РУС БЕЛ ENG 中文

Актуальны каментарый. Што прысудзілі за абласны конкурс “Крыштальная Альфа”?

20.11.2026

 

 
Актуальны каментарый. Што прысудзілі за абласны конкурс “Крыштальная Альфа”?

Падведзены вынікі XVIII абласнога конкурсу работ даследчага характару – канферэнцыі навучэнцаў па вучэбных прадметах “Крыштальная Альфа”.

Аб поспехах дзятлаўчан расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:

– Усяго да абароны было дапушчана 12 работ. Палову з іх падрыхтавалі навучэнцы і педагогі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, чатыры работы абаранялі навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава, па адной – навучэнцы Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук і Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

Прэзентацыі праходзілі ў анлайн-рэжыме з 2 па 12 лістапада ў секцыях “Грамадазнаўства”, “Гісторыя”, “Руская літаратура”, “Руская мова”, “Фізіка”, “Матэматыка”, “Геаграфія”, а таксама па кірунках дадатковай адукацыі. Нашы юныя землякі сёлета аказаліся паспяховымі і заваявалі дзевяць дыпломаў: па тры кожнай ступені.

Безумоўна, большасць узнагарод дасталася самым актыўным – навучэнцам сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча. Дыплом пераможцы па гісторыі Беларусі за праект “Сімвалічнае значэнне і гістарыяграфічны аналіз дакументальных звестак генацыду ў Беларусі (на прыкладзе мемарыялізацыі ахвяраў нацысцкай палітыкі ў Дзятлаўскім раёне)” заваяваў Віталь Місцюкевіч (педагог Марыя Шавель). Дыпломам другой ступені за работу па рускай мове адзначана Уладзіслава Урбан (педагог Святлана Урбан). Дыплом трэцяй ступені па грамадазнаўстве – у Максіма Шавяля (педагог Марыя Шавель). Уладальнікамі двух дыпломаў трэцяй ступені па фізіцы і яшчэ ў секцыі “Энергетыка будучыні” дадатковай адукацыі сталі Артур Карпаў і Павел Роўба і іх педагогі-кіраўнікі Алена Шымко і Кацярына Латушка.

Абласнымі ўзнагародамі былі адзначаны ўсе чатыры работы гімназістаў. Дыпламантам першай ступені па дадатковай адукацыі ў секцыі “Біятэхналогіі” стаў Іван Урбановіч з работай “Параўнальнае даследаванне прыбораў “Праменьчык-PRO” і “Віцязь” на прарастанне насення пшаніцы і зменлівасць марфалагічных параметраў праросткаў” (педагог Валянціна Багдановіч). Пераможны дыплом па геаграфіі за работу “Вырошчванне чачавіцы як фактар забеспячэння харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь: аналіз сусветнага вопыту” атрымалі гімназісты Аляксандра Гутыра і Ягор Барук (педагог Наталля Клімец). Дыпламантамі другой ступені ў секцыі “Зялёная хімія” дадатковай адукацыі прызнаны Гардзей Самахвал (педагог Мікалай Губко), а па рускай літаратуры – Дар’я Бурдун (педагог Таццяна Ясюлевіч).

Віншуем пераможцаў і прызёраў і жадаем ім далейшых поспехаў у вучобе і даследчай дзейнасці.

 

Источник: https://diatlovonews.by

поделиться в: