РУС БЕЛ ENG 中文

Марына Лашкоўская — пра тое, чаму лета ў адукацыі можна параўнаць з уборачнай кампаніяй

04.08.2025

 

Чаму лета ў сістэме адукацыі раёна можна параўнаць з уборачнай кампаніяй і ці многае залежыць ад кіраўніка кожнай канкрэтнай установы адукацыі — карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Марына Лашкоўская.

Гарачая пара

— Марына Яўгенаўна, як праходзіць гэтае лета для сістэмы адукацыі Дзятлаўшчыны?

— Толькі для школьнікаў лета — час адпачынку. А для педагогаў, як і для хлебаробаў, гэта гарачая пара. Розніца толькі ў тым, што хлебаробы збіраюць ураджай, а мы, вобразна кажучы, узбагачаем глебу для лепшых усходаў. Рамантуем школы, умацоўваем матэ­рыяльна-тэхнічную базу, арганізоўваем аздараўленне дзяцей…

Што тычыцца рамонтаў ва ўстановах адукацыі, то набліжаецца да завяршэння капрамонт даху ў гімназіі № 1 райцэнтра і ў Гезгалаўскай сярэдняй школе імя М.І.Нядзеліна. У мінулым навучальным годзе маштабныя работы такога плана завяршыліся ў сярэдняй школе № 3 Дзятлава імя І.Ю.Філідовіча. Сёлета тут зноў важныя і істотныя абнаўленні: устанавілі сучасную прапускную сістэму з распазнаваннем твараў і рыхтуем да адкрыцця інжынерна-тэхнічны цэнтр.

— Якое месца адведзена тэме добраўпарадкавання?

— Усе ўстановы адукацыі Дзятлаўшчыны сталі ўдзельнікамі раён­нага конкурсу па добраўпарадка­ванні тэрыторый. Яго вынікі будуць падведзены бліжэй да пачатку навучальнага года. Але жыхары населеных пунктаў ужо ацанілі пераўтварэнні. З’явіліся новыя архітэктурныя формы накшталт фотазон, дапоўнена кветкавая разнастайнасць клумб. Важна, што да гэтай справы педагогі падышлі канцэптуальна: афармленне адпавядае тэматыцы 80-годдзя Перамогі.

На тэрыторыі некалькіх устаноў адукацыі (Казлоўшчынская сярэдняя школа, дзіцячыя сады № 1 і № 2 Дзятлава) дарожкі выкладзены тратуарнай пліткай.

Значна змяніліся сёлета спартыўныя пляцоўкі некаторых устаноў адукацыі.

З нецярпеннем мясцовыя жыхары чакалі адкрыцця варкаўт-пляцовак, створаных у рамках праекта “Спорт для ўсіх” на базе сярэдняй школы № 3 Дзятлава імя І.Ю.Філідовіча, Дварэцкай сярэдняй школы. У далейшым плануем абсталяваць аналагічнымі пляцоўкамі стадыёны Гезгалаўскай і Казлоўшчынскай сярэдніх школ.

Вялікія пераўтварэнні спартыўнай інфраструктуры працягваюцца ў Новаяльнянскай сярэдняй школе імя А.А.Шаўчук. Акрамя таго, у Дварэцкай сярэдняй школе заасфальтаваны бегавыя дарожкі і створана сучасная пляцоўка па правілах дарожнага руху. Прадумана тут і арганізацыя вулічнага асвятлення, каб запатрабаваныя спартыўныя аб’екты максімальна і з камфортам выкарыстоўваліся у тым ліку ў вячэрні час восенню і вясной.

Расставіць прыярытэты

— Што галоўнае ў рабоце кіраўніка сістэмы адукацыі раёна?

— Уменне правільна расстаў­ляць прыярытэты і вызначаць чарговасць вырашэння задач. Разгледзім для прыкладу тэму рамонту ўстаноў адукацыі. Канечне, хацелася б усюды і адразу памя­няць, напрыклад, вокны. Але аб’ектыўная рэальнасць пераконвае, што адзінае правільнае рашэнне тут — паэтапнае планаванне такіх работ і дакладнае разуменне чарговасці іх правядзення. І так па любым пытанні.

