РУС БЕЛ ENG 中文

Андрэй Іванец: «Задача настаўніка — улюбіць у свой прадмет»

08.10.2024

Пра жыццёвых настаўнікаў, навуковыя знаходкі, магчымасці развіцця юных беларусаў карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагаварыла з міністрам адукацыі Андрэем Іванцом.

Уласная траекторыя

— Андрэй Іванавіч, што вам узгадваецца са школьнага жыцця?

— Я вучыўся ў сталічнай сярэдняй школе № 167. Сваю першую настаўніцу Наталлю Дзмітрыеўну Вільчынскую ўзгадваю з цеплынёй і ўдзячнасцю. Увогуле, нашы школьныя педагогі не проста выкладалі свае прадметы, яны накіроўвалі і па-сапраўднаму выхоўвалі нас. Хоць у той час не было такой колькасці выхаваўчых мерапрыемстваў і шостага школьнага дня, аднак усе асновы фарміравання асобы настаўнікі паспявалі закласці падчас свайго ўрока.

— Складаныя прадметы ў школе былі?

— Былі лёгкія прадметы, але не вельмі любімыя і наадварот. Напрыклад, працоўнае навучанне любіў як прадмет, але ў мяне не ўсё атрымлівалася. А вось матэматыка мне давалася лёгка, але яна мне не вельмі падабалася.

— А ці памятаеце момант, калі захапіліся хіміяй?

— Гэта адбылося ў 8 класе дзякуючы настаўніцы па хіміі Зоі Аркадзьеўне Лары. Маё глыбокае перакананне: самая галоўная і першачарговая задача педагогаў — улюбіць навучэнцаў у свой прадмет. Увогуле, пачынаючы з 5 класа я задаваўся пытаннем, у якой сферы хацеў бы стаць прафесіяналам. Дзеля атрымання адказу рэгулярна ўдзельнічаў у прадметных алімпіядах па геаграфіі, гісторыі, матэматыцы, фізіцы. Па двух апошніх прадметах былі даволі добрыя поспехі. Калі ж з’явілася хімія, то амаль адразу зразумеў — гэта тая навука, якую мне хочацца вывучаць да дробязей. За дзве чвэрці 8 класа самастойна прачытаў усе падручнікі за школьны курс хіміі. На пачатку 9 класа ўжо быў гатовы да паступлення ў Ліцэй БДУ.

— У ліцэі не было ваганняў у выбары прафесіі? Магчыма, хтосьці з ліцэйскіх педагогаў асабліва паўплываў на вас?

 Два гады вучобы ў хімічным класе ліцэя сталі для мяне асаблівымі. Яны дазволілі і выбраць будучую прафесію, і сфарміраваць уяўленне пра навуковую дзейнасць і нават шмат у чым мой светапогляд.

Педагогі Таццяна Аляксанд­раўна Калевіч і Віктар Мікалаевіч Хвалюк давалі нам фактычна ўніверсітэцкую праграму, якая спрыяла добрым вынікам у алімпіядным руху. Памятаю, як з Таццянай Аляксандраўнай займаліся кожную суботу, удзельнічалі ў завочнай алімпіядзе ліцэя. Хачу сказаць, што, каб развівацца ў сваім прадмеце, то 80% работы па яго вывучэнні павінна адбывацца самастойна.

Калі ты не будзеш матываваным і самадысцыплінаваным, то чакаць, што на ўроку або факультатыве ўсё атрымаецца, — утопія.

На іх можна ўдакладніць незразумелыя рэчы, даведацца пра асаблівыя падыходы і цікавыя задачы, але асноўны масіў работы праводзіцца самастойна. Напрыклад, я перачытаў неверагодную колькасць вучэбных дапаможнікаў для УВА па хіміі па кожным раздзеле — арганічнай, фізічнай, калоіднай, біяарганічнай, электрахіміі, радыёхіміі і г.д.

Прычым у ліцэі атрымаў такую базу, што, паступіўшы на хімфак БДУ, першыя тры курсы можна было і не вучыцца. Гэта свед­чыць аб дастаткова высокім узроўні ліцэйскай адукацыі. У той жа час гэта пацвярджае неабходнасць выбудоўвання асаблівай адукацыйнай траекторыі ва ўніверсітэтах для навучэнцаў, якія прымалі актыўны ўдзел у даследчай і праектнай дзейнасці, алімпіядным руху. Каб вынікі такой адоранай моладзі былі больш высокімі, яе варта падхопліваць на першым курсе.

— Каб паступіць у Ліцэй БДУ, а затым і ва ўніверсітэт, ва ўсе часы патрэбны былі як глыбокія веды, так і высокі сярэдні бал дакумента аб адукацыі. Ці займаліся вы з рэпетытарам і, як лічыце, ці ёсць у іх патрэба?

— У мяне ніколі не было рэпетытараў. Лічу, што для паступлення ва ўніверсітэт іх дапамога не патрэбна. Калі старшакласнік добра вучыцца і наведвае факультатыўныя заняткі ў школе, дома самастойна займаецца, то гэтага дастаткова, каб паступіць ва УВА. Бо ў адпаведнасці з патрабаваннем кіраўніка дзяржавы, усе пытанні ЦЭ і ЦТ адпавядаюць базаваму ўзроўню агульнай сярэдняй адукацыі.

Калі ж гаварыць пра паступленне ў ліцэй, то тут трэба ра­зумець, што, акрамя ўзмоцненай падрыхтоўкі па пэўным прадмеце, павінна быць і схільнасць да яго. Пры гэтым не варта адчайвацца, калі не паступіў, але і не трэба спадзявацца, што заняткі з рэпетытарам або на падрыхтоўчых курсах стануць абавязковай гарантыяй паступлення. Тут самае галоўнае не столькі факт самога паступленне, колькі адукацыя, якую можна атрымаць за два гады навучання ў ліцэі. За гэты час адбываецца вельмі сур’ёзная трансфармацыя 10—11-класнікаў, што дазваляе ім добра сацыялізавацца, свядома выбраць свой жыццёвы шлях, вызначыцца з прафесійным станаўленнем. Ліцэй — гэта вельмі важная школа не толькі вучобы, але і жыцця.

Умовы для росту

— У свой час вы былі пераможцам рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і прызёрам міжнародных інтэлектуальных спаборніцтваў. Дзякуючы ім, паступілі на хімфак БДУ без экзаменаў. Сёння наша таленавітая моладзь таксама мае шэраг прывілеяў падчас уступнай кампаніі.

 Самае галоўнае для станаўлення адораных дзяцей — стварэнне ўмоў для іх творчага, навуковага і прафесійнага росту. Таленавіты чалавек павінен, з аднаго боку, мець умовы для свайго развіцця, а з другога — мець магчымасць прайсці гэты шлях самастойна. Аднак мы ні ў якім разе не павінны весці за руку гэтую адораную моладзь на працягу ўсяго жыцця, каб не зніжалася яе выніковасць. Толькі ўзлёты і падзенні будуць стымуляваць маладых людзей і дапамагаць знаходзіць сілы, матывацыю рухацца наперад да сваёй мэты і мары.

У нашай краіне для адораных дзяцей зроблена вельмі шмат. Мы суправаджаем іх не толькі ў школе, але і ва ўніверсітэце, і як маладых спецыялістаў на прадпрыемствах, у рэальным сектары эканомікі.

Сёлета мы асабліва адчулі, што наша школьная сістэма адукацыі вельмі моцная. Ужо 56 медалёў беларускія старшакласнікі прывезлі з міжнародных алімпіяд. Літаральна на днях наша каманда вярнулася з расійскага адукацыйнага цэнтра “Сірыус”, папоўніўшы скарбонку медалёў па астраноміі. Гэта сведчанне таго, што ў нас ёсць таленты. Наша задача — адшукаць іх нават у глыбінцы, а затым пабудаваць траекторыю іх адукацыйнага і прафесійнага станаўлення. У сувязі з гэтым работа Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка выбудоўваецца так, што профільныя міністэрствы і ведамствы з’яўляюцца фактычнымі заказчыкамі як навуковых даследаванняў, якія там выконваюцца сіламі таленавітых дзяцей, так і будучых спецыялістаў, якія пасля ўніверсітэта ідуць да іх на работу.

Дарэчы, мы сёння думаем над пашырэннем дзейнасці НДТП. Так, 30 верасня пачала працаваць вочна-дыстанцыйная школа па падрыхтоўцы да ўдзелу ў рэспубліканскай і міжнародных алімпіядах па вучэбных прадметах. Мы запрашаем школьнікаў паўдзельнічаць у ёй і паспрабаваць свае сілы. У канікулярны перыяд НДТП стане пляцоўкай для вочных этапаў навучання ў гэтай школе. Пакуль гэта пілотны праект, але калі ён пакажа сваю эфектыўнасць, то з наступнага навучальнага года зробім круглагадовую падрыхтоўку алімпіяднікаў на базе тэхнапарка. Такім чынам мы зможам у адным месцы сабраць і тых, хто займаецца навуковай, праектнай дзейнасцю, і ўдзельнікаў алімпіяднага руху. Думаю, такі сімбіёз зносін адных і другіх дазволіць палепшыць іх выніковасць.

Рухавікі самаразвіцця

— Андрэй Іванавіч, давайце ўзгадаем, як вы сталі вучоным і каго з навуковых кіраўнікоў успамінаеце з удзяч­насцю?

 Прыход у навуку, як і станаўленне маладога вучонага, вельмі залежыць ад таго настаўніка, навуковага кіраўніка, якога ён сустрэне ў жыцці. Бо гэта не проста выкладчык альбо куратар на тры гады навучання ў аспірантуры ці на час падрыхтоўкі доктарскай дысертацыі, гэта чалавек, які фарміруе цябе як вучонага. У гэтым плане мне пашанцавала. У студэнцкія гады кіраўніком маёй бакалаўрскай і дыпломнай работ быў загадчык кафедры фізічнай хіміі, пасля дэкан хімфака і першы прарэктар БДУ Уладзімір Васільевіч Панькоў. Менавіта ён прывёў мяне ў навуку і на сваю кафедру.

Затым мне пашанцавала на навуковага кіраўніка па кандыдацкай дысертацыі — Анатоля Іванавіча Рацько, загадчыка лабараторыі Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі. Мы працавалі разам з ім вельмі цесна і вынікова, што дазволіла мне ў тэрмін падрыхтаваць і абараніць кандыдацкую. Хоць, прызнаюся, дзеля гэтага даводзілася працаваць і ў суботу, і ў нядзелю, дапазна затрымлівацца ў лабараторыі. Аднак калі ты жывеш сваім навуковым даследаваннем, то час пралятае незаўважна.

Дарэчы, мая кандыдацкая, кажучы простай мовай, была прысвечана распрацоўцы керамічных мікрафільтрацыйных мембран, што прымяняюцца для ачысткі вадкіх і газавых асяроддзяў. На іх аснове былі распрацаваны ўстаноўкі водаачысткі, якія дазваляюць праводзіць абезжалезванне вады, ачыстку ад калоідных рэчываў і механічных прымесей. Усё гэта сёння дастаткова актуальна для пітнога водазабеспячэння з артэзіянскіх крыніц краіны.

Для паступлення ва ўніверсітэт рэпетытары не патрэбны.

Другім жа маім навуковым кансультантам быў акадэмік дырэктар Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі Ула­дзімір Янокавіч Агабекаў. Нашы інстытуты шчыльна супрацоўнічалі менавіта па той тэматыцы. Гэта таксама дазволіла ў дастаткова сціслыя тэрміны выканаць дысертацыйнае даследаванне для доктарскай, укараніць вынікі ў практыку на прамысловых прадпрыемствах, арганізацыях сектара жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны.

Доктарская дысертацыя ты­чылася распрацоўкі мембранных, сарбцыйных і каталітычна актыўных матэрыялаў з прыродных сілікатаў і карбанатаў. Гэта адсарбенты, якія дазваля­юць селектыўна здабываць іоны цяжкіх металаў з водных асяроддзяў, напрыклад, пры ачыстцы сцёкавых вод прамысловых прадпрыемстваў альбо ачыстцы вадкіх радыеактыўных адходаў. Прычым распрацаваны адсарбент уведзены ў эксплуатацыю на АЭС. Ён дазваляе селектыўна вылучаць радыенукліды цэзію, стронцыю, кобальту з водных асяроддзяў, складанага хімічнага складу. Зараз вядзецца распрацоўка тэхналогіі імабілізацыі адпрацаваных адсарбентаў у цвердацельныя керамічныя матрыцы для наступнага пахавання ў выглядзе высокаактыўных адходаў. Гэта таксама вельмі важна і актуальна, бо пытанне захавання бяспекі эксплуатацыі любой атамнай электрастанцыі — нумар адзін. Тут павінны выкарыстоўвацца тыя тэхналогіі, якія забяспечаць двухсотпрацэнтную ўпэўненасць у бяспецы абыхо­джання з такімі адходамі.

— Такім чынам, у 33 гады вы сталі адным з самых маладых дактароў хімічных навук краіны. Зараз, напэўна, часу зусім не застаецца на навуку, але планы, думаю, ёсць?

— Навука назаўсёды са мной! У вучонага асаблівы склад мыслення са сваёй сістэмнасцю і лагічнасцю, што заўсёды будзе ўплываць на прафесійную дзейнасць. Да таго ж навуковая школа, якую я прайшоў, вельмі важная і карысная для мяне і ў рабоце на сённяшняй пасадзе.

— Усім вядома, што вы яшчэ і вялікі прыхільнік спорту. Удаецца займацца ім?

— Той, хто хоча, знаходзіць магчымасці. Безумоўна, рашэнне задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі, займае практычна ўвесь час і аднімае мноства сіл. Але для мяне найлепшы адпачынак — змяненне віду дзейнасці, і не важна фізічная гэта актыўнасць, разумовая альбо навуковая. Усе яны дапамагаюць перазагрузіцца, структураваць думкі і з новымі сіламі прыступаць да пастаўленых задач.

— Вы прафесіянал сваёй справы, добры вучоны і ўважлівы кіраўнік. У чым залог вашай паспяховасці?

— Кіраўнік любога ўзроўню заўсёды павінен заставацца чалавекам, ён абавязаны слухаць і чуць кожнага для своечасовага прыняцця рашэнняў, накіраваных на стварэнне дастойных умоў для падначаленых. Вось і я стараюся ўважліва і справядліва ставіцца як да кожнага дзіцяці, школьніка, студэнта, так і да педагагічных работнікаў, настаўнікаў, выкладчыкаў — усіх, хто займаецца суправаджэннем адукацыйнай галіны. Увогуле, Міністэрства адукацыі імкнецца праводзіць вельмі гнуткую, узважаную, збалансаваную палітыку ў адносінах да педработнікаў і навучэнцаў усіх узроўняў.

— Андрэй Іванавіч, дзякуй за цікавую размову!

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: