РУС БЕЛ ENG 中文

У летнюю аздараўленчую кампанію — 2023 паслугамі лагераў былі ахоплены 388 тыс. дзяцей

05.12.2023

Пра арганізацыю летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей у 2023 годзе і яго перспектывы на наступны год расказала Таццяна Асмалоўская, кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі.

Выхаваць грамадзяніна

— Захаванне жыцця і здароўя дзяцей з’яўляецца асноўным паказчыкам эфектыўнасці аздараўленчай кампаніі, — адзначыла прадстаўнік міністэрства. — У перыяд яе правя­дзен­ня было забяспечана цес­нае ўзаема­дзеянне адміністрацыі аздараўленчых лагераў, педагагічных калектываў, органаў унутраных спраў, сям’і і ўсіх зацікаўленых структур, каб прадаста­віць нашым дзецям бяспечныя ўмовы летняга адпачынку і аздараўлення. Так, напрыклад, з гэтай мэтай у Віцебскай вобласці было праведзена 17 абласных і 369 рэгіянальных ведамасных маніторынгаў умоў бяспечнага знаходжання дзяцей у аздараўленчых лагерах. Акрамя таго, даследавалася псіхалагічная бяспека выхаванцаў.

Дзякуючы прынятым мерам, летняя аздараўленчая кампанія 2023 года завяршылася ў рэжыме санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту. Паслугамі лагераў былі ахоплены 388 тысяч дзяцей.

Што тычыцца зместавага напаўнення летняга адпачынку і аздараўлення, то ў яго аснове было закладзена фарміраванне ў школьнікаў асобасных якасцей грама­дзяніна і патрыёта сваёй краіны. Гэтай тэме быў прысвечаны шэраг праектаў, акцый і іншых мерапрыемстваў, якія праходзілі ў аздараўленчых лагерах усіх рэгіёнаў краіны. Цікавай і эфектыўнай стала інфармацыйна-адукацыйная акцыя “Крок да поспеху” з удзелам прадстаўнікоў органаў улады, сфер адукацыі, аховы здароўя, спорту, культуры, навукі, сілавога блока, грамадскіх аб’яднанняў, вядучых прадпрыемстваў краіны, аўтарытэтных асоб. Пры правядзенні мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці абавязкова была выкарыстана дзяржаўная сімволіка Рэспуб­лікі Беларусь.

Асаблівы акцэнт у пытаннях грамадзянскага і патрыя­тычнага выхавання зроблены на дзейнасці аздараўленчых лагераў, якія мелі ваенна-­патрыятычны профіль. У летні перыяд ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам абароны, Дзяржаўным пагранічным камітэтам, Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях, Міністэрствам унутраных спраў, вайсковымі часцямі функцыянавала 736 лагераў (у 2022 го­дзе — 583 лагеры) ваенна-патрыятычнага і грама­дзянска-патрыятычнага кірунку. У іх адпачылі і аздаравіліся 26 846 дзяцей (у 2022 го­дзе — 21 229). З іх на базе вайсковых часцей функцыянавалі 98 лагераў (у 2022 го­дзе — 48) з аздараўленнем 2766 дзяцей (у 2022 го­дзе — 1567). Як бачна, прырост істотны.

Павялічылася і ­колькасць мерапрыемстваў гэтага напрамку. Найбольш маштабным стаў Рэспубліканскі фестываль ваенна-патрыятычных лагераў і клубаў “Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што абараняць!”, праведзены другі раз НДЦ “Зубраня”. А ўпершыню гэтым летам быў адкрыты Рэспубліканскі профільны ваенна-патрыятычны лагер на базе 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра ў Барысаве, дзе свой адпачынак правялі 422 навучэнцы 10-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны. Акрамя таго, працавалі лагеры іншых профіляў, у тым ліку турыстычна-края­знаўчага. У Гродзенскай вобласці, напрыклад, традыцыйна былі адкрыты профільныя лагеры для навучэнцаў аграрных і педагагічных класаў, у якіх акцэнт быў зроб­лены на праф­арыентацыю.

Пад эгідай Года міру і стварэння

Лагеры працы і адпачынку — неад’емная частка летняй аздараўленчай кампаніі. Пры арганізацыі выхаваўчай работы асаблівая ўвага была звернута ў іх на пазіцыяніраванне стваральнай працы, набыццё навучэнцамі прафесійных навыкаў. Лідарства па колькасці дзяцей у лагерах працы і адпачынку ўжо некалькі гадоў запар трымае Гомельская вобласць. Гэты ж рэгіён лідзіруе і па колькасці дзяцей, якія аздаравіліся ў такіх лагерах з кругласутачным знаходжаннем.

— Аздараўленне сацыяльна неабароненых катэгорый дзяцей, дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця заўсёды з’яўляецца прыярытэтным, — паведаміла Таццяна Вітальеўна. — Змястоўнымі формамі аздараўлення былі ахоплены сёлета 11 759 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі баць­коў. Вялікая ўвага ўдзялялася аздараўленню дзяцей-інвалідаў. Гэтым летам аздаравіліся 5462 такіх дзіцяці (112,2% да ўзроўню 2022 года). Напрыклад, у Мінску 118 дзяцей-інвалідаў у суправаджэнні аднаго з баць­коў праходзілі аздараўленне ў аздараўленчым комплексе “Ракета”.

На асаблівым кантролі — летняе аздараўленне і занятасць тых непаўналетніх, якія знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы альбо на ўліку ў ІСН. Сёлета арганізаваным адпачынкам, аздараўленнем і працоўнай занятасцю былі ахоплены амаль 12 тысяч дзяцей. З мэтай прафілактычнай работы па прадухіленні правапарушэнняў і злачынстваў сярод падлеткаў былі арганізаваны сустрэчы з інспектарамі ІСН, гульнявыя праграмы, круглыя сталы, гутаркі, віктарыны, кіналекторыі па тэматыцы бяспекі ў жыцці непаўналетніх.

— Ва ўсіх аздараўленчых лагерах былі шырока прадстаўлены мерапрыемствы пад эгідай Года міру і стварэння, — падкрэсліла прадстаўнік галіновага міністэрства. — Значная частка акцый была прымеркавана да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Ва ўсіх аздараўленчых лагерах прайшлі ўрокі мужнасці, мітынгі памяці і іншыя мерапрыемствы. У Нацыя­нальным дзіцячым адукацыйна-­аздараўленчым цэнтры “Зубраня” право­дзіўся мітынг-рэквіем “Па­мяць пра іх жывая”. Выхаванцы многіх аздараўленчых лагераў наведалі экспазіцыю беларуска-расійскага ваенна-­патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці”, які сёлета рэалізоўваўся другі раз. Асаблівую знач­насць набылі мерапрыемствы па святкаванні Дня Незалежнасці.

Выхаванцы аздараўленчых лагераў актыўна далучаліся да турыстычна-экскурсійнай дзейнасці. Зацікавілі дзяцей і падлеткаў экскурсіі і туры ваенна-патрыятычнай тэматыкі на мемарыяльныя комплексы “Курган Славы”, “Хатынь”, “Брэсцкая крэпасць-­герой”, гісторыка-­культурны комплекс “Лінія Сталіна”, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і інш. Рэспубліканскі экскурсійны марафон “Дзіцячы аўтацягнік” стаў працягам патрыятычнай тэматыкі і гэтым летам.

За летні перыяд арганізавана 29 201 экскурсія, іх удзельнікамі сталі 405 353 чалавекі. У рамках прамысловага турызму ажыццёўлена 2 338 экскурсій на прадпрыемствы і ў арганізацыі краіны, якія наведалі 53,1 тысячы навучэнцаў.

У метадычным суправаджэнні

У рамках рэспубліканскай акцыі “Правільнае лета” асноўная работа была арганізавана ў рэгіёнах. Былі праведзены фестываль выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі, конкурс педагагічнага майстэрства спецыялістаў, якія там працуюць, анлайн-прэзентацыя найбольш паспяховых практык дзейнасці такіх устаноў адукацыі, выстава-панарама метадычнага вопыту па арганізацыі летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей пад назвай “Рэцэпты карысных канікул” і інш. Адметна, што аздараўленне стала тэмай сумесных мерапрыемстваў педагогаў і бацькоў, дзе гучалі меркаванні, заўвагі і прапановы, як зрабіць адпачынак дзяцей найбольш карысным.

Таццяна Вітальеўна заўважыла, што на працягу ўсяго летняга аздараўлення ажыццяўлялася метадычнае суправаджэнне дзейнасці аздараўленчых лагераў, была арганізавана работа кансультацыйных цэнтраў, праводзіліся выязныя і дыстанцыйныя семінары. Для арганізацыі бесперапыннай камунікацыі спецыялістаў сістэмы адпачынку і аздараўлення НДЦ “Зубраня” арганізаваў работу адзінага інфармацыйна-­метадычнага рэсурсу выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі “TRI-O.BY”. На працягу ўсяго лета на гэтым рэсурсе асвятлялася правя­дзенне летняй аздараўленчай кампаніі ў рэгіёнах. Найбольшую актыўнасць праявілі аздараўленчыя лагеры Гро­дзенскай і Брэсцкай абласцей. Упершыню сёлета Міністэрствам адукацыі праводзіўся конкурс педагагічнага майстэрства “Лепшы важаты (выхавальнік) аздараўленчага лагера — 2023”. Адным з вынікаў летняй аздараўленчай кампаніі стала распрацоўка шматлікіх метадычных распрацовак, якія могуць ­стаць асновай для падрыхтоўкі педагогаў да работы ў выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі ў далейшым.

На рэспубліканскі конкурс на лепшы аздараўленчы лагер у розных намінацыях сёлета прадстаўлена 45 праектаў, якія прайшлі рэгіянальныя адборы і могуць у далейшым папоўніць метадычныя скарбонкі спецыялістаў сіс­тэмы адпачынку і аздараўлення і стаць асновай для падрыхтоўкі педагогаў да летняй аздараўленчай кампаніі 2024 года.

Як адзначыла Т.Асмалоўская, ёсць шэраг пытанняў, вырашэнне якіх дасць магчымасць яшчэ на больш высокім узроўні правесці аздараўленчую кампанію наступнага года. Гэта супрацоўніцтва з прафілактычнымі структурамі, установамі спорту, культуры, вайсковымі часцямі, прадстаўнікамі духавенства і іншымі па пытаннях прафілактычнай работы з непаўналетнімі, пошук новых форм далучэння непаўналетніх да работы аб’яднанняў па інтарэсах, узаема­дзеянне са студэнцкім актывам, валанцёрскімі атрадамі для работы з навучэнцамі, якія патрабуюць асаблівай педагагічнай падтрымкі. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на старанны падбор кадраў для аздараўленчай кампаніі.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: