Аб тэматыцы праекта «ШАГ» у гэтым навучальным годзе расказалі ў Міністэрстве адукацыі
21.12.2023Пра школу актыўнага грамадзяніна, напрамкі яе развіцця карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Асмалоўская.
— Таццяна Вітальеўна, сёння праект “Школа актыўнага грамадзяніна”, як кажуць, добра прыжыўся ў нашай сістэме адукацыі. З кожным годам ён пашырае свае маштабы, а яго тэматыка становіцца больш разнастайнай.
— Праекту ўжо 4 гады. Дзякуючы яго рэалізацыі, за гэты час зроблена вельмі шмат у выхаванні духоўнасці, грамадзянскасці, патрыятызму нашых навучэнцаў. Менавіта на гэта і быў скіраваны праект пры стварэнні. ШАГ дапамог нам пашырыць і разнастаіць інфармацыйнае асяроддзе для нашых навучэнцаў, каб паспрыяць фарміраванню іх асобы, высокіх чалавечых якасцей, светапогляду юных грамадзян, павысіць іх актыўнасць у грамадскім жыцці. Праект “ШАГ” дазваляе сканцэнтраваць увагу навучэнцаў на сацыяльна значных падзеях, якія адбываюцца ў краіне, на асэнсаванні ўласнага жыцця, прафесійным станаўленні, спрыяе ўсведамленню сваёй асабістай пазіцыі ў жыцці нашай краіны.
— Калі вы аналізавалі дзейнасць устаноў адукацыі па рэалізацыі праекта, на што звярнулі ўвагу?
— Пры правядзенні школы актыўнага грамадзяніна ўстановы адукацыі, па сутнасці, маюць розныя ўмовы і падыходы. Гэта можа залежаць ад рэгіянальнага размяшчэння навучальнай установы, ад колькасці школьнікаў, якія ў ёй вучацца, ад прыярытэтаў тэматыкі. Але гэта зусім не перашкаджае рэалізацыі праекта. Кожная ўстанова стварае сваю, асабістую і асаблівую пляцоўку для інфармавання, выкарыстоўваючы пры гэтым найбольш эфектыўныя формы і метады, уласцівыя навучальнай установе. Можна сказаць, што кожны ШАГ па-свойму непаўторны і арыгінальны. Пры рэалізацыі інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ” педагогі школ імкнуцца арыентавацца на рэгіянальныя асаблівасці і магчымасці, вызначаюць тэматыку сустрэч згодна з інтарэсамі і запытамі свайго калектыву.
— А як самі навучэнцы ставяцца да праекта?
— Хачу адзначыць, што за перыяд рэалізацыі праекта вырасла актыўнасць і зацікаўленасць навучэнцаў у правядзенні школы актыўнага грамадзяніна. Маладое пакаленне адкрыта да новых, творчых ініцыятыў і гатова іх рэалізоўваць. Навучэнцам вельмі цікавыя мерапрыемствы, якія закладзены ў праект, і яны з радасцю сустракацца з ганаровымі асобамі: дзяржаўнымі і грамадскімі дзеячамі, палітыкамі, пісьменнікамі, журналістамі, медыйнымі персонамі, са сваімі землякамі, якія карыстаюцца павагай і пашанай. У час правядзення такіх сустрэч навучэнцы могуць не толькі задаць пытанні, але і падзяліцца сваімі меркаваннямі па тых ці іншых сацыяльна значных падзеях, зрабіць адпаведныя высновы, будаваць планы на будучыню.
На занятках у школе актыўнага грамадзяніна навучэнцы вучацца арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, вызначаць значныя падзеі, разумець дзяржаўна-грамадскія адносіны, фарміраваць уласную пазіцыю ў грамадскім жыцці, быць актыўным і адказным. Вельмі важна, каб пры рэалізацыі інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ” прымяняўся не фармальны падыход. Неабходна адчуваць патрэбы і запыты навучэнскага калектыву, улічваць іх інтарэсы, шматгранна выкарыстоўваць магчымасці самога рэгіёна, патэнцыял яго жыхароў, якія штодзённай працай мацуюць гонар сваёй Радзімы.
— Таццяна Вітальеўна, раскажыце пра сёлетні праект. Якой тэмай ён абагульнены?
— Ключавая ідэя рэалізацыі праекта “ШАГ” для 8—11 класаў — расказаць навучэнцам аб найважнейшых дасягненнях нашай краіны за гады незалежнасці, выкарыстоўваючы пры гэтым прыклады знакавых падзей, якія характарызуюць развіццё розных сфер грамадскага жыцця нашай краіны, вынікі працы ў эканоміцы і сацыяльнай сферы. Каб заняткі школы актыўнага грамадзяніна былі найбольш эфектыўнымі, запамінальнымі, дзейснымі для нашых навучэнцаў, мы запрашаем на інфармацыйныя гадзіны прадстаўнікоў дзяржаўных органаў кіравання, навукі, мастацтва, спорту, сілавых структур, медыйных асоб.
Правядзенне праекта мае адпаведную нарматыўную базу. Гэта інструктыўна-метадычнае пісьмо Міністэрства адукацыі “Асаблівасці арганізацыі выхаваўчай, ідэалагічнай і сацыяльнай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2023/2024 навучальным годзе”, таксама распрацаваныя Нацыянальным інстытутам адукацыі адпаведныя рэкамендацыі. Можна выкарыстоўваць і дадатак “Інфармацыя для выкарыстання пры падрыхтоўцы мерапрыемстваў рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”.
Сёлетні ШАГ рэалізуецца пад агульным дэвізам “Радзіма мая Беларусь у асобах”. Але кожная новая інфармацыйная гадзіна мае сваю тэматыку. Напрыклад, першы ў гэтым навучальным годзе ШАГ быў прысвечаны развіццю ў нашай краіне фізкультуры і спорту і меў назву “Ад вясёлых стартаў — да алімпійскіх вяршынь” (аб легендах і героях беларускага спорту, развіцці гэтай галіны ў нашай краіне). На сустрэчы з вучнямі ўстаноў адукацыі былі запрошаны вядомыя спартсмены, прадстаўнікі прафесій, звязаных з фізічнай культурай і спортам, супрацоўнікі галіновага міністэрства, іншых структур. Мерапрыемствы прайшлі ў навучальных установах усіх рэгіёнаў.
Так, напрыклад, у сярэдняй школе № 13 Барысава адбылася сустрэча навучэнцаў 11 класа з беларускім цяжкаатлетам, заслужаным майстрам спорту Рэспублікі Беларусь, алімпійскім чэмпіёнам свету па цяжкай атлетыцы А.Арамнавым. А навучэнцаў Івянецкай сярэдняй школы Валожынскага раёна наведаў выпускнік школы А.Шыкуць, удзельнік XII Параалімпійскіх гульняў, майстар спорту міжнароднага класа па веславанні і лыжных гонках. У сталічнай школе № 62 дыялогавая пляцоўка аб’яднала навучэнцаў, педагогаў і прадстаўнікоў Міністэрства спорту і турызму. У час гутаркі навучэнцы атрымалі шмат інфармацыі пра развіццё фізкультуры і спорту. Прайшоў парад спартсменаў — навучэнцаў школы.
— Пасля ў фокусе абмеркавання былі сямейныя каштоўнасці і традыцыі — адна з галоўных тэм для чалавека.
— Так, у кастрычніку мерапрыемствы праекта былі прысвечаны тэме “Радзіма мая Беларусь у асобах. Сям’я — пачатак усіх пачаткаў” аб ролі бацькоў у рознабаковым развіцці дзяцей, значэнні сям’і і сямейнага выхавання. Гаварылі пра маральныя асновы сям’і, яе ролю ў фарміраванні гарманічнай асобы, прыклад бацькоў, як стварыць шчаслівую сям’ю. На сустрэчы з навучэнцамі ўстаноў адукацыі былі запрошаны мнагадзетныя бацькі, прадстаўнікі духавенства, сацыяльныя партнёры. Заўважу, што міністэрства ўдзяляе вялікую ўвагу ролі сям’і ў выхаванні юных грамадзян, цеснаму супрацоўніцтву бацькоў і педагогаў. Сям’я — гэта вельмі важна для дзіцяці. У сям’і яно атрымлівае першыя ўяўленні аб навакольным свеце, спазнае маральныя каштоўнасці, вучыцца дабру, спагадзе, адказнасці. У рамках праекта “ШАГ” міністр адукацыі Андрэй Іванец сустрэўся са старшакласнікамі Княжыцкай сярэдняй школы, дзе гучала важная выснова: сям’я — гэта лепшы падарунак ў жыцці кожнага чалавека.
— Нядаўні ШАГ прысвячаўся героям працы, перадавікам прамысловасці і сельскай гаспадаркі.
— Назва яго гаворыць сама за сябе “У гэтай красе велічнай ёсць доля працы маёй”. У цэнтры абмеркавання — нацыянальныя брэнды ў сферы розных галін эканомікі: машынабудаванне, экалагічныя віды транспарту, калійныя ўгнаенні, сучасная медыцына, прамысловы турызм і многія іншыя. Асобным напрамкам мы ўзялі развіццё аграрных прафесій і ўзняцце іх прэстыжу сярод моладзі. Мы імкнуліся паказаць асаблівасці работы ў галіне сельскай гаспадаркі, патрабаванні да прафесійных і асобасных якасцей работнікаў, сацыяльнае развіццё вёскі і тым самым выклікаць павагу да людзей працы, пачуццё гонару за прафесію бацькоў і землякоў, матывацыю да працоўнай прафесійнай дзейнасці. У гэты дзень у госці да школьнікаў завіталі работнікі сельскай гаспадаркі, іх знакамітыя землякі-хлебаробы. Быў праведзены брыфінг, а таксама выкарыстоўваліся элементы тэлевізійнага праекта “100 пытанняў даросламу”. Пры адсутнасці магчымасці запрасіць земляка, паспяховага работніка вытворчасці або сельскай гаспадаркі, ініцыятыўная група навучэнцаў падрыхтавала прэзентацыю аб знакамітых людзях-працаўніках. Прэзентацыя можа ўключаць аўдыяматэрыялы, відэасюжэты, у тым ліку знятыя самімі навучэнцамі, інтэрв’ю, успаміны, пажаданні і г.д.
Пры арганізацыі работы на гэтым этапе праекта важна данесці навучэнцам, што не толькі высокія ўзнагароды, званні і пасады сведчаць аб тым, што ўклад чалавека ў развіццё сваёй краіны варты высокай ацэнкі. Штодзённая карпатлівая, добрасумленная праца, клопат аб сваёй сям’і, актыўная грамадзянская пазіцыя, любоў да сваёй справы, Радзімы, прыхільнасць маральным ідэалам — усё тое, што, бясспрэчна, можна аднесці да характарыстык лепшых беларусаў.
Наступная тэма праекта “Радзіма мая Беларусь у асобах” будзе называцца “Захавальнікі прыгожага” і будзе прысвечана дзеячам культуры і мастацтва нашай краіны.
— Як праводзіцца ШАГ для вучняў 5—7 класаў?
— Мерапрыемствы праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” для вучняў 5—7 класаў праводзяцца ва ўстановах адукацыі ў рамках класных гадзін. Тэма і змест іх вызначаюцца класным кіраўніком для свайго класа ў рамках тэматычных блокаў. Форма правядзення класнай гадзіны ў рамках праекта выбіраецца класнымі кіраўнікамі з улікам узросту навучэнцаў, асаблівасцей і патрэбнасцей класнага калектыву, існуючых традыцый, наяўных рэсурсаў. Такія класныя гадзіны могуць праводзіцца ў музеях і музейных пакоях устаноў адукацыі, падчас экскурсій на прадпрыемствы, звязаных па тэматыцы з праектам “ШАГ”. І такая практыка сёння развіваецца.
Таксама ў рамках праекта рэалізуецца адкрыты дыстанцыйны марафон праектаў “Мы дзейнічаем!”, які дае магчымасць настаўнікам, навучэнцам і іншым зацікаўленым падзяліцца вопытам рэалізацыі сацыяльных праектаў і ініцыятыў. Праекты афармляюцца ў форме відэасюжэтаў, відэаролікаў, відэакліпаў, фотакалажаў, прэзентацый, слайд-шоу, камп’ютарнай графікі, а таксама размяшчаюцца на нацыянальным адукацыйным партале (https://vospitanie.adu.by/shkola-aktivnogo-grazhdanina/shag-my-dejstvuem.html / Арганізацыя выхавання / Школа Актыўнага Грамадзяніна / “КРОК”: Мы дзейнічаем!”).
— А ці ёсць метадычная падтрымка праекта?
— Міністэрствам ініцыіраваны выпуск серыі кніг невялікага фармату на рускай і беларускай мовах, у якіх у даступнай для дзяцей форме расказваецца пра галоўныя сімвалы краіны. Туды ўвайшлі кнігі “Герб, сцяг, гімн: дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь”, “Краіна, у якой я жыву”, “Беларускія школьнікі — героі Вялікай Айчыннай вайны”, “Дасягненні беларускага спорту”, “Святочны калейдаскоп. Беларускія народныя традыцыі”. У Княжыцкай школе прайшла прэзентацыя кніжнай серыі, кнігі якой паспрыяюць выхаванню нашых юных грамадзян, каб кожны мог ганарыцца гісторыяй і нацыянальнымі традыцыямі сваёй краіны. Вельмі важна, каб гэтаму спрыяла і дзейнасць бацькоўскіх універсітэтаў.
Источник:https://nastgaz.by