РУС БЕЛ ENG 中文

Кожная экскурсія для выхаванцаў дзіцячага сада аграгарадка Пагранічны становіцца пачаткам захапляльнага даследавання

01.07.2026

 

Для малых сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту, якія наведваюць дзіцячы сад у аграгарадку Пагранічны Бераставіцкага раёна, экскурсіі даўно сталі рэгулярнай практыкай. Маршруты прадумваюць загадзя, уключаюць у гадавы план установы і рабочыя планы выхавальнікаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Адным з прыкладаў, калі дзіцячае “чаму?” падчас такіх прагулак становіцца пачаткам захапляльнага даследавання, з’яўляецца праект Яўгеніі Кардаш і яе выхавальніцы Людмілы Сурмач, які атрымаў прызавое месца на абласным этапе рэспуб­ліканскага конкурсу “Я — даследчык”.

— Многае пачынаецца ў групах, дзе педагогі сваімі рукамі ствараюць прадметна-развіццёвае асяроддзе: наг­лядныя дапаможнікі, лэп­букі, дыдактычныя гульні, часта заснаваныя на мясцовым матэрыяле. Але асаблівае месца ў гэтай сістэме займае экскурсійная дзейнасць, — расказвае загадчыца сада Мі­раслава Ціхун.

— Некалькі разоў на год мы бываем на пагранічнай заставе. Адзін з такіх візітаў у пачатку навучальнага года стаў штуршком да нашага даследавання. Пагранічнікі не раз паўтаралі, што іх застава носіць імя Ільі Анохіна. А па дарозе ў дзіцячы сад пяцігадовая Жэня спытала: “Я жыву на вуліцы Анохіна. Хто гэты чалавек і чаму пра яго так многа гаво­раць?” — успамінае Людміла Сурмач.

Педагог расказала дзяў­чынцы, што ён загінуў, абараняючы дзяржаўную мяжу, і падказала, дзе можна больш даведацца пра лёс салдата. Далей былі наведванне сельскага Савета, бібліятэкі, пошук інфармацыі разам з бацькамі і работа над інфармацыйнай брашурай пад кіраўніцтвам выхавальніцы.

— А пасля ў нашай экскурсійнай практыцы з’явіўся новы маршрут — “Іх імёнамі названы вуліцы”. Падчас такой прагулкі дзеці слуха­юць аповед педагога, проста ідучы па вуліцах аграгарадка. Але гэтая экскурсія не
заканчваецца за парогам дзіцячага сада. Малышы вяртаюцца дадому і пачына­юць расказваць бацькам, што ўбачылі і даведаліся. Далей да размовы далучаецца ўся сям’я. Часам мамы і таты прызнаюцца, што не ведалі таго, пра што ім расказаў сын ці дачка. Так у сям’і з’яўляецца новая агульная цікавасць, а ў дзіцяці — адчуванне асабістай далучанасці да гісторыі малой радзімы, — адзначае Міраслава Міка­лаеўна.

У 2026 годзе ўстанова заняла 1-е месца ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць праграму дашкольнай адукацыі. У летапісе дзіцячага сада гэта не першы такі вынік.

У фармаце экскурсій да­школьнікі знаёмяцца і з прафесіямі дарослых. У гэтым годзе выхаванцы Марыі Кавальчук, напрыклад, пабывалі ў адміністрацыйным будынку мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі, знутры ўбачылі работу пошты, амбулаторыі, магазіна.

— Кожная экскурсія для дзяцей — гэта падзея, якую яны вельмі чакаюць, — адзначае Марыя Іосіфаўна, педагог з больш як 40-гадовым стажам. — Мы стараемся, каб такія выхады былі сугучныя з тэмай заняткаў. У Дзень маці, які ў нашай краіне супадае з Пакровам Прасвятой Багаро­дзіцы, сумесна з мамамі наведалі царкву. А напярэдадні 9 Мая дашкольнікі па традыцыі разам з бацькамі ўскладаюць кветкі да помніка загінуўшым воінам у суседняй вёсцы, дзе праходзіць мітынг з дэкламаваннем вершаў і мінутай маўчання.

Экскурсіі не абмяжоўваюцца сацыяльнымі і гістарычнымі аб’ектамі. Побач — лесапаркавая зона, возера, цудоўныя прыродныя мясціны, якія таксама становяцца часткай адукацыйных маршрутаў. Тут на першы план выходзіць экалагічнае выхаванне. Малых ву­чаць заўважаць прыгажосць роднай прыроды, беражліва да яе ставіцца, захоўваць парадак.

— Любоў да малой радзімы ў дашкольным узросце пачынаецца з простага: ве­даць, дзе ты жывеш, як называецца твая вуліца, які помнік знахо­дзіцца побач і куды цячэ мясцовая рачулка, — лічыць Міраслава Ціхун.

Ёсць у гэтай рабоце яшчэ адзін важны вектар — пераемнасць. Будучыя першакласнікі бываюць у школе на экскурсіях: знаёмяцца з настаўнікам, класам, у якім будуць вучыцца. Часам нават прысутнічаюць на ўроку або ўдзельнічаюць у спартыўных мерапрыемствах разам з малодшымі вучнямі.

У дзіцячым садзе аграгарадка Пагранічны ўпэўнены, што такі вопыт дапамагае зняць трывогу перад новым этапам і фарміруе ў дзіцяці станоўчае стаўленне да вучобы ў школе.

— Звяртаюцца калегі і да віртуальных экскурсій: прапануюць дзецям цікавыя падарожжы па Белавежскай пушчы, Мінску, Гродне і знакавых мясцінах Бераставіцкага раёна. На сайце ўстановы разме­шчаны распрацаваныя педагогамі маршруты выхаднога дня, па якім дзіця можа адправіцца разам з бацькамі. Гэта не проста ўказанне напрамку пазнавальнай прагулкі. Мамы і таты зной­дуць на сайце падказкі, якія пытанні задаць свайму маленькаму чамучку па дарозе да той ці іншай славутасці, якія актыўнасці можна  арганіза­ваць на месцы і пра што важна пагаварыць пасля завяршэння прагулкі (з прыкладам можна азнаё­міцца, скарыстаўшыся QR-кодам), — дадае Міраслава Мікалаеўна.

Источник:  https://nastgaz.by

поделиться в: