“Лічбавае медыя +”: гімназія № 1 Дзятлава ў аб’ектыве поспеху
04.11.2025
У свеце школьнай журналістыкі яшчэ ярчэй запалілася зорка – прэс-цэнтр “Лічбавае медыя+” гімназіі № 1 горада Дзятлава, які імкліва ўварваўся ў медыяпрастору, стаўшы ўдзельнікам раённага конкурсу на лепшы медыякантэнт “Медыя_art”.
Каманда маладых і амбіцыйных медыйшчыкаў не проста заявіла аб сабе. Яны стварылі “лічбавы сусвет” – Telegram-канал #Інсайт_гімназіі, дзе кожны пост ператвараецца ў жывую гісторыю.
Менавіта тут нараджаюцца фотагісторыі, публікуюцца рэпартажы і гучаць галасы гімназістаў. Канал стаў сапраўднай вітрынай школьнага жыцця, дзе кожны можа знайсці натхненне, інфармацыю і нагоду для гонару.
Шматлікія рубрыкі фарміруюць адмысловы адметны стыль канала:
– рубрыка “#Гімназія ў фотааб’ектыве: топ тыдня” – візуальныя хронікі, якія ператвараюць будні ў кадры з выставы. Кожны тыдзень удзельнікі канала выбіраюць самыя яркія, крэатыўныя і эмацыйныя фотаздымкі, зробленыя ў сценах гімназіі, шляхам анлайн-галасавання;
– “Гімназія_Life” – жывыя рэпартажы, інтэрв’ю і закуліссе школьных падзей;
– “Гордасць гімназіі” – гісторыі поспеху вучняў, педагогаў і выпускнікоў, якія натхняюць;
– “Афіша тыдня” – штотыднёвыя свежыя анонсы мерапрыемстваў, конкурсаў і актыўнасцяў;
– “#Анлайн інфаэкспрэс” – аператыўныя навіны і інфаструмень у рэжыме рэальнага часу, лістоўкі, памяткі прафілактычнага характару.
Кожны пост – як рыска да партрэта сучаснай гімназіі: адкрытай, дынамічнай і крэатыўнай.
Прэс-цэнтр “Лічбавае медыя +” не проста асвятляе падзеі – ён фарміруе культуру стасункаў, развівае навыкі сторытэлінгу і далучае вучняў да свету лічбавых камунікацый.
Удзел у раённым конкурсе “Медыя_art” – сапраўдная медыяпрыгода, дзе кожны кадр і кожны пост – гэта эмоцыя, ідэя і крок да перамогі.
Источник: https://diatlovonews.by
	   
		
	