РУС БЕЛ ENG 中文

У гродзенскай сярэдняй школе № 22 адкрылі варкаўт­-пляцоўку

19.09.2023

У гродзенскай сярэдняй школе № 22 імя І.П.Бохана ў дзень святкавання 895­-годдзя горада адкрылі варкаўт­пляцоўку ў рамках маштабнага праекта “Спорт для ўсіх”, ініцыіраванага Прэзідэнцкім спартыўным клубам, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Нашай установе адукацыі больш за 40 гадоў, і сучасная спартыўная пляцоўка стала своечасовым падарункам. Канечне, самымі актыўнымі яе карыстальнікамі будуць нашы вучні. Але могуць і ўжо актыўна займаюцца на ёй спортам усе жыхары мікрараёна. Ёсць звычка прыходзіць у школу крыху раней, і кожную раніцу ўжо з паловы 7-й назіраю, як тут збіраюцца пажылыя жыхары найбліжэйшых дамоў. Па вечарах прыходзяць цэлымі сем’ямі, і гэта галоўнае пацвярджэнне актуальнасці і папулярнасці варкаўт-пляцоўкі, — расказала дырэктар школы Жанна Шумская.

Разам з нашай суразмоўніцай перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку ў дзень адкрыцця месца спартыўнага прыцягнення начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Аксана Тарасевіч і майстар спорту міжнароднага класа па хакеі на траве былы капітан каманды “Рытм” Наталля Русіновіч. Госці пажадалі вучням не баяцца ставіць перад сабой амбіцыйныя спартыўныя мэты.

На сучаснай пляцоўцы можна право­дзіць сілавыя трэніроўкі, гуляць у баскетбол. Спаўна скарыстацца ёй падчас навучальнага года паспеюць усе вучні школы, а такіх тут больш за 490.

Больш за тое, трэці год тут адкрываюцца класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Новая пляцоўка стане для гэтых вучняў выдатнай трэніровачнай базай у школе з багатай гісторыяй па ваенна-патрыятычным выхаванні. З гэтай установы адукацыі пачало сваю гісторыю абласное кадэцкае вучылішча. Сёння яно размешчана ў Гро­дзенскім раёне, але ў 2011 годзе першых навучэнцаў прымала менавіта сярэдняя школа № 22 Гродна.

Акрамя таго, на базе ўстановы адукацыі ўжо некалькі гадоў функцыянуе раённы цэнтр дапрызыўнай і медыцынскай пад­рыхтоўкі. Спяшаюцца сюды на заняткі не толькі навучэнцы сярэдняй школы № 22, але і дзесяці- і адзінаццацікласнікі ўсіх школ Ленінскага раёна Гродна. Няма сумнення, што варкаўт-пляцоўка стане сапраўдным цэнтрам спартыўнага прыцягнення ва ўсім Ленінскім раёне абласнога цэнтра.

Варта адзначыць, што гэтая варкаўт-пляцоўка стала трэцяй адкрытай у Гродне ў гэтым навучальным годзе. 1 верасня аналагічныя тэрыторыі спорту пачалі сваю работу ў гродзенскай сярэдняй школе № 5 імя П.З.Калініна і сярэдняй школе № 32 імя Т.Р.Ларыёнавай.

Як адзначыў начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Сяманчык, устаноўка аб’ектаў менавіта на тэрыторыі школ дасць магчымасць выкарыстоўваць іх максімальна эфектыўна. Варкаўт-пляцоўкі ў дварах больш актыўна выкарыстоўваюцца ў вячэрні час, а днём тут будуць праходзіць урокі фізкультуры, вучні змогуць пагуляць і патрэніравацца пасля заканчэння заняткаў. Увечары пасля працоўнага дня сюды змогуць прыйсці жыхары мікрараёна.

Источник: https://nastgaz.by