РУС БЕЛ ENG 中文

Гульнявы стрэтчынг: пра яго перавагі расказвае кіраўнік фізвыхавання дзіцячага сада № 1 Скідзеля Ірына Сяўко

25.10.2023

Праект заняў 2-е месца на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Педагагічная майстэрня” па выяўленні лепшай праграмы аб’яднання па інтарэсах фізкультурна-спартыўнага профілю. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сёння дашкольнікі маюць нізкі ўзровень развіцця такой фізічнай якасці, як гнуткасць, — гаворыць Ірына Віктараўна. — З-за гэтага ў многіх узнікаюць праблемы з паставай і дыягнастуецца плоскаступнё­васць. Таму маю ўвагу прыцягнула методыка гульнявога стрэтчынгу, які садзейнічае развіццю гнуткасці і рухомасці суставаў, умацаванню мышцаў без нагрузкі на пазваночнік, мяккай расцяжцы. Практыкаванні падбіраюцца так, каб былі задзейнічаны ўсе групы мышцаў. Яны выконваюцца пад музыку ў гульнявой форме. У тэме заняткаў абавязкова прысутнічае назва жывёл, насякомых або казачных персанажаў, а ў практыкаванні неабходна імітаваць іх рухі.

Напрыклад, прапануецца тэма “Кураня і сонейка”, а ў ёй шэраг практыкаванняў, у тым ліку “Змяя”: зыходнае становішча лежачы на жываце, далоні пад грудзямі, пальцамі наперад. На выдыху — падняцца на руках, рукі ў локцях ледзь сагнутыя.

Або тэма “На марское дно” з практыкаваннем “Марская зорка”: лежачы на жываце, прагнуўшыся, рукі ў бакі, ногі паасобку.

Да тэмы “Як коцік Цімафей сяброў шукаў” прапануецца практыкаванне “Гара”: зыходнае становішча лежачы на спіне, ногі сагнутыя, ступні стаяць на падлозе, рукі ля­жаць уздоўж тулава: 1) адарваць бёдры і таз ад падлогі, падняць таз вышэй жывата — удых; 2) выдых.

Праз названыя вобразы можна ажыццяўляць частую змену рухальнай дзейнасці з рознага зыходнага становішча, што дае добрую фізічную нагрузку на ўсе групы мышцаў.

У 2023 годзе Ірына Віктараўна ўдзельнічала ў фестывалі педагагічнага майстэрства “Крок у будучыню”, дзе паказала майстар-клас з элементамі гульнявога стрэтчынгу і заняла 1-е месца ў Гродзенскім раёне.

— Нашы заняткі разлічаны на выхаванцаў 4—6 гадоў, іх працягласць не перавышае 20—25 мінут. Кожныя дзеляцца на тры часткі: уступную, асноўную і заключную, — тлумачыць педагог. — Ва ўступнай частцы праводзіцца размінка, каб разагрэць мышцы. Для гэтага падыдзе хада, бег, скачкі і іх разнавіднасці, практыкаванні з заданнем. У асноўнай частцы выкарыстоўваюцца плаўныя, павольныя практыкаванні на дыванку для расцяжкі. Кожнае паўтараецца 4—6 разоў (у залежнасці ад узросту дзяцей). Калі я расказваю сюжэт казкі, хлопчыкі і дзяўчынкі разыгрываюць яе. Гульня складаецца з некалькіх фрагментаў, у якія ўплецены практыкаванні на статычную расцяжку мышцаў, расслабленне для аднаўлення дыхання. Асноўную частку заняткаў завяршае рухавая гульня высокай ці сярэдняй інтэнсіўнасці. У заключнай частцы праводзіцца маларухавая гульня, практыкаванні на аднаўленне дыхання, на рэлаксацыю і інш.

У першы год навучання выхаванцы Ірыны Віктараўны асвойваюць асноўныя тэхнічныя і тактычныя дзеянні, атрымліва­юць тэарэтычныя веды, развіваюць асноўныя фізічныя якасці. У другі год большая ўвага ўдзяляецца паглыбленаму вывучэнню тэхнічных прыёмаў і тактычных дзеянняў, фарміраванню ўменняў выканання вывучаных практыкаванняў самастойна і ва ўскладненых умовах, развіццю фізічных якасцей.

Источник:https://nastgaz.by