Педагог-дэфектолаг Вольга Курэц: нельга стаяць на месцы — трэба пастаянна рухацца, развівацца, дзяліцца вопытам
31.08.2023Жыць і працаваць на роднай зямлі — вялікае шчасце. Яго адкрыла для сябе педагог-дэфектолаг сярэдняй школы № 3 Смаргоні Вольга Курэц, калі вярнулася пасля доўгіх гадоў жыцця на Урале ў родны горад. Вярнулася, каб вучыць асаблівых дзетак. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Дзяўчына з Чэлябінска
Вольга Курэц нарадзілася ў Смаргоні, але ўсё сваё дзяцінства і юнацтва правяла ў Чэлябінску, куды пераехалі яе бацькі. Там жа ў 2009 годзе скончыла Чэлябінскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Сурдапедагогіка. Лагапедыя”. І вырашыла, што хоча вярнуцца ў родную Беларусь.
— Мне хацелася вучыцца ў магістратуры, а ў Чэлябінску такой магчымасці не было, — пачынае Вольга Маратаўна. — Бацькі засталіся на Урале, а я вярнулася на Радзіму, да бабулі. Спачатку працавала ў Мінску, у спецыяльнай школе № 14 для глухіх дзяцей, і вучылася ў магістратуры БДПУ па сваёй спецыяльнасці. Адпрацаваўшы год, вырашыла, што ўсё ж хачу ў Смаргонь.
Вольга Курэц адразу накіравалася на работу ў сярэднюю школу № 3 Смаргоні, бо гэтая ўстанова для яе сям’і, так бы мовіць, родная. У свой час яе скончыла мама Вольгі Маратаўны, у 3-й школе вучыліся брат і сястра нашай гераіні. Працоўны шлях настаўніка-дэфектолага Вольгі Курэц у сярэдняй школе № 3 Смаргоні пачаўся ў 2010 годзе, калі яна пачала выкладаць у спецыяльным 8 класе для дзяцей з інтэлектуальнымі парушэннямі па праграме першага аддзялення дапаможнай школы. Пазней працавала настаўнікам-дэфектолагам у класе інтэграванага навучання, пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, выкладала навучэнцам 1—2 класаў з парушэннямі ў гукавымаўленні, дысграфіяй і дыслексіяй.
Ёсць поспехі!
Працу настаўніка-дэфектолага не назавеш лёгкай. Нават здаровае, норматыповае дзіця, пачынаючы навучанне ў школе, праходзіць праз цяжкасці адаптацыі. Што ўжо казаць пра дзіця з асаблівасцямі ў развіцці. А такога навучэнца педагогу-дэфектолагу важна не толькі адаптаваць да школы, але і прыкласці ўсе свае веды, каб дзіця засвоіла вучэбную праграму.
— У мінулым навучальным годзе ў першы клас да мяне прыйшлі трое навучэнцаў з цяжкасцямі ў навучанні, адна з якіх — навучэнка з парушэннямі слыху, — працягвае Вольга Маратаўна. — Я іх забірала на асноўныя дысцыпліны, у сваім класе яны заставаліся на ўрокі музыкі, працоўнага навучання, выяўленчага мастацтва і г.д. Было цяжкавата, бо да цяжкасцей у навучанні дадаваліся праблемы з адаптацыяй да школьнага жыцця. Аднак няхай маленечкімі крокамі, але мы рухаліся з вучнямі наперад. І ёсць поспехі! Усе трое дзетак навучыліся чытаць. Няхай з памылкамі, марудна, але мае выхаванцы чытаюць. Лічу гэта вялізнай заслугай дзетак, бо навука ішла туга: былі крыкі, слёзы, неразуменне і нежаданне працаваць. Але мы справіліся.
Праз церні да зорак
Асаблівых поспехаў, па словах Вольгі Курэц, дасягнула Віка — навучэнка з парушэннямі слыху. Дзіця вельмі стараннае, матываванае. У свае 6 гадоў Віка разумела, для чаго яна прыйшла ў школу. Плюс вялікую падтрымку аказвалі бацькі, выконвалі дома заданні на замацаванне матэрыялу. Зразумела, што гукавымаўленне ў дзіцяці з парушэннямі слыху ніколі не будзе ідэальным — па натуральных прычынах, аднак педагог-дэфектолаг была ўпэўнена, што ў яе сілах зрабіць гаворку Вікі зразумелай для навакольных, каб дзіця магло камунікаваць з людзьмі і наогул сацыялізавацца ў грамадстве.
— У двух іншых маіх вучняў — Пашы і Эдварда — таксама ёсць поспехі. У Паўла, акрамя цяжкасцей у навучанні, былі даволі выразныя праблемы ў паводзінах, аднак і да яго я знайшла падыход — літаральна рухаліся праз церні да зорак. Хлопчык чытае не так добра, як Віка, але затое мае матэматычны склад розуму і з лічбамі на ты. Усе трое навучэнцаў паспяхова справіліся з выніковай кантрольнай работай у канцы года, — падагульняе педагог-дэфектолаг.
Навучэнцы Вольгі Маратаўны з цяжкасцямі ў навучанні застаюцца ў першым класе на другі год — гэта прадугледжана праграмай. Яны будуць займацца па праграме першага класа другога года навучання. Зноў у іх новы дзіцячы калектыў, праблемы адаптацыі, новы класны кіраўнік — наперадзе ў педагога-дэфектолага шмат работы.
У пачатку 2022 года Вольга Курэц атрымала вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю як настаўнік-дэфектолаг пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.
— У прафесіі я дасягнула многага, можна рухацца далей, — прызнаецца Вольга Маратаўна. — Планую працягваць сваю педагагічную дзейнасць, якой вельмі захоплена, і разглядаць цікавыя прапановы, каб паспрабаваць свае сілы. Я гатова да новага, таму што нельга стаяць на месцы — трэба пастаянна рухацца, развівацца, дзяліцца вопытам. Лічу, што трэба быць адкрытай да калег, прапанаваць ім напрацаваны вопыт, каб узаемна абагачацца як прафесіянал і чалавек.
…Быццам каштоўны самацвет знайшла я ў сярэдняй школе № 3 Смаргоні. А можа, і не самацвет — уральскую зорачку.
Валанцёрства вырасла з ідэі
Сярэдняя школа № 3 Смаргоні мяжуе са Смаргонскім цэнтрам карэкцыйнаразвіццёвага навучання і рэабілітацыі. Ці наладжана ў работнікаў дзвюх устаноў супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне?
— Канечне, мы супрацоўнічаем, — прызнаецца Вольга Курэц. — Без ЦКРНіР наша дзейнасць, на мой погляд, непаўнавартасная. Мы цесна ўзаемадзейнічаем з метадыстам цэнтра Святланай Віктараўнай Радзько, дырэктарам цэнтра Ганнай Віктараўнай Савіцкай і яе намеснікам Ганнай Станіславаўнай Мелюк. У нас адбываецца абмен педагагічным вопытам на пасяджэннях раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў-дэфектолагаў.
Мінулым летам я працавала ў летнім лагеры педагогам-арганізатарам, і сумесна з метадыстам ЦКРНіР Святланай Віктараўнай Радзько мы вырашылі пазнаёміць выхаванцаў лагера з выхаванцамі цэнтра на агульным мерапрыемстве. Забягаючы наперад, скажу, што з нашай ідэі вырас сапраўдны валанцёрскі атрад. Спачатку мы вырашылі проста пазнаёміць нашых дзяцей, памаляваць разам крэйдай на асфальце, паразмалёўваць, патанцаваць. А нашым выхаванцам гэтая дзейнасць так спадабалася, што яна перарасла ў шчыльнае супрацоўніцтва. І ўжо вучні сярэдняй школы № 3 прапаноўвалі мне зноў пайсці ў госці да выхаванцаў ЦКРНіР.
Для наступнага візіту ў ЦКРНіР вучні і педагог-дэфектолаг сярэдняй школы № 3 падрыхтавалі інсцэніроўку казкі “Церамок”. У наяўнасці былі ўсе лялькі з казкі ў выглядзе пальчатак на руку, сам церамок школьнікі зрабілі самастойна і паказалі сваім новым сябрам казку.
— Самае галоўнае, што гэта вельмі падабаецца выхаванцам цэнтра, а сярод іх — дзеці са складанымі спалучанымі парушэннямі ў развіцці, дзеткі, якія не размаўляюць, не чуюць, не бачаць, дзеткі-калясачнікі, — падагульняе Вольга Курэц. — Такую работу варта пачынаць, каб разнастаіць іх жыццё. І бягучым летам мы яе працягнулі. Нашы навучэнцы зараз добра разумеюць, што выхаванцаў цэнтра не трэба ні баяцца, ні саромецца, што яны звычайныя дзеці, што ім патрэбна ўвага, сяброўства і простае чалавечае цяпло.
Чаму навучыць пчолка?
Са сваімі распрацоўкамі Вольга Курэц пастаянна ўдзельнічае ў раённым этапе конкурсу “ІТ-майстар” — на лепшы адукацыйны рэсурс, створаны педагогам.
Пачынала з распрацоўкі найпростага дапаможніка па аўтаматызацыі і дыферэнцыяцыі гукаў [с] і [ш]. На другі год пашырыла сваю работу і працавала ў сэрвісах Web 2.0 разам з настаўніцай інфарматыкі школы Таісіяй Васільеўнай Захарэўскай. Так, педагогі стварылі гульню па развіцці гукавымаўлення [с] і [ш], дзе пчолка вучыла дзяцей вымаўляць гук [с], а мышка — гук [ш].
— Далей мы з калегай настаўнікам-дэфектолагам школы Настассяй Сяргееўнай Козел вырашылі стварыць дапаможнік для дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра (РАС), — дзеліцца Вольга Курэц. — Пачалі з такога карэкцыйнага кампанента, як развіццё пазнавальнай дзейнасці ў такіх навучэнцаў, каб фарміраваць у іх вучэбную матывацыю. На платформе LearningApps стварылі гульню “Мой школьны дзень”, дзе навучэнцы, выконваючы заданні, пражываюць у інтэрактыўнай форме свой школьны дзень. Прычым выкарыстоўвалі не спампаваныя з інтэрнэту карцінкі, а фатаграфіі школьных прылад сваіх навучэнцаў з РАС. Такім чынам, дзеці бачылі, што “палажыць у партфель” неабходна свой “сшытак”, а не якісьці абстрактны намаляваны сшытак, а “адчыніць дзверы” трэба менавіта ў твой “кабінет”, прайсці свой шлях ад дома да школы, а не нейкую прыблізную дарогу. Дзецям гэтая гульня надзвычай спадабалася. А мы з калегай развіваем дапаможнік, дадаём да яго іншыя раздзелы. Прычым падбіраем заданні, якія адпавядаюць індывідуальным асаблівасцям нашых дзяцей.
Источник: https://nastgaz.by