Нам даверана памяць. Рэалізуецца акцыя “Прыйдзі і пакланіся”
24.04.2025
Дашкольнікі Дзятлаўшчыны далучыліся да абласной акцыі “Прыйдзі і пакланіся”.
Як расказала метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярына Гайдук, акцыя ініцыявана Саветам кіраўнікоў установаў дашкольнай адукацыі Прынёмання і скіравана на ўвекавечанне і захаванне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны.

У розных кутках Беларусі, якая ў агні ваеннага ліхалецця 1941-1945 гадоў страціла кожнага трэцяга свайго жыхара, нямала мемарыяльных комплексаў і манументаў, прысвечаных трагічным падзеям той крывавай і страшнай вайны.
У рамках абласной акцыі выхаванцы ўстановаў дашкольнай адукацыі ў сваёй мясцовасці наведалі памятныя мясціны і месцы пахаванняў ахвяраў фашызму, усклалі да іх кветкі.

Напярэдадні з дзецьмі праводзіліся гутаркі аб Вялікай Айчыннай вайне, аб тым, як шмат у час яе загінула нявінных дзяцей і дарослых. Маленькіх жыхароў раёна заклікалі паразважаць, які каштоўны для нас мір і чаму варта берагчы памяць аб загінулых. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся аб подзвігу беларускага народа.


Праз такія мерапрыемствы, упэўнена Кацярына Гайдук, выхаванцам установаў дашкольнай адукацыі прывіваюцца гуманізм, суперажыванне чужой бядзе, велікадушнасць, у цэлым вызначаюцца адносіны дзіцяці да міру, выхоўваецца патрыятызм.
Источник: https://diatlovonews.by