РУС БЕЛ ENG 中文

Як скласці дарожную карту жыцця з дапамогай геаграфіі, ведае Уладзімір Асіюк са Свіслачы

07.10.2025

У жыцці няма нічога больш каштоўнага, чым уласны вопыт. Гэтую думку Вальтэра Скота ў самапрадстаўленні на рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года” выкарыстаў настаўнік геаграфіі Уладзімір Асіюк з сярэдняй школы № 2 Свіслачы імя М.П.Масонава. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Было гэта 20 гадоў назад. Тады педагог выйшаў у фінал конкурсу.

— Сёння да гэтых слоў я дабавіў бы разважанні аб каштоў­насці не толькі асабістага вопыту, але і вопыту калег, здольнасці вучыцца ў іншых, быць здольным да кампрамісаў, не спыняцца на дасягнутым, — адзначае Уладзімір Асіюк.

— Уладзімір Фёдаравіч, чаму вырашылі стаць настаў­нікам геаграфіі?

— З дзяцінства ў мяне была цяга да падарожжаў, жаданне пабываць у розных краінах. Я шмат чытаў. Успамінаюцца героі дванаццацітомніка Жуля Верна, з якімі ў 7—8 класах я здзейсніў завочнае падарожжа ад Паўночнага полюса да цэнтра Зямлі. Школьныя нас­таўнікі на ўроках расказвалі аб вытворчых геаграфічных практыках, паездках, дзяліліся гісторыямі з палявога жыцця падчас сваёй вучобы, паказвалі мінералы і горныя пароды. Мая мама — настаўніца пачатковых класаў, таму прафарыентацыя ў мяне пачалася з самага дзяцінства. У старшых класах нават дапамагаў ёй правяраць сшыткі. Мой брат стаў настаўнікам фізкультуры. Усе мы скончылі Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна.

— Успомніце свой першы ўрок, першых вучняў.

— Першы ўрок быў у 7 “А” класе школы, дзе я цяпер працую. У ім я і быў класным кіраўніком. Гэта быў урок-падарожжа па ма­церыках. Я расказваў вучням цікавыя факты аб прыродзе, насельніцтве Зямлі. Калі гаварыць пра выпускнікоў таго класа, то большасць з іх раз’ехаліся па краіне, працуюць у розных сферах.

Вучні? Аналітыкі!

— Чым можна здзівіць сучасных вучняў? На чым заснаваны ваш падыход у выкладанні прадмета?

— Здзівіць вучняў раней было значна прасцей, чым сёння. Цяпер трэба шукаць нешта неардынарнае, часам, як ні дзіўна, вельмі простае. Напрыклад, дослед з рухам полымя свечкі ўверсе і ўнізе дзвярэй (у 5 класе па курсе “Чалавек і свет”).

Мой падыход заснаваны на дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі. Усе дзеці не засвояць матэрыял аднолькава і ў адным тэмпе. Прапаноўваю розныя маршруты да адной і той жа вучэбнай мэты.

Тым, хто лёгка спраўляецца з базавай праграмай, даю заданні па-за рамкамі падручніка, нестандартныя сітуацыі. Калі аднаму вучню ў якасці размінкі каля карты ў пачатку ўрока можна прапа­наваць паказаць нейкі аб’ект, напрыклад, Бразілію, то іншаму — яшчэ і падумаць, якую эканамічную або экалагічную праблему вырашае перанос сталіцы Бразіліі з Рыа-дэ-Жанейра ў Бразіліа.

Пры рабоце ў групах зацікаўленым вучням прапаноўваю ўзяць на сябе ролю аналітыкаў, кіраўнікоў праекта, спікераў ці тых, хто прадстаўляе вынік. Выкарыстоў­ваю міні-праекты. Так, пры вывучэнні клімату Афрыкі ў 7 класе моцнаму вучню магу прапанаваць даследаваць, як кліматычныя змяненні ўплываюць на рэжым ракі Ніл. У 8 класе, абапіраючыся на міжпрадметныя сувязі з папярэднім курсам, — падумаць, як зменіцца жыццё земляроба Егіпта пры змяненні клімату. Выкарыстоўваю прыём “Фішбоўн” з тэхналогіі крытычнага мыслення, калі вучні выяўляюць прычынна-выніковыя сувязі складаных з’яў. Калі вывучаем Паўночную Амерыку, прапаноўваю ўявіць, што было б з яе кліматам, калі б Кардыльеры знаходзіліся не на захадзе, а на ўсходзе мацерыка. Выкарыстоўваю прынцып “вучыся вучыць” і апераджальныя заданні. Зацікаўленыя дзеці рыхтуюць невялікі аповед або прэзентацыю для аднакласнікаў па складанай тэме, тлумачаць матэрыял іншым.

— Што вы прапануеце дзецям, якім прадмет даецца цяжэй?

— Любы вучань можа ўнесці ўклад у агульную справу, у кожнага ёсць свае моцныя бакі. Галоўным з’яўляецца поспех у разуменні матэрыялу, а не аб’ём атрыманай інфармацыі. Узяць тую ж размінку каля карты. Спачатку магу папрасіць вучня проста пака­заць аб’ект на карце, затым знайсці яго па памяці, пазней назваць яго. Паступовае ўскладненне знімае страх памылкі, спрыяе запамінанню. Выкарыстоўваю апоры і алгарытмы, напрыклад, пры выкарыстанні тых жа кластараў. Даю іх не пустымі, а часткова запоўненымі. Задача вучня — дапоўніць іх, не стварыць з нуля. Гэта як карта, якая дапамагае не заблукаць.

Пры рабоце над праектам па развіцці горада вучань можа быць не аналітыкам, а дызайнерам і аформіць плакат, або журналістам і ўзяць інтэрв’ю ў бацькоў, або тэхнічным спецыялістам і сабраць даныя па насельніцтве, запоў­ніць простую табліцу. Дапамагаюць практыка-арыентаваныя пытанні. Напрыклад, чаму ў горадзе зімой галалёд бывае радзей, чым за горадам? Гэта больш зразумела і цікава, чым агульнае пытанне аб клімаце.

Ёсць універсальныя метады. Сярод іх праблемнае навучанне. Можна пачаць урок не з факта, а з праблемнага пытання. Дапусцім, ці можа Беларусь стаць востравам? Чаму найбагацейшая па рэсурсах краіна Афрыкі можа быць самай беднай? Гэта ўключае мысленне і прыродную цікаўнасць дзяцей. Праектнае навучанне лепш выкарыстоўваць у групах і парах, калі моцны вучань падцягвае таго, каму цяжэй, тлумачыць яму матэрыял. Заўсёды актуальныя гульнявыя прыёмы, напрыклад, геаграфічны баскетбол. Выкарыстоўваю яго для размінкі ў пачатку ўрока і для фізкультхвілінкі ў сярэдзіне. Гэта спрыяе запамінанню інфармацыі праз дзеянні. Так, калі вывучаем рэжым ракі, я кідаю мячык і адначасова задаю пытанне “Як называецца кароткачасовы ўздым вады ў рацэ?”. Дзіця ловіць мяч, кідае настаўніку і пры гэтым дае адказ, што гэта паводка.

Эпіграф, фізкультхвілінка і навіны дня

— На ваш погляд, як ства­рыць камфортную псіхалагічную атмасферу ў класе?

— Калі мы гаворым пра вучняў 5—6 класаў, то бывае дастаткова проста выслухаць іх па хвалюючых пытаннях. Настаўніку важна прыйсці да званка і не сыходзіць адразу пасля заканчэння ўрока, калі гэта магчыма. Люблю пачы­наць новую тэму і заканчваць урок эпіграфам. Высвятляю ў канцы ўрока, як змяніліся адносіны дзяцей да гэтай фразы, цытаты. Мне падабаецца выкарыстоўваць легенды, звязаныя з тэмай урока або класнай гадзіны. Дапамагае нала­дзіць кантакт з дзецьмі нефармальная фізкультхвілінка “Гном і волат”. Прапаноўваю абмерка­ваць навіны дня. Шмат падзей, якія адбываюцца ў свеце, маюць сувязь з геаграфіяй. Для старшакласнікаў гэта грамадска-палітычныя падзеі, для вучняў малодшых класаў — тыя ж вывяржэнні вулканаў, землетрасенні. Выкарыстоў­ваю прыём “Параўнаем з”. Напрыклад, гаворым аб даўжыні ракі Амазонкі і параўноўваем яе з працягласцю Беларусі з захаду на ўсход, каб пераканацца, на­колькі гіганцкая гэтая рака.

— Раскажыце пра дасягненні вашых вучняў.

— Мае вучні атрымлівалі дыпломы абласных алімпіяд, станавіліся прызёрамі конкурсу дзіцячых навукова-практычных праектаў эколага-біялагічнай тэматыкі “Празрыстыя хвалі Нарачы”. У мінулым навучальным годзе я працаваў з Ксеніяй Пясняк, цяпер ужо студэнткай, а тады вучаніцай 11 класа, якая была ўдастоена дыпломаў ІІ ступені на абласным конкурсе “Хрустальная Альфа” і абласной канферэнцыі “Купалаўская вышыня”, дып­лома І ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу краязнаўчых работ. У чэрвені 2025 года Насця Мацкевіч стала ўладальніцай дыплома ІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе юных краязнаўцаў.

— Якія цікавыя праекты вы рэалізоўвалі?

— Мабыць, самы цікавы і выніковы праект апошніх гадоў — гэта стварэнне дынамічнай карты машынабудавання Беларусі. Працаваў над ім сумесна з настаўнікам гісторыі Аляксанд­рам Пісецкім і тады яшчэ вучнем 11 класа Ільёй Валюком. У рамках рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” у 2022 годзе мы былі ўдастоены дыплома І ступені. З Аляксандрам Валер’евічам, а таксама настаў­нікамі гісторыі, біялогіі, геаграфіі ўдзельнічаў у праектах па стварэнні турыстычных маршрутаў па Свіслачы, раёне. Па адукацыі я, дарэчы, нас­таўнік геаграфіі і біялогіі.

— Захапленне геаграфіяй дапамагае вам як класнаму кіраўніку?

— Цяпер я класны кіраўнік 6 класа. На класных гадзінах мы ствараем праекты аб сваім гора­дзе, раёне: асвятляем пытанні, як і калі ўзнік населены пункт, чаму менавіта тут, якія карысныя выкапні здабываюцца ў раёне, якія рэкі працякаюць, якія ёсць экалагічныя праблемы. Геаграфія, на мой погляд, неверагодна праф­арыентацыйны прадмет. Існуе шмат прафесій, звязаных з ёй, і гэта не толькі настаўнік, але і лагіст, тураператар, эколаг, геолаг, метэаролаг, выратавальнік МНС, журналістміжнароднік, пілот, штурман.

Выкарыстоўваю геаграфію як метафару, прапаноўваючы вучням тэмы класных гадзін: “Геаграфія маёй будучыні”, “Карта маіх дасягненняў”. Апошнія гады стаў папулярным выраз “дарожная карта”. Прапаноўваю сваім вучням распрацаваць такія карты ў дасягненні сваіх мэт.

— Уладзімір Фёдаравіч, ці лёгка знаходзіце кантакт з бацькамі вучняў?

— Многія бацькі — мае былыя вучні. Тут галоўнае — не блы­таць імёны бацькоў і дзяцей. Заўсёды радуюся, калі бачу, што дзеці больш самастойныя, чым бацькі ў іх узросце, у іх больш поспехаў, чым у татаў і мам. З такімі бацькамі мне і прасцей, і цяжэй. Мы добра ведаем адно аднаго, і многія з іх з дзяцінства па звычцы лічаць, што я магу адразу адка­заць на ўсе іх пытанні. Стараюся іх не расчароўваць, хоць даводзіцца часам раіцца з калегамі, звяртацца да літаратуры або інтэрнэту. Вельмі рады, калі знаходзім паразуменне па пытаннях выхавання, у поглядах на жыццё.

Геаграфія як светапогляд

— Кожны настаўнік лічыць, што яго прадмет галоўны ў школе. Мяркую, што вы не выключэнне?

— Сапраўды, лічу, што геаграфія — адзін з найважнейшых прадметаў. Дзякуючы яму перад вучнямі адкрываюцца цуды свету, яны бачаць узаемасувязі паміж прыродай і чалавекам, усведамляюць, наколькі велічная і адначасова крохкая наша планета. Кожны з нас павінен умець арыентавацца ў прасторы — не толькі на мясцовасці, але і ў глабальным сэнсе. Адно з важных уменняў — складаць уласную дарожную карту жыцця. Геаграфія — гэта яшчэ і памяць, гістарычны падыход: важна ведаць краіну ад Брэсцкай крэпасці на захадзе да Буйніцкага поля на ўсходзе, ад Палескай нізіны на поўдні да Полацкай на поўначы. Для мяне, як і для многіх маіх вучняў, геаграфія — гэта ўжо светапогляд, часам хобі і нават звычка: напрыклад, убачыў тавар — трэба паглядзець, дзе ён вырабляецца.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: