Унікальны Ласасёвы цэнтр дзейнічае ў Варнянскай сярэдняй школе
22.04.2025Любоў да Радзімы заўсёды пачынаецца з шанавання таго месца, дзе ты нарадзіўся і вырас. Пра гэта добра памятаюць у Варнянскай сярэдняй школе Астравецкага раёна, дзе створаны адзіны ў Беларусі Ласасёвы цэнтр — Інфармацыйны цэнтр па захаванні ласасёвых рыб у Беларусі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Астравецкі скарб
Перад будынкам Варнянскай сярэдняй школы наведвальнікаў установы адукацыі сустракае незвычайная для іх і прывычная для мясцовых жыхароў скульптурная кампазіцыя — дзве серабрыстыя рыбіны. Гэта кумжа — рыба сямейства ласасёвых, занесеная ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Зразумела, гэта ўсё не выпадкова. Менавіта Астравеччына — адзінае месца на тэрыторыі нашай краіны, куды ідзе на нераст гэтая рэдкая і каштоўная рыба. І мясцовая супольнасць на чале з педагогамі і вучнямі Варнянскай школы займаецца аховай гэтага астравецкага скарбу.
Алена Юркойць, дырэктар Варнянскай сярэдняй школы, па спецыяльнасці настаўніца біялогіі, таму экскурсію ў Ласасёвы цэнтр журналісту “Настаўніцкай газеты” яна праводзіць сама. Колькі ж цікавага пра кумжу ведае Алена Іванаўна! Відавочна, што яна не проста займаецца любімай справай — экалагічным выхаваннем, яна гарыць ёй.
— Работа па стварэнні ўнікальнага Ласасёвага цэнтра ў нашай школе была пачата ў 2007 годзе, афіцыйнае яго адкрыццё адбылося ў верасні 2017 года, — пачынае аповед дырэктар Варнянскай сярэдняй школы. — Дзесяць гадоў мы працавалі з ініцыятыўнай групай, валанцёрамі з ліку мясцовага насельніцтва, вучоных Вільнюскага ўніверсітэта (Літва), БДУ, БДПУ. Работа пачалася пасля таго, як кумжа была занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Аказалася, што гэтая рыба нерасціцца толькі ў нас, на тэрыторыі Астравецкага раёна, у пэўных малых рачулках. Мы высветлілі, што кумжа нерасціцца ў снежні пры тэмпературы вады 2 градусы — і толькі так. З-за фізіялагічнай асаблівасці кумжы пры мінусавай тэмпературы яе нераст прыпыняецца, а пры больш цёплай рыба не можа апладніцца.
Алена Іванаўна расказвае, што ў школе пачыналі работу з вывучэння кумжы і яе аховы на працягу 2 снежаньскіх тыдняў нерасту. Рыбе пагражалі браканьеры, бо кумжа адносіцца да каштоўнага сямейства ласасёвых. Яшчэ на рыбу палявалі выдры, бо падчас нерасту кумжа была стомленай і яе было проста злавіць. Трэцяя перашкода для нерасту рыбы — бабровыя плаціны на малых рачулках, куды кумжа ішла на нераст. Спецыфіка кумжы ў тым, што калі яна прыходзіць на нераст, то хваставым плаўніком будуе гняздо ў гальцы і адкладае туды ікру.
— Калі я была маленькай дзяўчынкай, то, памятаю, рыба заходзіла нават у вадаёмы цяперашняга аграгарадка Варона і мы часам яе лавілі. Малёк кумжы чымсьці падобны да малька шчупака і нават на апалоніка, таму мы, дзеці, не разумелі, якую каштоўную рыбу злавілі, — працягвае Алена Юркойць. — Пачаўшы назіранні за кумжай, мы з навукоўцамі яе чыпіравалі і адсочвалі яе перамяшчэнні. Праўда, быў адзін непрыемны нюанс. Мы тут кумжу ахоўвалі, а калі яна перасякала мяжу Беларусі і апыналася ў вадаёмах Літвы, то трапляла на кручок, бо там лоўля на яе была дазволена. А праз некаторы час літоўскія прыродаахоўнікі хадайнічалі аб падпісанні закона пра кантралюемы адлоў гэтай рыбы — толькі пэўнай колькасці асобін у год.
Алена Іванаўна адзначае, што кумжа ідзе на нераст супраць цячэння, для яе нават будавалі драўляныя праходы на малых рэках, каб спрасціць перамяшчэнне рыбы. Педагогі з дзецьмі шмат назіралі за гэтай рыбай, напісалі шмат навукова-даследчых работ і зразумелі, што патрэбна рухацца далей. Найперш — даводзіць інфармацыю да ведама дарослых. Так нарадзілася ідэя арганізаваць на базе школы рэсурсны цэнтр.
На працягу некалькіх гадоў у Варнянскай школе працавалі над праектам будучага Ласасёвага цэнтра, зараз сюды едуць з усёй краіны, асабліва калі кумжа прыходзіць на нераст.
Што агульнага ў кумжы і морквы
Заходзім у Ласасёвы цэнтр — вучэбны кабінет з практычнымі дзеяннямі. На сценах — інтэрактыўныя стэнды, дзе наведвальнікі могуць пачарпнуць неабходную інфармацыю. Так, тут ёсць інфармацыя пра тое, дзе жыў ласось на тэрыторыі Беларусі. Гэты стэнд актыўна выкарыстоўваецца на ўроках геаграфіі і гісторыі. Калі 11 тысяч гадоў назад гэтая рыба была распаўсюджана на ўсёй тэрыторыі сучаснай Беларусі (на інтэрактыўным стэндзе загараюцца лямпачкі, калі дырэктар школы паказвае, як з ім можна ўзаемадзейнічаць. — Заўвага аўтара.), то ў 1936 годзе, калі пабудавалі Кегумскую ГЭС на Заходняй Дзвіне, частка ракі была перакрыта плацінай, і рыба не змагла ісці па ёй на нераст. Тое ж самае адбылося, калі пачалі дзейнічаць Каўнаская, Вілейская і іншыя ГЭС.
— Мы не ведалі, што будзе з нерастам рыбы, калі запусціцца Беларуская АЭС у Астраўцы, — прызнаецца Алена Іванаўна. — Перасцярог было шмат, але пакуль што кумжа прыходзіць да нас на нераст, яе жыццё працягваецца. Мы прадаўжаем сваю работу, назіраем за тэмпературным балансам вады.
Сямейства ласасёвых — гэта сёмга, кумжа, ласось, стронга. Рыбы падобныя, але ёсць і асаблівасці. Аказваецца, калі вылупляецца малёк кумжы, ён у Беларусі жыве тры гады, а пасля ідзе ў Балтыйскае мора — па біялагічных асаблівасцях яму патрэбна салёная вада. Калі ж малёк застаецца ў прэсных вадаёмах, то ён вырастае ў ручаёвую стронгу. Гэтыя рыбы адрозніваюцца і па афарбоўцы, і па якасці мяса.
Наступны стэнд выкарыстоўваецца на ўроках біялогіі ў 8 класе, дзе вучні даведваюцца, колькі часу патрэбна кумжы, каб з ікрынкі ў астравецкіх рачулках вырасці ў дарослую рыбу і вярнуцца на Астравеччыну на нераст. Адказ — 7 гадоў. Распрацавана больш за 17 урокаў, ёсць адпаведны зборнік па іх. Для замацавання ведаў існуе наступны стэнд, дзе вучні атрымліваюць інтэрактыўныя заданні.
Напрыклад, журналісту “Настаўніцкай газеты” было зададзена пытанне, у якім месцы ракі кумжа хутчэй адкладзе ікру: на пяску, бугарку галькі, дне ямкі ці на адкрытым паветры? Я выбрала бугарок галькі. Адказ правільны! На стэндзе загарэлася лямпачка. А дзеці, акрамя таго, прыводзяць аргументацыю свайго выбару, што робіць вывучэнне прадмета цікавейшым.
Стэнд “Доўгая вандроўка” выкарыстоўваецца на ўроках матэматыкі. Кумжа прыходзіць на нераст з Балтыкі — дзеці вылічваюць, колькі кіламетраў яна праплывае ад Каўнаса да Вільнюса, ад Вільнюса да Астраўца. Ёсць пытанні і на логіку. Што агульнага ў кумжы і морквы? Колер. А што агульнага ў гэтай рыбы з 10-гадовым дзіцем? Вага і рост. Што агульнага з сабакам? Нюх. Кумжа праз 7 гадоў вернецца на пах і смак вады, дзе яна вылупілася з ікрынкі. А як даведацца ўзрост ласося? Трэба глядзець на плямы на лусцы рыбы.
Дзеці даведваюцца таксама, як трэба ахоўваць гэтую рыбу, што нельга выкідваць каля вадаёма, якія расліны можна высаджваць паблізу ракі, як праводзіць ачыстку вадаёма. Вучні пішуць даследчыя работы. Па словах Алены Юркойць, зараз на тэрыторыі Астравецкага раёна засталіся толькі тры рачулкі (раней іх было 7, але ў апошнія гады тут не бачылі гнёздаў з ікрой на астатніх малых рачулках), куды кумжа прыходзіць на нераст, — Сянканка, Кімеліна і Газоўка, і яшчэ прыток Віліі — Тартак.
Шляхі ласосяў — шляхі турыстаў
Апошні стэнд “Шляхі ласосяў — шляхі турыстаў” расказвае не толькі пра кумжу, але і пра тое, што можа цікавіць турыста на тэрыторыі Астравецкага і суседніх раёнаў.
— А нам ёсць што прапанаваць, — працягвае Алена Іванаўна. — Дзейнічае рэспубліканскі заказнік “Сарачанскія азёры”, рэспубліканскі заказнік водна-балотных угоддзяў “Белы мох”, дзе расце мох сфагнум. У нас таксама ёсць гідралагічныя помнікі прыроды рэспубліканскага значэння (Быстрыца, Быстрыца-2, Клявацішкі, Сянканка, Тартак, Халодны ручай) і ландшафтны заказнік мясцовага значэння — возера Бык, дзе расце занесеная ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь меч-трава. Упамінаюцца на стэндзе і архітэктурныя помнікі — касцёлы Астравецкага раёна, якія з’яўляюцца сапраўднымі рэліквіямі. Тут жа на стэндзе ёсць інфармацыя і пра геалагічныя помнікі — вялізныя валуны. Ёсць, дарэчы, адзін валун, які немагчыма сфатаграфаваць — кадр не атрымліваецца. Містыка! У прадстаўнікоў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы таксама не атрымалася сфатаграфаваць той валун. Так што прыязджайце да нас. Магчыма, у вас атрымаецца.
Слухаю Алену Юркойць і разумею: так, у клопатах пра родную зямлю, рэкі малой радзімы і іх насельнікаў, нараджаецца ў дзяцей любоў да месца, дзе яны нарадзіліся і растуць.
Упэўнена, што ніхто з варнянскіх школьнікаў не кіне ў ваду пустую пластыкавую бутэльку, не пакрыўдзіць жывёлу, не зламае галінку дрэва. Так пачынаецца любоў да малой радзімы — у вясковай школе, якая жыве ахоўнай дзейнасцю і экалагічным выхаваннем. Таму што астравецкія педагогі хочуць пакінуць любімую родную зямлю будучым пакаленням.
Источник: https://nastgaz.by