РУС БЕЛ ENG 中文

Займальная экасцежка: выхаванцы дзіцячага сада № 3 Мастоў з цікавасцю вывучаюць з’явы прыроды

15.09.2023

Нестандартна і цікава падышлі да афармлення экалагічнай сцежкі ў дзіцячым садзе № 3 Мастоў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Знаёмяцца са светам прыроды хлопчыкі і дзяўчынкі тут не проста ходзячы па масажных дарожках з камянёў. Асобныя ўчасткі іх экасцежкі справядліва можна назваць арт-аб’ектамі. Прычым прыга­жосць тут суседнічае з максімальным каэфіцыентам карыснасці і цікавасці.

Амаль на старце гэтай экалагічнай сцежкі выхаванцы да­школьнай установы трапляюць на вясковы дворык. І панадворак гэты стылізаваны пад сапраўдны вельмі рэалістычна. Навес ад дажджу тут — вясковы домік. Суседнічае з ім бутафорная студня, млын і нават агароджа, а па ўчастку расстаўлены статуэткі свойскіх птушак і жывёл ростам амаль з дашкалят.

— Нават кветкі тут высаджваем такія, якія дзеці прывыклі бачыць на двары ў бабулі, — гаворыць загадчыца дзіцячага сада Святлана Шчука і дадае, што ўжо на працягу некалькіх гадоў выхаванцы іх дашкольнай установы з вялікім задавальненнем адпраўляюцца на экскурсію па экалагічнай сцежцы.

Гэта цалкам заканамерна з улікам таго, што нават даросламу тут ёсць чаму здзівіцца. Галоўным чынам — нестандартнаму падыходу да афармлення ўсіх аб’ектаў экамаршруту.

Яшчэ адзін пункт на карце экалагічнага маршруту — метэапляцоўка. З задавальненнем юныя выхаванцы дашкольнай установы адзначаюць на спецыяльнай дошцы тэмпературу паветра, а пасля няхітрага вымярэння ведаюць і ўзровень ападкаў.

Ёсць тут і мініяцюрны сонечны гадзіннік, прыстасаванні для вызначэння напрамку і сілы вет­ру. Увогуле, усё неабходнае для знаёмства з прафесіяй метэаролага і проста аматара вывучэння прыродных з’яў.

Экалагічная сцежка не проста забаўляе, але і шмат чаму вучыць. У ліку такога “шмат” — гаспадарскі падыход да зямлі. Дастаткова сказаць, што на міні-агародчыку, дзе нават форма градак вельмі жыццесцвярджальная — у выглядзе сонца, вырошчваюць сезонную агародніну. Малышы актыўна ўдзельнічаюць у догля­дзе раслін, ды і пакаштаваць ура­джай таксама рады.

Ёсць на экалагічнай сцежцы і свой фітаагарод. Тут падрастаюць лячэбныя травы. Ужо на падыхо­дзе да гэтага зялёнага кутка ва­біць водарам букет з траў лаванды, мяты і мелісы, рамонкаў.

Але і гэта далёка не ўся раслінная разнастайнасць на тэрыторыі дзіцячага сада. Знаёмяцца малыя ў рамках заняткаў па экалогіі і з культурамі, якія растуць у полі. Невялікі ўчастак іх “вучэбнага поля” здалёку прыцягвае ўвагу гасцей сланечнікамі.

— А вось гэта хатка для казурак, — у працяг экаэкскурсіі для журналіста гаворыць і паказвае Святлана Шчука.

У незвычайным жыллі некалькі паверхаў. Кожны выкананы з улікам розных густаў і пераваг самых маленькіх насельнікаў фаўны. На адным паверсе — кара, вышэй — салома, далей — шчыльна скручаная трава. Усе паверхі шматпавярхоўкі злучаны праходамі. Адным словам, энтузіязму аўтарам незвычайнай ідэі не зай­маць.

Ёсць на экалагічнай сцежцы і лясны ўчастак. Два гады назад побач з мясцовай бярозкай тут высадзілі хвоі і елкі. Да таго ж сямейства вечназялёных раслін яшчэ на адным участку сцежкі дапаўняюць пышныя туі, паса­джаныя з годам розніцы кожная. З 2020 года на тэрыторыі сада закладзена алея выпускнікоў да­школьнай установы.

— З 2021 года ў нашай установе рэалізуецца рэспубліканскі адукацыйны праект “Зялёныя школы”, а дзіцячаму саду прысвоены аднайменны з праек­там статус. У рамках праекта нашы выхаванцы вывучаюць разнастайнасць жывёл і раслін, знаёмяцца з тэмамі энерга­спажывання, водазберажэння і абыходжання з адходамі. Гэта не толькі тэматычныя заняткі і гутаркі, але і ўдзел у разнастайных акцыях і выставах, як унутры ўстановы, так і за яе межамі, — гаворыць Святлана Шчука.

Цікава, што не абмяжоўваецца такая работа толькі межамі экалагічнай сцежкі. Адно з памяшканняў дашкольнай установы выкарыстоўваецца як свое­асаблівы экалагічны цэнтр. Юныя аматары прыроды і прыродных з’яў тут могуць азнаёміцца з мініяцюрнымі мадэлямі многіх прыродных экасістэм. Сімвалічна, што з парога іх тут сустракаюць і макеты добра знаёмых погляду аб’ектаў — знакамітыя ў Мастах масты (адзін з іх — самы доўгі ў Беларусі падвясны) і горадаўтваральныя прадпрыемствы ў мініяцюры.

— Усё гэта зроблена, каб аб не заўсёды простых для дзіцяці рэчах расказаць цікава з дапамогай нагляднасці. Можна сказаць, у свет экалагічнай тэматыкі нашы выхаванцы паглыбляюцца з дапамогай займальнай гульні. І вынікамі іх шчырай цікавасці да названай тэмы сталі перамогі ў розных конкурсах. Толькі летась работы нашай выхаванкі Арыны Скібы былі адзначаны дыпломамі ІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў “Зялёная школа”.

Источник: https://nastgaz.by