РУС БЕЛ ENG 中文

Парадавацца поспеху разам

04.02.2021

З ахвотай і задавальненнем спяшаюцца вучні Юрацішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы, што ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці, на заняткі да любімай настаўніцы Валянціны Сцяпанаўны Пуцік. Педагог імкнецца будаваць навучанне так, каб даць магчымасць кожнаму дзіцяці раскрыцца і праявіць сябе, каб поспеху дабіўся кожны навучэнец у меру сваіх здольнасцей і магчымасцей, бо так прыемна перажываць з дзіцем радасць яго поспеху.

Па водзывах калег, Валянціна Сцяпанаўна — творчы настаўнік, які пастаянна эксперыментуе, вывучаючы і выкарыстоўваючы найноўшыя педагагічныя тэхналогіі, удасканальвае і ўзбагачае сваё педагагічнае майстэрства. Нядаўна педагог абагульніла вопыт работы па фарміраванні арфаграфічнага навыку малодшых школьнікаў. Пра асноўныя педагагічныя прынцыпы, адэкватную самаацэнку і шляхі фарміравання арфаграфічнай пільнасці ў пачаткоўцаў — наша гутарка з Валянцінай Сцяпанаўнай ПУЦІК.

— Валянціна Сцяпанаўна, як вы прыйшлі ў педагогіку? Што прыцягвае ў рабоце з малодшымі школьнікамі? За гады работы сфарміравалася педагагічнае крэда?

— Усё вельмі банальна. Быць настаўніцай — мая дзіцячая мара. І вось ужо 26 гадоў я працую ў школе з дзецьмі.

Слова “крэда” перакладаецца з лацінскай мовы як “веру, верую”. У што ж я веру? Веру ў тое, што я выбрала патрэбны кірунак, правільны шлях. Веру ў тое, што мае вучні стануць годнымі людзьмі. І веру, што ў гэтым будзе і мая маленькая заслуга.

Абапіраючыся на свой вопыт, з упэўненасцю магу сказаць: трэба цярпліва і паслядоўна авалодваць педагагічным майстэрствам, вывучаць псіхалагічныя асаблівасці школьнікаў, прадбачыць магчымыя цяжкасці пры засваенні вучэбнага матэрыялу, улічваць здольнасці дзяцей і г.д.

Я да гэтага часу не дасканалая ў сваёй прафесіі. І ведаю, што не стану дасканалай. З кожным наборам дзяцей у мяне з’яўляюцца новыя прыёмы, я прымяняю новыя метады навучання. Кожны раз да мяне на 4 гады прыходзяць новыя людзі. Яны адрозніваюцца ад папярэдніх вучняў і ў той жа час падобныя на іх. 4 гады мы будуем з імі адносіны. Менавіта так. Мы не проста клас, а, як бы высакамоўна гэта ні гучала, сям’я. За 4 гады мы пачынаем разумець адно аднаго без слоў. Я ведаю, чым і як іх захапіць. А потым… потым яны, самыя-самыя, сыхо­дзяць. І прыходзяць новыя. І зноў шукаеш шлях да іх сэрцаў. Вучыш, выхоўваеш і… адпускаеш. Але, бачачы вынік, не шкадуеш ні часу, ні сіл.

— На ваш погляд, ці патрэбна адзнака ў пачатковай школе? Як вы фарміруеце ў дзяцей адэкватную самаацэнку?

— У пачатковай школе выкарыстоўваецца безадзнакавая сістэма ацэньвання. З аднаго боку, яна спрыяе ўстойліваму псіхафізічнаму развіццю дзіцяці — адсутнасці страху за “няведанне” матэрыялу і атрыманне нездавальняючай адзнакі. З іншага боку, безадзнакавая сістэма вядзе да зніжэння матывацыі і адтэрмінаванага бацькоўскага кантролю.

Ацэнка і адзнака — гэта розныя паняцці. Ацэнка — гэта інфармацыя аб выніковасці навучання. Адзнака — гэта знакавы выраз ацэнкі. Адзнакі без ацэнкі не павінна быць. Слоўная ацэнка дае дакладную характарыстыку ўзроўню ведаў, але, будучы перакладзенай у адзнаку, звужае свой сэнс. Думаю, атрымаўшы разгорнуты каментарый ад настаўніка, дзіця зразумее, да чаго яшчэ яму неабходна імкнуцца, што хаваецца за абалонкай безасабовай школьнай адзнакі.

