РУС БЕЛ ENG 中文

Як вучні сярэдняй школы № 9 Ліды ўшаноўваюць памяць аб герою-сучасніку Андрэю Нічыпорчыку

23.06.2023

Для вучняў сярэдняй школы № 9 Ліды прыкладам мужнасці, гераізму, самаадданасці стаў выпускнік Андрэй Нічыпорчык, імя якога носіць установа адукацыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Камандзір звяна вучэбна-баявой эскад­рыллі маёр Андрэй Нічыпорчык і пілот лейтэнант Мікіта Куканенка 19 мая 2021 года ў Баранавічах цаной свайго жыцця адвялі самалёт ад жылых дамоў. Пра гісторыю подзвігу экіпажа расказва­юць юныя экскурсаводы гісторыка-края­знаўчага музея “Памяць”.

Раней у школе быў пакой баявой славы. Экспазіцыі ў асноўным адлюстроўвалі гісторыю горада, падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Пасля гераічнага ўчынку лётчыкаў музей быў рэарганізаваны.

— Андрэй Нічыпорчык — выпускнік нашай школы, таму было лагічна, што ўстанова адукацыі пачала змагацца за права насіць яго імя, — расказала дырэктар Іна Хартановіч. — У 2021 годзе па ініцыятыве настаўнікаў, педагогаў-ветэранаў, навучэнцаў, ваеннаслужачых 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы мы запусцілі праект “Не мог зрабіць інакш”. На працягу года арганізоўвалі пошукава-даследчыя аперацыі, мерапрыемствы, прысвечаныя памяці Андрэя Уладзіміравіча. У жніўні 2022 года школе было прасвоена яго імя, а 17 верасня мы адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар героя.

Для нашых вучняў Андрэй Уладзімі­равіч — прыклад героя-сучасніка. Можна сказаць, гэта малады чалавек з суседняга двара, які з’яўляецца для іх сімвалам мужнасці, самаадданасці, гераізму, які паміж сваім жыццём і ратаваннем людзей выбраў апошняе. Таму вельмі складана перааца­ніць уплыў подзвігу нашага былога выпускніка на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў.

Сёння школа цесна супрацоўнічае з камандаваннем і асабістым складам 116-й гвардзейскай Радамскай Чырванасцяжнай штурмавой авіяцыйнай базы, якая дыслацыруецца ў Лідзе. Пошукавая работа пачалася яшчэ ў сярэдзіне 60-х гадоў, а цяпер яе прадаўжаюць члены школьнага музея. Вынікам гэтай работы стала стварэнне памятнага альбома “Чалавек. Прафесіянал. Герой”. У ім сабраны ўспаміны розных лю­дзей, пачынаючы ад першага настаўніка Андрэя да яго таварышаў па службе. Ёсць у музеі і макет месца крушэння самалёта. Зрабілі яго школьнікі разам з ваеннаслужачымі 116-й авіябазы і выхаванцамі цэнтра тэхнічнай творчасці. Навучэнка 10 класа Караліна Голубева падчас экскурсіі абавязкова паказвае наведвальнікам гэты макет, пры стварэнні якога былі выкарыстаны сапраўдныя часткі самалёта герояў.

— Андрэй Нічыпорчык з 1996 па 2005 год вучыўся ў нашай школе, — расказвае Караліна Голубева. — У 2010 го­дзе скончыў авіяцыйны факультэт Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. У экспазіцыі “Адно неба на дваіх” прадстаўлены фотаальбом, копія асабістай справы, асабістыя рэчы, якія, як радкі са школьнага сачынення Андрэя, адлюстроўваюць яго чалавечыя якасці: “У мяне шмат лепшых сяб­роў, але я не буду называць іх імёны, каб не пакрыў­дзіць астатніх”. Мы ганарымся нашым выпускніком і тым, што школа носіць імя Героя Беларусі.

Навучэнцы, якія ўваходзяць у савет музея, займаюцца даследчай дзейнасцю, арганізоўваюць экскурсіі. Ужо два гады праводзіць экскурсіі Дар’я Горда.

— Я хачу расказаць пра экспазіцыю “Незабыты герой незабытай вайны”, прысвечаную подзвігу лётчыка І.П.Вя­дзеніна, які ў час Вялікай Айчыннай вайны паўтарыў подзвіг Мікалая Гастэлы і накіраваў свой самалёт у цэнтр варожай танкавай калоны. Яго імем у 1962 годзе была названа піянерская дружына школы. У экспазіцыі “Аб по­дзвігу, аб доб­лесці, аб славе” размешчана інфармацыя пра лётчыкаў — герояў Вялікай Айчыннай вайны, чыімі імёнамі названы вуліцы нашага горада. На гісторыях іх подзвігаў вырасла не адно маладое пакаленне, — расказ­вае Дар’я Горда.

Даследчая работа прадаўжаецца і сёння. У супрацоўніцтве з іншымі ўстановамі адукацыі ў музеі праводзяцца сумесныя мерапрыемствы, тэлемасты, выстаўкі, круг­лыя сталы, вялікая коль­касць экскурсій. У госці да школьнікаў прыхо­дзяць бацькі Андрэя Уладзіміравіча, яго ўдава, таварышы па службе. Традыцыйныя “Волатаўскія гульні”, у якіх прымаюць удзе­л навучэнцы школы сумесна з ваеннаслужачымі, пачынаючы з 2022 года носяць імя А.У.Нічыпорчыка.

Ірына АНІКЕВІЧ

 

Источник: https://nastgaz.by/

поделиться в: