РУС БЕЛ ENG 中文

Гульня «Таямніцы бабулінага куфэрка»: знаёмім з сістэмай дзейнасці школьнага музея ручніка

12.07.2025

 

У маі 2005 года ў нашай установе адукацыі пачаў дзейнічаць гістарычна-краязнаўчы музейны пакой, экспазіцыю якога склалі матэрыялы, сабраныя вучнямі і педагогамі: архіўныя дакументы, успаміны вяскоўцаў, шматлікія мясцовыя фальклорныя набыткі і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

М.П.САВІЦКІ, настаўнік гісторыі і геаграфіі першай кваліфікацыйнай катэгорыі Корнадзьскай БШ Свіслацкага раёна

За непрацяглы час музейны пакой стаў цэнтрам фальклорнай і краязнаўчай работы, што прывяло да адкрыцця ў пачатку 2006 года новай экспазіцыі «Беларускі ручнік», а праз некалькі гадоў – да атрымання статусу музея і змены кірунку дзейнасці на краязнаўча-этнаграфічны.

Сёння школьны музей ручніка – адзін з лепшых у Свіслацкім раёне, пераможца абласных і лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў. Год назад яму прысвоены статус народнага. Музей размешчаны ў трох памяшканнях, яго фонды налічваюць больш за 700 экспанатаў.

Экспазіцыя музея пабудавана па тэматычным прынцыпе:

1) «Ручнік – дарога чысціні»: сабрана значная калекцыя ручнікоў (асабліва цікавыя – ручнікі пач. ХХ ст.), кожны з іх аздоблены непаўторнай, уласцівай нашай мясцовасці вышыўкай;

2) «Вышыўка і ткацтва»: падаюцца звесткі аб асаблівасцях рэгіянальнага ткацтва, знакамітых ткачыхах, прадстаўлены ўнікальныя рэгіянальныя абрусы, прадметы народнага побыту, вырабы мясцовых рамеснікаў;

3) «Беларуская хатка»: аформлена ў выглядзе сялянскай хаты канца ХІХ ст. з імправізаваным падвор’ем;

4) «Народны побыт»: экспануюцца прадметы сялянскай працы, дамашняга побыту, прыстасаванні для ручной апрацоўкі льну;

5) «Народны касцюм Свіслаччыны»: прадстаўлены экспанаты, тэкставыя матэрыялы, дакументы, фотаздымкі адзення жыхароў нашага раёна ў пач. ХХ ст.;

6) «Сучасны ручнік»: экспазіцыя ручнікоў, якія створаны вучнямі і настаўнікамі школы, мясцовымі жыхарамі ў наш час;

7) «Тканыя паясы»: у фондах музея знаходзіцца 47 паясоў, з якіх 32 прадстаўлены ў пастаяннай экспазіцыі;

8) «Беларуская лялька»: прадстаўлены народныя лялькі Свіслаччыны (абрадавыя, абярэгі, для забаў, для гульні), зробленыя рукамі навучэнцаў установы.

Хочацца падкрэсліць, што ва ўсіх экспазіцыях цэнтральнае месца адведзена ручніку і яго ролі на розных этапах жыцця чалавека. На сённяшні дзень у нас распрацавана 12 экскурсій розных фарматаў. Так, тэатралізаваныя экскурсіі часцей за ўсё прымеркаваны да пэўных каляндарных дат (свята ўраджаю, Масленіца, Вялікдзень, Дажынкі). У гэтым выпадку ў традыцыйную аглядную або тэматычную экскурсію па музеі экскурсаводы ўключаюць тэатралізаваныя элементы – міні-спектаклі, касцюміраваныя балі, чаяванне з гістарычнымі персанажамі. Практыкуюцца экскурсіі настаўнік – вучань: на этапе падрыхтоўкі кіраўніком прадумваюцца варыянты кантролю (конкурсы, віктарыны, крыжаванкі, малюнкі), а экскурсаводы з наведвальнікамі гуляюць у народныя гульні, якія былі папулярнымі ў нашай мясцовасці стагоддзе таму назад. Пры арганізацыі пазавучэбнай работы праводзяцца экскурсіі па тэме «Музейныя экспанаты». Клас дзеліцца на некалькі навуковых лабараторый, кожная з іх атрымлівае заданне прааналізаваць музейныя экспанаты з пункту погляду навукі. Напрыклад, «фізікі» павінны паказаць усе фізічныя законы, якія працуюць падчас выкарыстання прадметаў быту, і растлумачыць іх; «хімікі» прыводзяць хімічныя законы, звязаныя з афарбоўкай ільну, шэрсці і хімічным складам гэтых валокан; «лінгвісты» аналізуюць, як у мове ўзнікалі розныя найменні прадметаў і як з’яўляліся словы, якімі яны абазначаліся.

Падштурхнуць наведвальнікаў да самастойнага даследавання пэўнага аб’екта дазваляе экскурсія з выкарыстаннем маршрутнага ліста, які не толькі паказвае дарогу, але і ўтрымлівае пытанні і заданні, а таксама падказвае шляхі пошуку інфармацыі. Так, падчас адной з такіх экскурсій удзельнікі аднаўлялі гісторыю калаўрота. З дапамогай ключавых слоў яны фармулявалі здагадку аб паходжанні прылады, апісвалі яе і некаторыя звычаі беларускага народа, звязаныя з гэтым прадметам; высвятлялі, як і ад чаго засцерагаў калаўрот дзяўчат, як яго выкарыстоўвалі ў святочныя дні Каляд і Масленіцы сялянкі; меркавалі, што патрэбна было зрабіць, каб пазбегнуць непрыемнасцей; знаёміліся з народнымі прыказкамі і прымаўкамі пра прасніцу і прадзенне. Вынікам экскурсіі стала невялікая гісторыя пра гэты старадаўні прадмет побыту.

У ходзе экскурсій у нашым музеі навучэнцам дазваляецца прымаць актыўны ўдзел у пастаноўках: паіграць на лыжках і пральнай дошцы, папрацаваць з калаўротам, ступай і таўкачом, паспрабаваць саткаць пояс або вышыць ручнік. Шырока выкарыстоўваем мы і сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Напрыклад, экскурсавод паказвае музейны экспанат, а на мультымедыйнай устаноўцы прадстаўляецца невялікі відэафрагмент аб тым, як ён ствараўся многа гадоў таму назад. З дапамогай QR-кодаў наведвальнікі маюць магчымасць атры­маць дадатковую інфармацыю.

Членамі школьнага савета музея створаны электронны рэсурс «Віртуальны музей ручніка». Гэта спецыялізаваны сайт, вэб-старонкі якога звязаны паміж сабой гіпертэкставымі спасылкамі (https://kornadmuzey.site123.me/): там можна «наведаць» экспазіцыі музея, пагартаць электронны фотаальбом, пазнаёміцца з віртуальнай выставай творчых работ навучэнцаў, задаць пытанні, пакінуць свае пажаданні і водгукі.

Яшчэ адна цікавая форма работы – праект «Музей аднаго дня». Кожны клас бярэ з музея адзін экспанат, стварае ў сваім кабінеце экспазіцыю і рыхтуе міні-экскурсію. На працягу аднаго дня ўсе жадаючыя могуць наведаць некалькі такіх экспазіцый.

Па-сапраўднаму пазнавальнымі з’яўляюцца музейныя гульні. Для прыцягнення школьнікаў да ўдзелу ў іх мы выкарыстоўваем сацыяльныя сеткі і гаджэты. Так, на старонцы гульні-падарожжа «Я люблю Беларусь» у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» ў рэжыме онлайн экскурсанты прадстаўляюць фотасправаздачы аб праходжанні маршруту: каманды робяць сэлфі або агульнае фота ў кожным пункце маршруту, размяшчаюць іх з каментарыямі аб выкананні задання і атрымліваюць дадатковыя балы. Традыцыйныя народныя гульні складаюць частку этнакультурнай спадчыны нашага музея. У якасці прыкладу прапануем вашай увазе музейную гульню «Таямніцы бабулінага куфэрка».

Мэта гульні: далучэнне вучняў да народных традыцый і нацыянальнай культуры.

Задачы:

  • пазнаёміць наведвальнікаў музея з народнымі традыцыямі, якія бытавалі ў вясковай беларускай сям’і;
  • развіваць у дзяцей лагічнае мысленне, уменні дакладна выказваць свае думкі;
  • выхоўваць у школьнікаў павагу да бацькоў, сваякоў, продкаў.

Ход гульні

І. Уступны этап

Настаўнік, апрануты ў беларускі нацыянальны касцюм, вітае наведвальнікаў і прапануе здзейс­ніць падарожжа ў мінулае Корнадзі, перанёсшыся прыкладна ў ХІХ ст.

Настаўнік. Дзе ж гэта мы? Няўжо ў беларускай хаце? Не, мы ў музеі ручніка. Вось і куфар драўляны: ён незвычайны, бо тут сабраны таямніцы нашых продкаў. Як вы думаеце, якія таямніцы можа захоўваць бабулін куфар? А дапамогуць нам даць адказ на гэтае пытанне экспанаты музея.

Экскурсанты дзеляцца на пары (дзяўчынка і хлопчык), кожная пара атрымлівае бланкі з заданнямі. Настаўнік тлумачыць, што за правільна выкананыя заданні дзецям будуць давацца літары, з якіх патрэбна будзе скласці слова.

ІІ. Асноўны этап

Настаўнік. У традыцыйнай сялянскай сям’і існаваў прынцып строгага падзелу працы на мужчынскую і жаночую, якога і цяпер часта прытрымліваюцца на вёсцы. Гаспадар быў галоўным распарадчыкам мужчынскіх работ, жаночыя размяркоўвала гаспадыня. Штодзённая цяжкая праца земляроба не перашкаджала бацьку быць і настаўнікам у сферы сацыяльна-працоўнай дзейнасці, і вышэйшым дысцыплінатарам. Слова яго было законам, а распараджэнні і загады не падлягалі абмеркаванню і выконваліся ўсімі дзецьмі.

Часта ў сваіх гульнях сялянскія дзеці паўтаралі тое, што бачылі ў жыцці. Напрыклад, гульня «Работнікі». Гульцы выбіралі майстра і стваралі круг. Майстар гаварыў: «Мы ўмелыя работнікі, аратыя і плотнікі, сена косім, будуем дом, што мы робім тапаром?» – і паказваў на аднаго з удзельнікаў. Той хутка павінен быў адказаць на пытанне. Калі адказ быў недакладным, гулец выбываў.

Гульня «Работнікі». Настаўнік прапануе прысутным пагуляць, але ўскладняе ўмовы: патрэбна не толькі хутка і дакладна даць адказ на пытанне, але знайсці і паказаць названую прыладу працы.

Настаўнік. Мы ўмелыя работнікі, аратыя і плотнікі, сена касілі, будавалі дом, што рабілі: тапаром (рубілі), цапамі (малацілі), касой (касілі), рубанкам (стругалі), рагачом (пераварочвалі сена), драўлянай сахой (акучвалі бульбу), бараной (баранавалі поле), плугам (аралі)?

Аналізуюцца вынікі гульні і арганізуецца работа ў парах. Дзеці выконваюць заданне 1, змешчанае на бланках. Правільныя адказы з’яўляюцца на экране манітора і абмяркоўваюцца. Тыя, хто выканаў заданне правільна, атрымліваюць літару Р.

Заданне 1. Устанавіце адпаведнасць паміж назвамі прадметаў і іх прызначэннем. Знайдзіце прадметы сярод экспанатаў музея.

Прадметы: 1) жорны; 2) прасніца; 3) калаўрот; 4) кросны; 5) кубёлак (кубел); 6) кадка.

Прызначэнне: а) ручное прадзенне; б) ручное ткацтва; в) падвешванне кудзелі пры прадзенні; г) заквашванне капусты; д) пераціранне зерня на муку; е) захаванне прадуктаў і рэчаў.

Адказы: 1д, 2в, 3а, 4б, 5е, 6г.

Настаўнік. Жанчына – маці, выхавальніца, руплівая гаспадыня. Нялёгкім было яе жыццё. З ранку да вечара ўвіхалася яна па гаспадарцы: паліла ў печы, гатавала ежу, мыла бялізну, даглядала дзяцей, палола грады, карміла жывёлу, жала збожжа, сушыла і зграбала сена, капала бульбу, церабіла і мяла лён, часала кудзелю і воўну, а доўгімі зімовымі вечарамі прала, ткала, вышывала, шыла адзенне. У экспазіцыі прадстаўлены саматканыя налаўнікі, ручнікі, сурвэткі, посцілкі, вырабленыя з любоўю і пяшчотай рукамі жанчыны. Усё гэта захоўвалася ў куфрах, якіх звычайна было два. Самыя лепшыя і дарагія вырабы складваліся ў куфар, што стаяў у хаце, а горшае адзенне – у куфар у каморы. У куфрах было адведзена месца для ўпрыгожванняў (тут захоўвалі пярсцёнкі і завушніцы), было і аддзяленне, якое называлі прыскрынкам (тут звычайна складвалася вопратка для пахавання). А яшчэ ў куфры дзяўчаты захоўвалі свой пасаг.

Гульня «Бабулін куфар». Першы ўдзельнік заглядае ў куфар, дастае прадмет і кажа: «Я знайшла (знайшоў) у бабуліным куфры…». Наступны паўтарае ўжо сказанае і дабаўляе свой прадмет, працягваючы апавяданне. Гульня доўжыцца, пакуль усе экспанаты не апынуцца ў руках гульцоў.

Падводзяцца вынікі гульні. Дзеці ў парах выконваюць наступнае заданне, за якое атрымліваюць літару У.

Заданне 2. Размяркуйце экспанаты паводле іх прызначэння: 1) адзенне; 2) абутак; 3) прадметы побыту.

Экспанаты: лапці, сарафан, армяк, збан, ухват, картуз, андарак, кашуля, пояс, сіта, маслабойка, чыгун.

Настаўнік. А вы ведаеце, што беларусы, папрацаваўшы шчыра і старанна, любілі і смачна паесці? На куццю, напрыклад, на стол ставілі 12, 18, а то і 24 стравы. І ўсё гэта трэба было пакаштаваць. Вось як казаў Якуб Колас у сваёй паэме «Новая зямля»:

Аздоблен квас быў і грыбамі,

Выключна ўсё баравічкамі;

Цыбуля, перчык, ліст бабковы –

Ну, не ўясісь, каб я здаровы!

За квасам елі верашчаку,

А потым блінчыкі на маку,

А там ламанцы-праснакі

З пшанічнай добрае мукі…

Настаўнік прапануе дзецям пазнаёміцца з тэкстам, які дапаможа паспяхова справіцца з заданнем і атрымаць за яго правільнае выкананне літару Ч.

Тэкст. Галоўнай першай стравай была кіслая або свежая капуста. Затым ішлі поліўка (дужа тлусты гарачы суп, падбоўтаны мукой), панцак (ячны суп з грыбамі), булён (бульбяны суп, засквараны салам). Елі таксама локшыну з курынымі вантробамі, халаднік з халодным мясам і гуркамі, супы па сезоне – шчаўе, маладую крапіву з яйкамі. Былі і малочныя супы. І нарэшце – квас. На другое елі ўсялякія кашы, напрыклад, пшанічную ці ячную. Любілі рабіць у місцы з кашай «кало­дзеж» – налівалі туды падлівы з мясам і чэрпалі па краях. Беларусы і цяпер любяць мачанку (свое­асаблівую падліву з мясам і салам, падбоўтаную мукой) з блінамі, калдуны, яешню-глазуху або яешню, запечаную з мясам і салам у гаршку, верашчаку, а таксама кіяшы (вараную маладую кукурузу). Нашы продкі пілі салодкае і кіслае малако, кісялі, кляновік, віно, піва, брагу, наліўкі.

Заданне 3. Аднавіце назвы беларускіх страў і растлумачце, што яны азначаюць: по, пан, ліў, цак, ка, бу, ве, лён, ра, лок, шча, шы, ка, на, квас, ха, ма, лад, чан, нік, ка, бя, на, ро, ліў, за, ка, вік.

Адказы: поліўка, панцак, булён, верашчака, локшына, квас, халаднік, мачанка, наліўка, бяро­завік.

Гульня «Млын». Дзеці ўтвараюць круг. На сярэ­дзіну яго выходзяць тры пары. Удзельнікі стано­вяцца адзін да аднаго спіной i моцна счэпліваюць pyкi, сагнутыя ў локцях. Гульцы, што стаяць у крузе, павольна рухаюцца ў правы бок i спяваюць:

Млынарня на горцы

Крыламі махае,

Крыламі махае,

Зерне працірае.

