Урокі літаратуры з нейрасеткай: малады педагог Кацярына Лясько аб прыёмах, якія працуюць
20.11.2026Вучні Кацярыны Лясько з Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна з цікавасцю параўноўваюць Палессе, апісанае Мележам, з карцінкамі нейрасеткі і знаходзяць розніцу паміж жывым аўтарскім словам і віртуальнай выявай. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Карцінкі, згенерыраваныя штучным інтэлектам, — звычайны рабочы інструмент на ўроках Кацярыны Яўгеньеўны. Калі клас вывучае “Людзі на балоце”, яна паказвае: вось як бачыць Палессе таго часу штучны інтэлект — балота, хата, глуш, а вось як яго апісвае Іван Мележ — цёпла, рамантычна, з любоўю да людзей і іх цяжкай працы. Дзеці робяць супастаўленне і прыходзяць да высновы: у аўтарскім слове шмат таго, што не перадасць ніводная віртуальная карцінка. Па той жа схеме старшакласнікі працуюць з творам “Знак бяды” Васіля Быкава: нейрасетка малюе крыж на гары, старую жанчыну, якая спрабавала выратаваць сям’ю, а клас шукае ў тэксце тое, што стаіць за выявай. Вучні Кацярыны Лясько нават афармлялі Instagram-профіль Еўфрасінні Полацкай.
Пры гэтым у некаторых рэчах педагог застаецца кансерватыўнай, у прыватнасці, канспекты піша пераважна ад рукі.
— Пакуль дома прадумваю будучы ўрок, ён запамінаецца, і на занятках дастаткова зрэдку зірнуць у свой сшытак. Дошка, крэйда і жывая размова — мая стыхія, тое, чаго мне нішто не заменіць, — пераканана Кацярына Яўгеньеўна.
Дзейсная педагогіка
Аб прыёмах, правераных на сваіх вучнях, Кацярына Лясько гаворыць з захапленнем. У ліку яе педагагічных “любімчыкаў” — “крыжыкі-нулікі” па вывучаным правіле ці тэксце. Вучням прапануюцца дзевяць пытанняў-сцвярджэнняў: згодзен — ставіш крыжык, сумняваешся — нулік. Напрыканцы такога экспрэс-апытання ў класа атрымліваецца камбінацыя, якая потым правяраецца разам з настаўніцай. Працуе прыём і на этапе актуалізацыі ведаў у пачатку ўрока, і падчас замацавання ў канцы.
Сапраўдны хіт на ўроках літаратуры — “пашпарт” персанажа ці аўтара. Вучні атрымліваюць картку з партрэтам аўтара ці героя твора і графамі для запаўнення: імя, прозвішча, дата і месца нараджэння, галоўныя рысы характару, апісанне знешнасці…
Дзеці афармляюць “пашпарт”, працуючы з кнігай. Па словах Кацярыны Лясько, інфармацыя пры такім падыходзе запамінаецца лёгка.
— Памятаю, вазіла сваю вучаніцу на абласны этап рэспубліканскай алімпіяды. І як толькі выйшла з аўдыторыі, яна падзялілася: “Дзякуючы вашаму “пашпарту” ўспомніла, як выглядае аўтар, і правільна адказала”. Для мяне як настаўніцы гэта было вельмі значна, — успамінае Кацярына Яўгеньеўна.
Нягледзячы на маладосць (прафесійны стаж — усяго чатыры гады), яна не баіцца задач з зорачкай і ўспамінае, як адзін год працавала адразу ў дзвюх школах — у Алекшыцах і Канюхах.
— У Канюхах мае адзінаццацікласнікі вельмі любілі майстраваць мініяцюрныя кніжачкі пра аўтараў: самі іх сшывалі, друкавалі фатаграфіі, ад рукі перапісвалі ўрыўкі з тэкстаў. Гэтыя самаробныя выданні дагэтуль гартаю з асаблівым пачуццём і часам прыношу ў клас — як прыклад стараннасці і вучнёўскай цікавасці, — расказвае педагог.
Яна пераканана, што задача настаўніка на ўроках літаратуры — паказаць глыбіню тэкстаў беларускіх аўтараў, правесці школьніка ад “прачытаў” да “пражыў”. Сюжэт дзеці запамінаюць хутка, але за фабулай заўсёды стаіць нешта большае — час, у якім жыў аўтар, матывы герояў, пытанні, якія твор ставіць перад чытачом.
— Не так даўно разбіралі Дзяльбу кабанчыка” Віктара Карамазава, і клас спачатку ўспрыняў твор літаральна: прыехалі — дзеляць мяса. Пытаюся: “А што насамрэч дзеляць дзеці са старой маці, якая гатова аддаць ім усё, а сабе не ўзяць нічога?” І вось ужо клас глядзіць на тэкст зусім па-іншаму, — прыводзіць прыклад настаўніца.
Такія размовы не заўсёды ўкладваюцца ў 45 хвілін урока. І калі пасля заняткаў адзін-два старшакласнікі звяртаюцца да педагога з пытаннямі, Кацярына Яўгеньеўна ў думках святкуе перамогу. Дарэчы, на яе кніжнай паліцы беларуская класіка заўсёды суседнічае з творамі сучасных аўтараў. І вучням 8—9 класаў яна часта раіць пачытаць, напрыклад, “Прынцэсу тусоўкі” Яўгена Хвалея — аповесць пра падлеткавую агрэсію і тое, што абавязкова знойдуцца добрыя і неабыякавыя людзі побач.
Па прыкладзе цёткі
З прафесіяй Кацярына Лясько вызначылася дзякуючы і педагогам, і родным. Яе цётка — Жанна Антонаўна Івашкевіч — выкладае беларускую мову і літаратуру ў 38-й школе Гродна. З усмешкай маладая настаўніца ўспамінае, як прыязджала да яе на выхадныя, гартала вучнёўскія сшыткі, назірала за работай педагога, а аднойчы нават папрасіла дазволу папрысутнічаць на ўроку.
— Убачыла, як у Жанны Антонаўны гараць вочы, як дзеці цягнуцца да яе, не баяцца выказваць свае думкі… І канчаткова вырашыла, што хачу таксама стаць настаўніцай, — дзеліцца ўспамінамі Кацярына Яўгеньеўна.
Размеркаванне ў невялікія Алекшыцы для ўраджэнкі абласнога цэнтра не стала нагодай для хваляванняў, бо да роднага Гродна — рукой падаць. Настаўніца Галіна Уладзіміраўна Румак, замацаваная за маладой калегай, прыняла яе, па словах самой Кацярыны Яўгеньеўны, як родную.
— Я бегала да яе па некалькі разоў на тыдзень: ці правільна напісаны канспект, складзена каляндарнае планаванне, ці дакладна выстаўлена адзнака? І яна тлумачыла ўсё з пяшчотай. Дарэчы, амаль усе калегі пры сустрэчы паўтаралі: патрэбна дапамога — не бойся звярнуцца. Было адчуванне, што прыйшла ў вялікую сям’ю, — гаворыць Кацярына Яўгеньеўна.
Сям’я гэтая з кожным годам маладзее. Сёння ў калектыве Алекшыцкай сярэдняй школы першыя крокі ў прафесіі робяць адразу пяць маладых спецыялістаў, і нікога не пакідаюць адзін на адзін з прафесійнымі і бытавымі пытаннямі. Кацярыне Лясько разам з калегай, настаўніцай пачатковых класаў, выдзелілі арэнднае жыллё — двухпакаёвую кватэру недалёка ад школы.
Прафесійны рост маладой настаўніцы забяспечаны. На чацвёртым годзе работы Кацярына Яўгеньеўна атрымала другую кваліфікацыйную катэгорыю і заняла прызавое месца на раённым конкурсе маладых спецыялістаў. А яе вучні сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Сімфонія космасу”: самі напісалі верш пра ўклад беларусаў у асваенне космасу і зманціравалі да яго відэа.
Асобная глава прафесійнага жыцця Кацярыны Лясько — класнае кіраўніцтва. Спачатку яна вяла невялікі клас, а сёння “сваімі” называе вучняў самага вялікага класа школы — пад яе крылом 22 шасцікласнікі.
— Пастаянна шукаю цікавыя формы работы, у тым ліку для класных гадзін. Напрыклад, да Дня беларускага пісьменства прынесла ў клас глаголіцу — дзеці выводзілі кожную літару, спрабуючы напісаць уласнае імя. Хочацца верыць, што пасля гэтых заняткаў яны сталі лепш разумець, які няпросты шлях прайшла наша мова да сваёй самастойнасці, — адзначае педагог.
Прывіваць любоў да мовы Кацярына Яўгеньеўна імкнецца не толькі на ўроках і класных гадзінах. Па серадах яна вядзе гурток “Юны журналіст”, які аб’ядноўвае 13 школьнікаў з 6 па 11 клас.
На пытанне пра планы педагог адказвае з усмешкай:
— Далёка наперад планы не будую, бо няўдзячная гэтая справа. Але адно ведаю дакладна: калі дзеці не хочуць сыходзіць з класных гадзін ці прыбягаюць спытаць, як жыве мой кот, гэта лепшае пацвярджэнне таго, што месца работы я выбрала правільна.
Источник: https://nastgaz.by