Навык самакантролю ў малодшых школьнікаў занадта слабы, а самаацэнка можа быць на розных узроўнях: заніжаная, адэкватная або завышаная. Вельмі важна з самага першага ўрока хваліць малодшых школьнікаў менавіта за адэкватную самаацэнку і ўзаемаацэнку, а не толькі за цудоўныя вынікі дзейнасці. Пасля ажыццяўлення сама- і ўзаемаацэнкі настаўнік выстаўляе свае значкі — згоду ці нязгоду з тым, як ацэнена дзіця. Гэта дазваляе знайсці ў выніках вучобы дадатковую прычыну для радасці: так, мая работа была далёкая ад ідэалу, але я змог дакладна сябе ацаніць і ацаніць работу суседа.

Можна захапіць дзіця незалежна ад яго поспехаў, галоўнае — стварыць для яго ўмовы, пры дапамозе якіх яно зможа праявіць свае здольнасці і па-новаму паглядзець на вучобу.

— Якія тэхналогіі на сённяшні дзень лічыце найбольш эфектыўнымі? Чаму? Як іх выкарыстоўваеце?

— Выкарыстанне тэхналогій дазваляе ліквідаваць аднастайнасць і манатоннасць вучэбнага працэсу. У сваёй рабоце выкарыстоўваю элементы розных тэхналогій: развіццёвае навучанне, праблемнае навучанне, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, здароўезберагальныя тэхналогіі, навучанне ў супрацоўніцтве і інш. Усё залежыць ад прадметнага зместу, мэт урока, узроўню падрыхтаванасці навучэнцаў. Уключаю ў вучэбны працэс і сённяшняе вучнёўскае захапленне — гаджэты, бо калі іх выкарыстоўваць па прызначэнні, то яны, безумоўна, дапамагаюць школьнікам у вучобе.

Выкарыстанне ІКТ на ўроках матэматыкі дазваляе зрабіць працэс навучання больш цікавым, яркім, займальным за кошт багацця мультымедыйных магчымасцей, эфектыўна вырашаць праблему нагляднасці навучання, пашырыць магчымасці візуалізацыі вучэбнага матэрыялу, робячы яго больш зразумелым і даступным для навучэнцаў.

Уключэнне ва ўрок гульнявых момантаў робіць працэс навучання больш цікавым, стварае ў навучэнцаў добры настрой, аблягчае пераадольванне цяжкасцей у навучанні. Я выкарыстоўваю іх на розных этапах урока. У пачатку ўрока ўключаю гульнявы момант “Адгадай тэму ўрока”, пры замацаванні вывучанага матэрыялу — “Знайдзі памылку”, кадзіраваныя практыкаванні.

Групавая дзейнасць дазваляе арганізаваць актыўную самастойную работу на ўроку. Гэта работа дзяцей у пары ці ў групе. Гэтая тэхналогія прымяняецца пры замацаванні вывучанага і пры паўтарэнні матэрыялу. Практычная значнасць у тым, што яна дазваляе ў кароткі тэрмін апытаць амаль увесь клас. Выкарыстоўваю ў працэсе навучання і здароўезберагальныя тэхналогіі, якія фарміруюць у навучэнцаў ўсвядомленую патрэбу ў вядзенні здаровага ладу жыцця.

Працэс навучання будуецца такім чынам, каб навучэнец здабываў веды самастойна, а настаўнік толькі дапамагаў яму, накіроўваў на патрэбны шлях. Навучэнцы могуць не пага­дзіцца не толькі з меркаваннем таварыша, але і з маім меркаваннем. Ім прадастаўлена права спрачацца, адстойваць і аргументавац­ь свой пункт гледжання. Пры такім падыходзе магчымы памылковыя меркаванні, таму для мяне надзвычай важна, каб навучэнцы не баяліся дапусціць памылку. Высвятляючы сутнасц­ь розна­галоссяў, малодшыя школьнікі вучацца аргументаваць сваё меркаванне і паважаць думку іншых вучняў. Праблемны ўрок забяспеч­вае больш якаснае засваенне ведаў, развіццё інтэлекту. Для стварэння праблемнай сітуацыі на ўроку выкарыстоўваю супярэчлівыя факты, навуковыя тэорыі, узаемавыключальныя пункты гледжання або адказы вучняў на зададзенае пытанне ці практычнае заданне, выканаць якое можна, абапіраючыся на новы матэрыял.

— Валянціна Сцяпанаўна, нядаўна вы абагульнілі вопыт работы па фарміраванні арфаграфічнага навыку ў малодшых школьнікаў з дапамогай выкарыстання арфаграфічных практыкаванняў на ўроках рускай мовы. Як жа навучыць пачаткоўцаў правільна пісаць?

— Фарміраванне арфаграфічна правільнага пісьма — адна з найбольш складаных задач, што вырашаецца ў школе. Вучыць малодшых школьнікаў правапісу вельмі няпроста. Калі чалавек ідзе і не бачыць ямы на сваім шляху, ён у яе, хутчэй за ўсё, упадзе. Гэтак жа і з арфаграмай: калі яе не бачыш, то верагоднасць правільнага напісання мінімальная. І іншая карціна: чалавек, які ідзе, убачыўшы яму, будзе асцярожны, і ён бу­дзе шукаць шляхі яе пераадолення. Тая ж сітуацыя складваецца і з арфаграфічнай пільнасцю: бачачы небяспечнае месца ў слове, вучань задумаецца над яго напісаннем.

Арфаграфічна правільнае пісьмо прадугледжвае ўменне знаходзіць, пазнаваць з’явы мовы на аснове так званага арфаграфічнага навыку, які дапамагае таму, хто піша, спыніцца, задумацца, праверыць сябе, калі гэта трэба. Асаблівая роля ў фарміраванні арфаграфічнага навыку належыць пачатковым класам. Таму настаўніку трэба навучыць малодшых школьнікаў ператвараць свае веды ў навыкі.

Як жа сфарміраваць арфаграфічны навык у малодшага школьніка? Для дасягнення мэты мною былі пастаўлены задачы: навучыць школьнікаў працаваць па алгарытме, адпрацоўваць уменне знаходзіць арфаграму, рашаць арфаграфічную задачу, ажыццяўляць самакантроль.

Арфаграфічны навык — гэта ўменне кантраляваць ход арфаграфічнага дзеяння, гэта значыць правільнасць руху алгарытму рашэння задачы пісьма, і ацэньваць атрыманы вынік — выбраную літару — з пункту гледжання адпаведнасці або неадпаведнасці нормам арфаграфіі. Разгледзім дзеянні, звязаныя з фарміраваннем арфаграфічнага навыку. Структура свядома выкананага арфаграфічнага дзеяння складаецца з наступных этапаў аналітыка-сінтэтычных аперацый: выяўленне арфаграм; суаднясенне арфаграм з пэўным правілам, прымяненне правіла (рашэнне арфаграфічнай задачы); ажыццяўленне самакантролю.

Памылкі пры выкананні арфаграфічнага дзеяння могуць узнікаць на любым яго этапе. Для іх прадухілення ў першапачатковы перыя­д навучання правапісу выкарыстоўваю розныя тыпы арфаграфічных практыкаванняў. Адны практыкаванні накіраваны толькі на развіццё арфаграфічнай пільнасці (выяўленне арфаграм), у іншых практыкаваннях трэба знайсці арфаграму і рашыць арфаграфічную задачу.

У 1 класе, калі дзеці толькі пачынаюць вывучаць правілы арфаграфіі, прынцыпова важна стварыць перадумовы для паспяховага развіцця арфаграфічнай пільнасці, паказаць школьнікам неадназначную адпаведнасць паміж словам, якое гучыць, і напісаным. Пачаць работу па фарміраванні арфаграфічнай пільнасці неабходна адначасова з навучаннем двум відам чытання: арфаграфічнаму і арфаэпічнаму. Пры гэтым варта актыўна выкарыстоўваць такі прыём работы, як арфаграфічнае прагаворванне. Менавіта арфаграфічнае складовае прагаворванне дапамагае дзецям пазбегнуць тыповых для пачатковага навучання памылак: пропуск, замена, перастаноўка, устаўка літар.

У малодшым школьным узросце дзіцяці неабходны ўзор, паводле якога вучань мог бы ажыццяўляць сваю дзейнасць, тым больш калі гаворка ідзе пра самакантроль. Ужо ў 2 класе навучэнцы могуць ажыццяўляць самаправерку па плане, які ўключае 3—4 пункты, удзельні­чаць у складанні алгарытмаў да правіл і працаваць па іх.

Назаву некаторыя прыёмы фарміравання арфаграфічнага навыку самакантролю, заснаваныя на рабоце па алгарытме:

— спецыяльна арганізаванае спісванне (каб гэтая работа прынесла жаданы вынік, па-першае, яна павінна праводзіцца штодня, па-другое, павінен жорстка выконвацца сам алгарытм пісьма).

Алгарытм парадку дзеянняў пры спісванні

1. Прачытай сказ, каб зразумець яго.

2. Паўтары сказ, не гледзячы ў тэкст, каб праверыць, ці запомніў ты яго.

3. Вызначы арфаграмы ў сказе, які спісваеш.

4. Прачытай па складах першае слова ў сказе так, як яно напісана.

5. Паўтары, не гледзячы ў тэкст, гэтае слова, правер з надрукаваным, запомні, як яно пішацца.

6. Запішы гэтае слова, выразна дыктуючы сабе па складах.

7. Правер сябе:

— чытай напісанае, адзначаючы дужкамі склады;

— падкрэслі арфаграму ў напісаным слове;

— правер напісанае і надрукаванае.

8. Гэтак жа спісвай астатнія словы сказа;

— работа па інструкцыі (навучэнцам выдаюцца карткі-заданні з інструкцыяй па выкананні заданняў, карткі-адказы для самаправеркі);

— какаграфічныя практыкаванні (практыкаванні ў знаходжанні і выпраўленні спецыяльна дапушчаных памылак).

Пры каменціраваным пісьме дасягаецца высокі ўзровень самакантролю, паколькі вучань не проста фіксуе, а тлумачыць правапіс. Вельмі важна, каб усе працавалі адначасова з каментатарам, не адстаючы і не забягаючы наперад. Вялікая самастойнасць навучэнцаў у працэсе пісьма дасягаецца з выкарыстаннем наступнага алгарытму: прагаворваю, вызначаю арфаграму, успамінаю правіла, прымяняю яго, пішу, правяраю.

Пісьмо з “дзіркамі” можа быць двух відаў: пропускі робяцца ўсюды, дзе ёсць арфаграмы; пропускі робяцца толькі там, дзе вучань сумняваецца ў напісанні літары. Важна ўлічваць, што другі спосаб без адпрацоўкі першага не прынясе жаданых вынікаў. Я прывучаю дзяцей адзначаць усе арфаграмы ў слове, у тым ліку і яшчэ не вывучаныя.

Не сакрэт, што навучэнцы з вялікім задавальненнем выконваюць інтэрактыўныя практыкаванні. Таму многія віды практыкаванняў, апісаныя вышэй, я стварыла з дапамогай сэрвісаў Web 2.0. Яны дазваляюць хутка складаць заданні, ажыццяўляць аўтаматычную праверку правільнасці выканання практыкаванняў. Спецыяльна створаныя практыкаванні не толькі ўплываюць на развіццё арфаграфічнага навыку, але і ажыўляюць урок.

— На ваш погляд, які спосаб выпраўлення памылак выбраць, каб ён садзейнічаў развіццю арфаграфічных уменняў вучняў?

— Звычайна настаўнік закрэслівае ня­правільнае напісанне, падкрэслівае яго і зверху піша правільны варыянт. Але гэты прыём, на мой погляд, не спрыяе развіццю арфаграфічнага навыку. Бо гэта настаўнік, а не вучань, знайшоў памылку і сам жа выправіў яе.

Больш эфектыўным з’яўляецца спосаб не выпраўлення памылкі, а яе паказу. Асабліва дарэчы выкарыстоўваць гэты прыём у 2 класе, бо адзнакі на гэтым этапе навучання не выстаўляюцца. Можна проста падкрэсліць літару, месца ў слове ці ўсё слова, дзе дапушчана памылка. Можна адзначыць толькі радок, дзе трэба шукаць памылку. Гэта стымулюе арфаграфічную дзейнасць. Пры выбары спосабу падказкі неабходна ўлічваць шэраг фактараў: магчымасці вучня, характар дапушчанай памылкі, момант навучання і г.д. Пры такім падыходзе дапамога настаўніка становіцца адраснай, паколькі ўлічваецца ўзровень падрыхтоўкі кожнага дзіцяці.

Вучыць знаходжанню арфаграм, вырашэнню адпаведных арфаграфічных задач, самакантролю трэба мэтанакіравана, не спадзеючыся на тое, што арфаграфічны навык з’явіцца сам, аўтаматычна.

— Каб работа прынесла жаданы вынік, неабходна зрабіць сваімі саюзнікамі і бацькоў. Як вам гэта ўдаецца?

— Страшна браць на сябе велізарную адказнасць за жыццё дзяцей, за іх будучыню. Вось яны прыходзяць у 1 клас, і ты вядзеш іх 4 гады сцежкай жыцця, а побач з імі крочаць іх бацькі. І ты, настаўнік, становішся кіроўцам гэтага руху, ад цябе залежыць вельмі многае. Я заўсёды на першым бацькоўскім схо­дзе прашу бацькоў быць маімі саюзнікамі. Калі саюз “настаўнік — бацькі” будуецца на ўзаемнай павазе, даверы і разуменні, выйграюць усе, і ў першую чаргу — дзіця. Галоўнае — паказаць бацькам, што ты хочаш іх дзіцяці толькі дабра. А па-іншаму ў нашай прафесіі проста не можа і быць.

— Вялікі дзякуй за размову.

поделиться в: