Кіраўнік кадэцкага корпуса са Слоніма штодзень будуе дыялог з моладдзю і вучыцца сам
06.12.2024Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 9 імя І.М.Сухамліна Слоніма Васілій Рап’явец у 51 год паступіў у БДПУ і атрымаў педагагічную адукацыю, а сёлета заканчвае яшчэ і Мінскую духоўную семінарыю. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Прафесійны апагей
— Гэты жыццёвы эпізод не забудзецца ніколі! — такое ўражанне ад фіналу першага рэспубліканскага конкурсу кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні было ў яго прызёра з Гродзенскай вобласці.
Ён дадаў, што гэтае мерапрыемства можна назваць своеасаблівым апагеем педагагічных старонак яго працоўнай біяграфіі. Яно стала нагодай для пераасэнсавання вопыту, выдатнай магчымасцю зносін з калегамі з усёй краіны і не толькі.
— Конкурс натхніў на дасягненне новых вышынь і яшчэ раз пераканаў, што ўсё ў маім жыцці сёння на сваім месцы! — прызнаецца Васілій Георгіевіч.
Цікава, што падтрымаць яго ў сталіцу прыехалі не толькі калегі з установы адукацыі, але і сям’я. Падчас творчага самапрадстаўлення на сцэну з Васіліем Георгіевічам падняліся ўнукі Ціхан, Цімафей і Трафім.
Упершыню як выхавальнік кадэцкага класа сярэдняй школы № 9 імя І.М.Сухамліна Слоніма суразмоўнік пераступіў парог гэтай установы адукацыі ў 2014 годзе. Але вопыт зносін са школьнікамі ў падпалкоўніка запасу быў яшчэ падчас службы.
— Неяк айцец Уладзімір, які супрацоўнічаў з нашай 11-й механізаванай брыгадай, прыйшоў да мяне з прапановай дапамагчы арганізаваць дзіцячы ваенна-патрыятычны клуб. Тады і для нашага раёна, і ў цэлым для краіны гэта быў новы вопыт. Насуперак правілу першага бліна ён стаў паспяховым для абодвух бакоў. Дзеці хадзілі на заняткі з задавальненнем. Праз некаторы час я зразумеў, што па многіх кірунках можна было б арганізаваць дзейнасць крыху інакш. Правесці такую работу над памылкамі жыццё дазволіла мне пазней, — адзначае суразмоўнік.
Прыклад адказнасці
Сёння ён кіруе работай усяго кадэцкага корпуса, а фатаграфіям першых выпускнікоў у яго кабінеце адведзена асаблівае месца. Сімвалічна, што школа ў свой час стала для Васілія Георгіевіча зыходным пунктам і ў яго “ваеннай” біяграфіі.
— У Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча паступіў па парадзе свайго класнага кіраўніка. Праходзіў уступныя іспыты з лёгкасцю і ўпэўнена, але ў дзень ад’езду з дому, памятаю, засумняваўся, ці трэба ехаць у Мінск, бо якраз пазнаёміўся з дзяўчынай, будучай жонкай. Ішоў на вакзал і думаў: “Вось выпушчу з рукі чамадан і павярну ў адваротны бок”. Нічога вакол не чуў, усё сумняваўся, адпускаць чамадан ці не… Цяпер, гаворачы пра тое, як важна несці адказнасць за кожнае сваё слова і справу, успамінаю гэтую гісторыю і падкрэсліваю сваім кадэтам: усяго адзін жэст можа павярнуць жыццё зусім у іншы бок.
Не адзін раз разам са сваімі выхаванцамі-кадэтамі ў роднае сувораўскае вучылішча Васілій Георгіевіч прыязджаў на экскурсіі. Ён з цеплынёй успамінае сваіх педагогаў і выхавальнікаў і для цяперашняй моладзі імкнецца стаць такой жа значнай асобай у іх жыцці.
Шырокае прадстаўніцтва
— Вядома, і настаўнікі, і бацькі, ды і самі дзеці разумеюць, што не ўсе з іх стануць прафесійнымі вайскоўцамі, — заўважае Васілій Георгіевіч. — Наша галоўная задача — сфарміраваць у хлопчыкаў стальны ўнутраны стрыжань, паказаць на сваім прыкладзе, якім павінен быць сапраўдны мужчына. І гэта не так проста, як здаецца.
Сёння 170 кадэтаў і вучняў 5—11 класаў працягваюць слаўныя традыцыі кадэцтва Слонімскага раёна, якія былі закладзены ў 9-й школе яшчэ ў 1997 годзе. Што тычыцца вынікаў такой работы, то толькі ў 11-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе Слоніма служылі і сёння служаць больш за 30 выпускнікоў кадэцкага корпуса сярэдняй школы № 9. Шасцёра ў званні палкоўнікаў служаць у розных вайсковых часцях краіны.
— Нашы выпускнікі сёння ёсць практычна на ўсіх ваенных факультэтах універсітэтаў і ў вучэбных установах сілавых ведамстваў нашай краіны. Шчыра веру ў кожнага з іх! — падкрэслівае Васілій Георгіевіч і дадае, што вера і давер — аснова асноў у зносінах са школьнікамі.
Асновы духоўнасці
Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні са Слоніма — унікальны педагог. Не першы год ён імкнецца зразумець усе тонкасці душы чалавека, атрымліваючы духоўную адукацыю.
Сёлета Васілій Рап’явец заканчвае Мінскую духоўную семінарыю. Папярэднічала гэтаму вучоба ў Слонімскім духоўным вучылішчы. У суме — дзевяць гадоў вучобы на ніве духоўнасці.
— Атрыманыя веды і ўяўленні вельмі дапамагаюць у рабоце з дзецьмі. Пачынаў гэты шлях найперш для таго, каб разабрацца ў многіх пытаннях для сябе асабіста. А сёння ўжо са сваімі пяцікласнікамі з задавальненнем і цікавасцю з першых заняткаў факультатыву “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” спрабуем сфармуляваць адказ на пытанне, у чым сэнс жыцця чалавека, — расказвае Васілій Рап’явец.
За гады вучобы ў семінарыі ў яго дамашнім архіве сабралася шмат раздруковак матэрыялаў для падрыхтоўкі да заняткаў. Калі скласці іх у стос, “калона” ведаў узвысіцца не менш чым на метр.
— Дасканала засвоена далёка не ўсё, канечне, — дадае суразмоўнік.
Ён даўно прывык, што ў тых, хто ўпершыню чуе пра яго вучобу ў семінарыі, гэтая інфармацыя выклікае здзіўленне. Педагог адзначае:
— Разабрацца ў сабе і людзях вучоба ў семінарыі дапамагае, мабыць, лепш за псіхалогію. Да таго ж усведамленне таго факта, што амаль у 60 гадоў ты ўсё яшчэ студэнт, аўтаматычна робіць цябе маладзейшым.
Адкрытая размова
Педагог упэўнены, што галоўнае, чаму важна навучыць дзяцей, — жыць па законах маральнасці. І тут верныя памочнікі любога педагога зусім не табліцы і схемы, а асабісты прыклад і неабыякавасць.
— Дзеці не проста слухаюць, а чуюць сумленную і адкрытую размову на роўных. Да гэтага імкнуся на кожных сваіх занятках, ці то гэта факультатыў, ці то навучанне стральбе і страявой падрыхтоўцы, ці то работа ў цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі з вучнямі практычна з усяго раёна, — гаворыць Васілій Георгіевіч.
Калі ж хтосьці з выхаванцаў Слонімскага кадэцкага корпуса ў нечым правініўся, то ў сітуацыі педагог разбіраецца тэт-а-тэт. Дыялог са строгім выкладчыкам тады набывае характар даверлівай размовы. Але, па словах суразмоўніка, здараюцца такія гутаркі нячаста. Мабыць, таму, што да поспехаў у школе і за яе межамі вучні слонімскай дзявяткі імкнуцца, у тым ліку каб не падвесці кіраўніка корпуса, які нястомна паўтарае школьнай моладзі, што разлічвае і верыць у іх.
— Галоўныя словы, якія рэгулярна гавару кадэтам, наступныя: “Аддаючы чэсць, вы павінны быць шчырымі з самімі сабой. Гэта не проста жэст рукой, гэта невербальная фармулёўка павагі да Радзімы!” — дадае кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні.
Будні яго кадэтаў — гэта не проста засваенне школьнай праграмы, але і рэгулярныя заняткі ваеннай накіраванасці, удзел у рабоце ваенна-патрыятычных клубаў “Сыны Айчыны” і “Грэнада”, цеснае сяброўства з 11-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадай, спартыўнае арыентаванне і турыстычныя паходы на канікулах, велапрабегі па памятных мясцінах Слонімшчыны, экскурсіі па Беларусі і Расіі пад кіраўніцтвам выхавальнікаў кадэцкіх класаў і першага начальніка Слонімскага кадэцкага корпуса Віктара Пензы. Некалькі гадоў назад у горадзе Уварава Тамбоўскай вобласці хлопцы нават прынялі ўдзел у міжнародным фестывалі “Кадэцкая сімфонія”.
Да таго ж штогод каманда кадэтаў удзельнічае ў змене навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны” ў НДЦ “Зубраня”. Акрамя таго, летам для юнакоў арганізуюцца дзве змены ваенна-патрыятычнага лагера “Кадэт”, дзе распарадак дня амаль як у арміі.
— Парадак у жыцці вызначае парадак у думках. Уласна, на апошнім і робім акцэнт у сваёй рабоце, — звяртае ўвагу суразмоўнік.
Яго працоўны дзень у школе пачынаецца не пазней за дзевяць гадзін раніцы і рэдка калі завяршаецца раней за сем вечара.
— Адчуваю, што патрэбны дзецям, а яны — мне, — рэзюмуе педагог, тактоўна адыходзячы ад пытання пра ўзнагароды і перамогі.
І ўсё ж нельга абмінуць увагай той факт, што ў 2023 годзе Васілій Георгіевіч стаў лаўрэатам прэміі “Чалавек года Гродзеншчыны” і быў занесены на абласную Дошку гонару.
Источник: https://nastgaz.by