РУС БЕЛ ENG 中文

Сучасныя сродкі візуалізацыі вучэбнай інфармацыі: даніна модзе або неабходнасць?

07.12.2023

Адной з эфектыўных тэхналогій актывізацыі навучання з’яўляецца тэхналогія візуалізацыі вучэбнай інфармацыі, якая мае вялікае адукацыйнае значэнне і адпавядае сучасным патрабаванням.

Святлана ГАГАЛУШКА, настаўніца абслуговай працы катэгорыі “настаўнік-метадыст” сярэдняй школы № 16 Ліды i Алена ДУБАНОС, настаўніца абслуговай працы катэгорыі “настаўнік-метадыст” сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска распавялi пра свае метадычныя напрацоўкi:

У нашым педагагічным багажы — 26 прыёмаў візуалізацыі вучэбнай інфармацыі, якія апрабаваны і паказалі сваю эфектыўнасць у прафесійнай дзейнасці.

Думаем, вы пагодзіцеся з намі, што настаўнік сёння — гэта спецыяліст, для якога вельмі важна ўмець выбудоўваць работу ў адпаведнасці з запытамі грамадства, што хутка мяняюцца. Мы не толькі вучым, але і пастаянна вучымся самі, увесь час знахо­дзімся ў пошуку.

Тэма нашага майстар-класа — “Сучасныя сродкі візуалізацыі вучэбнай інфармацыі: даніна модзе або неабходнасць?”.

Майстар 1: Кожны настаўнік старанна шукае найбольш эфектыўныя метады і прыёмы, якія дапамогуць запаліць у вачах вучняў дапытлівы агеньчык прагі ведаў.

Майстар 2: Эпіграфам да сённяшняга майстар-класа могуць служыць наступныя словы: “Ёсць шмат метадаў навучання, але навучанне ў дзейнасці прыносіць самыя пераканаўчыя вынікі”.

М1: Старажытнарымскі прамоўца Цыцэрон лічыў, што пераканаўчы і закончаны аргумент утрымлівае адказы на сем пытанняў: “Што? Як? Калі? Дзе? Чым? Навошта? Чаму?” Прапаноўваем вам выбраць пытанне, на якое вы хацелі б атрымаць адказ падчас майстар-класа.

М2: Ёсць дзеці з рознымі тыпамі ўспрымання інфармацыі. Візуалы — адзі­н з пераважных тыпаў. Гэтаму спрыяе
вялізны паток інфармацыі, які падаецца пераважна праз візуальныя вобразы. Мы ўжо можам гаварыць пра цэлае пакаленне “экранных дзяцей”, якім уласціва кліпавае мысленне — здольнасць успрымаць свет праз кароткія вобразы і пасланні. Кліпавае мысленне прыводзіць дзіця ў візуальны хаос, дзе інфармацыйная насычанасць не садзейнічае засваенню інфармацыі. Таму неабходны такія тэхналогіі, якія фарміруюць кампетэнтнасць пры рабоце з вялікім аб’ёмам інфармацыі, у прыватнасці тэхналогія візуалізацыі вучэбнай інфармацыі.

Адным з метадычных прыёмаў тэхналогіі візуалізацыі з’яўляецца інтэрактыўны плакат.

Інтэрактыўны плакат — гібкі інструмент адукацыйнага працэсу. З ім навучэнцы хутка засвойваюць новы матэрыял і замацоўваюць пройдзены, а выкладчык атрымлівае магчымасць структураваць вялікі аб’ём інфармацыі ў зручнай для ра­зумення форме.

Праз выкарыстанне інтэрактыўных элементаў можна вырашыць адну з ключавых праблем адукацыі — прыцягнуць увагу навучэнца, зацікавіць яго і ўцягнуць у актыўную пазнавальную дзейнасць.

М1: На майстар-класе прапаноўваем папрацаваць у групах і паказаць тым самым, як пабудаваць працэс навучання, зрабіць яго больш эфектыўным і пазнавальным.

Майстар прапаноўвае ўдзельнікам класіфікаваць прыёмы візуалізацыі:

1 група — графічныя прыёмы;

2 група — лічбавыя прыёмы;

3 група — рызыкі і вартасці выкарыстання гэтых прыёмаў на ўроках.

Удзельнікі выконваюць заданне, каменціруюць запісы, дэманструюць вынікі сваёй дзейнасці, замацоўваюць іх на дошцы. Майстар заслухоўвае меркаванні ўдзельнікаў, карэкціруе іх.

Даказана, што выкарыстанне прыёмаў візуалізацыі дазваляе разнастаіць урок і павысіць матывацыю дзяцей да вывучэння прадмета “Працоўнае навучанне”.

На прыкладзе інтэлект-карты прапаноўваем раскрыць тэму “Натуральныя валокны”.

М2: Інтэлект-карта (ментальная карта, дыяграма сувязей, карта думак, асацыятыўная карта, mind map) — гэта графічны спосаб прадставіць ідэі, канцэпцыі, інфармацыю ў выглядзе карты, якая складаецца з ключавых і другасных тэм. Іншымі словамі, гэта інструмент для структуравання ідэй, планавання свайго часу, запамінання вялікіх аб’ёмаў інфармацыі, правядзення мазгавых штурмаў.

Інтэлект-карта ўяўляе сабой дрэвападобную схему, дзе выяўлены словы, ідэі, задачы ці іншыя паняцці, звязаныя галінамі, якія адыходзяць ад цэнтральнага паняцця ці ідэі. Галіны, якія маюць форму плаўных ліній, абазначаюцца і тлумачацца ключавымі словамі ці вобразамі.

Заданне для груп — скласці інтэлект-карту па тэме “Натуральныя валокны” (глядзець схему).

Удзельнікі выконваюць заданне, потым прэзентуюць вынікі сваёй дзейнасці.

Што дае выкарыстанне інтэлект-карт?

  • Здольнасць хутка схопліваць сутнасць сказанага, прачытанага, убачанага.
  • Больш дакладнае планаванне — у залежнасці не ад логікі, а ад важнасці.
  • Выйгрыш у часе.
  • Лепшую факусіроўку на матэрыяле, які вывучаецца.
  • Крэатыўнасць, творчасць.

Роля візуалізацыі ў працэсе навучання выключная. Асабліва ў тым выпадку, калі выкарыстанне наглядных сродкаў не зво­дзіцца да простага ілюстравання з мэтай зрабіць урок больш даступным і лёгкім для засваення, а становіцца арганічнай часткай пазнавальнай дзейнасці навучэнца, сродкам фарміравання і развіцця не толькі наглядна-вобразнага, але і абстрактна-лагічнага мыслення.

Майстар арганізоўвае работу ў групах.

Для гэтага кожнай групе неабходна выканаць наступныя заданні.

1 група.

Задача: скласці алгарытм гатавання чаю па тэме “Гатаванне гарачых напіткаў”. Для гэтага ёсць набор картак з QR-кодам, неабходна раскадзіраваць QR-код, выкарыстоўваючы свой мабільны тэлефон і праграму для счытвання QR-кода, скласці паслядоўнасць гатавання.

Сучасныя тэхналогіі дапамагаюць любы ўрок зрабіць займальным і цікавым. QR-коды становяцца ўсё больш папулярнымі: іх можна ўбачыць на флаерах, рэкламных праспектах, афішах, у часопісах і кнігах. Стварыць QR-коды нескладана, таму кожны жадаючы можа не толькі выкарыстоўваць, але і ствараць іх. Патрэбны толькі генератар для яго стварэння. QR-коды можна прымяняць на любым этапе ўрока — ад актуалізацыі ведаў да абагульнення матэрыя­лу. QR-код — квадратная карцінка, у якой закадзіравана інфармацыя. Гэта можа быць звычайны тэкст, малюнак, відэа, адрас у інтэрнэце.

2 група.

Задача: скласці “Фішбоўн” па тэме “Машынныя швы”, выкарыстоўваючы раздатачны матэрыял.

Метадычны прыём “Фішбоўн” дазваляе развіваць навыкі работы з інфармацыяй і ўменне ставіць і вырашаць праблемы. Схема “Фішбоўн” уяўляе сабой графічную выяву, якая дазваляе наглядна прадэманстраваць вызначаныя ў працэсе аналізу прычыны канкрэтных падзей, з’яў, праблем і адпаведныя высновы або вынікі абмеркавання. Схема ўключае ў сябе чатыры асноўныя блокі, прадстаўленыя ў выглядзе галавы, хваста, верхніх і ніжніх костачак. Сувязным звяном выступае асноўная
косць, або хрыбет рыбы.

Прыём “Фішбоўн” прадугледжвае ранжыраванне паняццяў, таму найбольш важныя з іх для вырашэння асноўнай праблемы размяшчаюць бліжэй да галавы. Усе запісы павінны быць кароткімі, дакладнымі, лаканічнымі і адлюстроўваць толькі сутнасць паняццяў.

3 група.

Задача: скласці “Тарсію” па тэме “Стыль адзення”, выкарыстоўваючы падрыхтаваны матэрыял.

Метадычны прыём “Тарсія” — гэта інтэ­лектуальныя пазлы, галаваломкі, якія з’яўляюцца выдатным інструментам для стымулявання творчых здольнасцей навучэнцаў. Праграма Tarsia — адзін з інструментаў, якія дазваляюць правесці групавую праверку ведання формул ці любой іншай тэмы.

Удзельнікі выконваюць работу, а пасля прэзентуюць вынікі сваёй дзейнасці.

М1: Вяртаемся да “Алгарытму Цыцэрона”. Успомніце, на якія пытанні вы хацелі атрымаць адказы пасля заканчэння майстар-класа? Вы атрымалі іх?

М2: Прапаноўваем выбраць і агучыць тыя прыёмы візуалізацыі, якія вы хацелі б прымяніць на практыцы, і вызначыць, на якім этапе ўрока будзе дарэчным іх ужыванне.

М1: “Гэта немагчыма!” — сказала Прычына. “Гэта безразважнасць!” — заўважыў Вопыт. “Гэта дарэмна!”— адрэзала Гордасць. “Паспрабуй…” — шапнула Мара.

 Прапаноўваем вам у думках пакласці на правую далоньку тыя прыёмы, якія вы будзеце выкарыстоўваць у сваёй рабоце. На далоньку левай рукі — смеласць для асваення новых прыёмаў і прымянення іх у сваёй педагагічнай дзейнасці. Злучыце далоні і забярыце карысную інфармацыю з сабой.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: