РУС БЕЛ ENG 中文

Як гімназія № 5 Гродна выхоўвае таленты для розных відаў мастацтва

24.04.2025

 

Гімназія № 5 Гродна з 2022 года носіць імя майстра літаратурнага слова Уладзіміра Караткевіча, а на працягу свайго існавання выхоўвае таленты для розных відаў мастацтва. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Установа адукацыі даўно зарэкамендавала сябе як самая творчая ў вобласці. Сёння тут дзейнічае 7 узорных калектываў, а ўсе вучні з 1 па 9 клас наведваюць факультатывы эстэтычнай накіраванасці.

— Свой летапіс наша ўстанова вядзе з 1975 года. І ўжо тады пазіцыянавала сябе як школа з эстэтычным ухілам. Дарэчы, у 2004 годзе статус гімназіі мы атрымалі якраз дзякуючы развіццю гэтага кірунку, — адзначае дырэктар Вольга Хітрушка.

Актыўна развіваюць тут 4 кірункі: харэаграфічнае, музычнае, тэатральнае і выяўленчае мастацтва. Найстарэйшы сярод пералічаных — апошні напрамак, і, калі была школьніцай, менавіта ў гэтай установе адукацыі цесна знаёмілася з ім цяперашні кіраўнік Вольга Генадзьеўна.

— У калектыве шмат педагогаў, якія скончылі гэтую школу. Сёння такіх 12, а хутка будзе больш. Пяцёра нашых выпускнікоў атрымліваюць педагагічную адукацыю як мэтавікі і вернуцца ў гімназію ўжо ў статусе педагогаў, — адзначае дырэктар.

Многія жыхары Гродна кожны год імкнуцца трапіць на справаздачны канцэрт творчых калектываў гімназіі. Праходзіць ён заўсёды з размахам. Каб прыняць усіх жадаючых, канцэрт арганізуецца на вялікай сцэне — у абласным драмтэатры. А ў гэтым годзе нават адбудзецца на галоўнай канцэртнай пляцоўцы Гро­дзеншчыны — у абласной філармоніі.

Усе першакласнікі гімназіі, як жартам адзначаюць педагогі, штогод праходзяць творчы тэхагляд. І ўжо згодна з рэкамендацыямі кіраўнікоў творчых калектываў выбіраюць кірунак для эстэтычнага развіцця. Традыцыйна “А” клас — танцоры, “Б” — мастакі, “В” — музыканты, “Г” — тэатралы. Самыя запатрабаваныя кірункі з году ў год — мастацкі і тэатральны.

У пасведчанні аб базавай адукацыі ў выпускнікоў 5-й гімназіі абавязкова пазначаны творчы адукацыйны аспект — упісаны ўсе факультатывы, якія засвоіў вучань.

— Творчае развіццё спрыяе многаму. Галоўным чынам размова ідзе пра выхаванне мастацтвам, уменне прадстаўляць сябе і ўпэўнена трымацца ў незнаёмым калектыве. Работа ў групах для вучняў нашай гімназіі — вельмі эфектыўная форма, паколькі ўсе яны ўмеюць узаемадзейнічаць у тым ліку ў творчых калектывах. Акрамя таго, захапленне мастацтвам — гэта яшчэ і карысная занятасць, — дадае суразмоўніца.

Каля 30 працэнтаў першакласнікаў тут набіраюць з дзяцей, якія адносяцца да гімназіі па прапісцы. І ўсё ж прыкметная большасць — юныя жыхары розных мікрараёнаў, якія мэтанакіравана ідуць за творчым складнікам у навучанні.

Сёння адукацыйны працэс у гімназіі арганізаваны больш чым для тысячы навучэнцаў, а штодзённы дыялог з імі будуюць 124 педагогі. Сярод іх 75 працэнтаў настаўнікаў маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, а настаўніка-метадыста Надзею Някрэвіч як члена рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства ведаюць далёка за межамі ўстановы адукацыі.

— Наша гімназія заканамерна з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па маральным і эстэтычным выхаванні навучэнцаў. Ва ўстанове арганізавана работа філіялаў кафедр выяўленчага і музычнага мастацтва ГрДУ імя Янкі Купалы. Супрацоўнічаем мы і з Гродзенскім дзяржаўным каледжам мастацтваў. Студэнты і навучэнцы праходзяць у нас педпрактыку па прадметах эстэтычнага цыкла, — звяртае ўвагу дырэктар.

Толькі ў мінулым годзе тут прайшло больш за 90 конкурсаў, канцэртаў і выстаў. Творчыя калектывы гімназіі прынялі ўдзел больш чым у 200 канцэртах і конкурсах за межамі ўстановы адукацыі і заваявалі 197 дыпломаў, уключаючы 43 міжнароднага ўзроўню, 18 — рэспубліканскага і 55 — абласнога.

— Мастацтва развівае вобразнае і абстрактнае мысленне, вакамер. Усё гэта спатрэбіцца нашым выпускнікам нават у прафесіях, не звязаных з мастацтвам. Акрамя таго, выхаванне мастацтвам — гэта яшчэ і магчымасць заўважаць прыгожае ў простым і звычайным на працягу ўсяго жыцця, — адзначае настаўніца выяўленчага мастацтва Алена Захарэвіч.

Выпускнікі гімназіі актыўна праяўляюць сябе і ў папулярных калектывах. Чацвёра, напрыклад, з’яўляюцца артыстамі ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя росы”, Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”. Скончылі 5-ю гімназію і некаторыя з танцораў папулярнага не толькі ў Гродне музычнага тэатра “Рада”.

Источник:https://nastgaz.by

поделиться в: