РУС БЕЛ ENG 中文

Што адрознівае новы падручнік па беларускай літаратуры для 6 класа ад папярэдняга, расказаў адзін з яго аўтараў

01.12.2023

Сучасны дызайн, добрая навігацыя і шмат творчых заданняў: пра адметнасці новага падручніка па беларускай літаратуры для 6 класа карэспандэнту  “Настаўніцкай газеты” расказаў адзін з аўтараў выдання намеснік дырэктара па вучэбна­-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі Мікалай Навумчык.

Настаўнік-метадыст намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Мікалай Навумчык з Маларыцкай раённай гімназіі даўно вядомы чытачам “Настаўніцкай газеты”. Гэта не толькі наш актыўны пазаштатнік, таленавіты педагог і журналіст, але яшчэ і аўтар/суаўтар некалькіх дапаможнікаў для настаўнікаў і вучняў. Сярод апошніх — вучэбны дапаможнік па беларускай літаратуры для шасцікласнікаў, падрыхтаваны разам з доктарам філалагічных навук прафесарам БДУ Алесем Бельскім і вядомым метадыстам Людмілай Цітовай, у аснову якога пакладзены іх шматгадовы практычны вопыт.

— На жаль, сярод аўтараў школьных падручнікаў нячаста сустрэнеш настаўнікаў-практыкаў. З чым гэта, па-вашаму, звязана: недахопам часу ў педагогаў, адсутнасцю ў іх неабходных навыкаў?..

— Падрыхтоўка любога вучэбнага дапаможніка для агульна­адукацыйных устаноў — шматбаковы і творчы працэс. Гэта справа няпростая, не аднаго тыдня ці нават месяца. Больш за тое, новыя вучэбныя дапаможнікі для школ распрацоўваюцца на конкурснай аснове. Удзельнікам творчага спаборніцтва неабходна прадставіць канцэпцыю падручніка і адзін з яго раздзелаў, які вызначаецца Нацыянальным інстытутам адукацыі.

Айчынныя настаўнікі беларускай мовы і літаратуры — суаўтары шэрага вучэбных дапаможнікаў па беларускай літаратуры: Мікалай Жуковіч — для 5 і 9 класаў, Галіна Сухава — для 7 класа, Ірына Рэпенка — для 8 класа. Сярод педагогаў ёсць таксама аўтары і суаўтары падручнікаў па іншых вучэбных прадметах.

— Зыходзячы з уласнага вопыту, наколькі цяжка напісаць якасны вучэбны дапаможнік? І ўвогуле, ідэальны падручнік магчымы?

 Пры ўсёй уяўнай прастаце стварыць ідэальны вучэбны дапаможнік, які задавальняў бы ўсіх удзельнікаў адукацыйнага пра­цэсу, напэўна, немагчыма. Айчын­ная дыдактыка традыцыйна лічыць вучэбны дапаможнік асноўным сродкам навучання і крыніцай інфармацыі для школьнікаў.

У падручніку сістэматызавана выкладаюцца веды з улікам узросту і ўзроўню падрыхтоўкі вучняў у адукацыйных мэтах. Вучэбны дапаможнік павінен максімальна даступна, эфектыўна і аб’ектыўна даносіць да вучняў пэўныя веды. Зрабіць гэта даволі складана, бо ён адначасова выконвае шэраг функцый: інфармацыйную (вучэбны матэрыял, які неабходна засвоіць, павінен выкладацца паслядоўна і выразна), сістэматызуючую (прадстаўленую інфармацыю трэба структураваць такім чынам, каб яе зразумеў і настаўнік, і вучань), вучэбную і кантралюючую (падручнік не толькі змяшчае сістэматызаваную інфармацыю, але і вучыць успрымаць яе, засвойваць і выкарыстоўваць), а таксама выхаваўчую і развіццёвую (змест вучэбнага дапаможніка павінен фарміраваць і ўдасканальваць асобу вучня, развіваць яго разумовыя, маўленчыя і іншыя здольнасці).

Падручнік па літаратуры неабходна пісаць на даступнай і зразумелай для вучняў мове. Ён павінен абавязкова мець прыкладны характар, быць даведнікам у літаратурнай прасторы, своеасаблівым мастком да тэкстаў і твораў, якія вывучаюцца, надзейным памочнікам у фарміраванні важных асобасных якасцей, што дапамогуць у паспяховай сацыялізацыі: дабрыні, самаадданасці, сціпласці, гонару, вернасці сямейным традыцыям…

Літаратуру, безумоўна, варта разглядаць як падрыхтоўку да самастойнага жыцця. Задача вучэбнага дапаможніка — на аснове мастацкіх твораў выхаваць трывалыя маральныя арыенціры, паказаць, што такія каштоўнасці, як любоў, сяброўства, спагада, шчырасць і міласэрнасць, актуальныя і нязменныя ва ўсе часы.

— З чым быў звязаны выхад новага падручніка па беларускай літаратуры для 6 класа?

 У адукацыйным працэсе выкарыстоўваюцца вучэбныя выданні, уключаныя ў “Пералік вучэбных выданняў, прыгодных для выкарыстання ў бібліятэчных фондах устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі”. Тэрмін выкарыстання вучэбных дапаможнікаў у адукацыйным працэсе залежыць ад колькасці ўрокаў на тыдзень: 4 і больш — 4 гады, 2—3 — 5 гадоў, 1—1,5 — 6 гадоў. Тэрмін выкарыстання ўлічваецца пры складанні перспектыўнага плана выдання пад­ручнікаў.

Вучэбны дапаможнік “Беларуская літаратура. 6 клас” быў планава перавыдадзены да пачатку 2022/2023 навучальнага года. Другое выданне падручніка з’явілася яшчэ ў 2016 годзе, але да пачатку 2017/2018 навучальнага года ў вучэбнай праграме па беларускай літаратуры адбыліся змяненні: былі зняты творы Генадзя Бураўкіна “Я хачу прайсці па зямлі…” і “Малітва”, Янкі Купалы “Як у казцы…”, раздзел “Біблія — найвыдатнейшы помнік сусветнай культуры і літаратуры” і байка Міхася Скрыпкі “Свіння і Баран”, а творы Генрыка Сянкевіча “Незабыўныя старонкі славянскай мінуўшчыны” і Дзінтры Шулцэ “Роберцік” перанесены ў спіс для дадатковага чытання.

Праграма для 6 класа да пачатку 2022/2023 навучальнага года таксама падверглася карэкціроўцы: зняты творы Петруся Броўкі “Зямля Беларусі” (урывак з паэмы “Беларусь”), Любові Тарасюк “Імя Айчыны”, Леаніда Случаніна “Рагнеда”, Сяргея Тарасава “Ефрасіння Полацкая”, Міколы Сурначова “У стоптаным жыце” і Анатоля Вялюгіна “Спелы бор”. Замест іх прапанаваны творы Петруся Броўкі “Прысяга сэрцам” і “Яшчэ ў дні старыя, у век наш лучынны…” (урывак з паэмы “Беларусь”), Алеся Казекі “Я — маленькая кропля з крыніцаў святых”, Максіма Танка “Восень” і Івана Саверчанкі “Векавая мудрасць”. Нічога надзвычайнага ў замене адных твораў на іншыя няма.

Хацелася б падкрэсліць, што падручнік стварае падмурак, на якім, фігуральна кажучы, узводзіцца будынак прадмета. І гэтым займаецца найперш настаўнік, а не падручнік ці яго аўтары. Яго эфектыўнае і ўмелае выкарыстанне пры вывучэнні літаратуры — адна з актуальных задач для педагога.

Філолаг-педагог Ванда Паўлоўская пісала, што вучням на ўроку павінна быць цікава: “А цікава — значыць, не цяжка. Цікавае абвастрае зрок, актывізуе думку, абуджае творчасць”. Выклі­каць на ўроку ў дзяцей цікаўнасць і цікавасць да таго, што вывучаецца, — гэта найпершая задача настаўніка, вырашэнне якой залежыць ад яго педагагічнага майстэрства. Нездарма кажуць: якія мэты — такая будзе і работа вучняў на ўроку. А любая мэта на занятках павінна быць дыягнастычнай, дасягальнай і адпаведнай узроўню выхаванцаў. Пры планаванні ўрока важна ацэньваць, чаго можна рэальна дасягнуць за 45 мінут.

— Як пабудаваны новы пад­ручнік? Што яго адрознівае ад папярэдняга, акрамя замененых мастацкіх твораў?

— У параўнанні з папярэднім выданнем новы вучэбны дапаможнік істотна дапрацаваны. Так, дададзены эпіграфы да твораў і кароткія звесткі з жыцця пісьменнікаў, уведзена рубрыка “Цікава ведаць”, прадстаўлены партрэты літаратараў, дапрацаваны метадычны апарат (скарэкціраваны асобныя пытанні і заданні да мастацкіх твораў). Пад QR-кодамі размешчаны матэ­рыялы да ўрокаў: артыкулы, пытанні і заданні да іх, крыжаванкі, рэбусы, тэставыя заданні… Аўдыя- і відэазапісы прапануюцца пад асобнымі QR-кодамі.

Да таго ж падручнік вылучаецца павялічаным фарматам, сучасным дызайнам і добрай ілюстраванасцю. Сістэма навігацыі, прадстаўленая знакамі-піктаграмамі, дазваляе хутка арыентавацца ў матэрыяле вучэбнага дапаможніка. Перад многімі творамі прапануюцца пытанні (заданні), якія рыхтуюць дзяцей да ўспрымання праграмнага матэрыялу.

У падручнік уключана шмат творчых заданняў. І гэта нядзіўна: каб стаць вялікім чытачом, трэба спачатку стаць маленькім пісьменнікам. Таму да многіх твораў прапануюцца адпаведныя заданні: складзіце (падрыхтуйце) вуснае выказванне на адну з прапанаваных тэм; падрыхтуйце паведамленне, вусную замалёўку ці апавяданне; прыдумайце ўласную гісторыю…

Не абышлі ўвагай і заданні, накіраваныя на параўнанне літаратурных твораў з творамі сумежных відаў мастацтва, якія з’яўляюцца самастойнымі крыніцамі пазнання свету, сродкам маральна-эстэтычнага выхавання асобы. Выкарыстанне іх пры вывучэнні літаратуры дазваляе настаўніку данесці да свядомасці вучняў агульныя заканамернасці, уласцівыя літаратуры і іншым відам мастацтва. Вядома ж, поспех звароту на ўроку беларускай літаратуры да твораў музыкі і выяўленчага мастацтва залежыць ад педагагічнага вопыту і творчай ініцыятывы самога настаўніка.

— Наколькі рэальна пры падборы мастацкіх твораў для вывучэння ў школе сумясціць выхаваўчыя задачы літаратуры і цікавасць да яе з боку сучасных дзяцей, што аддаюць перавагу гаджэтам? Як можна вырашыць гэтую праблему і ці можна ўвогуле?

— Вучняў неабходна заахвоч­ваць чытаць. Настаўнік павінен пастаянна падказваць, якія творы варта прачытаць, і актыўна рэкламаваць іх. Вядома, што чытанне не толькі развівае памяць і мысленне, фарміруе індыві­дуальную сістэму каштоўнасцей, умацоўвае духоўны стрыжань асобы, выпрацоўвае эстэтычныя адносіны да рэчаіснасці, але і з’яўляецца важным сродкам узбагачэння актыўнага і пасіўнага слоўніка вучняў, развіцця іх звязнага маўлення і пісьменнасці. Якраз гэтаму і спрыяюць творы, прадугледжаныя праграмай для вывучэння ў 6 класе. Яны жанрава і тэматычна розныя: гістарычныя, ваенныя, экалагічныя, фантастычныя…

Акрамя таго, у праграму абавязкова ўключаны творы грамадзянскага гучання, вуснапаэтычнай творчасці і літаратурныя песні. Ва ўсіх з іх ёсць 3 асноўныя неабходныя і ўзаемазвязаныя кампаненты: пазнавальны, развіццёвы і выхаваўчы.

Асноўная вартасць твораў, якія вывучаюцца ў 6 класе, — іх ідэйнасць і вобразнасць. Чытацкія асаблівасці вучняў зале­жаць ад узросту. Твор знаходзіць водгук у дзяцей толькі ў выпадку адэкватнага творчага асэнсавання на ўроку над кіраўніцтвам найперш настаўніка.

