Агеньчык любові да роднай мовы запальвае малады педагог з Мастоўскага раёна Крысціна Вахрушава
30.10.2025
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Дубненскай сярэдняй школы імя А.С.Данілава Крысціна Вахрушава робіць стаўку на разнастайнасць форм і метадаў, заўсёды ўносіць у заняткі сучасныя акцэнты, актыўна выкарыстоўвае магчымасці штучнага інтэлекту. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Крысціна Уладзіміраўна прыйшла працаваць да нас настаўніцай беларускай мовы і літаратуры два гады назад. Безумоўна, было вельмі цікава, што за чалавек стаў часткай калектыву. Для мяне гэтая цікаўнасць была асаблівая, бо, акрамя кіраўніцкіх абавязкаў, сама выкладаю беларускую мову і літаратуру, — падзялілася дырэктар Дубненскай сярэдняй школы імя А.С.Данілава Лілія Пусь.

Яна ўзгадвае першую сустрэчу з выпускніцай ГрДУ імя Янкі Купалы, пасля якой у дырэктара засталася лёгкая насцярожанасць: ці ўсё атрымаецца ў такой сціплай і маладой настаўніцы? Але гэтыя сумненні развеяліся пасля наведвання ўрока калегі. Крысціна Уладзіміраўна не проста не згубілася ў прысутнасці дырэктара, але і прадэманстравала валоданне мноствам сучасных і цікавых дзецям метадаў і прыёмаў. Прычым выкарыстоўвала іх лагічна і гарманічна на працягу ўсяго ўрока.
— Галоўнае, што адчула на тым уроку, — малады педагог жыве ім. Разам з дзецьмі асалоду атрымала і я. Нават гордасць за тое, што такі каштоўны кадр стаў часткай нашай каманды, і ўвогуле за сённяшнюю моладзь у прафесіі, — працягвае дырэктар.
Увесь калектыў імкнуўся спрыяць прафесійнаму развіццю Крысціны Уладзіміраўны. Але на прапанову паспрабаваць сябе ў конкурсе маладых спецыялістаў яна адказала, што не з’яўляецца чалавекам сцэны. Каб дапамагчы справіцца з такім самаўспрыманнем, хапіла ўсяго адной фразы ад вопытнага педагога і намесніка дырэктара Дзіны Лазовік: “Кожны раз, калі заходзіце ў клас, вы ўжо становіцеся чалавекам сцэны. Удзел у конкурсе — гэта практычна той жа вопыт, толькі з крыху іншай аўдыторыяй”.
Далей быў паспяховы ўдзел у раённым конкурсе “100 ідэй для Беларусі” і не толькі. На другі год работы настаўніца перамагла ў конкурсе метадычных распрацовак урока з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту і атрымала віншаванні і дыплом непасрэдна ад міністра адукацыі.
— Мне вельмі цікава ісці шляхам педагогікі. З падтрымкай калег і кіраўніцтва школы кожны такі крок імкнуся рабіць якасным і ў інтарэсах дзяцей, — адзначае Крысціна Уладзіміраўна.
Што да выбару настаўніцкай сцяжыны, то яна канчаткова вызначылася толькі ў 11 класе. Тады ў яе родную Мікелеўшчынскую школу выкладаць беларускую мову і літаратуру прыйшла малады спецыяліст Маргарыта Юр’еўна Харытонава. Яе ўрокі і сёння ўспамінае з задавальненнем, а многія моманты паспяхова пераносіць ужо ў свае настаўніцкія будні.
— Зрабіла сваю справу і любоў да роднай мовы, якая заўсёды была мовай нашай сям’і. Школа і цікавасць да літаратуры дапамаглі ўдасканаліць моўнае ўспрыманне, — працягвае Крысціна Вахрушава.
Свае ўрокі заўсёды старанна плануе. Аддае перавагу групавым метадам работы і інтэрактыўным гульням, квестам, круглым сталам з дэбатамі і дыспутамі. Робячы стаўку на такую разнастайнасць форм і метадаў, заўсёды ўносіць у заняткі і самыя сучасныя акцэнты. Ужо двойчы станавілася слухачом курсаў павышэння кваліфікацыі і з асаблівай цікавасцю канспектавала ўсё, што тычыцца выкарыстання магчымасцей штучнага інтэлекту на ўроках.
— Яшчэ год назад многія платформы ШІ працавалі недакладна і на канкрэтны запыт прапаноўвалі зусім не прыдатныя, напрыклад, карцінкі. Сёння ўсё кардынальна змянілася, і нават беларускай мовай ШІ валодае нядрэнна. З яго дапамогай нярэдка складаю зразумелыя дзецям схемы і рэбусы, падбіраю тэматычныя відэастужкі або цікавыя фарматы традыцыйных малюнкаў. Напрыклад, партрэты пісьменнікаў у падручніках прадстаўлены ў асноўным у выглядзе фатаграфій. Наш кабінет не без дапамогі ШІ ўпрыгожваюць зусім іншыя. Яны выкананы алоўкам, — гаворыць педагог.
З падказкі штучнага інтэлекту яна распрацавала беларускамоўныя стыкеры “Малайчына”, “Вельмі добра выканана”… Плануе выкарыстоўваць іх у гэтым навучальным годзе як дадатковы спосаб матывацыі вучняў 6—8 класаў.
— Працую з Gamma і Copilot, якія дапамагаюць у рабоце з прэзентацыямі. Спрабавала з выкарыстаннем штучнага інтэлекту складаць і план-канспект урока, але прапанаваныя варыянты ніколі не задавальнялі. І гэта яшчэ адно пацвярджэнне, што тэхналогіі ШІ ніколі не заменяць педагога і павінны ўспрымацца як рэсурс павышэння ўвагі вучняў да таго, на чым будуецца ход заняткаў, — працягвае Крысціна Вахрушава.
Яе вучні заўсёды з павышанай увагай глядзяць на дошку, напрыклад, калі педагог адзначае, што прапанаваную на ёй схему распрацаваў штучны інтэлект. Зараз яна вядзе ўрокі ў 6, 8, 9 і 10 класах. З гэтага года пачала рэалізоўваць сябе і ў якасці класнага кіраўніка ў пяцікласнікаў. У дадатак да гэтага трэці год працуе яшчэ і педагогам-арганізатарам.
— Спачатку было вельмі хвалююча браць на сябе столькі роляў. Але сёння разумею, што тут адно дапамагае іншаму. Шлях развіцця ў прафесіі — гэта не заўсёды лёгка. Часам ён нагадвае рух супраць ветру, дзе кожны новы крок робіцца лягчэйшым за папярэдні, — дзеліцца Крысціна Уладзіміраўна.
А дырэктар школы дадае, што зусім хутка малады педагог атрымае другую кваліфікацыйную катэгорыю. Плануюць ва ўстанове адукацыі рэкамендаваць каштоўнага супрацоўніка і для ўключэння ў рэзерв кіруючых кадраў.
Источник: https://nastgaz.by
