У педагагічнага калектыву школы № 38 Гродна шмат дасягненняў у галіне духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў
25.05.2023Сярэдняя школа № 38 Гродна з гонарам носіць імя знакамітага асветніка XII стагоддзя Кірылы Тураўскага, што накладвае на педагогаў і вучняў асабістую адказнасць: жыццё і дзейнасць свяціцеля даюць прыклад для развіцця, раскрыцця патэнцыялу. Знакавая падзея прысваення школе імя асветніка 22 лістапада 2022 года супала з адкрыццём рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні “Духоўнасці жывая нітка”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У педагагічнага калектыву школы шмат дасягненняў у галіне духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў, асветы на аснове хрысціянскіх традыцый. Усё гэта стала магчымым дзякуючы шматгадоваму цеснаму супрацоўніцтву з прадстаўнікамі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
— Выхаванне маральнасці, садзейнічанне захаванню і развіццю гістарычных традыцый і каштоўнасцей беларускага народа сталі прыярытэтным напрамкам дзейнасці нашай установы адукацыі, — падкрэсліў дырэктар сярэдняй школы № 38 імя Кірылы Тураўскага Гродна Сяргей Мікалаевіч Кісялёў. — Сёння ў педагагічнай практыцы школы выхаванне на хрысціянскіх каштоўнасцях пастаўлена на першае месца, знойдзены метады і прыёмы перадачы неацэннага вопыту, кансалідацыі ўсіх сіл: сям’і, школы і царквы.
Музейная прастора
Пачаткам плённага ўзаемадзеяння школы і царквы стала сумесная работа над стварэннем школьнага музея “Хрысціянскія каштоўнасці і народныя традыцыі ў сям’і”. Музей быў адкрыты ў 2013 годзе і стаў асновай узаемадзеяння школы, сям’і і царквы па фарміраванні ў вучняў сямейных каштоўнасцей. Тут сабраны ўнікальны матэрыял, які раскрывае сэнс і гісторыю станаўлення хрысціянскіх і народных традыцый. У напаўненні трох залаў музея матэрыяламі прымалі ўдзел сем’і і педагогі школы.
Звярнуцца да экспанатаў музея запрасіла яго кіраўнік Святлана Ходар:
— Тут прадстаўлены экспанаты, пранізаныя духам часу, сямейнага ўкладу беларусаў. Так, мы можам бачыць у адной з залаў калекцыю ручнікоў сярэдзіны XIX стагоддзя, калыску ручной работы 1946 года, падораную сям’ёй Бульцэвіч. Асаблівую значнасць уяўляюць іконы сярэдзіны ХХ стагоддзя сям’і Мышкевіч, кішэннае Евангелле (1938 г.) сям’і Смоліных, кнігі Новага і Старога Запавету сярэдзіны XIX стагоддзя сем’яў Шадзюль, Рапай і Хітрушка. Ёсць праваслаўныя рэліквіі, перададзеныя ў фонд музея святарамі.
Працягваючы падарожжа па музеі, трапляем у залу памяці “Святыні зямлі беларускай”, дзе прадстаўлены звесткі пра жыццё беларускіх святых, гісторыя страчаных храмаў Гродна. У 2022 годзе пры падтрымцы святароў царквы ў гонар сабора Усіх Беларускіх Святых Гродна ў зале памяці створаны раздзел, прысвечаны жыццёваму шляху Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева).
Унікальныя экспанаты залаў музея дазваляюць выкарыстоўваць у выхаванні дзяцей не толькі вучэбны, але і эмацыянальны кампанент. Дзеці знаёмяцца са Святым Пісаннем і Паданнем, з гісторыяй хрысціянскай царквы, з рэлігійнымі і грамадзянскімі святамі, прымаюць удзел у гутарках. У музеі праводзяцца выхаваўчыя мерапрыемствы і факультатыўныя заняткі “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Музей стаў цэнтрам асветы не толькі навучэнцаў, але і бацькоў: з 2016 года для іх тут арганізоўваюцца дні сямейных наведванняў у шосты школьны дзень. У музея ёсць свая аўдыторыя і ў сеткавай прасторы: кожны жадаючы з дапамогай сайта школы можа азнаёміцца з экспазіцыяй. Штогод музей наведваюць больш за 7 тысяч чалавек.
Музей і яго кіраўнік неаднаразова ўзнагароджваліся дыпломамі прызёраў і пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу этнаграфічных музеяў (экспазіцый). У 2022 годзе С.Ю.Ходар стала лаўрэатам прэміі імя Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта “За высокі ўзровень арганізацыі духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі”. У 2021 годзе прэміі імя мітрапаліта Філарэта быў удастоены кіраўнік установы адукацыі С.М.Кісялёў.
Пад эгідай бібліятэкі
Разглядаючы духоўнае развіццё асобы як складаны і шматпланавы працэс, нельга абысці ўвагай дзейнасць бібліятэкі. На яе базе ажыццяўляецца рэалізацыя праекта “Свет пачынаецца з сям’і”. Школьнікі з задавальненнем дзеляцца сямейнымі гісторыямі аб захаванні сувязі пакаленняў.
Яшчэ адным бібліятэчным праектам духоўна-маральнай накіраванасці стаў школьны лялечны тэатр батлейка, у стварэнні якога прымала ўдзел цэлая каманда з бібліятэкараў, настаўнікаў і, вядома, дзяцей. У 2021 годзе лялечны тэатр удзельнічаў у VI адкрытым рэгіянальным фестывалі батлеечных тэатраў “Чароўны свет батлейкі” і быў узнагароджаны дыпломам за лепшы спектакль, а ў 2022 годзе эфектыўная практыка батлейкі была ўключана ў дапаможнік для педагагічных работнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Беларускі народны тэатр “Батлейка” ў школе”.
У 2019/2020 навучальным годзе бібліятэка была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені на рэспубліканскім этапе конкурсу “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”, а ў 2022 годзе атрымала грамату Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веньяміна ў знак удзячнасці за работу на ніве духоўнай асветы.
Бібліятэчная батлейка не адзіны тэатр ва ўстанове адукацыі. У снежні 2021 года навучэнцы ваенна-патрыятычнага 10 класа пад кіраўніцтвам настаўніцы мастацтва Э.В.Аўгусціновіч-Зубакінай паставілі на школьнай сцэне калядны спектакль “Выратавацца або выжыць”, заснаваны на рэальных падзеях з жыцця Алены Асовіднай, якая ў 16 гадоў стала палонніцай канцлагера Асвенцім.
Ад праектаў да рэсурснага цэнтра
У школе рэалізуецца праектная дзейнасць па духоўна-маральнай асвеце і выхаванні. Так, навучэнцы 4-х класаў распрацавалі LEGO-праект “Святыні Гродзенскай зямлі”, прысвечаны 1030-годдзю праваслаўя на беларускіх землях, у рамках якога дзеці стварылі LEGO-макеты храмаў Гродзенскай епархіі.
Школа прыняла ўдзел у рэалізацыі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў “Укараненне мадэлі фарміравання асобаснай і сацыяльнай ідэнтычнасці дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”, “Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных адносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа і ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя”. Традыцыйна ўстанова становіцца пляцоўкай для правядзення Каложскіх адкрытых абласных навукова-адукацыйных чытанняў.
— Аналізуючы вынікі дзейнасці школы па духоўна-маральным выхаванні, знаходзіш заканамернасць у тым, што адначасова з прысваеннем установе імя асветніка было прынята рашэнне адкрыць тут рэсурсны цэнтр “Духоўнасці жывая нітка”, — адзначыў Сяргей Кісялёў. — Работа цэнтра накіравана на стварэнне ўмоў для інтэгравання ў адукацыйную прастору школы асноўных відаў дзейнасці, якія забяспечваюць духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў і іх далучэнне да праваслаўных, культурна-гістарычных традыцый Беларусі ў сумеснай дзейнасці са святарамі Гродзенскай епархіі БПЦ, а таксама на акумуляванне і распаўсюджванне перспектыўнага вопыту педагогаў Кастрычніцкага раёна Гродна па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў. Рэсурсны цэнтр не з’яўляецца музейнай прасторай, дзе гісторыю можна толькі ўбачыць і пачуць, тут да гэтай гісторыі прапануюць яшчэ і дакрануцца.
Асветнік Кірыла Тураўскі
Нарадзіўся будучы асветнік у Тураве. Звестак пра яго жыццё няшмат, ні дакладная дата нараджэння, ні свецкае імя, на жаль, не вядомы. Нарадзіўся Кірыла не пазней чым у 1134 годзе ў заможнай мнагадзетнай сям’і. Хлопчыка вучылі нанятыя сям’ёй настаўнікі. Шмат часу ўдзялялася асваенню дакладных навук, мастацтву, музыцы, грэчаскай мове, духоўнаму выхаванню. З самага дзяцінства ён цікавіўся Святым Пісаннем і часта хадзіў у царкву.
У сталым узросце Кірыла Тураўскі пакінуў родны дом і сышоў у тураўскі Барысаглебскі манастыр. Ён прыняў манаскі пострыг і святы сан, а праз некаторы час стаў настаяцелем аднаго з тураўскіх манастыроў. Там ён пачаў сваю настаўніцкую дзейнасць: вучыў манахаў і свецкіх людзей. Праз некаторы час надоўга сышоў у пустэльніцтва, прысвяціўшы сябе духоўнаму самаўдасканаленню, малітвам і пісьмовай творчасці.
Кірыла Тураўскі не шукаў славы і адасобіўся для напісання шчырых пропаведзяў у імя служэння Богу. Аднак подзвіг пустэльніцтва і работы прынеслі яму сапраўдную вядомасць. Неўзабаве па просьбе князя Георгія Яраславіча і гараджан ён быў пастаўлены епіскапам Тураўскім. Свяціцель прыклаў шмат намаганняў, каб наладзіць царкоўнае жыццё Тураўскай епархіі, змагаўся з ерассю і кананічнымі парушэннямі. Пропаведзі Кірылы Тураўскага падчас царкоўных служэнняў былі настолькі пранікнёныя, што вернікі з навакольных населеных пунктаў імкнуліся пачуць іх.
Верагодна, ён кіраваў Тураўскай епархіяй да 1177 года. І ўсё ж жыццё багаслова і асветніка яму было больш блізкім, чым кіраўніцтва епархіяй. Можа, таму ён пакінуў епіскапскую кафедру і цалкам прысвяціў сябе напісанню духоўных твораў.
Памёр Кірыла Тураўскі прыкладна ў 1188 годзе і быў пахаваны на могілках Барысаглебскага манастыра ў Тураве. Паводле легенды, у месцы яго пахавання расце з зямлі камень у выглядзе крыжа. Праваслаўная царква кананізавала Кірылу Тураўскага.
Літаратурная і духоўная спадчына Кірылы Тураўскага велізарная. Да нас дайшло больш за 70 яго твораў. Мінская духоўная акадэмія носіць імя святога Кірылы Тураўскага. Удзячныя нашчадкі ўстанавілі дні памяці Кірылы Тураўскага — 28 красавіка і 11 мая. У Тураве, Мінску і Гомелі яму ўстаноўлены помнікі.
Ірына АНІКЕВІЧ
Источник: https://nastgaz.by/