Дзятлаўчане – сярэбраныя прызёры рэспубліканскай “Зарніцы”
01.07.2025
Клуб “Мужнасць” аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама стаў віцэ-чэмпіёнам ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”, якая сёлета сабрала 120 юных удзельнікаў з 12 ваенна-патрыятычных клубаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.


Сімвалічна, што старт спаборніцтваў быў дадзены на мінскім Кургане Славы ў юбілейны 80-ы год Вялікай Перамогі. Удзельнікі конкурсу здзейснілі экскурсію па мемарыяльным комплексе і ўсклалі кветкі да помніка. Знаёмства з гісторыяй стварэння мемарыяла стала для іх натхняльным напамінам пра подзвігі продкаў.


На працягу двух дзён на базе Цэнтра падрыхтоўкі кадраў МУС у Гаранях каманды спаборнічалі ў дзесяці ваенна-прыкладных дысцыплінах. Канкурсанты дэманстравалі навыкі тактыкі, арыентавання, аказання першай дапамогі, веданне гісторыі сваёй Радзімы. “Зарніца” стала сапраўднай праверкай на трываласць і камандны дух для будучых абаронцаў Айчыны.









Першае месца заваявала каманда ўнутраных войскаў МУС, на другім упэўнена замацаваўся наш клуб “Мужнасць” УУС Гродзеншчыны, трэцяе – у каманды горада Мінска.


Дзятлаўчане заваявалі на рэспубліканскай “Зарніцы” кубак віцэ-чэмпіёнаў, сертыфікат на 3000 рублёў на ўмацаванне матэрыяльнай базы клуба, а таксама 24 узнагароды ў агульным і персанальным заліку. Наша каманда стала першай у міліцэйскай эстафеце, агнявой падрыхтоўцы (персанальнае трэцяе месца – у Аляксея Якаўлева, другое – у Саўко Івана і першае – у Ганны Грышук), другое месца – у выжыванні ў экстрэмальных умовах, трэцяе – у медыцынскай падрыхтоўцы (Максім Ерамейчык і Юсціна Скрундзь адзначаны асабістымі ўзнагародамі).






Кіраўнік клуба і ваенна-патрыятычнага выхавання Казлоўшчынскай сярэдняй школы Святаслаў Буяк адзначае, што другое месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах – прыемны вынік, да якога клуб прыйшоў праз метадычную напружаную працу і трэніроўкі, пры падтрымцы многіх людзей.

– Пераможная каманда – гэта не толькі дзесяць нашых школьнікаў, якія на “выдатна” справіліся са сваёй задачай. За іх поспехам стаіць праца і падтрымка дарослых на ўсіх узроўнях, – адзначыў Святаслаў Уладзіміравіч. – Наш клуб дзейнічае і трэніруецца не адзін год. Матэрыяльную падтрымку пастаянна аказвае кіраўніцтва раёна: у мінулым годзе за кошт раённага бюджэта быў пашыты камплект формы, для трэніровак мы атрымалі ў падарунак электронны цір. Многія конкурсныя дысцыпліны былі знаёмыя для дзяцей, у іншых нам дапамагалі разабрацца спецыялісты. Напрыклад, разборку пісталета дапамагаў асвоіць наш участковы інспектар Віталь Грышук, конкурс побыту выдатна зладзілі абласныя куратары, якія былі з намі на працягу ўсёй праграмы. Барацьба атрымалася вельмі напружаная і стала сапраўднай праверкай на трываласць і згуртаванасць: амаль кожны з этапаў быў важным. Пераломным момантам, які вырашыў вынік спаборніцтваў, сталі медыцынскі і гістарычны конкурсы, да якіх каманду рыхтавала настаўніца нашай школы Тамара Аляксандраўна Буяк. Дзякуй ёй за ўклад у перамогу і за тое, што была побач са мной у такі важны момант. Асобных словаў захаплення патрабуе тое, як нас рыхтавалі да конкурсу раённае і абласное падраздзяленні ўнутраных спраў, як сустракалі. Арганізацыя на найвышэйшым узроўні. Дзякуй Міністэрству ўнутраных спраў за такі конкурс, які спрыяе выхаванню патрыётаў сваёй Айчыны, фарміраванню ў дзяцей гонару за сваю краіну і яе абаронцаў.

Усе гэтыя дні быў разам з нашай камандай, падтрымліваў і перажываў за яе начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама Вадзім Шчурскі. Ён расказаў аб падрыхтоўцы да спаборніцтваў і адкрыў планы на будучыню па ўзаемадзеянні з клубам.

– Каманда Дзятлаўскага раёна паказала сябе з найлепшага боку на адборачным этапе ў Гродне і 100 % сваім саставам прадставіла УУС Гродзенскага аблвыканкама на рэспубліканскай “Зарніцы”. Адчуваю радасць ад іх поспеху і гонар за Дзятлаўскі раён, які дастойна абараніў Гродзеншчыну на першай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” сярод ваенна-патрыятычных клубаў падраздзяленняў унутраных спраў Беларусі. Прадстаўнікамі каманды ад абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў былі Іван Дабрылка і Наталля Козіч, ідэалагічны апарат. Ваенна-патрыятычны клуб “Мужнасць” з Дзятлаўшчыны, які стаў сярэбраным прызёрам “Зарніцы”, быў адзначаны на рэспубліканскім узроўні за моцную падрыхтоўку. Супрацоўніцтва з ім прадоўжыцца, а школьнікі стануць пастаяннымі ўдзельнікамі ключавых абласных і раённых мерапрыемстваў. Клуб прыме ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Гродне 3 ліпеня.

Вадзім Васільевіч выказаў словы ўдзячнасці Міністэрству ўнутраных спраў і абласному ўпраўленню за матэрыяльную падрыхтоўку каманды, якую ўкамплектавалі ад “А” да “Я”. “Мужнасць” – першы ваенна-патрыятычны клуб на Гродзеншчыне, які атрымаў сваю форму, пашытую спецыяльна для іх, у якую ўваходзіць некалькі камплектаў абмундзіравання, верхняе адзенне, разгрузка. Школьнікі прынялі яе ў пастаяннае карыстанне і змогуць з гонарам насіць. Педагагічны калектыў Казлоўшчынскай школы станоўча ацаніў такі падарунак. Акрамя таго, аддзел унутраных спраў райвыканкама вырабіў для клуба персанальны “залаты” сцяг, які будзе ўрачыста перададзены клубу на пастаяннае захоўванне.



Удзельнікі патрыятычнага клуба “Мужнасць”, навучэнцы Казлоўшчынскай сярэдняй школы, расказвалі ў сваіх профілях у сацыяльных сетках, што гэты конкурс застанецца ў іх памяці яркім успамінам, і дзякавалі кожнаму, хто зрабіў уклад у “серабро”. Яны падзяліліся сваімі эмоцыямі і ўражаннямі.
Сямён Адамчык:

– Упэўнены, гэты год асаблівы для кожнага з нас: каманда з невялікага раёна Гродзеншчыны стала безумоўна лепшай у вобласці і заваявала другое месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах, дзе ўдзельнічалі шмат моцных клубаў. Самы лепшы момант гульні, калі мы на сцэне ўздымалі прызавы кубак разам з нашым настаўнікам Святаславам Уладзіміравічам. У той момант на нас глядзела ўся краіна, а мы ганарыліся сваёй Дзятлаўшчынай. Вялікі дзякуй усім настаўнікам, якія нас падрыхтавалі да гэтага. Як капітан каманды, магу сказаць, што на перамогу паўплывала не толькі падрыхтоўка, але і баявы дух клуба, мы зрабілі гэта разам, даказалі, што сіла ў камандзе, дзе кожны выконвае важную ролю.
Барук Вікторыя:

– Спадабалася ўсё, пачынаючы ад размяшчэння і харчавання канкурсантаў і заканчваючы культурнай праграмай. Нягледзячы на тое, што стаміліся за першы конкурсны дзень, мы былі самымі актыўнымі на вячэрняй дыскатэцы, дзе выступалі зоркі праграмы “Factor.by” і вядомыя беларускія блогеры. Самымі запамінальнымі сталі дагэтуль невядомыя нам конкурсы, такія, як лазертаг. Было складана, але мы сабраліся камандай і справіліся. Мы ехалі на “рэспубліку” паказаць усё, на што здольныя, і нават не спадзяваліся на такі вынік. Дзякуй нашым настаўнікам, асабліва Святаславу Уладзіміравічу, раённаму і абласному аддзелам унутраных спраў за вялікую падтрымку, дзякуючы якой мы справіліся. Нашы куратары з Гродна Наталля Іванаўна і Іван Яўгеньевіч за гэтыя дні сталі сваімі, мы вельмі падружыліся, спадзяюся, будзем бачыцца яшчэ.
Мікалай Анісім:

– Вельмі рады, што мы паўдзельнічалі ў ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” і занялі высокае другое месца сярод усіх каманд Рэспублікі Беларусь. Гэта вялікі гонар для нашай школы. Для гэтага мы доўга і старанна трэніраваліся. Адказна было праходзіць баявыя этапы, але самае хвалюючае – выступаць на сцэне, калі ўсе глядзелі на нас. Злёт падарыў кожнаму з нас мноства моцных эмоцый і новых знаёмстваў. Спадзяюся, будзе магчымасць яшчэ паўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах. Мы будзем працаваць і трэніравацца, каб Дзятлаўскі раён ганарыўся намі.
Источник: https://diatlovonews.by