Але, на жаль, не ўсё і не заўсёды можа залежаць толькі ад кіраў­ніцкіх рашэнняў. Чатыры ўстановы адукацыі раёна сёлета мяняюць свой статус з-за скарачэння колькасці навучэнцаў. Пры гэтым агульнараённыя лічбы настройваюць на добрае: сёлета мы выпусцілі 150 адзінаццацікласнікаў і столькі ж дзяцей ідуць у першы клас.

— Як бы вы ахарактарызавалі выпускнікоў гэтага года?

— Таленавітыя і мэтанакіраваныя. Практычна кожны дзясяты выпускнік раёна — медаліст. На іх рахунку сёлета 6 стабальных вынікаў і нямала прыкладаў, калі да сотні не хапіла зусім крыху. Пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у гэтым годзе сталі 7 навучэнцаў, яшчэ трое адзначаны граматамі. Да таго ж вучні раёна атрымалі больш за 220 перамог у творчых і спартыўных конкурсах абласнога і рэс­публіканскага ўзроўняў.

Быць мэтанакіраваным і ініцыятыўным на Дзятлаўшчыне модна і прэстыжна.

Кожны год лепшыя з лепшых школьнікаў становяцца ўдзельнікамі ўрачыстага мерапрыемства на цэнтральнай гарадской плошчы з удзелам старшыні райвыканкама Андрэя Уладзіміравіча Садоўскага. Усе яны атрымліваюць грашовыя прэміі ў памеры да пяці базавых велічынь, а іх бацькі — пахвальныя лісты. Нядзіўна, што нашы выпускнікі нярэдка як месца атрымання першага працоўнага вопыту разглядаюць малую ра­дзіму.

— І ўсё ж за любым вучнёўскім поспехам стаіць праца педагога.

— Абсалютна правільна! Сёння да поспехаў і дасягненняў нашых навучэнцаў вядзе вялікая і мэтанакіраваная каманда з больш чым 470 педагогаў. Іх выніковая работа заахвочваецца не толькі на раённым узроўні.

Вельмі важна, што сярод кіраўнікоў устаноў адукацыі Дзятлаўшчыны сёння толькі тыя людзі, якіх можна ахарактарызаваць прыгожым беларускім словам — “адданыя”.

Выдатна разумею, што не ўсё і не заўсёды ў іх буднях бывае гладка, паколькі значная частка майго працоўнага шляху звязана з пасадай дырэктара школы. І ўсё ж мелодыя аркестра залежыць ад дырыжора. Тое, як наладзіць ра­боту калектыву дырэктар, вызначае шлях развіцця ўстановы адукацыі.

— Лета — гэта яшчэ і час маштабнага аздараўлення школьнікаў. Як у лічбах выглядае сёлетняя кампанія?

 Гэта 29 лагераў і 1130 дзяцей. Сетка лагераў прадстаўлена 20 дзённымі і 9 кругласутачнымі, сярод якіх 7 палатачных і 2 на базе сярэдніх школ № 1 і № 3. Практычна кожная змена ў кругласутачным лагеры любой формы — профільная: ваенна-патрыятычнага, турыстычна-краязнаўчага або прыродазнаўчага профілю (“Навука” ў сярэдняй школе № 1 Дзятлава імя А.М.Чурылы).

Толькі ад цэнтра занятасці ў гэтым годзе на Дзятлаўшчыне працаўладкавана больш за 120 непаўналетніх. Для часткі падлеткаў старэйшых за 14 гадоў арганізаваны лагеры працы і адпачынку. З улікам студатрадаў працаўладкаваць гэтым летам плануецца больш за 360 падлеткаў. На 100 працэнтаў арганізавана такая занятасць для непаўналетніх, з якімі праводзіцца індывідуальна-прафілактычная работа.

Акрамя таго, толькі ў чэрвені і ліпені на базе раённага цэнтра да­датковай адукацыі дзяцей і моладзі дзейнічалі 24 аб’яднанні па інта­рэсах для больш чым 250 дзяцей. І яшчэ больш за дзясятак такіх будзе працаваць у жніўні.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: