У Новадзявяткавіцкай сярэдняй школе стварылі аўдыягід па школьным музеі і працуюць над цікавым мабільным дадаткам
15.05.2024Дырэктар Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна Дзмітрый Блізнюк упэўнены, што ў кожнай установе адукацыі ёсць свая візітоўка. У Новадзявяткавічах яна выглядае вельмі годна і канкурэнтаздольна.
Летапіс роднага краю
Знаёмства са школай пачалося яскрава ўжо на парозе — з тэатралізаванай пастаноўкі вучняў, якіх ва ўстанове 77. А працягнулася ў сэрцы школы — народным краязнаўчым музеі “Дыяменты даўніны”. З 2006 года больш за паўтары тысячы экспанатаў расказваюць пра гісторыю мясцовасці.
— Усе экспанаты сабраны паблізу нашай школы. Нягледзячы на тое, што Новадзявяткавічы — самы малады аграгарадок Слонімскага раёна, гэтая мясцовасць вядомая з далёкага мінулага. А гэта сур’ёзная аснова для даследчай дзейнасці, — знаёміць гасцей з экспазіцыяй кіраўнік музея Таццяна Ракуць.
Школьнікамі сумесна з педагогамі вывучаны і апісаны розныя аспекты гісторыі роднага краю. Яны ляглі ў аснову летапісу адукацыі ў мікрараёне школы за 350 гадоў, зборніка мясцовых легенд і паданняў.
Больш за тое, матэрыялы вялікага даследавання па гісторыі аграгарадка Таццяны Ракуць і яе мужа педагога Васіля Уладзіміравіча, заснавальніка музея, не толькі сістэматызаваны на музейных стэндах. У Слонімскай друкарні выдадзена “Гісторыя аграгарадка Новадзявяткавічы са старажытных часоў да 2010 года” на аснове гэтага даследавання.
Варта адзначыць, што падчас правядзення ў 2019 годзе ў Слоніме Дня беларускага пісьменства ў невялікай школе аграгарадка пабывалі больш за 20 вучоных з НАН Беларусі і вядучых УВА краіны. Асабліва зацікавілі гасцей прадстаўленыя тут дзяржаўны акт на вечнае карыстанне зямлёй калгасамі 1963 года і план хутара Шпакі 1933 года.
— У выніку навукоўцы правялі непадалёк школы археалагічныя раскопкі пад кіраўніцтвам супрацоўніка Нацыянальнай акадэміі навук Юрыя Ткачова. Два гады раскопкі вяліся ў тым ліку пры ўдзеле школьнікаў і сталі яшчэ адной яркай старонкай нашага летапісу, — працягвае экскурсію Таццяна Ракуць.
Зрэшты, экспанаты часоў старажытнасці меліся ў школьным музеі і да гэтага. Напрыклад, фрагмент акамянеласці марскога вожыка і каменная цацка-качачка, узрост якой, на думку акадэміка Георгія Штыхава, некалькі тысяч гадоў.
Палац з гісторыяй
Увагу гасцей музея абавязкова прыцягвае макет палаца, размешчаны практычна ў цэнтры залы.
— На тэрыторыі сучасных Новадзявяткавічаў у свой час жыў графскі род Слізняў. Домаўладанне яго прадстаўнікоў уражвала сваім размахам: даўжыня палаца складала 80 метраў, а шырыня — 35, — задавальняе журналісцкую цікаўнасць кіраўнік музея. — У гады Вялікай Айчыннай вайны ад палаца не засталося і следу. Але прадстаўлены макет зроблены амаль з гістарычнай дакладнасцю — па архіўных дакументах і здымках.
Ці атрымалася рэалізаваць гэтую задуму, ярка ілюструе той факт, што школьныя краязнаўцы адшукалі адзінага спадчынніка графскага роду Слізняў. Калі ва ўзросце 92 гадоў ён упершыню апынуўся ў музеі, то спыніўся ля макета і, змахнуўшы скупую мужчынскую слязу, ціхенька сказаў: “Я памятаю”.
Школьны партрэт у космасе
Цікава, што багатая гісторыя ў школьным музеі суседнічае з сучаснасцю. Літаральна з парога вітаюць гасцей фотаздымкі школы з незвычайнымі штампамі, і ў адным шэрагу з імі — здымак Алега Навіцкага ў кампаніі дзяўчыны з шырокай усмешкай.
— Гэта наша выпускніца Зоя Бахур, якая сёння працуе ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў, — тлумачыць кіраўнік установы адукацыі і дадае, што незвычайныя штампы — сведчанне таго, што школьны партрэт разам з Алегам Навіцкім пабываў у космасе ў 2019 годзе.
Працягваючы аповед з папраўкай на сучасныя тэхналогіі, нельга не адзначыць, што ў мабільным дадатку izi.TRAVEL ва ўстанове адукацыі стварылі аўдыягід па школьным музеі на трох мовах. Пры жаданні адправіцца на экскурсію ў Новадзявяткавічы можна з любой кропкі свету. Школьнікам жа пасля такога аўдыяўрока замацаваць веды прапаноўваюць з дапамогай тэматычных крыжаванак і чэк-лістоў. Распрацавалі яшчэ інтэрактыўныя музейныя заняткі “Скарбніца”, шэсць турыстычных маршрутаў з наведваннем мясцовых славутасцей.
— З цікавым вопытам арганізацыі музейных заняткаў не раз знаёміліся калегі з усяго раёна і вобласці падчас тэматычных метадычных аб’яднанняў і семінараў. Для школьнікаў жа музей яшчэ і цэнтр вялікай даследчай дзейнасці, якая ажыццяўляецца сумесна з педагогамі. Работы навучэнцаў толькі ў 2023 годзе тройчы станавіліся пераможцамі маштабных рэспубліканскіх конкурсаў, — працягвае Дзмітрый Блізнюк.
Невялікае памяшканне школьнага музея ўражвае не толькі разнастайнасцю і колькасцю экспанатаў. Замест традыцыйнай кнігі водзываў падзяліцца ўражаннямі тут прапануюць у кнізе пачуццяў. І за 18 гадоў існавання музея яна шчодра спісана гасцямі, у тым ліку замежнымі.
Вогненныя старонкі
Асобная ўвага ў музеі заканамерна адведзена гадам ваеннага ліхалецця. Вельмі кранаюць раздзелы, прысвечаныя карнай аперацыі 1942 года супраць мясцовых людзей. Толькі ў вёсцы Акунінава было расстраляна 299 мірных жыхароў. Пра гэта нагадвае карціна маскоўскага мастака Леаніда Носава, які па просьбе дырэктара аднаго з мясцовых сельгаспрадпрыемстваў у 1983 годзе адлюстраваў на палатне сцэну расстрэлу. Твары герояў трагедыі — гэта напісаныя па фатаграфіях партрэты загінуўшых падчас расстрэлу.
Захоўваюцца ў музеі школы і запісаныя школьнікамі і педагогамі гісторыі сведкаў тых далёкіх падзей. Сярод іх гісторыя Ніны Фёдараўны Кулінай, увага і клопат аб якой — шматгадовая традыцыя школьнікаў і педагогаў.
— Там, дзе цяпер мемарыяльны комплекс у Акунінава, пахаваны бацькі, родныя сёстры і браты Ніны Фёдараўны. У дзень расстрэлу Ніне было дзевяць гадоў… Не падзяліць лёс родных ёй дапамог няйначай як цуд: кулі не закранулі жыццёва важных органаў, а неабыякавыя людзі сірату вылечылі, выгадавалі, — гаворыць Дзмітрый Блізнюк і дадае, што сёння кожны вучань школы ведае гісторыю яе выратавання.
На мове тэхналогій
У рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі эмацыянальна-каштоўнаснага стаўлення навучэнцаў да гераічнага мінулага беларускага народа” быў распрацаваны праект “Вогненныя вёскі. Нельга забыць”. У фармаце інтэрактыўнага плаката ў клікабельнай форме сабраны звесткі аб поўнасцю і часткова знішчаных вёсках Новадзявяткавіцкага сельсавета, у тым ліку з відэаматэрыяламі аб пахаваннях і абелісках гэтай мясцовасці, з успамінамі сведкаў.
Зноў жа ў анлайн-фармаце педагогі сумесна з вучнямі сфарміравалі архіў патрыёта “Памяць. Гісторыя. Спадчына”. У ім змешчана інфармацыя аб педагогах-франтавіках і земляках — удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, матэрыялы школьных відэапраектаў і даследчых работ, фотаархіў мерапрыемстваў з удзелам школьнікаў.
— З дзецьмі трэба гаварыць на важныя тэмы, у тым ліку на мове тэхналогій. Працуем яшчэ і над мабільным дадаткам “Абавязаны памятаць. Новадзявяткавіцкая зямля”. Ключавой тэмай стануць спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны вёскі, — працягвае размову дырэктар.
Спартыўны дырэктар
Яшчэ адзін напрамак, які актыўна развіваецца ў школе, — гэта спорт, а менавіта баскетбол. Вучні з Новадзявяткавічаў станавіліся прызёрамі абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных спаборніцтваў. Тут вучыўся адзін з лепшых баскетбалістаў зборнай Беларусі Уладзіслаў Блізнюк, які ў шчыльным спартыўным графіку заўсёды знаходзіць час для сустрэч з вучнямі. Любоўю да спорту гулец зборнай абавязаны свайму тату, які яшчэ і вельмі спартыўны дырэктар школы ў Слонімскім раёне.
— У свой час фізкультуру ў мяне вёў выдатны педагог Леанід Мацвеевіч Журовіч. З яго падачы на баскетбол хварэлі ўсе хлопчыкі, а мяне яго прыклад, уласна кажучы, і прывёў у педагогіку. Можна сказаць, што сёння працягваю яго пачынанне, — падкрэслівае дырэктар і тут жа канкрэтызуе, што па суботах школьнікі спяшаюцца да яго на факультатыў па баскетболе.
Гуляюць усе: і хлопчыкі, і дзяўчынкі. А дырэктар, акрамя ўсяго іншага, захапляе спортам не толькі на гульнявой пляцоўцы — ён з’яўляецца членам ветэранскай баскетбольнай лігі і гуляе за гродзенскую каманду ў катэгорыі 50+.
Цікава, што ў Новадзявяткавічах ніколі не было спартыўнай школы па баскетболе, але каманда вучняў не раз выходзіла ў лідары на розных рэспубліканскіх спаборніцтвах. Спартыўныя імкненні дзяцей у школе ўсебакова падтрымліваюць. У 2021 годзе ўстанова адукацыі стала пераможцай конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў “Спартыўны гарадок — у наш аграгарадок”, дзякуючы якому тут з’явіліся сучасны баскетбольны шчыт і комплекс гімнастычнага абсталявання.
Источник: https://nastgaz.by