Цікавыя і пазнавальныя творы падабраны і для дадатковага чытання, прычым іх пералік пашыраны. Так, у яго ўключаны творы Генадзя Аўласенкі “Чаму Дукоры такую назву маюць”, Святланы Быкавай “Легенда Заслаўя” і Кацярыны Хадасевіч-Лісавой “Ключ ад Вялікай Каштоўнасці”.

— Некаторыя бацькі ў сацыяльных сетках час ад часу крытыкуюць школьныя падручнікі: маўляў, падача матэрыялу не зусім даступная для дзяцей пэўнага ўзросту і заданні празмерна ўскладнены. Наколькі апраўданыя, па-вашаму, гэтыя папрокі і ці ўлічваеце вы іх пры складанні падручнікаў?

— Вельмі важна правільна сарыентаваць бацькоў, якія, ацэньваючы вучэбны дапаможнік па літаратуры і не толькі, выбудоўваюць нейкую суб’ектыўную іерархію крытэрыяў без навуковай асновы і пераканаўчай аргументацыі. Падручнік для мам і татаў — своеасаблівы канон. Паколькі па ім кантралююць, што ведаюць і што не ведаюць іх дзеці па прадмеце, некаторыя бацькі часам занадта прыдзірліва сочаць, як яны спраўляюцца з дамашнім заданнем, патрабуючы дакладнага ўзнаўлення тэксту: напрыклад, падрабязна пераказаць яго.

Не сакрэт: асобныя бацькі лічаць, што ў падручніках сустракаюцца тэксты, нібыта недаступныя дзецям. Магу запэўніць,  што такіх твораў у вучэбным дапаможніку для 6 класа дакладна няма. Усе тэксты з’яўляюцца высокамастацкімі і падабраны з улікам псіхалагічных узроставых асаблівасцей школьнікаў.

Вучэбная праграма па беларускай літаратуры для 6 класа, як і любога іншага, заснавана на кампетэнтнасным падыходзе, паводле якога засваенне зместу навучання накіравана на фарміраванне прадметных, метапрадметных і асобасных кампетэнцый вучняў. Праграма — гэта дакумент, рамкi якога строга рэгламентуюцца. Творы для вывучэння па беларускай літаратуры ў школьным курсе любога класа аўтарскі калектыў падручніка сам не падбірае, таму, адпаведна, і не ўключае туды. Дапаможнік пішацца на аснове зацверджанай праграмы.

 Над чым працуеце зараз? Што ў планах?

— У снежні павінен выйсці вучэбна-метадычны дапаможнік па беларускай літаратуры (6 клас) для настаўнікаў школ з беларускай і рускай мовамі навучання з грыфам Нацыянальнага інстытута адукацыі. Яго выданне будзе ажыццёўлена на сродкі рэспубліканскага бюджэту для папаўнення бібліятэчных фондаў устаноў адукацыі.

Вучэбна-метадычны дапаможнік падрыхтаваны ў поўнай адпаведнасці з вучэбнай праграмай па беларускай літаратуры для 6 класа, зацверджанай Міністэрствам адукацыі, а таксама са зместам і структурай вучэбнага дапаможніка па беларускай літаратуры для 6 класа пад аўтарствам Алеся Бельскага, Мікалая Навумчыка і Людмілы Цітовай.

Кніга павінна дапамагчы педагогам у распрацоўцы ўрокаў, прысвечаных аналізу праграмных твораў. У ёй прадстаўлены метадычныя рэкамендацыі для падрыхтоўкі заняткаў для дадатковага чытання і па правядзенні ўрокаў па развіцці маўлення.

Пад QR-кодамі размешчаны дадатковы матэрыял да заняткаў: фотаздымкі пісьменнікаў, рэпрадукцыі карцін, рэбусы, фрагменты карт, табліцы, схемы, воблакі слоў, крыжаванкі, кросенсы і даведкі да іх, варыянты рэфлексіі на ўроку, спіс выкарыстанай і рэкамендаванай літаратуры.

Хацелася б прадоўжыць далейшую работу над вучэбна-метадычным комплексам па беларускай літаратуры. У планах — падрыхтаваць сшытак для тэматычнага кант­ролю і тэставыя заданні па беларускай літаратуры для 6 класа.

— Поспехаў вам і вашым калегам у гэтай важнай справе!

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: