Кожная экскурсія для выхаванцаў дзіцячага сада аграгарадка Пагранічны становіцца пачаткам захапляльнага даследавання
01.07.2026Для малых сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту, якія наведваюць дзіцячы сад у аграгарадку Пагранічны Бераставіцкага раёна, экскурсіі даўно сталі рэгулярнай практыкай. Маршруты прадумваюць загадзя, уключаюць у гадавы план установы і рабочыя планы выхавальнікаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Адным з прыкладаў, калі дзіцячае “чаму?” падчас такіх прагулак становіцца пачаткам захапляльнага даследавання, з’яўляецца праект Яўгеніі Кардаш і яе выхавальніцы Людмілы Сурмач, які атрымаў прызавое месца на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Я — даследчык”.

— Многае пачынаецца ў групах, дзе педагогі сваімі рукамі ствараюць прадметна-развіццёвае асяроддзе: наглядныя дапаможнікі, лэпбукі, дыдактычныя гульні, часта заснаваныя на мясцовым матэрыяле. Але асаблівае месца ў гэтай сістэме займае экскурсійная дзейнасць, — расказвае загадчыца сада Міраслава Ціхун.
— Некалькі разоў на год мы бываем на пагранічнай заставе. Адзін з такіх візітаў у пачатку навучальнага года стаў штуршком да нашага даследавання. Пагранічнікі не раз паўтаралі, што іх застава носіць імя Ільі Анохіна. А па дарозе ў дзіцячы сад пяцігадовая Жэня спытала: “Я жыву на вуліцы Анохіна. Хто гэты чалавек і чаму пра яго так многа гавораць?” — успамінае Людміла Сурмач.
Педагог расказала дзяўчынцы, што ён загінуў, абараняючы дзяржаўную мяжу, і падказала, дзе можна больш даведацца пра лёс салдата. Далей былі наведванне сельскага Савета, бібліятэкі, пошук інфармацыі разам з бацькамі і работа над інфармацыйнай брашурай пад кіраўніцтвам выхавальніцы.
— А пасля ў нашай экскурсійнай практыцы з’явіўся новы маршрут — “Іх імёнамі названы вуліцы”. Падчас такой прагулкі дзеці слухаюць аповед педагога, проста ідучы па вуліцах аграгарадка. Але гэтая экскурсія не
заканчваецца за парогам дзіцячага сада. Малышы вяртаюцца дадому і пачынаюць расказваць бацькам, што ўбачылі і даведаліся. Далей да размовы далучаецца ўся сям’я. Часам мамы і таты прызнаюцца, што не ведалі таго, пра што ім расказаў сын ці дачка. Так у сям’і з’яўляецца новая агульная цікавасць, а ў дзіцяці — адчуванне асабістай далучанасці да гісторыі малой радзімы, — адзначае Міраслава Мікалаеўна.
У 2026 годзе ўстанова заняла 1-е месца ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць праграму дашкольнай адукацыі. У летапісе дзіцячага сада гэта не першы такі вынік.
У фармаце экскурсій дашкольнікі знаёмяцца і з прафесіямі дарослых. У гэтым годзе выхаванцы Марыі Кавальчук, напрыклад, пабывалі ў адміністрацыйным будынку мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі, знутры ўбачылі работу пошты, амбулаторыі, магазіна.

— Кожная экскурсія для дзяцей — гэта падзея, якую яны вельмі чакаюць, — адзначае Марыя Іосіфаўна, педагог з больш як 40-гадовым стажам. — Мы стараемся, каб такія выхады былі сугучныя з тэмай заняткаў. У Дзень маці, які ў нашай краіне супадае з Пакровам Прасвятой Багародзіцы, сумесна з мамамі наведалі царкву. А напярэдадні 9 Мая дашкольнікі па традыцыі разам з бацькамі ўскладаюць кветкі да помніка загінуўшым воінам у суседняй вёсцы, дзе праходзіць мітынг з дэкламаваннем вершаў і мінутай маўчання.
Экскурсіі не абмяжоўваюцца сацыяльнымі і гістарычнымі аб’ектамі. Побач — лесапаркавая зона, возера, цудоўныя прыродныя мясціны, якія таксама становяцца часткай адукацыйных маршрутаў. Тут на першы план выходзіць экалагічнае выхаванне. Малых вучаць заўважаць прыгажосць роднай прыроды, беражліва да яе ставіцца, захоўваць парадак.

— Любоў да малой радзімы ў дашкольным узросце пачынаецца з простага: ведаць, дзе ты жывеш, як называецца твая вуліца, які помнік знаходзіцца побач і куды цячэ мясцовая рачулка, — лічыць Міраслава Ціхун.
Ёсць у гэтай рабоце яшчэ адзін важны вектар — пераемнасць. Будучыя першакласнікі бываюць у школе на экскурсіях: знаёмяцца з настаўнікам, класам, у якім будуць вучыцца. Часам нават прысутнічаюць на ўроку або ўдзельнічаюць у спартыўных мерапрыемствах разам з малодшымі вучнямі.
У дзіцячым садзе аграгарадка Пагранічны ўпэўнены, што такі вопыт дапамагае зняць трывогу перад новым этапам і фарміруе ў дзіцяці станоўчае стаўленне да вучобы ў школе.

— Звяртаюцца калегі і да віртуальных экскурсій: прапануюць дзецям цікавыя падарожжы па Белавежскай пушчы, Мінску, Гродне і знакавых мясцінах Бераставіцкага раёна. На сайце ўстановы размешчаны распрацаваныя педагогамі маршруты выхаднога дня, па якім дзіця можа адправіцца разам з бацькамі. Гэта не проста ўказанне напрамку пазнавальнай прагулкі. Мамы і таты знойдуць на сайце падказкі, якія пытанні задаць свайму маленькаму чамучку па дарозе да той ці іншай славутасці, якія актыўнасці можна арганізаваць на месцы і пра што важна пагаварыць пасля завяршэння прагулкі (з прыкладам можна азнаёміцца, скарыстаўшыся QR-кодам), — дадае Міраслава Мікалаеўна.
Источник: https://nastgaz.by
