Безліміт яркіх уражанняў атрымліваюць дзеці ў летніку «Вясёлка» ў Карэліцкім раёне
12.07.2025Лагер “Вясёлка” на ўсё лета становіцца цэнтрам прыцягнення для дзяцей і педагогаў. Для юных адпачывальнікаў гэта найперш месца вясёлага і насычанага лета, а для настаўнікаў, у тым ліку будучых, — магчымасць удасканалення навыкаў выхаваўчай работы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Выхавальнікі Арына Ханько і Наталля Пашкевіч з 4-м атрадам
— Сёлета ў атрадах у нас працуюць адразу 6 практыкантаў. З улікам таго, што ўвесь наш педагагічны калектыў складаецца з 15 чалавек, гэта практычна палова. Мы пастараліся арганізаваць работу моладзі так, каб побач быў вопытны калега. Галоўнае тут не толькі абарона практыкі, але і атрыманне першага практычнага вопыту, натхненне ад выбранай прафесіі, — гаворыць старшы выхавальнік Дар’я Гаспадыніч.
Яна і сама, дарэчы, не так даўно была на месцы сённяшніх практыкантаў. Гэты летні сезон для яе ўжо трэці ў “Вясёлцы”, і малады педагог з сярэдняй школы № 1 Карэліч упэўнена, што многае ў гэтай гісторыі яшчэ наперадзе.
— У першы год работы ў школе адразу паспрабавала сябе ў летніку ў якасці арганізатара культурнай работы. Не ўсё атрымлівалася адразу, але на кожным этапе ў мяне было нямала памочнікаў. Цяпер добра разумею, якім момантам у рабоце з практыкантамі трэба ўдзяліць больш увагі. Думаю, у нас атрымліваецца добры тандэм у інтарэсах дзяцей. Тым больш што моладзь да нас прыехала ініцыятыўная! — працягвае суразмоўніца.
6 трэцякурсніц Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта самі размеркавалі паміж сабой па адным мерапрыемстве для ўсяго заезду, з цікавасцю і крэатыўнасцю падышлі да іх планавання і адбору ўдзельнікаў для конкурсаў “Міс і містар летніка”, “Ану, парачкі”, “Кніга рэкордаў летніка” і інш.
— Адна справа — тэарэтычныя веды ў аўдыторыях, зусім іншая — магчымасць атрымання практычнага вопыту. Я працую ў атрадзе для дзяцей ад 6 да 10 гадоў. Хутка наладзіла кантакт з выхаванцамі. Тым больш што побач са мной вопытны педагог — выхавальнік дашкольнай установы Валерыя Мікалаеўна Машчонская. Гэта мой першы вопыт работы ў летніку. Самым складаным, мабыць, быў момант пабудовы дыялогу з бацькамі ў дзень заезду дзяцей. Але мне здаецца, і тут усё атрымалася, — падзялілася трэцякурсніца БрДУ Яна Пятрасік.
Яна ўпэўнена, што атрыманы вопыт — крок на шляху да ўпэўненай работы з бацькамі ўжо ў якасці настаўніка пачатковых класаў. Да таго ж такое працоўнае лета для студэнткі — гэта яшчэ і магчымасць спалучэння карыснага з прыемным — вопыту з адпачынкам. А як жа інакш? Ці можна не адпачыць душой у летніку, які размешчаны ў прыродаахоўнай зоне — Рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Свіцязянскі”!
— Кожны дзень у нас тэматычны. І ключавым мерапрыемствам гэтага заезду яшчэ ў самым яго пачатку стаў Дзень памяці 22 чэрвеня, які пачаўся з сімвалічнага мітынгу каля флагштока. У праграме нямала цікавых мерапрыемстваў — ад спартыўных да забаўляльных, з удзелам ратавальнікаў і праваахоўнікаў раёна, паколькі другая змена ў нас праходзіць пад знакам бяспекі. І ключавой пры гэтым заўсёды застаецца тэма прыродазберажэння. Мы нагадваем дзецям пра важнасць раздзялення смецця, разам працуем над падтрыманнем чысціні на тэрыторыі летніка, — працягвае старшы выхавальнік.
“Вясёлка” знаходзіцца за 25 кіламетраў ад Карэліч. Свае дзверы для юных адпачывальнікаў лагер расчыніў у 1986 годзе. За гэты час склаліся і свае традыцыі. Сёння ў летніку адпачываюць дзеці ад 6 да 17 гадоў. Чатыры атрады размеркаваны па васьмі доміках — хлопчыкі і дзяўчынкі асобна. Яшчэ адзін домік рэзервовы — для тых, хто ў палатках, на выпадак навальніцы.
Да гэтага сезона лагер прыкметна змяніўся. У распараджэнні адпачывальнікаў новыя гульнявыя комплексы з горкамі і арэлямі, абноўлена мэбля ў некалькіх спальных карпусах, а частка дарожак выкладзена тратуарнай пліткай.
— Я прыехала працаваць выхавальнікам з Мінска па рэкамендацыі калег. Увогуле, летнік — гэта заўсёды асаблівая атмасфера. І ў “Вясёлцы” яна з прыстаўкай “эка”: неверагоднай прыгажосці прырода і блізкасць чысцюткага возера… Застаецца толькі разлічваць на добразычлівасць надвор’я. Хоць у нас тут заўсёды сонечна і весела ад дзіцячага смеху і актыўнага вольнага часу, — далучаецца да размовы выхавальнік 4-га атрада Наталля Пашкевіч.
У гэтым годзе нямала ў “Вясёлцы” і дзяцей са сталіцы. А кампанію з атрадаў стацыянарнага лагера складаюць выхаванцы так званага палатачнага філіяла. Менавіта ў такім фармаце на тэрыторыі лагера зараджаюцца цёплымі ўражаннямі навучэнцы з 1-й школы гарадскога пасёлка і спартыўнай.
— У палатачным летніку кожны дзень распісаны па мінутах для 22 дзяцей. Плюсы такога размяшчэння відавочныя: неабходная інфраструктура пад рукой, а бонусам да адпачынку на тэрыторыі стацыянарнага летніка з’яўляюцца яшчэ і вячэрнія вогнішчы, да якіх нашы дзеці заўсёды старанна рыхтуюцца, — адзначае дырэктар палатачнага летніка для навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Карэліч Надзея Урбановіч.
Кожны год ёсць дзеці, якія імкнуцца адпачыць у палатачным летніку паўторна. Такая тэндэнцыя актуальная і для выхаванцаў “Вясёлкі” стацыянарнага фармату. А калі тыя, для каго накіраваны ўсе намаганні работы выхавальнікаў, вяртаюцца зноў і зноў, значыць, адпачынак для дзяцей тут арганізуецца са знакам якасці.
Источник: https://nastgaz.by