Дарыць радасць дзецям, для якіх жыццё – гэта подзвіг
04.11.2024Ужо шосты год запар такую мэту рэалізуюць былыя ваеннаслужачыя спецыяльнага падраздзялення № 3214.
2 лістапада, калі ва ўнутраных войсках МУС Беларусі адзначаецца Дзень заснавання падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння, ветэраны службы розных гадоў гэтай вайсковай часці арганізоўваюць візіты дабрыні.
Сёлетні год не стаў выключэннем. Людзі, якія прывыклі адчуваць надзейнае плячо сябра, прыехалі ў Дзятлава, каб сваім удзелам, справай і падарункамі падтрымаць выхаванцаў раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Варта адзначыць, што пра патрэбы гэтай установы яны пацікавіліся загадзя ў дырэктара Марыны Гуговіч, набылі ўсё неабходнае, сабралі мэблю.
У падарунак прывезлі два камплекты партаў з крэсламі, канапу ў зону чакання, мыючы пыласос, салодкія пачастункі.
– Ідэя адзначаць службовае свята добрымі справамі ўзнікла шэсць гадоў таму, – расказаў ветэран службы Аляксандр Пісарук. – Мы ўсе самі бацькі, выдатна ведаем, як няпроста гадаваць дзяцей, аднак намнога складаней гадаваць асаблівых дзетак з рознымі захворваннямі. Нашы першыя візіты дабрыні пачыналіся ў школах, сацыяльных прытулках, аднак у хуткім часе мы зразумелі, што менавіта ў карэкцыйных цэнтрах знаходзіцца тая катэгорыя хлопчыкаў і дзяўчынак, якая мае патрэбу ў асаблівым клопаце і ўвазе. З падарункамі ўжо пабывалі ў ЦКРНіР у Навагрудку і Карэлічах, а ў гэтым годзе выбралі Дзятлава. Загадзя пагаварылі з дырэктарам, каб набыць не проста прыемныя, а карысныя падарункі, якія паспрыяюць утульнасці, чысціні, камфорту ва ўстанове, зробяць будні дзяцей, іх бацькоў і педагогаў прыемнымі і радаснымі.
Паколькі прыехалі госці ў дзень службовага свята, то цікава было даведацца, што для іх значыць спецназ, які след ён пакінуў у сэрцах. Аляксандр Пісарук, Аляксандр і Дзмітрый Пісарэвічы, Мікалай Набагез, Дзмітрый Аскерка, Дзяніс Мароз, Арцём Лапата, Аляксандр Гладкі, Андрэй Тур, Яўген Буцкевіч, Арцём Ванагель, Максім Раманюк, Валянцін Цыбульскі, Павел Лавыш, Ілья Самуйлік расказалі, што ў першую чагу – гэта братэрства і ўзаемадапамога. У жыцці бывалі розныя этапы і розныя выпрабаванні, аднак дысцыплінаванасць, адказнасць, вытрымка, а галоўнае – вернае сяброўства, пранесенае праз гады, таварыства і падтрымка дапамагалі годна з усім спраўляцца. Як упэўнены былыя саслужыўцы, часам за глабальнымі праблемамі, будзённай мітуснёй людзі не заўважаюць галоўнага, што ў іх ёсць. Напрыклад, дзеці, і хлопчыкі і дзяўчынкі з захворваннямі не выключэнне, хочуць быць падобнымі на спецназаўцаў, аднак выхаванцы ЦКРНіР з-за сваіх асаблівасцяў абмежаваны ў многім: ім цяжка рухацца, хадзіць, размаўляць, вучыцца. Менавіта робячы ўсё гэта, хворыя дзеці кожную хвіліну ўчыняюць подзвігі на мяжы ўласных магчымасцяў, бо і само жыццё – подзвіг для іх. Такіх маленькіх герояў імкнуцца падтрымаць моцныя дарослыя мужчыны, якія прайшлі “школу спецназа” і даведаліся, у чым заключаюцца сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці.
Якраз у дзень свята адбываюцца прыемныя сустрэчы такіх розных герояў, а таму гэта станоўчыя эмоцыі, цёплыя пачуцці, магчымасць пабыць разам, пагутарыць, падтрымаць адзін аднаго і зразумець, што ў свеце стала больш яшчэ на адну добрую справу. І гэта справа на доўгія гады пакіне пазітыўны след у памяці тых, хто будзе карыстацца патрэбнымі падарункамі і атрымліваць ад іх задавальненне.
Развітваючыся, госці пажадалі выхаванцам Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі моцнага здароўя, добрага настрою, сілаў і цярпення ў пераадоленні цяжкасцяў, каб на жыццёвым шляху сустракалася як мага больш добрых людзей.
Источник: https://diatlovonews.by