РУС БЕЛ ENG 中文

У моўным ланцужку. Як педагагічная ініцыятыва развівае любоў да роднага слова ў дашкольнікаў

13.11.2026

Сацыяльныя сеткі дзіцячых садоў краіны стракацяць нацыянальнымі касцюмамі, напоўнены гучаннем беларускіх песень і адметных слоў, якія вучаць малышы, — у дашкольных установах праходзіць акцыя “Моўны ланцужок”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У дзіцячым садзе № 14 Слоніма трапілі на сапраўдны кірмаш — свята гандлю, народных песень і гульняў. Дашкаляты з цікавасцю выбіралі тавары, абменьваючыся пажаданнямі і пытаннямі на роднай мове. Так, у нязмушанай гульнявой атма­сферы яны вывучалі галоўнае слова дня — “кірмаш”.

Побач з гандлёвымі радамі ў вучэбным кабінеце яны, ужо седзячы за камп’ютарамі, працягвалі навучанне, засвойваючы словы, якія можна пачуць на кірмашы. Спалучэнне традыцыйных і сучасных падыходаў пера­тварыла вывучэнне беларускай мовы ў захапляльны працэс — дзеці з энту­зіязмам выконвалі ўсе заданні.

Беларускае слова ў гэтым дзіцячым садзе гучыць не толькі ў асобныя дні. У дашкольнай установе з 2020 года функцыянуе група з беларускай мовай навучання. Цяпер яе наведвае 21 дзіця старэйшага дашкольнага ўзросту.

Для развіцця моўных навыкаў у навучальнай установе дзейнічае міні-музей “Беларуская хатка”, які імітуе абстаноўку вясковага дома пачатку ХХ стагоддзя, развіваецца тэатральна-гульнявая дзейнасць.

— Дзеці разам з педагогамі рых­туюць спектаклі па матывах беларускіх казак, завучваюць вершы, што ў далейшым дазваляе ім лёгка запамінаць беларускія словы, выкарыстоўваць іх падчас драматызацыі, а затым і ў што­дзённым жыцці, — адзначыла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Аксана Хвядук.

З асаблівым трапятаннем у дзіцячым садзе ставяцца да беларускіх народных свят і традыцый.

— Усе святы адзначаем разам з дзецьмі і бацькамі. Апранаем нацыянальныя касцюмы, спяваем песні і тлумачым сэнс кожнага абраду. Калядкі, Масленіца, Саракі — гэта не толькі зай­мальныя падзеі, але і выдатная магчымасць паглыбіць веды дзяцей пра беларускую культуру і мову. Дашкаляты даведваюцца значэнне слоў, звязаных са святамі, развучваюць прыпеўкі і вершы, практыкуюцца правільна вымаўляць і выкарыстоўваць у размове беларускую лексіку. Дзякуючы гэтаму нашы дзеці адчуваюць сябе часткай багатай гісторыі і традыцый свайго народа, — працягнула Аксана Анатольеўна.

А мультымедыйныя прэзентацыі, інтэрактыўныя дошкі, навучальныя праграмы і відэаролікі дазваляюць арганізоўваць адукацыйны працэс у зай­мальнай форме, развіваючы ў дзяцей увагу і вобразную памяць. Укараненне гульнявых тэхналогій (блокі Дзьенеша, палачкі Кюізенера) спрыяюць фарміраванню ў выхаванцаў нестандартнага мыслення і сацыяльных навыкаў, ТРВЗ-тэхналогія развівае іх творчае ўяўленне, сістэмнае мысленне, уменне знаходзіць арыгінальныя рашэнні ў складаных сітуацыях. Педагогі дашкольнай установы ўвесь час пашыраюць спектр метадычных інструментаў.

Бацькі таксама актыўныя ўдзельнікі сумесных мерапрыемстваў і майстар-класаў. Яны з ахвотай ствара­юць беларускамоўныя куткі дома, дзе размяшчаюць кнігі айчынных аўтараў, цацкі і малюнкі, якія дзеці прыносяць пасля заняткаў у садзе.

— Такая ініцыятыва дапамагае падтрымліваць моўнае асяроддзе за межамі дашкольнай установы. Акрамя таго, праводзім сумесныя тэматычныя сустрэчы, прысвечаныя вывучэнню беларускай мовы ў сям’і. Бацькі ствараюць сямейныя зборнікі казак, падбіраюць матэрыялы па гісторыі роднага краю. Такая дзейнасць узбагачае і ўмацоўвае сувязі з сям’ёй, — лічыць Аксана Хвядук.

Удзел у праектах “Моўны ланцужок” і “Слова тыдня” стаў натхняльным і для педагогаў дзіцячага сада № 14 Слоніма, і для дзяцей з бацькамі.

— Мы актыўна далучыліся да гэтых ініцыятыў. Іх рэалізацыя — гэта цэлы комплекс мерапрыемстваў, які ператварае знаёмства дзяцей з новым словам у захапляльнае падарожжа. А каб слова ўвайшло ва ўжытак, веды замацоўваюцца падчас дыдактычных і інтэрактыўных гульняў, выканання творчых заданняў. На працягу ўсяго тыдня новае слова інтэгруецца ў жыццё групы. А дзякуючы падтрымцы бацькоў яго вымаўленне і значэнне замацоўваюцца дома. Для гэтага нашы педагогі прапануюць простыя, але эфектыўныя формы работы: пашукаць вывучаемае слова ў кнігах, зрабіць малюнак або прыдумаць невя­лікую гісторыю, звязаную з ім, — паведаміла Аксана Анатольеўна.

Каб пашырыць значэнне слова “кірмаш”, можна наведаць мясцовы рынак, які яшчэ можна назваць базарам, і ў выніку вывучыць цэлых тры словы. Дарэчы, цэнтральны рынак у Слоніме — вельмі каларытная гандлёвая пляцоўка са сваёй гісторыяй.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: