Унікальныя фотаздымкі і дакументы захоўваюцца ў музеі Беняконскай сярэдняй школы
22.10.2026Унікальныя фотаздымкі і дакументы па гісторыі дзіцячага дома, які дзейнічаў на Воранаўшчыне ў пасляваенны час, захоўваюцца ў музеі Беняконскай сярэдняй школы.

Вялікая Айчынная вайна пакінула на беларускай зямлі не толькі папялішчы, але і тысячы сіроцкіх лёсаў. Гэты боль быў асабліва адчувальным у канцы 1940-х. Менавіта тады дзяржава ўзяла на сябе найважнейшую місію — абарону дзяцей, вяртанне іх да мірнага жыцця. Сведчаннем гэтага стала адраджэнне сеткі спецыяльных дзіцячых дамоў. Гісторыя аднаго з такіх астраўкоў міласэрнасці ў Беняконях лягла ў аснову краязнаўчага даследавання.
Наша работа была арганізавана па камандным прынцыпе, дзе кожны меў свой адказны кірунак. Разам з вучаніцай Карынай Гарадзецкай мы ўзялі аналітычную частку — рупліва працавалі з данымі Лідскага занальнага архіва, вывучалі кнігі загадаў, руху выхаванцаў, якія дапамаглі скласці спіс дзяцей і педагогаў, аднавіць іх жыццё, заняткі. Крок за крокам перад намі адкрывалася статыстыка чалавечага подзвігу. У гэты ж час даследаваннямі займалася другая група. Педагог Таццяна Мацкевіч і вучань Дзмітрый Мацкевіч праводзілі маштабнае апытанне мясцовых жыхароў, збіралі каштоўныя вусныя ўспаміны і шукалі ў сямейных альбомах фотаздымкі тых гадоў.
Вучняў вельмі ўразілі дэталі тагачаснага побыту. Дзіцячы дом у Беняконях сутыкнуўся з татальным дэфіцытам: ложкі замянялі сеннікі на падлозе, не хапала адзення, а зімой выхаванцы часам па чарзе хадзілі на вучобу з-за адсутнасці абутку. Але выжыванне і поспех гэтай установы трымаліся на прынцыпах самаарганізацыі і працоўнага выхавання.
У дзіцячым доме дзейнічала свая падсобная гаспадарка, агарод, майстэрні. Гэта была сапраўдная школа жыцця.
Дзеці пад кіраўніцтвам аграномаў і выхавальнікаў вырошчвалі агародніну, што дазваляла істотна палепшыць рацыён харчавання. Наяўнасць уласнага пагалоўя жывёлы (кароў, свіней) забяспечвала малаком і мясам. Пры дзіцячым доме функцыянавалі сталярныя і швейныя майстэрні. Хлопчыкі вучыліся рамантаваць мэблю і вырабляць просты інвентар, а дзяўчынкі асвойвалі навыкі кройкі і шыцця. Выхаванцы дзіцячага дома наведвалі школу ў Беняконях. Гэта спрыяла іх сацыялізацыі.

Асабістыя рэчы Фёдара Крывахіжы
Асобнае месца ў даследаванні заняло вывучэнне педкалектыву, які складаўся з франтавікоў, чый аўтарытэт стаў вырашальным фактарам рэабілітацыі параненых вайной дзіцячых душ.

Сярод іх Аляксандр Андрэевіч Кацяленец, Фёдар Мікалаевіч Крывахіжа. Настаўнікі-ветэраны строга сачылі за паспяховасцю вучняў, разумеючы, што адукацыя была адзіным сацыяльным ліфтам для сіраты.

Асабліва каштоўныя фотаздымкі пасталелых выпускнікоў. На адваротным баку партрэта — кранальны памятны надпіс любімаму настаўніку.
У выніку сумеснай працы нам удалося знайсці каштоўныя звесткі і аднавіць гісторыі жыцця выхаванцаў. Значным адкрыццём і адначасова болем стаў для нас лёс Станіслава Уладзіміравіча Лемнева (Лемлемая), які сёння жыве ў Лідзе. Менавіта ў Беняконях выхавальнікі падарылі хлопчыку новае імя, імя па бацьку і прозвішча. Перажыўшы цяжкія дзіцячыя выпрабаванні, ён стаў трэнерам, выхаваў 6 чэмпіёнаў Савецкага Саюза і ўжо 20 гадоў з’яўляецца народным засядацелем у судзе.
Яркі і натхняльны лёс Леаніда Рыгоравіча Мацюхіна — беларускага пісьменніка. Ён нарадзіўся ў 1943 годзе ў Мсціслаўскім раёне. Вайна адабрала сям’ю, а Беняконскі дзіцячы дом стаў месцам, дзе хлопец атрымаў адукацыю і чалавечую загатоўку. Самае галоўнае, што Леанід Рыгоравіч захаваў памяць пра сваіх настаўнікаў, прысвяціўшы кранальныя вершы выхавальніцы Валянціне Канстанцінаўне Стоме і медсястры Таццяне Ніканораўне Ігнаценка. Ён часта падкрэсліваў, што маральныя ўрокі ў Беняконях дапамаглі яму выстаяць у жыцці.

Увесь сабраны і сістэматызаваны матэрыял — успаміны, рэдкія фатаграфіі, дакументы фондаў архіва — сталі асновай для стварэння новай экспазіцыі. Наша работа не завершана: наперадзе пошук нашчадкаў іншых выпускнікоў Беняконскага дзіцячага дома.
Источник: https://nastgaz.by
