна, педагог студыі замежных моў Гродна, напісала, што калі яе дачка была маленькай, то шмат пыталася, што такое вайна. І Алеся паспрабавала ўявіць вайну вачыма дзяцей, але марыць, каб яны ніколі не зведалі яе бяды і каб дзіцячыя вочкі заўсёды свяціліся толькі радасцю: “Я пишу из мирного “теперь”, // Я не знаю, что такое выстрелы, // Я живу без страха, без потерь, // Улыбаясь солнышку лучистому. // За мое неведенье войны, // Жизнь с улыбкой, детство беззаботное, // За судьбу родной моей страны, // Будущее мирное свободное, // За цветущий в яблонях закат, // За мой мир без войн и лихолетья // Низкий наш поклон тебе, солдат…”
…Гартаем і гартаем старонкі конкурсных работ… Яны шчымліва кранаюць сэрца.
Источник: https://nastgaz.by