Ва ўстановах Ваўкавыскага раёна створана сетка інжынерна-тэхнічных цэнтраў
04.11.2025У Ваўкавыскім раёне створана сетка інжынерна-тэхнічных цэнтраў, дзе кожны школьнік знойдзе для сябе цікавы занятак і магчымасць раскрыць свой патэнцыял. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ад карыстальнікаў да стваральнікаў

Сабраць робата і запраграмаваць яго, асвоіць 3D-прынтар, стаць часткай займальнага праекта і зрабіць першыя адкрыцці ў свеце тэхнікі — гэта толькі невялікая частка магчымасцей, якія адкрываюцца перад навучэнцамі раёна дзякуючы сучасным цэнтрам на базе ўстаноў адукацыі.
Ужо не першы год яны паспяхова функцыянуюць пры тэхнічным аддзяленні Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і ў гімназіі № 1. Апошні спецыялізуецца на робататэхніцы і фізіцы, аб’ядноўваючы навучэнцаў усіх узростаў. Асаблівая ўвага заканамерна ўдзяляецца тым, хто выбраў інжынерны профіль. У рамках факультатыву “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію” будучыя інжынеры вывучаюць схематэхніку, праграмуюць робатаў, ствараюць вэб-дадаткі і інш.
— Наш цэнтр — гэта мост ад абстрактных формул да жывой практыкі. Раней на ўроках фізікі мы расказвалі пра законы Ома ці Ньютана, і дзеці завучвалі іх для кантрольнай. Сёння, збіраючы схему сваімі рукамі, вучань адчувае, як мяняецца яркасць святлодыёда пры падборы рэзістара. Ён бачыць, як надрукаваная на 3D-прынтары машынка падпарадкоўваецца законам механікі, выкладзеным у падручніку. Веды перастаюць быць сухой тэорыяй — яны становяцца інструментам, з дапамогай якога можна тварыць. Гэта спараджае цікавасць да навукі, — расказвае кіраўнік педагагічнай лабараторыі “STEAM-падыход — адукацыя для будучыні” настаўніца фізікі гімназіі № 1 Наталля Міхута.
— Падобныя цэнтры кардынальна мяняюць адукацыйны ландшафт Ваўкавыскага раёна. Гэта не проста новы кабінет з тэхнікай — гэта акно ў свет, дзе нашы дзеці перастаюць быць пасіўнымі спажыўцамі тэхналогій і становяцца іх стваральнікамі, — дадае загадчыца Ваўкавыскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Алена Аскірка.
Менавіта гэтая думка ляжыць у аснове пашырэння сеткі падобных цэнтраў. Так, з гэтага года сваю тэхналагічную гісторыю пачалі інжынерна-тэхнічныя цэнтры ў сярэдняй школе № 5 Ваўкавыска і ў гарадскім пасёлку Рось.
Задачкі з зорачкай

Школьны навукова-даследчы цэнтр “Ель” у сярэдняй школе № 5 — гэта сучасная лабараторыя, дзе можна ствараць робатаў, задаваць “задачкі з зорачкай” для 3D-прынтара. У распараджэнні школьнікаў — сучасныя камп’ютары, розныя мадэлі 3D-прынтараў і вялікая колькасць камплектаў Arduino — спецыяльных плат, якія ляжаць у аснове любой робатызацыі.
У перспектыве тут плануюць знайсці практычнае прымяненне цікавым ідэям і праектам на яшчэ адной доследнай пляцоўцы: побач са школай размесціцца лабараторная цяпліца, дзе новае гучанне атрымаюць адразу некалькі напрамкаў — сельская гаспадарка, экалогія і альтэрнатыўная энергетыка.
— У нашай краіне сельская гаспадарка — важная частка эканамічнага дабрабыту, і гэтая тэма заслугоўвае асобнай увагі. Пастараемся надаць ёй сучасную форму. Пакуль працуем над праектам высокатэхналагічнай цяпліцы, дзе будуць нават датчыкі вільготнасці, якія дазволяць сачыць за асяроддзем дыстанцыйна, — дзеліцца планамі настаўнік фізікі Павел Мелянчук.
Пяты год ён працуе ў школе і новыя магчымасці адукацыйнай прасторы ўспрымае як спосаб зацікавіць дзяцей навукай. У рамках гуртковай і факультатыўнай работы ствараць і эксперыментаваць у гэтай лабараторыі інжынернай думкі могуць вучні з 7 па 11 клас. А з адкрыццём інжынернага класа цэнтр стаў ключавой пляцоўкай для атрымання запатрабаваных ведаў і навыкаў.
— Мы паказваем, як арганізаваны інжынерныя сістэмы. Веды ў гэтай галіне — важная перавага для паспяховага працягу вучобы на інжынерных спецыяльнасцях і далейшага працаўладкавання. Любы прадукт сёння ствараецца пасля пачатковага інжынірынгу ў камп’ютары. Наша задача — дапамагчы вучням разабрацца, як гэта працуе, і паказаць прымяненне такіх ідэй у рэальным жыцці, — дадае Павел Мелянчук.
Ён перакананы, што з’яўленне такіх цэнтраў, як “Ель”, — не проста трэнд у адукацыі. Сучасная школа ператвараецца ў творчую майстэрню, у якой дзеці вучацца думаць, аналізаваць і ствараць.
За тэхналогіямі — будучыня
Такую ж мэту ставіць перад сабой інжынерна-тэхнічны цэнтр у сярэдняй школе № 2 Росі, які працуе па трох напрамках: 3D-мадэляванне, робататэхніка і праграмаванне.
— Зараз вучуся ў 7 класе, але ўжо ў мінулым годзе азнаёмілася з мовай праграмавання Python. Сёння з яе дапамогай магу запраграмаваць экраннага робата Чарапаху і хачу навучыцца большаму ў нашым цэнтры, — гаворыць Арына Кажамякіна.
Акрамя асноўных заданняў па інфарматыцы, школьніца шмат займаецца самастойна і адной з першых запісалася на заняткі ў новым цэнтры. Яна імкнецца навучыцца праграмаваць самастойна сабраных робатаў.
Вучань інжынернага класа Раман Боеў у сваю чаргу прадставіў распрацаваны на мове Pascal дадатак-гульню з лятаючым самалётам і парашутыстам.
— Тут лёгка памяняць хуткасць палёту самалёта і ўскладніць задачу для каманды “скачок парашутыста”, — расказвае і паказвае хлопец.

А загадчыца кабінета інжынерна-тэхнічнага цэнтра Вольга Красько дадае, што сёння стварыць дастойны прадукт недастаткова, неабходна ўпэўнена і крэатыўна аб ім заявіць. Гэтаму таксама вучаць школьнікаў.
Магчымасць займацца ёсць і ў пачаткоўцаў. Для іх сфарміравана сетка гурткоў прыродазнаўча-матэматычнага профілю з адукацыйнымі галінамі “Робататэхніка” і “Інфарматыка”.
— Гэтыя заняткі пашыраюць кругагляд, развіваюць пазнавальную актыўнасць дзяцей, іх алгарытмічныя ўменні. Акрамя таго, збіраючы робатаў, дзіця развівае дробную маторыку, што вельмі важна ў пачатковай школе. Увогуле заняткі ў цэнтры выхоўваюць кампетэнцыі будучыні: уменні працаваць у камандзе над складаным праектам, праяўляць ініцыятыву, сутыкацца з няўдачамі і шукаць нестандартныя рашэнні, — адзначае настаўніца пачатковых класаў Алена Багатка.
Яе вучань расказаў пра знаёмства з сучаснай адукацыйнай пляцоўкай на вершаваны лад: “Для робатаў праграмы навучымся пісаць. // Настаўнік дапаможа вучонымі нам стаць”. Цяжка паспрачацца з такой дзіцячай упэўненасцю.
— Плануем адкрыць яшчэ адзін такі цэнтр на базе сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска. Мы разумеем, што за тэхналогіямі — будучыня. І нам важна падрыхтаваць выпускніка, які будзе гарманічна ўпісвацца ў кантэкст сучаснасці. Галоўным чынам на гэта і накіравана работа цэнтраў інжынерна-тэхнічнай думкі, — падводзіць вынік Алена Аскірка.
Источник: https://nastgaz.by
	   
		
	