Сама не глытае,

Другі хлеб выпякае.

Дзеці, якія знаходзяцца ў сярэдзіне круга, імітуюць рухі колаў млына: адзін нахіляецца, другі ў гэты час абапіраецца на cпiнy таварыша i падымае нoгi. Гульня працягваецца да таго часу, па­куль адна з пар не распадзецца.

Настаўнік. Беларусы славяцца не толькі сваёй гасціннасцю, працавітасцю, самабытнасцю, майстэрствам, але і вылучаюцца адметнымі якасцямі ў выхаванні. Народная сістэма выхавання захавалася да нашых дзён у прыказках.

Экскурсанты атрымліваюць разрэзаныя карткі з народнымі выслоўямі.

Заданне 4. Уважліва прачытайце інфармацыю на картках, злучыце іх так, каб атрымаліся сказы, патлумачце іх сэнс. За правільны адказ атрымайце літару Н.

Карткі

1. Хто дзяцей мае (няхай навучае).

2. Хто бацьку зневажае (той дабра не знае).

3. Малыя дзеці спаць не даюць (а як вырас­туць – сам не заснеш).

4. Каго выгадуеш змалку (таго знойдзеш і ў старасці).

Настаўнік прапануе адпачыць і паслухаць верш Р. Барадуліна «Мы – беларусы» ў выкананні вучня, які з’яўляецца ўдзельнікам савета музея.

Заданне 5. Закончыце сказы. У гэтым вам дапаможа інфармацыя, змешчаная побач з экспанатамі музея і даступная праз QR-коды. За правільна выкананае заданне атрымаеце літару І.

Сказы

Хлеб быў неабходным атрыбутам разнастайных абрадаў, урачыстасцей і свят: сватання,…(вяселля, радзін, заворвання).

У Беларусі здаўна найбольш пашыранымі відамі народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва былі разьба па дрэве,… (ганчарства, ткацтва, вышыўка, пляценне).

Галаўныя ўборы жанчын адрозніваліся асаблівай разнастайнасцю, сярод іх – наміткі,… (чапцы, хусткі, скіндачкі).

Большасць народных свят працягвалася адзін дзень, аднак існавалі і шматдзённыя святы: Каляды,… (гуканне вясны, Масленіца, Сёмуха).

Асобую ролю ў інтэр’еры традыцыйнага жылля адыгрывалі тыя прадметы, што выконвалі жыццёва важныя практычныя і ідэйна-абрадавыя функцыі: печ,… (парог, покуць, стол, лавы, абразы, ручнікі, посцілкі, куфар, дзяжа).

ІІІ. Заключны этап

Вучні, якія ўсе заданні выканалі правільна і атрымалі пяць літар, складаюць слова «ручнік», пры гэтым літару К ім дорыць настаўнік разам з сувенірамі са школьнага музея. Педагог падводзіць вынікі гульні, а ўдзельнікі аналізуюць, што новага яны даведаліся і з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся.

Настаўнік. Калі мы жадаем усвядоміць сябе беларусамі, абавязкова звяртаемся да гісторыі і культуры свайго народа. Кожны чалавек павінен ведаць, дзе яго карані, адкуль ён родам, як жылі яго дзяды і прадзеды, як і чым сустракалі гасцей, якія мелі звычаі і традыцыі.

ЛІТАРАТУРА
1. Грымаць, А. А. Народная педагогіка беларусаў / А. А. Грымаць. – Мінск: Народная асвета, 1999. – 183 с.
2. Калачова, І. І. Народныя традыцыі і звычаі выхавання / І. І. Калачова. – Мінск: Нацыянальны інстытут адукацыі, 1999. – 213 с.
3. Кацар, М. С. Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка / М. С. Кацар. – Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1996. – 78 с.
4. Панцялей, Р. М. Як адзначыць з дзецьмі народныя святы / Р. М. Панцялей. – Мінск: Авітон, 1993. – 91 с.
5. Фадзеева, В. Беларускі ручнік / В. Фадзеева. – Мінск: Полымя, 1994. – 74 с.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: