Як у дашкольным цэнтры № 97 Гродна далучаюць дзяцей да вытокаў народнай культуры
13.07.2023Педагогі дашкольнага цэнтра № 97 Гродна вырашылі не чакаць, пакуль наступным месцам правядзення фестывалю “Вытокі. Крок да Алімпу” будзе выбраны іх горад, таму самастойна арганізавалі свята для сябе і выхаванцаў.
Увесь педагагічны калектыў дашкольнай установы прымаў удзел у распрацоўцы і рэалізацыі цэлага комплексу разнапланавых мерапрыемстваў, якія ляглі ў аснову фестывалю “Вытокі па-гродзенску”. І ўсё гэта для таго, каб далучыць дзяцей да вытокаў народнай культуры, раскрыць яе багацце і самабытнасць, сілу і прыгажосць роднага беларускага слова, хараство малой радзімы і веліч усёй краіны.
На працягу трох дзён у дашкольным цэнтры працавалі тэматычныя пляцоўкі, на якіх нашы выхаванцы знаёміліся з мінулым краіны, яе культурнай спадчынай, дасягненнямі роднага горада. А яшчэ ўдзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах.
У першы дзень на вуліцы працавала пляцоўка “Гульнявы падворак”, дзе гаспадарылі найбольш вядомыя дзецям персанажы беларускіх народных гульняў Міхасік, Аленка, Музыка, Шэры Кот і інш. Героі ладзілі для дзяцей вясёлыя рухавыя гульні, падчас якіх выхаванцы не толькі задавальнялі сваю прыродную патрэбу ў руху, але і развівалі беларускае маўленне.
Выхаванцы сярэдніх і старшых груп трапілі яшчэ на адну пляцоўку — у гасцёўню бабулі Ганулі, дзе азнаёміліся са скарбніцай народнай мудрасці. Тут дзеці слухалі беларускія прыказкі і прымаўкі, разважалі над іх сэнсам, разам з гаспадыняй завучвалі народныя лічылкі і забаўлянкі, спявалі беларускія песні, прыпеўкі, калыханкі, разгадвалі загадкі. Праз знаёмства выхаванцаў з фальклорнымі творамі, па-першае, адбывалася іх далучэнне да беларускай нацыянальнай культуры, а па-другое, узбагачалася мова.
Вялікае задавальненне і ўзнёслы настрой падарыў дзецям другі дзень фестывалю, галоўныя падзеі якога адбываліся на тэатральнай пляцоўцы. Артыстамі тут былі старэйшыя выхаванцы: яны паказвалі малодшым казку на беларускай мове “Зайкава хатка”. Прычым спектакль быў арганізаваны так, што гледачы таксама ўдзельнічалі ў ім: выконвалі пэўныя заданні герояў, уключаючыся ў моўныя і рухавыя гульні, звязаныя са зместам казкі. Крыху пазней тэатралізаваная дзейнасць з музычнай залы перамясцілася на вуліцу, дзе дзеці з задавальненнем прадоўжылі гуляць у тэатр, ладзілі гульні-драматызацыі, рухавыя гульні з пераапрананнем і г.д.
На працягу трох дзён педагогі знаёмілі выхаванцаў з дзіцячымі творамі беларускіх аўтараў, а потым папрасілі намаляваць тое, што ім запомнілася. У выніку нарадзілася выстава дзіцячых малюнкаў “Па старонках беларускіх кніг”, якая выклікала шмат станоўчых эмоцый у наведвальнікаў.
Але самым багатым на ўражанні быў, бадай, трэці дзень “Вытокаў”. Ён быў прысвечаны спартыўным гульням, спаборніцтвам каманд у розных відах спорту, пазнавальным гутаркам пра ролю фізічнай культуры ў жыцці чалавека. Вядома, прайграўшых тут не было: кожны ўдзельнік за спрыт, сілу, хуткасць, розум быў узнагароджаны. Але галоўнае, што атрымалі дзеці, — гэта зарад бадзёрасці і станоўчыя эмоцыі, а яшчэ — умацаванне здароўя і развіццё фізічных якасцей. Усё як на сапраўдных “Вытоках”!
Таццяна ЖЫЛУК,
выхавальнік-метадыст дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 97 Гродна
Источник: https://nastgaz.by/