100 радкоў пра калегу. Алена Зуева дапамагае вучням адкрыць у сабе здольнасці і ўсебакова развівае гэты патэнцыял
12.03.2025Алена Антонаўна Зуева з сярэдняй школы № 3 Ваўкавыска — настаўніца ў трэцім пакаленні.
Яна выкладае беларускую мову і літаратуру, мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і карыстаецца павагай калег і вучняў. Апошнія, дарэчы, часта задаюць Алене Антонаўне пытанні: “Чаму вы сталі настаўніцай?”, “Ці лёгка быць у гэтай прафесіі ў наш час?”. А яна заўсёды дае разгорнутыя адказы-разважанні.
Настаўнік… Для Алены Антонаўны гэта не толькі прафесія, а яшчэ і прызванне, адмысловы склад розуму і душы, гэта адказнасць і самааддача, цярпенне і імклівае набыццё ведаў, майстэрства і творчы патэнцыял. За шэсць гадоў яна стала для вучняў і псіхолагам, і выхавальнікам, і другой маці, бо дзіця, якое прыйшло да яе на ўрок, — гэта асоба. Яна вучыць дзяцей не толькі пісаць і прыгожа гаварыць па-беларуску, але і сябраваць, паважаць тых, хто побач.
Работа для маёй калегі — гэта не толькі ўрок у 45 мінут, гэта 45 мінут жыцця, дзе важна кожнае слова, кожны рух, кожнае памкненне душы. І ўсё гэта знаходзіць водгук у сэрцах вучняў.
Ці многае залежыць ад асобы настаўніка? Думаецца, усё! Як у гэтым можна сумнявацца? Настаўнік для вучня — гэта маяк: куды накіруе педагог, куды пакажа шлях, туды павядзе вучня, будучага дарослага, яго жыццёвая дарога.
Памятаеце фільм “Іронія лёсу, ці З лёгкай парай!”, дзе два галоўныя героі — настаўнік і ўрач — спрачаюцца наконт важнасці іх прафесій? Яны прыходзяць да высновы, што памылкі ўрача каштуюць вельмі дорага (здароўя, а іншым разам і жыцця чалавека), а памылкі настаўніка менш заўважныя, але могуць нанесці больш шкоды. Сапраўды, ад настаўніка, які ідзе побач з дзіцем некалькі гадоў, шмат у чым залежыць, як складзецца яго лёс.
Алена Антонаўна бачыць у дзецях тую самую іскрынку, з якой разгараецца вогнішча неабмежаванай творчасці. Настаўніца дапамагае вучням адкрыць у сабе здольнасці і развівае гэты патэнцыял праз навукова-даследчую дзейнасць, алімпіядны рух. Вучні Алены Антонаўны не адзін раз станавіліся пераможцамі конкурсаў і алімпіяд на розных узроўнях.
Гасподзь казаў апосталам, што яны соль зямлі. Бо калі соль страціць сваю сілу, то што зробіць яе салёнай? Чаму ж настаўнік — соль зямлі? Як ежа без солі прэсная, так і сэрцы людзей застаюцца пустымі без настаўніцкага зерня.
Источник: https://nastgaz.by