РУС БЕЛ ENG 中文

Прафесія мужных. Навагрудскі каледж тэхналогій і бяспекі выпусціў першых ратавальнікаў

26.04.2025
У Навагрудскім дзяржаўным каледжы тэхналогій і бяспекі дыпломы першага выпуску спецыяльнасці “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” атрымалі 23 юнакі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Сярод іх не толькі жыхары Гродзенскай вобласці, але і Брэста, Кобрына, Бярозы, Слуцка, Жлобіна, Мінска. Будучыя ратавальнікі папоўняць рады супрацоўнікаў МНС у розных кутках Беларусі. Самы вялікі запыт на спецыялістаў быў з Астраўца, туды накіроўваюцца 17 выпускнікоў каледжа.

Юнакі атрымалі не толькі дыпломы, але і граматы за выдатныя паказчыкі ў вучобе і спартыўныя дасягненні. Сярод ганаровых гасцей урачыстасці былі начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык, начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Лакіза, намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Людміла Мароз і начальнік Навагрудскага РАНС Дзмітрый Максімовіч.

— Тры гады назад была адкрыта спецыяльнасць, дзякуючы якой каледж — адна з самых інавацыйных устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гродзеншчыны. Разам з кіраўніцтвам абласнога ўпраўлення МНС мы шукалі механізмы падрыхтоўкі і забеспячэння падраздзяленняў і аддзелаў па надзвычайных сітуацыях спецыялістамі, якія з першых дзён працоўнай дзейнасці ў складзе экіпажаў ратавальнікаў будуць працаваць з прафесійным падыходам. Упэўнены, у гэтай вельмі цікавай і запатрабаванай у грамадстве спецыяльнасці добрая будучыня, — паведаміў, віншуючы выпускнікоў, Руслан Абрамчык.

Ён таксама адзначыў, што набор на новую спецыяльнасць прадаўжаецца штогод, расце цікавасць да яе сярод старшакласнікаў Навагрудскага раёна. А выпускнікі каледжа маюць усе магчымасці для далейшай вучобы ва ўстановах вышэйшай адукацыі, прафесійнага росту.

Дзмітрый Лакіза выказаў упэўненасць, што ў найбліжэйшы час, прыйшоўшы на працоўныя месцы ў падраздзяленні МНС, маладыя людзі стануць аберагаць нашых грама­дзян, прадухіляць надзвычайныя сітуацыі, прымнажаць і ўмацоўваць слаўныя традыцыі выратавальнага ведамства.

— Перад намі — патрыёты Беларусі, хлопцы, якія з мужнасцю, гонарам і годнасцю будуць несці ганаровае званне спецыяліста ў галіне МНС, — падкрэсліў дырэктар каледжа Андрэй Сусло. — Усе годна вытрымалі выпрабаванні, здалі экзамен. І атрымалі пуцёўку ў жыццё з вельмі цікавай, запатрабаванай і патрэбнай прафесіяй.

Віктар Шчыкно паступіў у каледж з Ашмяш. У родны горад і вяртаецца на работу.

— У нашу групу прыйшлі юнакі з добрай спартыўнай падрыхтоўкай, а за час вучобы мы ўсе падцягнулі сваю спартыўную форму, знайшлі сяброў. Вельмі важна, што вучэбныя прадметы выкладалі дзеючыя супрацоўнікі Карэліцкага, Навагрудскага і Дзятлаўскага РАНС. Практычную падрыхтоўку, адпрацоўку навыкаў мы праходзілі на іх базах. Таму за гады вучобы выпрацавалі баявы дух, навучыліся працаваць у камандзе. І сёння адпраўляемся ў розныя рэгіёны Беларусі, каб папоўніць рады мужных, стойкіх супрацоўнікаў сістэмы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, — паведаміў выпускнік.

У рамках падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” юнакі таксама атрымалі прафесію вадзіцеля грузавога аўтамабіля катэгорыі С.

Падрыхтоўка спецыялістаў Навагрудскім дзяржаўным каледжам тэхналогій і бяспекі вядзецца ў цесным узаемадзеянні з Гродзенскім абласным упраўленнем МНС Рэспуб­лікі Беларусь. Ведамства забяспечыла навучэнцаў формай ратавальніка. Вы­дзелены пажарны аўтамабіль, які выкарыстоўваецца ў вучэбных мэтах. А Навагрудскі і Карэліцкі раённыя аддзелы па надзвычайных сітуацыях сталі базавымі арганізацыямі, падпісаны дагаворы аб узаемадзеянні. Яны не толькі прадастаўляюць свае базы, тэхніку для правядзення практычных заняткаў — спецыялісты падраздзяленняў выступаюць у ролі выкладчыкаў. І такое супрацоўніцтва прыносіць плён.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: