Як выкарыстоўваць дыстанцыйны фармат і чат-боты, расказалі педагогі падчас навукова-практычнай канферэнцыі
13.12.2023Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Эфектыўны педагагічны вопыт: ад тэорыі да практыкі” стала пляцоўкай для абмену перадавым педагагічным і кіраўніцкім вопытам.
Спектр задач
Пра механізмы, прыярытэты і перспектывы кіравання працэсамі прафесійнага развіцця педагога расказаў настаўнік-метадыст дырэктар гімназіі № 2 Ваўкавыска Аляксандр Лічык.
”Якой павінна быць сістэма падтрымкі педагогаў ва ўстанове адукацыі, якія ўмовы павінны выконвацца, каб настаўнікі не толькі разумелі сваё прафесійнае прызначэнне, але і імкнуліся праз развіццё сябе як педагога да развіцця кожнага свайго вучня і развіцця ўстановы адукацыі (сістэмы адукацыі) у цэлым?” — задаў пытанні Аляксандр Анатольевіч.
У сваім выступленні ён абапіраўся на навуковыя работы расійскага дзеяча адукацыі, кандыдата педагагічных навук, заслужанага настаўніка Расійскай Федэрацыі А.Н.Тубельскага.
“Кожны ўрок настаўніка ёсць час утварэння (“стварэння вобраза чалавека”, паводле Ш.А.Аманашвілі), час развіцця кожнай канкрэтнай асобы і калектыву дзяцей у цэлым. І з разумення сваёй ролі, місіі пачынаецца настаўнік, пачынаецца развіццё яго пачуцця ўласнай і прафесійнай годнасці”, — адзначыў Аляксандр Анатольевіч.
Наступным этапам з’яўляецца суправаджэнне педагога. Аляксандр Лічык падкрэсліў, што кіраўнік установы адукацыі павінен не проста ведаць сваіх настаўнікаў, ён павінен пражываць з імі іх поспехі і няўдачы, вучыцца разумець тое, што адбываецца, і вучыць гэтаму кожнага педагога. Акрамя таго, важна абмяркоўваць з настаўнікамі іх прафесійныя межы, метадычныя і тэхналагічныя прыярытэты.
“Уключэнне дзяцей у працэсы развіцця школы — неад’емны атрыбут сучаснага школазнаўства. Развіццё маральных і этычных норм адбываецца эфектыўна, калі дзеці з’яўляюцца аўтарамі і носьбітамі гэтых правіл. Гульнявая прастора школы дае магчымасць уключаць максімальную колькасць удзельнікаў у рэалізуемыя не інавацыі, а выніковыя аўтарскія праекты, значныя не толькі для ўдзельнікаў гульні, але і для навакольнага сацыяльнага асяроддзя. Такім чынам, гульня выступае як асобны самастойны праект, а працэс адукацыі будуецца як цыкл гэтых узаемазвязаных праектаў, якія маюць адзіную накіраванасць і бачныя, зразумелыя для дзіцяці падставы. Навучэнец у такім выпадку павінен быць суб’ектам адукацыі, а праект павінен разглядацца ў кантэксце адукацыйнай сітуацыі.
Аўтарскае праектаванне стварае магчымасці для прафесійнага развіцця, дазваляе педагогу зразумець важнасць асваення магчымасцей усёй школьнай прасторы. Адсюль і адна з задач дырэктара — уцягванне настаўнікаў у праекты і вывад гэтых праектаў на ўзровень як мінімум агульнашкольных”, — прадоўжыў А.А.Лічык.
Ён рэзюмаваў: у спектр задач дырэктара трывала ўваходзіць работа з прафесійнай свядомасцю педагогаў праз стварэнне рэальнасці, якая дае магчымасць прафесійнага выбару і прафесійнага развіцця на аснове крышталізацыі ідэй і ўкаранення іх у практыку з наступным тэарэтычным апісаннем, што з’яўляецца прамым заахвочваннем да творчасці.
Дыстанцыйны фармат
Намеснік дырэктара сярэдняй школы № 5 Салігорска імя Героя Савецкага Саюза У.І.Казлова настаўнік-метадыст Алена Волкава звярнулася да праблемы фарміравання прафесійных кампетэнцый педагогаў у фармаце дыстанцыйнага навучання.
Алена Іванаўна агучыла заканамернасць: сучасны адукацыйны працэс патрабуе ад педагога пастаяннага абнаўлення ведаў і навыкаў, а дыстанцыйны фармат павышэння кваліфікацыі дазваляе атрымліваць актуальную інфармацыю і ўдасканальвацца без адрыву ад асноўнай дзейнасці.
“Дыстанцыйны фармат значна павышае эфектыўнасць педагагічнай самаадукацыі: анлайн-узаемадзеянне дазваляе індывідуалізаваць працэс навучання і арганізаваць абмен вопытам, што спрыяе больш эфектыўнаму засваенню прапанаванага матэрыялу”, — адзначыла намеснік дырэктара.
Затым яна падзялілася вопытам арганізацыі і правядзення дыстанцыйнага практыка-арыентаванага міні-курса для настаўнікаў-прадметнікаў “Лічбавая дыдактыка: адукацыйны працэс ва ўмовах лічбавага грамадства”, які быў арганізаваны ў іх навучальнай установе па ініцыятыве цэнтра агульнай сярэдняй адукацыі Гродзенскага інстытута развіцця адукацыі.
“У рамках курса для індывідуалізацыі працэсу навучання спалучаліся сінхронны і асінхронны фарматы. Тэарэтычныя аспекты разглядаліся на вэбінарах, да таго ж удзельнікам курса была прадастаўлена магчымасць у анлайн-рэжыме засвоіць методыку стварэння інтэрактыўных дыдактычных рэсурсаў у рамках тэматычных кансультацый ад вядучых курса. У асінхронным рэжыме прапаноўвалася выкананне заданняў практыкумаў. Акрамя таго, удзельнікам курса былі прадастаўлены запісы праведзеных вэбінараў для наступнага дэталёвага вывучэння.
Для павышэння эфектыўнасці навучання было створана лічбавае адукацыйнае асяроддзе курса, якое ўключала сайт курса (Google-сайт), сістэму анлайн-трэнажораў і інтэрактыўных заданняў (сэрвісы Google), камплект аўтарскіх відэаінструкцый, спецыяльна створаных для курса (сэрвіс для стварэння відэапаведамленняў loom), комплекс зваротнай сувязі (анлайн-дошка padlet, e-mail-рассылка, тэматычныя анлайн-кансультацыі, адкрытыя анлайн-табліцы як экран выканання заданняў). Сайт курса даступны для прагляду па спасылцы https://goo.su/Jrje”, — расказала Алена Іванаўна.
Каштоўна, што ў працэсе навучання ўдзельнікі курса не толькі атрымалі актуальныя веды па лічбавай дыдактыцы, але і засвоілі метадычны аспект выкарыстання атрыманых ведаў у сваёй педагагічнай практыцы. Па выніках навучання кожны атрымаў адукацыйны прадукт, які дазволіў замацаваць атрыманыя веды і навыкі: пакет прэзентацый вэбінараў, камплект відэаінструкцый, створаны ў працэсе навучання Google-клас, чатыры ўласнаствораныя інтэрактыўныя анлайн-рэсурсы па сваім вучэбным прадмеце. Прычым усе практыкаванні, створаныя ўдзельнікамі, па папярэдняй дамоўленасці знаходзяцца ў агульным доступе — для абмену вопытам паміж удзельнікамі курса.
Адукацыя праз чат-бот
Настаўнік-метадыст настаўніца біялогіі гімназіі № 2 Пінска Таццяна Пархамчук прааналізавала варыянты выкарыстання чат-ботаў, якія валодаюць магчымасцю аўтаматызацыі і персаналізацыі навучання.
Таццяна Віктараўна найперш заўважыла, што чат-боты з’яўляюцца шматабяцальным інструментам для бесперапыннай педагагічнай адукацыі настаўнікаў.
“Чат-боты можна класіфікаваць па платформе ўкаранення, тэхналогіі распрацоўкі, спосабе зносін з карыстальнікамі і функцыянальнасці. Яны могуць быць простымі, як, напрыклад, чат-боты ў Telegram, якія выконваюць толькі адну задачу, а могуць валодаць штучным інтэлектам, як Siri. У залежнасці ад прынцыпу работы, вылучаюць вучэбныя і невучэбныя чат-боты. Невучэбныя чат-боты працуюць па загадзя зададзеным сцэнарыі і прапаноўваюць гатовыя варыянты адказаў. Вучэбныя чат-боты распрацаваны з дапамогай тэхналогіі штучнага інтэлекту. Яны могуць задаваць удакладняльныя пытанні, каб даведацца мэту пошуку, і прапаноўваюць варыянты адказаў, зыходзячы з запытаў настаўніка”, — расказала Таццяна Віктараўна.
Настаўнікі часцей за ўсё выкарыстоўваюць вучэбныя чат-боты. Яны прадастаўляюць інфармацыю аб новых метадах выкладання, прапаноўваюць матэрыялы для самастойнага вывучэння і адказы на тыпавыя пытанні, што дазваляе настаўнікам атрымліваць інфармацыю і падтрымку, зыходзячы са сваіх патрабаванняў.
Чат-боты здольныя да рэалізацыі прынцыпу мікранавучання, калі настаўнік атрымлівае інфармацыю не ў поўным аб’ёме, а дазіравана, порцыямі. Да плюсоў такога навучання можна аднесці сучасны фармат, эфектыўнасць засваення матэрыялу за кошт яго парцыённай падачы і эканамічную мэтазгоднасць.
“Чат-бот можа служыць інструментам для падтрымкі вэбінараў, курсаў і семінараў. Праз чат-бот можна даваць адказы на частыя пытанні і тым самым знізіць нагрузку на арганізатараў і выкладчыкаў. Настаўнікі, праводзячы вэбінары, анлайн-курсы праз чат-боты, стымулююць інтэрактыўнасць і ўцягнутасць удзельнікаў дзякуючы выкарыстанню гульнявых элементаў, апытанняў, віктарын і іншых форм навучання, а таксама збіраюць і аналізуюць даныя аб задаволенасці, прагрэсе і выніковасці ўдзельнікаў.
Чат-бот можа быць выкарыстаны і для распаўсюджвання ўласнага педагагічнага вопыту. Пры напісанні работы на катэгорыю можна прадставіць не толькі тэарэтычны матэрыял, але і практычны ў выглядзе чат-бота, які будзе дэманстраваць прыклады, рашаць задачы, даваць парады і падказкі. Такі чат-бот можа быць карысны не толькі для аўтара работы, але і для іншых настаўнікаў, якія хочуць вывучыць і рэалізаваць на сваіх уроках ідэі аўтара работы”, — зазначыла Таццяна Пархамчук.
Источник: https://nastgaz.by