Як выхаваць сапраўднага грамадзяніна-патрыёта, ведаюць у школе № 1 Карэліч
15.05.2023Новыя і традыцыйныя формы работы па выхаванні сапраўдных патрыётаў роднай краіны актыўна ўкараняюцца ў адукацыйную практыку сярэдняй школы № 1 Карэліч. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Планаванне і арганізацыя грамадзянскага і патрыятычнага выхавання ва ўстанове адукацыі ажыццяўляюцца такім чынам, каб ідэйная накіраванасць, праблематыка, змест розных форм і метадаў навучання і выхавання насілі апераджальны характар, садзейнічалі развіццю пазнавальных, інтэлектуальных, культурных патрэб навучэнцаў, — расказала дырэктар школы Алена Вярбіцкая. — У цяперашні час вядзецца пошук новых тэхналогій стварэння спрыяльных умоў для сацыялізацыі навучэнцаў, выхавання іх грамадзянскіх і патрыятычных пачуццяў.
Адной з такіх форм работы з’яўляюцца інтэлектуальныя гульні. Яны выступаюць сродкам развіцця пазнавальнай цікавасці школьнікаў. Навучэнцы добра ведаюць, што можна вучыцца гуляючы і падарожнічаць, не выходзячы з класа. Яны ўзбагачаюць веды пра краіну, гуляючы ў такія гульні, як “Разумнікі і разумніцы”, “Што? Дзе? Калі?”, “Свая гульня”, “Брэйн-рынг”, “Я ведаю!”, “Поле цудаў” і інш. Вучні 3 класа разам са сваім класным кіраўніком Марынай Хіневіч запрасілі ўдзельнікаў прэс-туру здзейсніць экскурс у краіну інтэлектуальных гульняў. Гасцям было прапанавана паспрабаваць свае сілы ў гульні “Разумнікі і разумніцы” па тэме “Вядомыя людзі зямлі беларускай”. Прадстаўленая гульня стала лагічным завяршэннем вывучэння матэрыялу, які прапаноўваўся навучэнцам на дадатковых занятках па прадмеце “Чалавек і свет”. Такія заняткі дапамагаюць развіваць у дзецях крытычнае мысленне, крэатыўнасць, ініцыятыўнасць, настойлівасць, уменне працаваць у калектыве.
Пошукі спосабаў стварэння аптымальных арганізацыйна-педагагічных умоў для грамадзянскага і патрыятычнага станаўлення навучэнцаў прывялі класных кіраўнікоў Святлану Камар і Надзею Урбановіч да краязнаўства, якое садзейнічае выхаванню пачуцця прыналежнасці да продкаў, прымушае задумацца пра свае карані, непарыўнасць і пераемнасць пакаленняў не ў выглядзе гатовых ісцін і формул, а ў бесперапынным пошуку, даследаванні і вывучэнні, а таксама да метаду праектаў.
Спачатку вучні паспрабавалі свае сілы ў гатовых сеткавых праектах, а затым узнікла ідэя стварэння свайго праекта. Так нарадзіўся сеткавы праект “Віртуальная квест-экскурсія “З варагаў у грэкі ў XXI стагоддзі”. У рэалізацыі праекта ўдзельнічалі навучэнцы 4—6 класаў школы. Каб іх матываваць, у межах праекта была прыдумана легенда пра дзяцей з Карэліч — Алеся і Васілінку, якія гасцявалі летам у свайго дзядулі ў Магілёве. Дзядуля — навуковец-гісторык — па вечарах расказваў унукам пра гістарычнае мінулае нашай Радзімы. Аднойчы ён прапанаваў дзецям дапамагчы вікінгу, які нейкім таямнічым чынам трапіў у наш час з IX стагоддзя. Вікінг зможа вярнуцца назад у свой час, калі пройдзе шлях “з варагаў у грэкі” ў сучасным свеце і збярэ старадаўнія скандынаўскія ўпрыгажэнні-абярэгі, якія даўным-даўно пакінулі тут вікінгі.
Праект “З варагаў у грэкі ў XXI стагоддзі” быў удастоены дыпломаў ІІІ ступені ў абласных конкурсах “ІТ-майстар” у намінацыі “Віртуальная экскурсія” і “Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы” ў намінацыі “Лепшы інтэрнэт-праект, прысвечаны Году гістарычнай памяці.
— У віртуальную квест-экскурсію адправіліся 6 каманд нашай школы, — расказала Святлана Камар. — Падарожжа пачалося з Беларусі. Навучэнцы азнаёміліся са славутасцямі нашай краіны, якія не вельмі вядомы турыстам, але, тым не менш, надзвычай цікавыя: з адзінай пячорай у Беларусі, Крычаўскімі Мальдывамі, востравам Ду, вадаспадам на рацэ Вята, Мёртвым возерам, перавернутым домам у Дукоры, а потым стварылі даведнік “Знаёмая незнаёмая Беларусь”. Спадабалася старшакласнікам і майстраваць дракары-караблі, на якіх плавалі вікінгі.
На скандынаўскім этапе вучні азнаёміліся з малавядомымі творамі А.Ліндгрэн, запісалі аўдыяспектаклі па нарвежскіх легендах пра троляў, здзейснілі круіз па фіёрдах Нарвегіі. Візантыйскі этап дапамог даведацца, што ў рускай і турэцкай мовах ёсць словы аднолькавыя па гучанні, але розныя па значэнні, і скласці ўласны руска-турэцкі слоўнік у малюнках. Таксама на гэтым этапе вучні стварылі віртуальны музей і параўналі славянскіх і грэчаскіх багоў.
Праектная дзейнасць пакладзена і ў аснову работы школьнага аздараўленчага летніка “Астравок дзяцінства”, што дазволіла зрабіць працэс грамадзянска-патрыятычнага выхавання вучняў бесперапынным. Творча-гульнявыя праекты накіраваны на выхаванне пачуцця гордасці за сваю малую радзіму і народ праз вывучэнне гісторыі, традыцый і культуры роднага краю, развіццё творчых здольнасцей дзяцей, навыкаў асобаснага і гульнявога ўзаемадзеяння ў межах часовага калектыву.
— Праект “Сцяжынкамі роднай Беларусі” дазволіў дзецям азнаёміцца са славутасцямі кожнай вобласці нашай краіны. Выхаванцы лагера здзейснілі займальнае падарожжа па Беларусі, часткова віртуальнае, але з поўным эфектам прысутнасці, — паведаміла начальнік лагера Іна Суднік. — А вось праект лета 2022 года дапамог дзецям стаць сапраўднымі шукальнікамі скарбаў. Па легендзе змены, дзецям трэба было знайсці скарбы, якія схавалі на нашым востраве славянскія багі Пярун і Ярыла. Інфармацыю пра скарбы багі напісалі на скрутку, які за шмат гадоў прыйшоў у непрыгоднасць. На працягу 18 дзён школьнікі аднаўлялі фразы на скрутку і даведаліся, што скарбы зямлі беларускай — гэта зусім не золата і брыльянты, а наша малая радзіма, яе гістарычнае мінулае, дзяржаўныя сімвалы, знакамітыя людзі. Галоўны ж яе скарб — гэта дзеці, будучыня нашай краіны.
Любоў да Айчыны пачынаецца з любові да сваёй малой радзімы. Педагогі 1-й карэліцкай школы робяць усё магчымае, каб навучэнцы ўсвядомілі адзінства свайго краю і ўсёй краіны, зразумелі, што родны пасёлак — частка Айчыны. На вырашэнне пастаўленай задачы накіравана работа школьнага таварыства “Юны даследчык”. За гады яго дзейнасці ўдзельнікі працавалі над рознымі праблемамі: аналізавалі літаратурныя творы, вывучалі аб’екты жывой і нежывой прыроды, даказвалі, што адно ўраўненне можа з’яўляцца матэматычнай мадэллю розных задач; выступалі з рацыяналізатарскімі прапановамі. Работы школьнікаў неаднаразова станавіліся пераможцамі даследчых канферэнцый і конкурсаў рознага ўзроўню.
Навучэнкі 8 класа Дар’я Бязмен і Дзіна Сас пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі Вольгі Маліноўскай правялі даследаванне на тэму “Энтамафаўна домікаў-пастак школьнага яблыневага саду”.
— Аднойчы на факультатыўных занятках мы прачыталі цікавы артыкул “Атэлі для кузурак”. У ім ішла гаворка пра домікі для насякомых. Нічога падобнага мы не сустракалі ў нашым гарадскім пасёлку. Таму вырашылі змайстраваць домікі-пасткі, каб прыцягнуць карысных жучкоў у яблыневы сад і ўважліва паназіраць за імі пасля ўрокаў, — адзначылі дзяўчаты. — Мэта нашага даследавання — устанавіць відавую разнастайнасць насякомых-насельнікаў хатак-пастак саду, а таксама высветліць, якія з іх могуць застацца ў іх на зімоўку. У выніку ў хатках-пастках намі былі апісаны прадстаўнікі 4 атрадаў, 11 сямействаў, 12 відаў класа насякомых. Гэта кузуркі энтамафагі — добраахвотныя памочнікі, якія рэгулююць колькасць шкоднікаў яблыневага саду. Мы зрабілі памяткі па прыцягненні карысных насякомых у сады і агароды ў якасці альтэрнатывы выкарыстання хімікатаў для барацьбы са шкоднікамі.
Дзевяцікласніца Аляксандра Чычкан падрыхтавала змястоўную даследчую работу “Мова зямлі — памятка гісторыі” (кіраўнік — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Надзея Гурын).
— Над тэмай тапаніміі Карэліччыны працавала мая стрыечная сястра, калі была вучаніцай нашай установы. Я таксама зацікавілася гісторыяй малой радзімы, таму вырашыла працягнуць даследаванне, — расказала дзяўчына. — Выкарыстоўвала матэрыялы раённага краязнаўчага музея, музеяў устаноў адукацыі, вусныя аповеды жыхароў. Звяртала асаблівую ўвагу на ранейшыя і сучасныя варыянты і дублеты назваў населеных пунктаў, на ступень ужывальнасці сучасных варыянтаў айконімаў у афіцыйна-літаратурнай і народна-дыялектнай формах. Аказалася, што народ ніколі не называў сваё паселішча, раку ці іншы тапанімічны аб’ект выпадковым словам. Тапонімы ўзнікаюць у канкрэтных гістарычных умовах і адлюстроўваюць розныя бакі жыцця і дзейнасці чалавека. Напрыклад, назва Ятвезь утворана ад назвы ятвегаў, аднаго з балтыйскіх плямёнаў.
Аляксандрай складзены слоўнік тапонімаў Карэліцкага раёна, у які ўвайшлі 154 назвы населеных пунктаў, згрупаваных па сельскіх выканаўчых камітэтах. У ходзе даследавання было сабрана 9 легенд і паданняў аб паходжанні назваў населеных пунктаў Карэліччыны. У работу ўключаны раздзел “Геральдыка населеных пунктаў Карэліцкага раёна”.
Помнікі прыроды Карэліцкага раёна рэспубліканскага значэння даследаваў вучань 3 класа Мацвей Горбік (кіраўнік — настаўніца М.Хіневіч). Хлопец высветліў, што на тэрыторыі раёна іх сем: валун “Вялікі камень” чыжыноўскі, валун “Чортаў камень” асташынскі, каштан васьмітычынкавы “Райцаўскі”, кангламераты “Смольчыцкія”, агаленне “Цімошкавічы”, парк “Мір” і пагорак “Гара Замак”.
— Вывучыўшы ўсе помнікі прыроды, мы пазначылі іх месцазнаходжанне на карце раёна. Каб расказаць пра іх усім зацікаўленым, падрыхтавалі інфармацыйны буклет і стварылі відэафільм. Сумесна з супрацоўнікамі раённай бібліятэкі падрыхтавалі разгорнуты праект турыстычнага маршруту па помніках прыроды, — адзначыў юны даследчык. — Дзякуючы нашым пошукам, гэтымі аб’ектамі зацікавіліся дарослыя. Спадзяёмся, што неўзабаве з’явяцца ўказальнікі, якія дапамогуць турыстам лёгка знайсці помнікі прыроды Карэліччыны.
Навучэнцы і іх педагогі не спыняюцца на дасягнутым, а фантануюць новымі ідэямі, рэалізуюць цікавыя ініцыятывы. У Год міру і стварэння навучэнцамі 8 “А” класа і іх класным кіраўніком Аленай Буй распрацаваны экскурсійны маршрут, накіраваны на вывучэнне гісторыка-культурнай спадчыны Карэліччыны, а менавіта старадаўніх сядзіб краю. Гэтая ідэя, дарэчы, пакладзена ў аснову раённага праекта “Праз мінулае ў будучыню”, удзельнікамі якога сталі навучэнцы школ раёна.
У правільнасці выбранага педкалектывам шляху па выхаванні сапраўдных патрыётаў краіны ўдзельнікі прэс-туру змаглі пераканацца, наведаўшы інтэлектуальную гульню-віктарыну ў 1 класе “Беларусь — гэта мы!” (настаўніца Вольга Конюх) і дыялогавую пляцоўку ў 11 класе “Мы — будучыня Беларусі” (класны кіраўнік Людміла Крывіцкая), дзе гаворка ішла пра галоўныя каштоўнасці беларусаў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Источник: https://nastgaz.by/