Дацягнуцца да героя
10.01.2023Гісторыю подзвіга маладых лётчыкаў Мікіты Куканенкі і Андрэя Нічыпорчыка, якія ў маі 2021 года цаной свайго жыцця адвялі самалёт ад жылых дамоў, у сярэдняй школе № 6 Ліды ведае кожны навучэнец. Педагогі і дзеці ганарацца, што ўстанова адукацыі носіць імя Мікіты Барысавіча Куканенкі.
Палёт у вечнасць
Мікіта Куканенка нарадзіўся 18 верасня 1998 года ў Полацку. Вучыўся ў сярэдняй школе № 15, а з 2008 года — у Полацкім кадэцкім вучылішчы, якое скончыў у 2015 годзе і быў залічаны курсантам авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Пасля заканчэння ўстановы адукацыі ў кастрычніку 2020 года быў накіраваны для далейшага праходжання службы ў 116-ю гвардзейскую штурмавую авіяцыйную базу Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. Малады лётчык служыў у вучэбна-баявым авіяцыйным звяне вучэбна-баявой авіяцыйнай эскадрыллі.
Гераічны ўчынак стаў апошнім у жыцці маладога лейтэнанта і яго камандзіра. Ваенны самалёт Як-130 Лідскай штурмавой авіяцыйнай базы пацярпеў крушэнне 19 мая 2021 года ў Баранавічах. Экіпаж у складзе камандзіра звяна вучэбна-баявой эскадрыллі маёра Андрэя Нічыпорчыка і пілота лейтэнанта Мікіты Куканенкі выконваў планавы вучэбна-трэніровачны палёт, падчас якога заўважыў тэхнічную няспраўнасць. Каб пазбегнуць чалавечых ахвяр і разбурэння дамоў на зямлі, пілоты пачалі свядома адводзіць самалёт. Лётчыкі да апошняй секунды ўздзейнічалі на ручку кіравання самалётам, рулі напрамку і вышыні. Калі машына была накіравана на пустку паміж шматкватэрнымі і прыватнымі дамамі, не хапіла часу і вышыні для прыняцця рашэння аб катапультаванні. Ад моманту ўзнікнення аварыйнай сітуацыі да падзення самалёта прайшло крыху больш за мінуту.
Лейтэнант Куканенка не страціў самавалодання ва ўмовах, звязаных з рызыкай для жыцця, праявіў адвагу і асабістую мужнасць, стрыманасць і высокае прафесійнае майстэрства, здзейсніў подзвіг: цаной свайго жыцця выратаваў людзей на зямлі. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2021 года за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку, лётчыкам Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку пасмяротна прысвоена званне “Герой Беларусі”. Вышэйшыя дзяржаўныя ўзнагароды сем’ям загінуўшых герояў Аляксандр Лукашэнка ўручыў 17 снежня 2021 года.
Жыццё пасля жыцця
— Калі 19 мая 2021 года здарылася бяда і жыццё маладых лётчыкаў абарвалася, нашы навучэнцы ваенна-патрыятычнага класа вырашылі выступіць з прапановай аб прысваенні школе імя Героя Беларусі Мікіты Куканенкі, — расказала дырэктар сярэдняй школы № 6 Ліды імя М.Б.Куканенкі Ірына Францаўна Трэмбач. — Пачалася работа над творчым праектам “Жыццё пасля жыцця”. У школьным музеі была створана экспазіцыя “Палёт у вечнасць”. Нашы дзеці з’ездзілі ў Полацкае кадэцкае вучылішча, дзе вучыўся Мікіта, і пазнаёміліся з кадэтамі. Яны прабылі там тры дні, каб зразумець, як жывуць іх аднагодкі. Таксама ў Полацку яны пазнаёміліся з мамай Мікіты Барысавіча — гэтая сустрэча вельмі ўсхвалявала дзяцей. Вярнуўшыся, нашы школьнікі сказалі, што мы ўсё правільна робім, трэба ўшаноўваць памяць аб такіх героях.
Установа адукацыі з 55-гадовай гісторыяй славіцца арганізацыяй работы па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. Рашэннем Лідскага райвыканкама ад 19 ліпеня 2022 года сярэдняй школе № 6 Ліды прысвоена імя адважнага лётчыка М.Б.Куканенкі.
Добра памятае тую паездку ў Полацк навучэнец 11 “А” кадэцкага класа Арцём Паўловіч.
— Асабліва запомнілася сустрэча з мамай Мікіты і яго настаўнікам. Я таксама мару звязаць жыццё з ваеннай службай. Пасля наведвання кадэцкага вучылішча, дзе вучыўся Мікіта Куканенка, я яшчэ больш загарэўся жаданнем паступіць ва ўстанову адукацыі ваеннага профілю, — расказаў Арцём.
Мара лідскіх школьнікаў збылася. Новая старонка гісторыі школы пачалася з вялікага свята ў Дзень народнага адзінства, калі была адкрыта мемарыяльная Дошка гонару ў памяць пра Мікіту Барысавіча Куканенку.
Выхаванне патрыётаў
— Мы робім усё для таго, каб нашы навучэнцы не толькі атрымалі грунтоўныя веды, але і сталі асобамі, патрыётамі, грамадзянамі, годнымі сваёй краіны, здольнымі знайсці сваю дарогу ў жыцці, прыносіць карысць Радзіме і абараняць яе, — падкрэсліла Ірына Трэмбач. — Вялікую ролю ў гэтым адыгрываюць кадэцкі клас, музей “Памяць”, клуб “Патрыёт”. Дарэчы, з 529 выпускнікоў кадэцкага класа 219 працягнулі навучанне ва ўстановах адукацыі, дзе ёсць ваенныя факультэты, або ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусі, Інстытуце пагранічнай службы і іншых УВА.
Яшчэ ў 1997 годзе паміж сярэдняй школай № 6 Ліды і Ваеннай акадэміяй была заключана дамова аб выхаванні будучых ваенных. Выкладчыкі акадэміі ўваходзілі ў экзаменацыйныя камісіі і прымалі экзамены ў школьнікаў. Традыцыйнымі сталі сумесныя спартыўныя выпрабаванні. Дарэчы, трапіць у кадэцкі клас было не так проста, залічэнне вялося на конкурснай аснове. Каб вучыцца ў гэтым класе, дзеці прыязджалі з навакольных вёсак, заняткі пачыналіся вельмі рана, а дадатковыя праходзілі дапазна. Неаднаразова школа сярод ваенна-патрыятычных, кадэцкіх класаў прызнавалася лепшай у Лідскім раёне па такіх вучэбных прадметах, як фізіка, матэматыка. Узровень выкладання і ведаў вучняў вельмі высокі.
Традыцыя кадэцкіх класаў працягваецца. Адбыўся 25-ы набор кадэтаў, у гэтым навучальным годзе яны стануць выпускнікамі. Таксама ў школе адзін 10-ы і два 11-я класы — ваенна-патрыятычныя. Дзякуючы таму, што пачаў працаваць кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Міхаіл Лукеш, спектр іх дзейнасці пашырыўся. Цяпер і навучэнцы 5—9 класаў прымаюць удзел у дыялогавых пляцоўках, экскурсіях у вайсковыя часці. Рэалізуецца праект “Экскурсійная субота”, калі дзеці распрацоўваюць маршруты па горадзе і ў адзін дзень усе навучэнцы школы адпраўляюцца на экскурсіі.
У 2021 годзе школьнікі стварылі свой YouTube-канал “Кадэцкае братэрства сярэдняй школы № 6”. Юнакі і дзяўчаты расказваюць пра свае справы, пачынаючы ад ваенна-патрыятычнага лагера да штотыднёвых мерапрыемстваў суботняга дня. Уражанні ад жыцця летам у лагеры застаюцца на ўвесь год. Там дзеці не толькі адпачываюць, штодзень прымаюць удзел у мерапрыемствах патрыятычнага характару, але і вучацца. Традыцыйна ўдзельнічаюць у мітынгах на Кургане Славы.
Ёсць на канале і відэасправаздача з наведвання цягніка Памяці. Дзеці не проста знялі відэа, а паспрабавалі паказаць свае эмоцыі, якія яны адчувалі. Школьнікі робяць відэаанонсы навін, бяруць інтэрв’ю. З’явіўся тут і прафарыентацыйны блок. Да таго ж інфармацыя пра школьныя мерапрыемствы размяшчаецца ў Instagram, “УКантакце”. У гэтым годзе ствараецца школьны медыяцэнтр.
Працягваецца работа над новым музейным праектам. Плануецца, што экспазіцыі выйдуць за межы музея і будуць даступнымі для кожнага. Ужо ёсць адна такая экспазіцыя — “Помнікі дзецям вайны”. Новы праект будзе уключаць раздзелы “Лідчына ў часы Вялікай Айчыннай вайны”, “Малодшыя сёстры Хатыні” і “Аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.
— Мы не імкнёмся да таго, каб у ваенна-патрыятычных і кадэцкіх класах рыхтаваць толькі ваенных, — падкрэсліла Ірына Трэмбач. — Самае галоўнае — выхаванне грамадзяніна, патрыёта, чалавека, які зойме дастойнае месца ў грамадстве, будзе працаваць на карысць дзяржавы.
Ірына АНІКЕВІЧ
Источник: https://nastgaz.by