У Гродне распрацавалі віртуальны даведнік рабочых прафесій. Сучасны фармат карыстаецца папулярнасцю
18.04.2025У Гродзенскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці распрацавалі віртуальны даведнік рабочых прафесій. З яго дапамогай усяго ў некалькі клікаў любы малады чалавек, які задаецца пытаннем, кім стаць, можа падрабязна даведацца пра спецыяльнасці і ўмовы паступлення ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэгіёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Пра сваю карысную распрацоўку расказваем на прафарыентацыйных мерапрыемствах. Да таго ж спасылаюцца на яе прадстаўнікі ўсіх каледжаў Гродзеншчыны падчас сустрэч са школьнікамі. Рэкамендавалі распрацоўку для выкарыстання і на тэматычных класных гадзінах, — знаёміць з прымяненнем віртуальнага даведніка дырэктар цэнтра Іна Бачко.
Гродзенскі дзяржаўны каледж будаўнічых тэхналогій. Майстар-клас для школьнікаў “Праца на зварачным трэнажоры дадатковай рэальнасці Soldamatic”
Як працуе даведнік, можа даведацца і чытач “Настаўніцкай газеты”. Для гэтага дастаткова на сайце абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці знайсці банер “Прафесійная адукацыя Гродзенскай вобласці”. Наступны крок прапануе тры раздзелы з адказамі на пытанні, дзе вучыцца, кім стаць і дзе працаваць.
У раздзеле “Дзе вучыцца” ёсць і віртуальная кнопка “Інклюзіўная адукацыя” для адпаведнай катэгорыі абітурыентаў.
— Пасля таго як наш госць вызначыўся з прафесіяй, яму будуць карысны прапановы раздзела “Кім стаць”. Тут у алфавітным парадку прадстаўлены ўсе прафесіі, якія можна атрымаць на Гродзеншчыне. Напрыклад, хоча малады чалавек стаць цырульнікам. Выбіраем адпаведную прафесію і даведваемся, што атрымаць такую спецыяльнасць сёння можна ў Гродне, Лідзе, Слоніме, — працягвае Іна Фёдараўна.
Ідэя стварэння віртуальнай галерэі прафесій нарадзілася з рэальнай выставы. На працягу пэўнага часу яна працавала ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы тэхнікі, тэхналогій і дызайну і знаёміла з гісторыяй устаноў прафадукацыі, цікавымі распрацоўкамі навучэнцаў і педагогаў. Яе наведвалі ў асноўным школьнікі і навучэнцы першых курсаў устаноў прафтэхадукацыі. Але з мінулага года яна набыла значна больш дынамічную і сучасную форму і ў выніку значна больш шырокую аўдыторыю.
— Шмат гадоў працавала адказным сакратаром прыёмнай камісіі аднаго з каледжаў у Гродне і добра разумею, з якімі пытаннямі сутыкаюцца дзеці і іх бацькі. Напярэдадні падачы дакументаў кожны дзень даводзілася адказваць на некалькі дзясяткаў пытанняў па гэтай тэме. Сёння ж адказы на іх можна знайсці, скарыстаўшыся нашай простай і зразумелай навігацыяй у свет рабочых прафесій, — дзеліцца распрацоўшчык праекта метадыст абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Эліна Дунец.
На ажыццяўленне цікавай задумы спатрэбілася некалькі месяцаў мэтанакіраванай работы. І галоўнае, на што суразмоўніца зрабіла стаўку, — прастата выкарыстання “Галерэі прафесій”.
— Наша распрацоўка прадугледжвае эфектыўны дыялог не толькі з дзевяцікласнікам, які ўжо вызначыўся з будучай прафесіяй. Кожны жадаючы можа прайсці на гэтай платформе невялікі тэст, які дапаможа вызначыцца з расстаноўкай прафесійных пераваг, — дадае Іна Фёдараўна.
Кожны год цэнтр тэхнічнай творчасці наведваюць тысячы навучэнцаў вобласці. Размова не толькі пра тых, хто займаецца ў аб’яднаннях па інтарэсах установы дадатковай адукацыі, але і пра школьнікаў, якія бываюць тут як удзельнікі конкурсаў тэхнічнай накіраванасці. Акрамя таго, летам працуе лагер “ТэхнаТраекторыя” і пляцоўка “ТэхнаСтарт”.
— Мы ўзаемадзейнічаем з вялікай колькасцю моладзі, і старшакласнікам абавязкова нагадваем, дзе можна знайсці ўсю інфармацыю пра каледжы вобласці, пра магчымасці паступлення ў іх, — адзначае Іна Фёдараўна.
Дарэчы, у мінулым годзе на Гродзеншчыне план набору выканалі ўсе ўстановы ПТА і ССА. Гэта ў першую чаргу вынік маштабнай прафарыентацыйнай работы, у тым ліку даведніка рабочых прафесій.
Роля асобы
Дыялог з навучэнцамі цэнтра сёння будуюць 35 педагогаў. Эфектыўна арганізуе заняткі па пажарна-выратавальным спорце палкоўнік МНС Пётр Мінько. Яго выхаванцы не раз станавіліся прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў, а двое юных гродзенцаў сёння з’яўляюцца нават членамі зборнай краіны ў гэтым відзе спорту.
— Нашы педагогі гараць тым, што робяць, і робяць тое, чым гараць, — працягвае размову кіраўнік установы дадатковай адукацыі.
Неаднойчы героем “Настаўніцкай” быў Аляксандр Ліпай, які на сённяшні дзень падрыхтаваў дзвюх дзяўчат — майстроў спорту па ракетамадэльным спорце.
— Частка выхаванцаў Аляксандра Мікалаевіча з’яўляюцца навучэнцамі каледжаў, але ўсё яшчэ спяшаюцца на заняткі да педагога, — дадае Іна Фёдараўна Бачко.
Кожны год таленавітыя выпускнікі цэнтра тэхнічнай творчасці становяцца навучэнцамі каледжаў. Яны, як правіла, выбіраюць політэхнічны і электратэхнічны каледжы ў Гродне. Многія арыентаваны на паступленне ў вышэйшую школу. Ёсць вельмі цікавыя прыклады.
— У мінулым годзе Дзяніс Шулееў стаў пераможцам Кубка Беларусі па суднамадэльным спорце, а годам раней яму быў прысвоены разрад кандыдата ў майстры спорту. У БДУІР юны талент паступіў як мэтавік навукова-вытворчага цэнтра шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі. Шмат у чым гэта стала магчымым дзякуючы выніковаму ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “Інжынеры будучыні” ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. А да гэтай вышыні ён прыйшоў дзякуючы захапленню суднамадэляваннем, — дзеліцца педагог дадатковай адукацыі Андрэй Курловіч.
У скарбонцы дасягненняў яго выпускнікоў ёсць і ўзнагароды міжнароднага ўзроўню. У 2017-м, напрыклад, Дзмітрый Прэцкайла станавіўся сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы і ўзяў “бронзу” на чэмпіянаце свету па суднамадэльным спорце.
Педагог запэўнівае, што ўсе ўзнагароды — вынік стараннасці і працавітасці навучэнцаў. І ўсё ж вызначальную ролю ў такіх прыкладах заўсёды адыгрывае асоба дарослага. Андрэй Францавіч з’яўляецца майстрам спорту Беларусі па суднамадэльным спорце і сам да гэтага часу ўдзельнічае ў спаборніцтвах. Напрыклад, у 2020 годзе станавіўся сярэбраным прызёрам міжнароднага конкурсу ў Маскве.
Источник: https://nastgaz.by