РУС БЕЛ ENG 中文

Настаўніца матэматыкі школы № 3 Астраўца Ганна Арлоўская стварыла ўнікальную гульнявую сістэму выкладання

02.10.2025

 

 - 9:00ГлавнаяОбразование

“Матэматыка сумнай не бывае” — дэвіз Ганны Арлоўскай, настаўніцы матэматыкі сярэдняй школы № 3 Астраўца. Яна ўдзельніца і аўтар міжнародных праектаў, стваральніца ўнікальнай гульнявой сістэмы выкладання. Што дапамагае ёй ажыццяўляць свой дэвіз на практыцы, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Сіла розуму

— Ганна Віктараўна, вы з’яўляецеся актыўнай удзельніцай міжнароднага адукацыйнага праекта “Сіла розуму: саюз матэматыкаў”. Якія гэта дае магчымасці для развіцця?

— Яшчэ ў гады вучобы на матэматычным факультэце БДПУ я актыўна ўдзельнічала ў міжнародных навукова-практычных канферэнцыях. І ўжо тады зразумела, наколькі гэта цікава і карысна. Таму, як толькі даведалася пра праект “Сіла розуму: саюз матэматыкаў”, які створаны Асацыяцыяй школ Расіі і Беларусі, рэалізуецца пры падтрымцы Глазаўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя У.Г.Караленкі і аб’ядноўвае ўдзельнікаў з больш як 17 краін, адразу далучылася. І не шкадую: нам ёсць чым па­дзяліцца і ёсць што запазычыць у калег. Дзякуючы такому супрацоўніцтву, у школе створаны міжнародны гурток “Фізіка і матэматыка на практыцы”, дзе я вяду матэматычны блок. Таксама право­джу анлайн-лекцыі для настаўнікаў рускамоўных школ, а такія ёсць і ў Манголіі, і ў Арабскіх Эміратах, падчас якіх дзялюся з педагогамі, якія толькі далучыліся да праекта, вопытам правядзення заняткаў у нашым гуртку.

— У чым яго адметнасць?

— Работа з навучэнцамі скіравана на развіццё алімпіяднага руху. Займаемся з дзецьмі па рабочых сшытках і метадычных дапаможніках, якія прадастаўляе Асацыяцыя школ Расіі і Беларусі. Заданні выходзяць за межы школьнай праграмы. Я не толькі вучу ра­шаць алімпіядныя задачы, але і дэталёва кожную разбіраю. Потым на практычных занятках удзель­нікі гуртка спрабуюць самі складаць задачы для алімпіяды.

— Навучэнцы якога ўзросту займаюцца ў гуртку?

— У гэтым годзе набрала малодшую групу — 12 школьнікаў 5—6 класаў, хаця жадаючых было значна больш. Старшая група — 20 чалавек з навучэнцаў 7—9 класаў. Са старэйшымі працую трэці год, папярэднія два гады прымалі ўдзел у турніры юных матэматыкаў і атрымлівалі дыпломы пераможцаў на абласным узроўні. Гэтыя дзеці ўваходзяць у склад нашай міжнароднай каманды “Атамклас”. Мы ўдзельнічаем у анлайн-спаборніцтвах і конкурсах праекта “Сіла розуму: саюз матэматыкаў”. Бывае, больш за 100 каманд змагаюцца за перамогу. Прыемна адзначыць, што мы стабільна ўваходзім у пяцёрку лідараў. Зараз рыхтуемся да чарговага конкурсу “Матэматычны бал”, які пройдзе ў кастрычніку. Летась былі чацвёртымі, сёлета маем намер атрымаць дыплом.

— Дамашнія заданні гурткоўцы атрымліваюць?

— Афіцыйна іх няма, аднак дзеці про­сяць. Звычайна прапаную прыдумаць задачы па тэме, якую праходзілі на занятках. Напрыклад, тэма “Эфект плюс-мінус адзінкі”. Каб дзеці яе зразумелі, мы хадзілі па паверхах школы і высветлілі, што паверхаў чатыры, а лесвічных пралётаў толькі тры. Гэта і ёсць эфект мінус адзін­кі. Калі распільваеш бервяно, распілы тры, а калодкі атрымліваецца чатыры. Гэта эфект плюс адзінкі. Вучням неабходна самастойна ці з дапамогай бацькоў (гэта не забараняецца) знайсці яшчэ прыклады. Кожны прынёс па прыкладаў пяць-шэсць, сустракаліся вельмі арыгінальныя.

— На ваш погляд, здоль­насць да матэматыкі — гэта прыроджаны талент ці яе можна развіць?

— Думаю, другі варыянт. Але для гэтага важна зрабіць урок яркім і разнастайным. Так, для гурткоўцаў прыдумала гульню “Матэматычны бой”, якую праводжу 1—2 разы на месяц. Навучэнцы падзяляюцца на каманды, удзельнікі адной прапаноўваюць задачы, абараняюць іх, удзельнікі другой — шукаюць недахопы. Дынамічна пабудаваны ўрок дапамагае разварушыць школьнікаў, навучыць іх хутка працаваць. Памятаю, наколькі былі маруднымі мае навучэнцы ў 5 класе, а зараз шустрыя і ахвочыя да заданняў.

— Ці ёсць месца гульням на звычайных уроках матэматыкі?

— Я распрацавала сваю сістэму, якая дазваляе раз у месяц у кожным класе, дзе выкладаю матэматыку, праводзіць адзін урок у гульнявой форме. Вельмі папулярны “Марскі бой”, дзе дзеці змагаюцца супраць мяне.

Схема звычайная, аднак калі навучэнец не пападае ў карабель, то павінен выканаць матэматычнае заданне, каб атрымаць права на наступны ход. Таксама праводжу “Сваю гульню”, прапаноўваю пытанні на 10, 20, 30 і 40 балаў. Навучэнцы самі выбіраюць і тэму, і колькасць балаў. А я бачу, наколькі яны самі сябе і адно аднаго ацэньваюць. Спрабавалі брэйн-рынг, але мне не спадабалася, бо працуюць толькі самыя актыўныя, а мне важна, каб далучаліся да гульні ўсе.

Абсталяванне кабінета — аўтарскі праект, распрацаваны Ганнай Віктараўнай. Адна сцяна прысвечана формулам па трыганаметрыі — самай складанай, на думку настаўніцы, тэме школьнай праграмы. На другой — графікі функцый. Калі дзеці бачаць формулы кожны дзень, маюць магчымасць паўтарыць іх на перапынку, гэта дапамагае лепш запомніць іх, лічыць педагог.

“Калядная матэматыка”

— Вы аўтар унікальнага праекта “Калядная матэматыка”. У чым яго сутнасць, якія задачы ставіце перад сабой падчас рэалізацыі?

 Ідэя праекта з’явілася дзякуючы майму чатырохгадоваму на той момант сыну. Пацікавілася, што падарыць яму на Новы год, а ён спытаў, якія падарункі я падрыхтавала сваім навучэнцам. Гэта падштурхнула мяне да думкі аб’яднаць, здавалася б, неспалучальныя рэчы: матэматыку і экскурс у гісторыю Новага года і Каляд. Праект стаў своеасаблівым адвент-календаром для навучэнцаў 5—6 класаў. Разлічаны ён быў на 30 урокаў. Дзеці кожны раз атрымлівалі новыя матэматычныя заданні, якія я складала сама. Усе былі звязаны з лічбай 2024. Напрык­лад, скласці з адных шасцёрак 2024. Кожны варыянт даваў адзін бал. Былі выпадкі, калі навучэнцы знаходзілі па 40 і нават 50 спосабаў рашэння задання. Пры гэтым школьнікі актыўна далучаліся да пошуку цікавых фактаў, звязаных са святкаваннем Каляд і Новага года, дзяліліся сямейнымі традыцыямі і нават сваімі запаветнымі жаданнямі. Фіналам праекта стаў калядны кірмаш. Я прынесла ў клас жывую ёлку, мы яе разам упрыгожылі, падвялі вынікі і ўзнагародзілі лепшых. Колькі было азарту і эмоцый у дзяцей! Ужо толькі дзеля гэтага хочацца развіваць праект. На другі год да нас далучыліся школы горада і раёна. Больш за 100 вучняў прынялі ў ім ­удзел.

— Гэтай восенню праекту быць?

— Абавязкова! Я ўжо працую над ім, да пачатку восеньскіх канікул усё павінна быць зроблена. Заданні будуць тычыцца лічбы 2026. Гэтым разам плануем запрасіць навучэнцаў 7-х класаў. Магчыма, зможам выйсці на міжраённы ўзровень, далучыць Смаргонскі раён. Хочацца арганізаваць для ўдзельнікаў “Каляднай матэматыкі” яшчэ і канцэртную праграму.

“Нулявая матэматыка” і “Ад альфы да амегі”

— Што стала штуршком для напісання дапаможніка “Нулявая матэматыка. 6 клас”? 

 Сутыкнулася з такой сітуацыяй: да мяне прыйшоў 6 клас з даволі нізкім узроўнем ведаў. На жаль, у падручніку было зусім мала заданняў і прыкладаў для іх. Мне ж хацелася іх навучыць, зрабіць зразумелымі важныя тэмы школьнай праграмы. І я вырашыла на працягу года рыхтаваць для іх дадатковыя заданні. Гэтыя напрацоўкі і сталі асновай дапаможніка. Ён ужо надрукаваны. Зараз працуем над тым, каб атрымаць грыф ад Міністэрства адукацыі. Дапаможнік разлічаны не толькі на настаўнікаў, ім могуць карыстацца бацькі і самі дзеці, якія баяцца матэматыкі. Заняткі па дапаможніку даюць магчымасць замацаваць веды і перайсці на больш высокі ўзровень.

— Якімі поспехамі навучэнцаў ганарыцеся?

— Два гады запар мае навучэнцы атрымлівалі дыплом ІІІ ступені на турніры юных матэматыкаў, што праходзіць у Гродне. У гэтым го­дзе два васьмікласнікі прынялі ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі “Ад альфы да амегі”, які арганізуе Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Першая работа — “Адзін дзень без вымяральных прыбораў” — атрымала дыплом ІІІ ступені. Другая — “Куплянне аўтамабіля “Джылі” ў Беларусі” — дыплом І ступені. Разам з навучэнцам мы правялі цэлае даследа­ванне: разглядалі прапановы розных аўтасалонаў, варыянты крэдытавання. Прыемна, што гэта быў наш першы вопыт удзелу ў такім мерапрыемстве, і яшчэ больш прыемна, што канкурэнтамі былі студэнты, аднак дыпломы атрымалі мае навучэнцы.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: