РУС БЕЛ ENG 中文

Пералік відаў работ, якія могуць выконваць падлеткі ад 14 да 16 гадоў, пашыраны. Што ўвайшло ў гэты спіс?

06.06.2025

 

Аб новых падыходах да арганізацыі часовай занятасці навучэнскай моладзі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказвае Сяргей Кацко, начальнік аддзела арганізацыі работы дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва і альтэрнатыўнай службы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. 

Згодна з Працоўным кодэксам

— Працаўладкаванне ў вольны час стала своеасаблівым трэндам у падлеткаў і з кожным годам набірае папулярнасць у навучэнскім асяроддзі.

— Сёння падлеткі мараць хутчэй пасталець, стаць фінансава незалежнымі, імкнуцца навучыцца зарабляць уласныя грошы. Гэтае жаданне не толькі дапамагае ім стаць больш самастойнымі ў жыцці, але і развівае важныя жыццёвыя навыкі, такія як адказ­насць, уменне працаваць у калектыве, адаптавацца ў соцыуме, навучыцца асновам фінансавай адукаванасці. Гэта прыносіць карысць усім: бацькам добра, што іх дзеці заняты патрэбнай справай, і самім падлеткам добра, бо цяпер яны маюць кішэнныя грошы, працоўную кніжку, якую ім выдаюць пасля 5 дзён работы. Гэта гонар для маладога чалавека, які толькі пачынае сваё працоўнае жыццё. Але важна адзначыць, што згодна з Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь падлеткі ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў могуць працаўладкоўвацца толькі па абавяз­ковым узгадненні з бацькамі.

— Ці ёсць пэўныя ўмовы і абмежаванні для работы падлеткаў?

— Галоўныя крытэрыі часовай заня­тасці навучэнцаў — праца павінна быць лёгкай, бяспечнай і не шкодзіць іх здароўю. З улікам гэтага быў складзены пералік адпаведных відаў работ, якія мо­гуць выконваць асобы ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў. Нядаўна ён быў перапрацаваны і стаў больш разнастайным. Раней у спісе для падлеткаў было толькі 17 відаў дзейнасці, а сёння, пасля прыняцця пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, ён уключае ўжо 23 віды. Дабавіліся такія віды работ, як мясцовая дастаўка на дом ежы, тавараў, рамонт дробных прыбораў, зборка мэб­лі, але з выкарыстаннем бяспечных ручных прылад для рамонту, а не аўтаматызаваных і электрычных. Таксама навучэнцам можна працаваць у даведачна-інфармацыйных, дыспетчарскіх службах, аказваць паслугі па афармленні памяшканняў, у тым ліку паслугі фларыста, па ручным мыцці аўтамабіляў, выкон­ваць некаторыя сельгасработы, добраўпарадкоўваць тэрыторыі, рамантаваць абсталяванне ва ўстановах адукацыі і культуры, прыбіраць вальеры ў заапарках, выкон­ваць сервіроўку сталоў на ўрачыстасцях, высаджваць дрэвы і праполваць расліны, рамантаваць платы, даглядаць сад, збіраць ураджай і г.д. Ёсць яшчэ адзін спіс работ, па якіх забаронена працаваць маладым лю­дзям, якім менш за 18 гадоў. У гэтым спісе канкрэтызаваны найменні прафесій рабочых з улікам вытворчасцей і відаў работ, на якіх не дапускаецца прыцягненне да працы асоб маладзейшых за 18 гадоў. Гэта ў асноўным прафесіі рабочых, непасрэдна занятых у тэхналагічным працэсе вытворчасцей, дзе выкарыстоўваюцца складаныя механізмы. А падсобныя работы там можна выконваць.

Самастойна ці пры садзейнічанні?

— Сяргей Анатольевіч, як падлетак можа знайсці сабе работу? Куды яму звяртацца?

— Часовая занятасць навучэнскай моладзі арганізоўваецца па некалькіх кірунках: пры садзейнічанні службы занятасці, у рамках удзелу ў студэнцкіх атрадах. Пры садзейнічанні службы занятасці працаўладкаванне можа ажыццяўляцца з фінансавай падтрымкай дзяржавы і за кошт наймальнікаў. Таксама моладзь можа працаўладкавацца самастойна. Для пошуку прывабных варыянтаў працаўладкавання можна скарыстацца рэспубліканскім банкам вакансій, размешчаным на партале дзяржаўнай службы занятасці ў раздзеле часовай занятасці моладзі.

— Якой павінна быць працягласць рабочага часу?

— Для падлеткаў устаноўлена скарочаная працягласць працоўнага часу:

– ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў — не больш за 23 гадзіны ў тыдзень;

– ад 16 да 18 гадоў — не больш за 35 гадзін у тыдзень.

Працягласць штодзённай работы навучэнцаў устаноў адукацыі не можа пера­вышаць тую, што прапісана для дарослых работнікаў:

падчас канікул

– ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў — 4 га­дзіны 36 мінут;

– ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў — 7 га­дзін;

на працягу навучальнага года ў вольны ад вучобы час

– ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў — 2 га­дзіны 18 мінут;

– ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў — 3 га­дзіны 30 мінут.

Нягледзячы на скарочаную працягласць працоўнага часу, непаўналетнім работнікам заработная плата выплачваецца ў такім жа памеры, што і работнікам адпаведных катэгорый пры поўнай працягласці штодзённай работы. Гэта гарантуецца Працоўным кодэксам.

— Ці ёсць нюансы ў працаўладкаванні выпускнікоў 9-х класаў?

— Бываюць выпадкі, калі навучэнцам, якія скончылі 9 класаў, кіраўніцтва навучальных устаноў адмаўляе ў працаўладкаванні ў час летніх канікул за кошт бюджэту, спасылаючыся на тое, што падлетак страціў статус навучэнца. Але калі навучэнец збіраецца вучыцца далей у 10 класе, то піша аб гэтым заяву. Дырэктар навучальнай установы на падставе гэтай заявы, не чакаючы канца жніўня, выдае загад аб залічэнні яго вучнем у школу, пасля чаго падлетку можна пры­маць удзел у часовай занятасці з фінансавай падтрымкай на працягу ўсяго летняга перыяду. Таксама выпускнікам 9-х класаў працаўладкавацца ў летні перыяд за кошт сродкаў наймальнікаў можа дапамагчы служба занятасці па месцы жыхарства, напрыклад, у сферы паслуг, дзе, як правіла, хапае вакансій, асабліва ў летні перыяд.

Выхаваць міласэрнасць

— Што за праект “Час добрых спраў”, які сёння на слыху ў моладзі?

— Гэта рэспубліканскі праект, распрацаваны Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, які стартуе летам. Яго мэтай стала далучэнне моладзі да работы ў сферы сацыяльнага абслугоўвання. Яго ўдзельнікі будуць працаваць у тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і сацыяльных пансіянатах, дзе будуць дапамагаць пажылым людзям. І гэта не толькі работа, але і выхаванне ў моладзі добразычлівасці, міласэрнасці, фарміраванне асобы. Ёсць у гэтым і прафарыентацыйны момант: навучэнцы даведваюцца аб развіцці сацыяльнай сферы ў нашай краіне, што можа паўплываць на іх далейшы прафесійны выбар. Мяркуецца ахапіць гэтым праектам усе рэгіёны краіны.

— Ці ўплываюць маладзёжныя кірмашы вакансій на працаўладкаванне моладзі?

— У красавіку мы правялі ўжо трэці рэспубліканскі маладзёжны кірмаш вакансій. Такія мерапрыемствы садзейнічаюць працаўладкаванню як навучэнскай мола­дзі, так і выпускнікоў навучальных устаноў. Кірмашы праходзілі ў кожным рэгіёне на працягу некалькіх дзён. Вакансіі прапаноўвалі прамысловыя прадпрыемствы, арганізацыі гандлю, гасцінічнага і рэстараннага бізнесу, лясной і сельскай гаспадаркі. Спецыялісты дзяржаўнай службы занятасці на месцы давалі кансультацыі аб відах работ, працоўных гарантыях і г.д.

У параўнанні з мінулымі гадамі колькасць наймальнікаў і ўдзельнікаў сёлетняга кірмашу істотна ўзрасла. Удзел у ім прынялі больш за 50 тысяч маладых лю­дзей. Нагадаю, што за 2024 год пры дапамозе службы занятасці працаўладкавана больш за 55 тысяч чалавек. Ужо за першыя 4 месяцы гэтага года колькасць працаўладкаваных склала больш за 8,5 тысячы маладых людзей, што ў 1,3 разу больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Сферы працаўладкавання пашыраюцца — гэта бытавыя паслугі, грамадскае харчаванне, ЖКГ, будаўнічыя арганізацыі, сельская гаспадарка.

***

Звернем увагу на палажэнне аб парадку арганізацыі і фінансавання часовай працоўнай занятасці ў вольны ад вучобы час моладзі, якая вучыцца ва ўстановах адукацыі, зацвержанае пастановай Савета Міністраў ад 23.06.2010 № 958. Наймальнікі, якія арганізоўваюць часовую працоўную занятасць моладзі з прыцягненнем сродкаў бюджэту фонду, прадастаўляюць у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы свайго знахо­джання заяву аб выдзяленні грашовых сродкаў на арганізацыю часовай працоўнай занятасці моладзі з указаннем колькасці і пераліку свабодных і створаных часовых дадатковых працоўных месцаў, відаў работ і памеру аплаты працы.

Да заявы прыкладаюцца разлікі фінансавых затрат (каштарысы расходаў) на арганізацыю часовай працоўнай занятасці моладзі. У сваю чаргу органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне з улікам фактычнай наяўнасці маладых грамадзян, якія маюць патрэбу ў часовым працаўладкаванні, наяўнасці фінансавых сродкаў разглядаюць прадстаўленыя наймальнікамі дакументы па арганізацыі часовай працоўнай занятасці моладзі і па ўзгадненні з камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкамаў пры­маюць рашэнне аб вы­дзяленні (не вы­дзяленні) грашовых сродкаў на арганізацыю часовай працоўнай занятасці моладзі.

Пасля гэтага органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне заключа­юць дагаворы з наймальнікамі аб арганізацыі і фінансаванні часовай працоўнай занятасці моладзі. Фінансаванне накіроўваецца на набыццё спецадзення, інвентару, інструментаў, матэрыялаў, бланкаў працоўных кніжак, аплату працы. Пры гэтым затраты на набыццё спецадзення, інвентару, інструментаў і матэрыялаў, неабходных для правядзення работ, а таксама бланкаў працоўных кніжак не могуць перавышаць 50% затрат згодна з каштарысам расходаў па кожным дагаворы аб арганізацыі і фінансаванні часовай працоўнай занятасці моладзі.

З моладдзю, накіраванай  органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне для часовага працаўладкавання, заключаюцца тэрміновыя працоўныя дагаворы. Такім чынам, на кожнага з маладых людзей распаўсюджваюцца нормы Працоўнага кодэкса Рэс­публікі Беларусь і заканадаўства аб ахове працы.

У самім дагаворы, які заклю­чаецца з навучэнцамі, асаблівасцей няма. Інструктаж па бяспецы і ахове працы праводзіцца такі ж, як і з дарослымі работнікамі той ці іншай працоўнай сферы.

Источник: https://nastgaz.by

 

поделиться в: