РУС БЕЛ ENG 中文

Як з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў стварыць лічбавую адукацыйную інфраструктуру для развіцця матывацыі ў вучняў

26.06.2023

З дапамогай інтэрнэт-­рэсурсаў настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 імя А.Сухамбаева Гродна Алена Антонік стварае лічбавую адукацыйную інфраструктуру, якая садзейнічае развіццю ў вучняў матывацыі да навучання і самаадукацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— У кантэксце лічбавай трансфармацыі сучаснага грамадства вучні і настаўнікі трапляюць у супярэчлівае становішча, — лі­чыць Алена Аляксанд­раўна. — З аднаго боку, падчас навучання неабходна забяспечыць выкананне патрабаванняў вучэбных праграм і фарміраванне прадметных, метапрадметных і асобасных кампетэнцый. З другога боку, у скрынцы на настаўніцкім стале падчас вучэбных заняткаў ля­жыць такі родны, запаветны для кожнага вучня гаджэт — мабільны тэлефон, які імгненна можа развіць адну матывацыю — хутчэй паг­лыбіцца ў прывабны і шматколерны свет Instagram, “УКантакце”, TikTok. Сёння настаўнікам і бацькам становіцца зразумела, што digital-тэхналогіі будуць накладваць адбітак на характар навучання ва ўстановах адукацыі. І не трэба ўздыхаць: “А вось у наш час!..” Настаўнікам важна засяродзіць увагу на тым, каб скарыс­таць сучасныя тэндэнцыі лічбавізацыі грамадст­ва і спалучыць дасягненні традыцыйнай педагогікі з інавацыйнымі падыходамі.

Аб’ектам увагі настаўніцы становяцца сацыяльныя сеткі. Напрыклад, сацыяльная сетка “УКантакце” дае магчымасць ствараць суполкі, дзе можна размяшчаць фота, відэа, пасты на пэўныя тэмы. На ўроках беларускай літаратуры ў 10 класе пры вывучэнні тэмы “Літаратура 20—30-х гадоў” педагог стварае суполку, дзе вучні размяшчаюць пасты са сваімі інтэлект-картамі па тэме.  У суполцы “Наша мова 10 “А” вучні дзеляцца меркаваннямі наконт праблемнага пытання: чаму беларусы не размаўляюць на роднай мове? Такая дзейнасць настаўніка і вучняў спрыяе развіццю цікавасці падлеткаў да роднай мовы, папулярызацыі беларускага слова ў падлеткавым асяроддзі, выклікае жаданне далучыцца да абмеркавання сацыяльных праблем.

Алена Аляксандраўна стварыла электронны адукацыйны рэсурс “Рыхтуемся да алімпіяды і ЦТ”. У ім размешчаны тэарэтычны і практычны матэрыял па беларускай мове і літаратуры. Заданні прапаноўваюцца як у тэкставым, так і ў інтэрактыўным фармаце. Напрыклад, падборка заданняў па фразеалогіі створана ў сэрвісе Learningapps, што ў інтэрактыўнай форме дапамагае адпрацаваць матэ­рыял па тэме.

— Кантэнт інтэрнэт-рэсурсу скіраваны не толькі на трэнажорную функцыю, але і на асобаснае развіццё вучняў, фарміраванне грамадзянскай пазіцыі, духоўнасці. Падборка відэа па беларускай літаратуры і культуры Беларусі мае выхаваўчае значэнне, спрыяе павышэнню цікавасці да духоўнай спадчыны народа. Выкарыстоўваючы асабісты адукацыйны рэсурс у рабоце з вучнямі, настаўнік набывае ролю цьютара і каардынатара асабістай лічбавай адукацыйнай інфраструктуры, — адзначае Алена Антонік. 

Павышаюць вучэбную матывацыю школьнікаў сэрвісы Wев 2.0. Для складання інтэрактыўнага кластара настаўніца выкарыстоўвае магчымасці сэрвісаў Popplet, Mindomo, з дапамогай якіх вучні ствараюць асабісты віртуальны прадукт, па спасылцы ў пошце дзеляцца ім з аднакласнікамі, дасылаюць педагогу, захоўваючы ў фармаце графічнага ці PDF-файла. Вопыт паказвае, што вынікі работы вучняў на віртуальных дошках ніколі не паўтараюцца. У кожнага атрымліваецца асабісты электронны прадукт.

Папулярным у арсенале настаўніка становіцца інтэрнэт-дадатак Canva, у якім можна працаваць не толькі на камп’ютары, але і ў смартфоне. У дадатку можна ствараць інтэлект-карты, інфаграфіку, прэзентацыі, відэа. Напрыклад, пры вывучэнні аглядных тэм па літаратуры складаюцца інтэлект-карты. Для характарыстыкі вобразаў у творы прымяняецца інфаграфіка. Добра валодаючы тэхнікамі работы ў графічных дадатках, вучні ствараюць арыгінальныя праекты, якія пацвярджаюць добрую дасведчанасць навучэнцаў у сферы digital-тэхналогій.

 

Источник: https://nastgaz.by/